Словаўтварэньне ў эспэранта

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Эспэранта / граматыка / словаўтварэньне


Словаўтварэньне ў эспэранта адбываецца шляхам пераходу слова ў іншыя часьціны мовы (зьмена канчатку), словаскладаньнем і пры дапамозе афіксаў (прыставак і суфіксаў).

Зьмена канчатку[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Зьмяняючы канчатак слова, атрымліваем новае слова — іншую часьціну мовы:

praktiko = практыка
praktika = практычны
praktike = практычна
praktiki = практыкаваць

Не заўжды гэта магчыма, не для кожнага слова можна ўтварыць усе магчымыя часьціны мовы (напрыклад, што значыць libri = дзеяслоў ад слова «кніга», быць кнігаю). Тут трэба карыстацца здаровым глуздам.

Словаскладаньне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Складанае слова мае дзьве часткі: галоўны элемэнт, які дае агульны сэнс слову, і ўдакладняючая частка. Напрыклад, з асноўным элемэнтам ŝip (карабель) можна ўтварыць наступныя камбінацыі:

vaporŝipo = карабель, які рухаецца ад пару, параход.
balenŝipo = карабель, які палюе на кітоў, кітабоец.
trenŝipo = карабель, які цягне іншыя караблі ці баржы, буксір.
aerŝipo = карабель, які рухаецца ў паветры, паветраны карабель.

Удакладняючы і галоўны элемэнты ў сваю чаргу могуць быць складанымі словамі:

submarŝipo = падводны карабель, субмарына.
ŝarĝvaporŝipo = грузавы параход.

Магчыма складаць камбінацыі з розных частак мовы:

dikfingro = вялікі палец (тоўсты палец)
skribtablo = пісьмовы стол (стол каб пісаць)
piediri = ісьці пешшу
helruĝa = сьветла-чырвоны

Важнай асаблівасьцю эспэранта зьяўляецца магчымасьць ствараць камбінацыі ня толькі з каранёў, але і з афіксаў, службовых слоў, лічэбнікаў і г.д.

jes (так) — kapjeso = ківок галавой (у знак згоды), падтакваньне.
mil (тысяча) — jarmilo = тысяча гадоў, тысячагодзьдзе.
per (пры дапамозе) — peri = пасярэднічаць
sen (без), penso (думка) — senpense = бяздумна

Пры дапамозе афіксаў[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Невялікая частка каранёў эспэранта называецца афіксы. Афіксы ўжываюцца пры словаўтварэньні. Тыя, якія ідуць перад корнем, называюцца прэфіксы ці прыстаўкі. Тыя, якія стаяць пасьля корня, называюцца постфіксы ці суфіксы. Пералік прыставак і суфіксаў разам зь іх тлумачэньнямі і прыкладамі ўжываньня зьмешчаны на асобных старонках:

Эспэранта — аглютынатыўная мова, то бок пры словаўтварэньні складаныя словы ўтвараюцца склейваньнем каранёў, пры гэтым самі корні не зьмяняюцца. Але існуе два суфіксы, пры ўжываньні якіх частка корня адразаецца. Гэта суфіксы -ĉj- і -nj-, якія ўтвараюць памяншальную форму для мужчынскіх і жаночых слоў, імён.

Petro = Пётар — Pecĵo = Пеценька
patro = тата — paĉjo = татачка
patrino = маці — panjo = маманька
Maria = Марыя — Manjo = Маня

Гэта вельмі рэдка ўжывальныя суфіксы.

З-за вельмі частага і актыўнага ўжываньня словаскладаньня і афіксаў, часам сустракаюцца словы, якія выглядаюць, нібыта ўтвораныя пры дапамозе суфіксаў, або якія магчыма неадназначна падзяліць на складнікі.

kolego = калега — kol’ego = вялікая шыя
vojaĝo = падарожжа — voj’aĝo = узрост шляху
lam’plumo = кульгавае пяро — lamp’lumo = сьвятло лямпы

Звычайна сапраўдны сэнс зразумелы з кантэкста, і вельмі рэдка магчыма памыліцца. Такія неадназначнасьці служаць добрым матар’ялам для слоўных гульняў, жартаў. Але часам яны ўскладняюць жыцьцё тым, хто пачынае вывучаць мову.