Снукер

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да: навігацыі, пошуку
Гульня ў снукер

Сну́кер — адна з адменаў більярду. У снукер гуляюць на стале, які пакрыты, як правіла, зялёным сукном, з чатырма лузамі, якія разьмешчаны ў кожным з вуглоў, і дзьвюма лузамі, якія разьмешчаны ў сярэдзіне кожнага з доўгіх бартоў і называюцца бакавымі (або сярэднімі). Клясычны стол мае памер 12×6 футаў (3,7×1,8 м). Для гульні выкарыстоўваецца кій і 22 снукерныя шары: адзін біток (белы шар), 15 чырвоных шароў коштам у адзін пункт кожны і 6 шароў розных колераў: жоўты (2 пункты), зялёны (3), карычневы (4), сіні (5), ружовы (6), чорны (7). Гулец выйграе фрэйм​​, калі набірае больш пунктаў, чым супернік, забіваючы чырвоныя і каляровыя шары з дапамогай бітка. Гулец атрымлівае дадатковыя пункты, калі супернік парушае правілы або памыляецца пры выхадзе са снукеру. Гулец выйграе матч, калі выйграе пэўную колькасьць фрэймаў.

Лічыцца, што снукер быў вынайдзены брытанскімі афіцэрамі ў Індыі. Гульня найбольш папулярная ў ангельскаамоўных краінах, але ў апошні час набывае вялікую папулярнасьць у Кітаі.

Мінуўшчына[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Ілюстрацыя гульні ў тройку на пачатку XIX стагодзьдзя. Тубінген, Нямеччына

Прынята лічыць, што снукер узьнік у другой палове XIX стагодзьдзя. Більярд быў папулярным заняткам сярод брытанскіх афіцэраў, дысьлякаваных у Індыі, і былі распрацаваны зьмяненьні на аснове больш традыцыйных адменаў більярду. Распрацоўка правілаў была афіцыйна завершана ў 1884 сэрам Нэвілам Чэмберленам.

У 1927 Джо Дэвіс, прафэсійны ангельскі гулец у більярд і снукер, арганізаваў першы чэмпіянат сьвету па снукеры, зрабіўшы яго больш прафэсійным відам більярднага спорту. Джо Дэвіс выйграваў кожны чэмпіянат сьвету аж да 1946 году, калі ён завяршыў кар’еру гульца. У 1950-я і 1960-я папулярнасьць гульні пайшла на спад. У 1959 годзе з мэтай павышэньня папулярнасьці Дэвіс прадставіў новую варыяцыю гульні, вядомую як снукер плюс, дадаўшы два дадатковыя колеры. Тым ня менш яна не прыжылася.

Буйны крок наперад адбыўся ў 1969 годзе, калі Дэвід Атэнбора ўпаўнаважыў снукерны турнір Pot Black прадэманстраваць патэнцыял каляровага тэлевізара, лічачы, што зялёны стол і рознакаляровыя шарыкі будуць ідэальна дэманстраваць перавагі каляровага вяшчаньня. Гэтыя паказы атрымалі посьпех сярод гледачоў і некаторы час займалі другое месца па папулярнасьці на тэлеканале BBC Two. Цікавасьць да гульні павышалася, і чэмпіянат сьвету 1978 году быў цалкам паказаны на тэлебачаньні. Гульня хутка стала адным з асноўных відаў спорту ў Вялікабрытаніі, Ірляндыі і карыстаецца вялікім посьпехам на працягу апошніх 30 гадоў. У 1985 годзе ў агульнай складанасьці 18,5 млн тэлегледачоў назіралі заключны кадр фіналу чэмпіянату сьвету паміж Дэнісам Тэйларам і Стывам Дэвісам. У апошнія гады страта спонсарства тытунёвых кампаній прывяла да скарачэньня колькасьці прафэсійных турніраў, хоць зьявіліся некаторыя новыя спонсары. Папулярнасьць гульні на Далёкім Усходзе і ў Кітаі з новымі талентамі, такімі як Лян Вэньбо, і больш дасьведчанымі гульцамі, такімі як Дын Дзінхуй і Марка Фу, зьяўляецца добрым прадвесьцем для будучыні снукеру ў гэтай частцы сьвету.

Асноўныя правілы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Пачатковая пазыцыя для гульні ў снукер

Мэта гульні складаецца ў тым, каб набраць больш пунктаў, чым супернік, забіваючы шары ў вызначаным парадку. У пачатку гульні на гульнявым стале разьмяшчаюцца 15 чырвоных шароў, пакладзеныя пірамідай, і 6 каляровых шароў, кожны зь якіх разьмешчаны на пэўнай метцы на стале. Гульцы па чарзе наносяць удары кіем па шарах з мэтай забіць любы з чырвоных шароў. Кожны раз, калі гулец забівае чырвоны шар, ён мае права забіваць адзін з каляровых. У выпадку посьпеху гулец атрымлівае пэўную колькасьць пунктаў (у залежнасьці ад кошту шара), а каляровы шар вяртаюць на зыходную пазыцыю. Гэты працэс працягваецца, пакуль гулец не дапускае памылку, не забіўшы патрэбны шар. Затым наносіць удар падыходзіць да стала ягоны супернік. Гульня працягваецца такім чынам, пакуль не забітыя ўсе чырвоныя шары. Затым шары павінны забівацца ў парадку ад самага таннага да самага дарагога шара: жоўты першы (таму што мае найменшы кошт у 2 пункты), затым зялёны (3 пункты), карычневы (4 пункты), сіні (5 пунктаў), ружовы (6 пунктаў) і, урэшце, чорны (7 пунктаў). Пры гэтым каляровыя шары не вяртаюць на стол. Калі апошні шар забіты, гулец, які набраў большую колькасьць пунктаў, выйграе. Гулец таксама можа саступіць фрэйм, калі прыходзіць яго чарга біць, калі ён лічыць, што на стале недастатковая колькасьць пунктаў, каб абагнаць праціўніка. У прафэсійным снукеры гэта зьяўляецца звычайнай зьявай. Гулец таксама можа атрымаць пункты, калі яго праціўнік парушае правілы. Гэта можа адбыцца па многіх прычынах, напрыклад, калі гулец трапляе ў каляровы шар замест чырвонага, забівае біток або не выходзіць з «снукеру» (пазыцыя на гульнявым стале, калі біток закрыты ад прыцэльнага шара іншым шарам і ня можа прайсьці да яго па прамой з абодвух бакоў). За фол суперніка гулец можа атрымаць ад 4 да 7 пунктаў.

Адна гульня з моманту, калі шары стаяць у зыходнай пазыцыі, да апошняга забітага шара называецца фрэймам. Матч звычайна складаецца з загадзя зададзенага ліку фрэймаў, а гулец, які выйграў найбольшую колькасьць фрэймаў, выйграе ўвесь матч. У большасьці прафэсійных матчаў гулец павінен выйграць 5 фрэймаў для перамогі (гэта значыць матч складаецца з 9 фрэймаў). Фіналы турніраў звычайна складаюцца з 17 або 19 фрэймаў. Самыя доўгія матчы праходзяць на чэмпіянаце сьвету, фінал якога складаецца з 35 фрэймаў і можа праходзіць 2 дні, калі неабходна, пакуль пераможца ня будзе вызначаны.

Прафэсійныя матчы ўзначальвае рэфэры, які зьяўляецца адзіным судзьдзёй. Ён таксама выстаўляе каляровыя шары на стол і аб’яўляе, колькі пунктаў набраў гулец у падыходзе. Прафэсійныя гульцы звычайна прытрымліваюцца спартыўных паводзінаў, прызнаючы фалы, якія рэфэры можа прапусьціць, і падымаючы руку ў знак прабачэньня за выпадкова забітыя шары, званыя таксама «флюкамі».

Агульная колькасьць пунктаў, набраная гульцом за адзін падыход да стала, называецца сэрыяй. Найбольш магчымая колькасьць пунктаў за адну сэрыю — 147 (без «свабоднага шара») і 155 (са «свабодным шарам»). Такія сэрыі (147 і 155 пунктаў) называюць «максымальнымі сэрыямі» ці «максымальнымі брэйкамі». Каб атрымаць максымальную колькасьць пунктаў, гульцу трэба забіць усе чырвоныя шары, забіваючы чорны шар пасьля кожнага забітага чырвонага, а пасьля, калі ўсе чырвоныя шары будуць забітыя, забіць па старшынстве ўсе каляровыя шары.

Кіраваньне і турніры[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Кіраваньне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Сусьветная асацыяцыя прафэсійнага більярду і снукеру (WPBSA, сустракаецца таксама World Snooker), заснаваная ў 1968 годзе як асацыяцыя прафэсійных більярдыстаў, зьяўляецца кіруючым органам прафэсійнага снукеру. Аматарскую гульню кантралюе міжнародная фэдэрацыя більярду і снукеру (IBSF).

Турніры[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Прафэсійныя снукерысты могуць прымаць удзел у мэйн-туры, рэйтынгавых і нярэйтынгавых турнірах. Рэйтынгавыя пункты, якія гулец зарабіў сваім выступам у папярэднія два сэзоны, вызначаюць яго цяперашні сусьветны рэйтынг. Рэйтынг гульца вызначае нумар яго пасеву на турнірах (гэта значыць, зь якога кваліфікацыйнага раўнду гулец пачынае выступ на турніры). Элітай прафэсійнага снукеру лічыцца «топ 16» гульцоў, якія ня ўдзельнічаюць ні ў якіх турнірных кваліфікацыях. Тур складаецца з 96 гульцоў: 64 лепшых за два папярэднія сэзоны, 8 лепшых гульцоў у рэйтынгу Players Tour Championship, 12 гульцоў з Q School, якія не ўваходзяць у «топ 64», а таксама кантынэнтальныя чэмпіёны і аматары.

Галоўны трафэй чэмпіянату сьвету

Найбольш важнай падзеяй у прафэсійным снукеры зьяўляецца чэмпіянат сьвету, які праводзіцца штогод з 1927 (выключэньнямі зьяўляюцца пэрыяд Другой сусьветнай вайны і пэрыяд з 1958 па 1963 гады). Турнір праводзіцца ў тэатры Крусібл у Шэфілдзе з 1977 году. Да 2005 году ягоным спонсарам выступала Imperial Tobacco, але з 2005 году тытунёвым кампаніям было забаронена спансаваць спартыўныя мерапрыемствы ў Вялікабрытаніі, таму чэмпіянату сьвету давялося шукаць новых спонсараў. У студзені 2006 году было абвешчана, што чэмпіянаты сьвету 2006—2010 гадоў будзе спансаваць анляйн-казіно 888.com. У цяперашні час чэмпіянат праводзіцца пад эгідай Betfred.com.

Перамога на чэмпіянаце сьвету мае высокі статус. Пераможца атрымлівае £250 000, а таксама 10 000 рэйтынгавых пунктаў (больш, чым на любым іншым турніры). Чэмпіянат сьвету шырока асьвятляецца тэлебачаньнем у Вялікабрытаніі (BBC), кантынэнтальнай Эўропе (Eurosport) і на Далёкім Усходзе.

Пасьля чэмпіянату сьвету па значнасьці ідуць іншыя рэйтынгавыя турніры. Удзельнічаючы ў гэтых турнірах, гульцы набіраюць рэйтынгавыя пункты. Высокі рэйтынг па выніках сэзону забясьпечвае гульцам кваліфікацыю на ўсе турніры наступнага сэзону, запрашэньні на запрашальныя турніры і зручныя турнірныя сеткі. Самым прэстыжным турнірам пасьля чэмпіянату сьвету зьяўляецца чэмпіянат Вялікабрытаніі. Далей па значнасьці ідуць запрашальныя турніры, на якія запрашаецца большасьць высокарэйтынгавых гульцоў. Найбольш прэстыжным турнірам у гэтай катэгорыі зьяўляецца Мастэрс, які для большасьці гульцоў зьяўляецца другім або трэцім турнірам па значнасьці.

Спробай адказаць на крытыку аб тым, што тэлевізійныя матчы могуць быць павольнымі і ўгразнуць у доўгім абмене ахоўнымі ўдарамі, і што доўгія матчы зьяўляюцца праблемай для рэклямадаўцаў, стала альтэрнатыўная сэрыя турніраў, арганізаваных старшынём Matchroom Sport Бары Хірнам. Прэм’ер-ліга праходзіць у фармаце рэгулярнага чэмпіянату, і ў ёй удзельнічаюць 7 гульцоў. Трансьляцыю прэм’ер-лігі вядзе Sky Sports. Гульцы маюць да 25 сэкунд на кожны ўдар, а таксама 5 тайм-аўтаў за матч на кожнага гульца. Хоць у гэтым фармаце былі дасягнуты некаторыя посьпехі, ён не атрымлівае такога ж статусу і ўвагі прэсы, як клясычныя турніры.

Крытыка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Некаторыя гульцы, такія як Роні О’Саліван, Марк Ален і Стыў Дэвіс, кажуць, што цяпер праводзіцца занадта шмат рэйтынгавых турніраў, і, калі ня ўдзельнічаць у большасьці зь іх, не атрымаецца заняць высокую пазыцыю ў рэйтынгу. У 2012 годзе Роні О’Саліван гуляў у невялікай колькасьці турніраў, каб больш часу праводзіць зь дзецьмі, і скончыў сэзон 2012/2013 на 19 пазыцыі. Акрамя таго, ён не гуляў ніводнага турніру ў 2013 годзе, акрамя чэмпіянату сьвету, на якім перамог.

Прылады[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крэйдачкі і кій
Стол
Гульнявая паверхня, стандартныя памеры якой — 11 футаў 8,5 цаляў × 5 футаў 10 цаляў, з шасьцю лузамі, па адной у кожным куце і па адной пасярэдзіне кожнага з доўгіх бартоў.
Шары
22 шары (15 чырвоных, 6 каляровых і біток), 52,5 мм або 2 1/16 цалі ў дыямэтры.
Крэйда
Канец кія нашмарваецца крэйдай дзеля забесьпячэньня добрага кантакту паміж кіем і бітком.
Кій
Драўляны кій, прызначаны для нанясеньня ўдараў па бітку.
Падаўжальнік
Кароткі кій, які апранаецца або ўкручваецца ў задні канец кія, тым самым робячы яго даўжэй. Выкарыстоўваецца для ўдараў у выпадку, калі біток знаходзіцца на вялікай адлегласьці ад гульца.
Рэст
Кій з Х-падобнай галоўкай, які выкарыстоўваецца для падтрымкі кія, калі біток знаходзіцца па-за дасяжнасьцю пры звычайнай даўжыні кія.
Лебедзь, павук, рэст
Хук рэст
Ідэнтычны звычайнаму рэсту, але з кручкаватым мэталічным канцом. Выкарыстоўваецца, каб усталяваць рэст, не закрануўшы шароў побач. Хук рэст — самае сучаснае вынаходніцтва ў снукеры.
Павук
Ідэнтычны рэсту, але мае арачную галоўку. Яна выкарыстоўваецца, каб падняць кончык кія вышэй за біток.
Лебедзь
Гэтая прылада складаецца з рэсту з падоўжанай шыйкай і відэльцападобным зубцом на канцы. Выкарыстоўваецца, калі неабходна больш месца пры выкананьні ўдару па групе шароў.
Трыкутнік
Выкарыстоўваецца для збору чырвоных шароў у трыкутную форму перад пачаткам наступнага фрэйму.
Падоўжаны рэст
Ідэнтычны звычайнаму рэсту, але на канцы з мэханізмам, які дазваляе надтачыць рэст да трох футаў.
Падоўжаны павук
Гібрыд лебедзя і павука. Выкарыстоўваецца для стварэньня маста празь вялікія навалы шароў. У нашы дні рэдка выкарыстоўваецца ў прафэсійным снукеры, але можа выкарыстоўвацца ў выпадках, калі пазыцыя шароў не дазваляе выкарыстоўваць звычайнага павука.
Бол маркер
Шматмэтавы інструмент з D-падобным выразам, з дапамогай якога рэфэры можа: 1) адзначыць становішча шара перад тым, як ачысьціць яго; 2) праверыць, ці можна разьмясьціць каляровы шар на патрэбнае месца; 3) праверыць, ці можа біток трапіць па краі чарговага шара прамым ударам (пры заключэньні «вольнага шара»)
Сукно
Сукно, як правіла, зялёнага колеру з накіраваным ворсам. Сукно ўплывае на рух бітка, у залежнасьці ад кірунку ўдару. Нават калі па бітку ўдарыць таксама, сукно выкліча розны эфэкт у залежнасьці ад таго, коціцца біток да ніжняй часткі стала (да адзнакі чорнага шара) або да верхняй часткі (да болкернай лініі). Тканіна на 95% складаецца з мэрыносавай воўны і на 5% зь нэйлёну.

Вядомыя снукерысты[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Стыў Дэвіс

У прафэсійнай эры, якая пачалася ў 1930-я гады Джо Дэвісам і працягваецца аж да сёньняшняга дня, адносна невялікая колькасьць гульцоў дасягала найвышэйшага ўзроўню. Дасягненьне і падтрыманьне месца сярод снукерных элітаў — гэта цяжкая задача. Снукер патрабуе шмат гадоў падрыхтоўкі і намаганьняў, а таксама прыродных здольнасьцей.

Некаторыя гульцы дамінуюць у спорце дзесяцігодзьдзямі. Джон Палмэн, як правіла, лічыцца галоўным снукерыстам 1960-х гадоў, Рэй Рыярдан — 1970-х, Стыў Дэвіс — 1980-х, а Стывен Хендры — 1990-х. Рыярдан і Дэвіс выйгралі па 6 (1970, 1973—1976, 1978 і 1981, 1983, 1984, 1987—1989 адпаведна), а Хендры 7 (1990, 1992—1996, 1999) чэмпіянатаў сьвету. Нельга сказаць, што хтосьці дамінаваў у 2000-я гады, хоць Роні О’Саліван выйграў тры тытулы за дзесяцігодзьдзе (2001, 2004, 2008), а Марк Ўільямс і Джон Хігінс па два (2000, 2003 і 2007, 2009 адпаведна). Хігінс мае чатыры тытулы чэмпіёну сьвету ў агульнай колькасьці, выйграўшы таксама ў 1998 і 2011 гадах, у той час як О’Саліван мае пяць, дадаўшы перамогі ў 2012 і 2013 гадах. Выйграўшы чэмпіянат сьвету ў 2013 годзе, О’Саліван стаў першым гульцом, пасьпяхова абараніўшым тытул з 1996 году, калі Хендры выйграў пяты запар чэмпіянат сьвету.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Commons-logo.svg  Снукерсховішча мультымэдыйных матэрыялаў

Шаблён:Віды більярду