Соф’я Слуцкая
| Соф’я Слуцкая | |
| Сьвятая | |
|---|---|
| Імя | Соф’я Юр'еўна Алелькавіч-Радзівіл, княгіня Слуцкая і Капыльская |
| Нарадзілася | 1 траўня 1585 |
| Памерла | 19 сакавіка 1612 (26 гадоў) Амелева, каля Ігумена, Рэч Паспалітая (цяпер Беларусь) |
| Шануецца | Беларуская Праваслаўная Царква |
| Кананізаваная | 1984 год |
| Галоўная сьвятыня | Мошчы ў Сьвята-Духавым катэдральным саборы |
| Дзень памяці | 1 красавіка альбо трэці тыдзень па Сёмухе |
| Патрон | цяжарных жанчынаў, парадзіхаў, немаўлятаў і дзяцей, сірацінаў. Лекарка галаўных болей. Ахоўніца ад пажараў і голаду. Ахоўніца пабожных шлюбаў. Заступніца пры цяжбах з уладамі і міратворыца. |
Соф’я Радзівіл (Слуцкая, у дзявоцтве Алелькавіч; 1 траўня 1555 — 9 (19) сакавіка 1612) — рэлігійная дзяячка Вялікага Княства Літоўскага, асьветніца, беларуская праваслаўная сьвятая[1].
Зьмест |
Біяграфія [рэдагаваць]
Дачка слуцкага князя Юрыя III і Барбары з Кішкаў[1], апошняя з княскага роду Алелькавічаў. Выхоўвалася ў праваслаўі.
У раньнім веку страціла бацьку, адразу за ім сыйшла з жыцьця і маці. Па сьмерці дзядзькоў Аляксандра (1591) і Яна Сымона (1592) да Соф’і адыйшло ўсё Слуцкае княства зь местамі Слуцак і Капыль, мястэчкамі Раманаў, Старобін, Любань, Пясочнае і Ленін, 32 фальваркі.
Сіратой апекваліся сваякі Хадкевічы: староста жамойцкі Юры, па ягонай сьмерці — кашталян віленскі і староста берасьцейскі Геранім. Яны запазычылі князям Радзівілам значныя грашовыя сумы і вырашылі выплаціць даўгі пасагам Соф’і, якую сасваталі за нясьвіскага князя Януша Радзівіла, сына ваяводы віленскага Крыштапа. Напярэдадні вясельля абвастрыліся фінансавыя спрэчкі двух кланаў, і Хадкевічы скасавалі заручыны сваёй выхаванкі. Аднак Радзівілы рашуча абвясьцілі, што не жадаюць адмаўляцца ад нявесты і падалі на Хадкевічаў у суд. Вырак суду на карысьць Радзівілаў вельмі ўдарыў па гонару апекуна Соф’і. Новы дзень вясельля прызначылі на 1 кастрычніка 1600, на сьвята Пакрова Багародзіцы. Хоць муж вызнаваў кальвінізм, Соф’я заставалася праваслаўнай[1].
Шмат увагі надавала дабрачынным справам, падтрымлівала праваслаўныя цэрквы і манастыры ў Слуцкім княстве. Ахвяравала сродкі для пабудовы лякарань для бедных, учыняла паломніцтвы ў сьвятыя мясьціны.
Памерла 19 сакавіка 1612, нарадзіўшы нежывое дзіця. Княгіню пахавалі ў Слуцкім Трайчанскім манастыры.
Кананізацыя [рэдагаваць]
Неўзабаве сярод месьцічаў пайшлі чуткі пра дзівосы, што адбываліся ля труны. Менавіта тады Соф’ю пачалі ўшаноўваць як сьвятую, але кананізавалі княгіню значна пазьней, у 1984.
У 2000 годзе да 2000-годзьдзя хрысьціянства быў усталяваны помнік Соф’і Слуцкай.[2] У 2009 у Менску асьвяцілі новую царкву ў гонар сьвятой Соф’і Слуцкай.
У наш час сьвятыя мошчы Соф’і Слуцкай захоўваюцца ў Катэдральным саборы Сашэсьця Сьвятога Духу ў Менску. Дзень яе памяці адзначаецца 1 красавіка.
Цікавыя факты [рэдагаваць]
- У наш час беларускі архівіст Вольга Бабкова выявіла гістарычныя дакумэнты, дзе Соф’я Алелькавіч беручы шлюб зь Янушам Радзівілам сьцьвярджае, што яна зьяўляецца каталічкай[3][4].
Радавод [рэдагаваць]
Галерэя [рэдагаваць]
Крыніцы [рэдагаваць]
- ^ а б в Анатоль Грыцкевіч. Радзівіл Соф’я // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. С. 497.
- ^ В Слуцке пройдёт крестный ход, посвящённый 10-летию со дня установки памятника Софии Слуцкой, Інфа-Кур’ер (рас.)
- ^ В. Бабкова: «Я бачу гісторыю хутчэй празь літаратуру» // «Радыё Свабода», 3 лістапада 2008.
- ^ Як лаяліся сярэднявечныя мінчукі і пра што марылі тагачасныя аптэкары? // «Эўрапейскае радыё для Беларусі», 9 красавіка 2010.
Літаратура [рэдагаваць]
- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — 788 с.: іл. ISBN 985-11-0378-0.
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 6. Кн. 1: Пузыны — Усая / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 2001. — 591 с.: іл. ISBN 985-11-0214-8.
Вонкавыя спасылкі [рэдагаваць]
Соф’я Слуцкая — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў
- 1 мая — 420 год з дня нараджэння Соф'і Слуцкай (1585-1612), рэлігійнай дзяячкі, асветніцы, беларускай праваслаўнай святой. Нацыянальная бібліятэка Беларусі. Праверана 3 сьнежня 2010 г.
- Асветніца Софья Слуцкая Радзівіл (Алелька) (1585 — 19.3.1612). Спадчына. Праверана 3 сьнежня 2010 г.
- Святло далёкай зоркі. Информационный сайт города СЛУЦКА. Праверана 3 сьнежня 2010 г.