Соф’я Кавалеўская
| Соф’я Васільеўна Кавалеўская | |
Соф’я Кавалеўская |
|
| Нарадзілася | 15 студзеня 1850 Масква, Расейская імпэрыя |
|---|---|
| Памерла | 10 лютага 1891 Стакгольм, Швэцыя |
| Навуковая сфэра | матэматыка фізыка |
| Месца працы | Стакгольмскі ўнівэрсытэт |
| Альма-матэр | Гётынгенскі ўнівэрсытэт |
| Соф’я Корвін-Крукоўская | |
Герб «Сьляпы воран» |
|
| Асабістыя зьвесткі | |
| Род: | Корвін-Крукоўскія |
| Бацькі: | Васіль Васілевіч Корвін-Крукоўскі Елізавета Фёдараўна з Шубертаў |
Соф’я Васільеўна Кавалеўская (па-расейску: Софья Васильевна Ковалевская, у дзявоцтве Корвін-Крукоўская; 15 студзеня [ст. ст. 3 студзеня] 1850, Масква — 10 лютага [ст. ст. 29 студзеня] 1891, Стакгольм) — матэматык і мэханік, пісьменьніца і публіцыстка беларускага паходжаньня[1][2]. Прафэсар Стакгольмскага ўнівэрсытэту (1884), чалец-карэспандэнт Пецярбурскай акадэміі навук (1889).
Соф’я Кавалеўская — першая жанчына-прафэсар ў Расейскай імпэрыі і Паўночнай Эўропе, а таксама першая ў сьвеце жанчына-прафэсар матэматыкі.
Зьмест |
Біяграфія [рэдагаваць]
Нарадзілася ў Маскве ў сям’і генэрала В. В. Корвін-Крукоўскага, які паходзіў са старажытнага беларускага[3] шляхецкага роду. Паводле ўспамінаў Соф'і, у іхнай радзіне існавала легенда, што пачатак дынастыі Корвін-Крукоўскіх паклалі дачка вугорскага караля Мацьвея Корвіна і літоўскі шляхціч Крукоўскі. Пры гэтым найбольш раньнія выяўленыя ў архівах згадкі пра род адносяцца да 1648 году. У прыватнасьці, выпіска з Польскага гербоўніка сьведчыць, што Захар Крукоўскі, аршанскі «гродзкі пісарчук» у Амсьціслаўскім ваяводзтве, і Васіль Корвін-Крукоўскі, дэпутат Віленскага ваяводзтва, ужывалі ў сваім гербе «Сьляпы воран».[4]
Раньняе дзяцінства і юнацтва правяла ў радавым маёнтку бацькі ў вёсцы Палібіна Віцебскай губэрні. Атрымала ўсебаковую адукацыю, выдатныя матэматычныя здольнасьці выявіліся ўжо ў раньнім дзяцінстве.
3 1866 году ў Пецярбургу брала ўрокі матэматыкі ў пэдагога А. М. Странналюбскага (у той час доступ жанчынам у Пецярбурскі ўнівэрсытэт быў забаронены). Каб пазбавіцца бацькоўскай апекі і працягнуць сваю адукацыю ў Нямеччыне, дзе жанчына магла вучыцца ва ўнівэрсытэце места Гайдэльбэрга, у 1868 годзе ўзяла фіктыўны шлюб (пазьней зрабіўся сапраўдным).
Муж Соф'і Ўладзімер Кавалеўскі быў родам зь Віцебшчыны і за сваё кароткае жыцьцё (41 год) пасьпеў узяць удзел у нацыянальна-вызваленчым паўстаньні 1863—1864 гадоў і паходзе Гарыбальды[5].
У 1869 годзе паехала ў Гайдэльбэрг, дзе вывучала матэматыку. 3 1870 году ў Бэрліне 4 гады працавала ў Карла Ваерштраса, які даваў ёй прыватныя ўрокі (у Бэрлінскі ўнівэрсытэт жанчын таксама не дапускалі). У 1874 годзе на падставе трох працаў Кавалеўскай, якія прадставіў Ваерштрас, Гётынгенскі ўнівэрсытэт завочна прысудзіў ёй ступень доктара філязофіі.
У тым жа годзе вярнулася ў Расейскую імпэрыю, але месца ў Пецярбурскім унівэрсытэце не атрымала. Амаль на 6 гадоў адышла ад навуковай дзейнасьці, займалася літаратурна-публіцыстычнай працай, супрацоўнічала ў газэтах. У 1880 годзе пераехала ў Маскву, але здаваць магістарскія экзамэны ва ўнівэрсытэт ёй не дазволілі. У наступным годзе зноў паехала ў Бэрлін, потым у Парыж, маючы намер атрымаць месца прафэсара на вышэйшых жаночых курсах у Францыі.
У 1883 годзе, атрымаўшы запрашэньне швэдзкага матэматыка Г. Мітаг-Лефлера, выехала ў Швэцыю, дзе на пасадзе прыват-дацэнта Стакгольмскага ўнівэрсытэту на працягу 8 гадоў прачытала 12 курсаў. Была сябрам рэдкалегіі швэдзкага часопіса «Acta Mathematica».
Навуковы ўнёсак [рэдагаваць]
Адзін з асноўных матэматычных вынікаў — тэарэма пра існаваньне разьвязкаў нармальнай сыстэмы раўнаньняў з частковымі вытворнымі (Кашы-Кавалеўскай тэарэма) — зьмяшчаецца ў працы «Да тэорыі дыфэрэнцыяльных раўнаньняў з частковымі вытворнымі» (1875).
Апроч таго, у працы «Задача пра вярчэньне цьвёрдага цела вакол нерухомага пункту» (1888), знайшла гэтак званы трэці выпадак інтэграваньня ў задачы трох целаў. За гэтую працу Парыская акадэмія навук прысудзіла ёй прэмію Бардэна. За другую працу на тую ж тэму ёй была прысуджаная прэмія Швэдзкай акадэміі навук (1889).
Літаратурная творчасьць [рэдагаваць]
Соф’я Кавалеўская — аўтар аповесьці «Нігілістка» (1884), драмы «Барацьба за шчасьце» (1887, сумесна са швэдзкай пісьменьніцай А. Ш. Лефлер).
У сямейнай хроніцы «Ўспаміны дзяцінства» (1890) апавядае пра жыцьцё ў 1860-я гады, пра сваю сястру А. В. Корвін-Крукоўскую, у далейшым удзельніцу Парыскай камуны, пра Фёдара Дастаеўскага; шмат увагі аддаецца апісаньню побыту беларусаў і прыроды Віцебшчыны[4].
Крыніцы [рэдагаваць]
- ^ Кавалеўская Соф’я Васільеўна // Матэматычная энцыклапедыя. — Менск: Тэхналогія, 2001. ISBN 985-458-059-8
- ^ Кавалеўская Соф’я Васільеўна // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 3: Гімназіі — Кадэнцыя / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1996. С. 517.
- ^ Кавалеўская Софія Васільеўна // Беларусь: энцыкл. даведнік / Рэдкал. Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш. — Мінск: БелЭн, 1995. С. 352.
- ^ а б «Пры расстанні ён мяне пацалаваў...» // «Культура» № 10 (930), 6 сакавіка 2010
- ^ Саўко М. П. Кароткі нарыс гісторыі культуры Беларусі: Вучэб.-метад. дапаможнік. / М. П. Саўко, М. А. Бобер, В. І. Карнацкая. — Мн., БГМУ, 2003, — 134 с. ISBN 985-462-201-0. [1]
Вонкавыя спасылкі [рэдагаваць]
Соф’я Кавалеўская — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў
- Асобы па альфабэце
- Навукоўцы па альфабэце
- Корвін-Крукоўскія
- Нарадзіліся 15 студзеня
- Нарадзіліся ў 1850 годзе
- Нарадзіліся ў Маскве
- Жанчыны-навукоўцы
- Расейскія літаратары
- Расейскія матэматыкі
- Расейскія мэханікі
- Расейскія навукоўцы
- Швэдзкія матэматыкі
- Швэдзкія мэханікі
- Швэдзкія навукоўцы
- Памерлі 10 лютага
- Памерлі ў 1891 годзе
- Памерлі ў Стакгольме
- Асобы, у гонар якіх названы кратэр на Месяцы