Сотавая сувязь

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да: навігацыі, пошуку
Вяршыня сотавай вежы

Сотавая су́вязь — бяздротавая перадача зьвестак між рухомымі падпісчыкамі ў абшары абслугоўваньня, таксама між імі і падпісчыкамі стацыянарнай тэлефоннай сеткі. Абшар абслугоўваньня падзяляецца на падобныя да пчаліных сотаў (адсюль назоў) абсягі радыюсам да 30 км, кожны зь якіх мае базавую станцыю(en) (БС) з пэўнай колькасьцю модуляў прыёмна-перадавальнага абсталяваньня. Кожнай БС вылучаюць пэўныя частасьці для радыёсувязі. Пры гэтым для выключэньня ўзаемных перашкодаў аднолькавыя частасьці маюць прасторава аддаленыя адна ад адной БС. Сувязь між падпісчыкамі з адной соты ажыцьцяўляецца з дапамогай БС. Між падпісчыкамі з розных сотаў, у тым ліку пры перамяшчэньні з адной соты ў другую, таксама з падпісчыкамі стацыянарнай тэлефоннай сеткі — з дапамогай асяродка камутацыі рухомай сувязі(en). Лічбавы спосаб перадачы знакаў(be) забясьпечвае ахову паведамленьняў(en) ад недазволенага доступу, устойлівасьць і высокую якасьць сувязі, перадачу дадзеных і доступ да сотавай сувязі аднолькавага стандарту розных краінаў[1].

Беларусь[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Першым прадпрыемствам сотавай сувязі ў краіне 7 жніўня 1991 году стаў «БелСел». У ліпені 1998 г. зьявілася прадпрыемства «Вэлком», якое 16 красавіка 1999 г. стала першым пастаўніком паслугаў сотавай сувязі стандарту GSM. На пачатак 2010 г. у Беларусі было 9 686,2 тыс. падпісчыкаў сотавай сувязі[2], што перавышала колькасьць насельніцтва краіны. На пачатак 2013 г. іх лік перавышаў колькасьць жыхароў Беларус на 16,6%[3].

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Эдуард Ліпковіч. Сотавая радыёсувязь // Беларуская энцыкляпэдыя ў 18 тамах / Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 2002. — Т. 15. — С. 90. — 552 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0251-2
  2. ^ Разьвіцьцё сувязі ў Беларусі // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 6 траўня 2011 г. Праверана 8 красавіка 2014 г.
  3. ^ Андрэй Асфура. У Беларусі зьнізілася пранікненьне сотавай сувязі // БелТА, 28 лютага 2013 г. Праверана 8 красавіка 2014 г.