Стабурагс

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Месца Стабурагсу ў 2004 годзе

Стабурагс (таксама вядомы як Стабурадзэ) (па-латыску: Staburags) — колішні 18-мэтровы вуцёс, што разьмяшчаўся ў Латвіі на левым беразе Дзьвіны. Зь ніжняй частцы скалы сьцякала мноства крыніцаў, што надавала Стабурагсу супольныя рысы з вадаспадамі. Шмат стагодзьдзяў Стабурагс ушаноўваўся мясцовымі жыхарамі. У 1966 годзе вуцёс быў затоплены падчас будаўніцтва Плявінскай гідраэлектрастанцыі. У парку Вігантэ побач зь месцам, дзе знаходзілася сьвятыня, знаходзяцца дрэвы, пасаджаныя кіраўнікамі й адметнымі асобамі Латвіі ды эстрада. Таксама тут у 2003 року быў створаны памятны знак "Dieva auss" (Божае вуха).[1]

У фальклёры[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У латыскай народнай творчасьці налічваецца 82 вэрсіі легендаў пра паходжаньне Стабурагсу. Паводле найбольш распаўсюджаных, у гэтых мясьцінах некалі жыла дзяўчына, муж якой быў рыбаком. Аднойчы яна як заўжды чакала каханага, стоячы на высокім беразе Дзьвіны. Але ў тую ноч на рацэ адбылася моцная бура, і хлопец патануў. Дзяўчына, убачыўшы гэта, пачала плакаць і неўзабаве скамянела, пераўтварыўшыся на скалу, але яе сьлёзы цякуць і дагэтуль.[2]

У творчасьці Новага часу[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1820 годзе лютэранскі сьвятар Стэндэрс запісаў ад 103-гадовай жанчыны 11 народных песьняў пра Стабурагс. У 1846 годзе гэта натхніла прафэсара ўнівэрсытэту ў Тарту Крузэ выдаць кнігу латыскай і нямецкай мовамі. У 1850 року ў Елгаве пабачыла сьвет нямецкамоўная брашура „Der Stabburags”.[3]. У 1869 годзе Фрыдрых Мальбэрг напісаў паэму "Стабурагс і Лесма". У 1871 у часопісе "Балтыйскі весьнік" зьявілася эсэ Карла Зарыньша "Стабурадзэ ў Курляндыі". У 1875 годзе Аўксэліс выдае паэтычны збор "Стабурадзэ". У 1895 Вальдэмарс Залітыс піша кнігу „Staburaga bērni” ("Дзеці Стабурагсу"). У 1939 року Аляксандрас Брыедыс стварыў скульптуру "Дайна", што ўвасабляла латыскую народную песьню, якая была ўсталяваная каля Ліпавай крыніцы.

Зьнішчэньне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1947 годзе савецкі інстытут "Гідраэнэргапраект" падрыхтаваў комплексную праграму пабудовы сеткі вадасховішчаў і ГЭС у ніжняй плыні Дзьвіны. Побач са Стабурагсам мелі ўзьнікнуць два вадасховішчы — пры Мэмэньскай ГЭС з узроўнем вады 16 мэтраў і пры Плявіньскай з узроўнем вады 24 мэтры. Гэты варыянт не ўяўляў небясьпекі для Стабурагсу. Але ў 1955 годзе быў прыняты новы праект, паводле якога ўзровень вады ў вадасховішчы каля Плявіньскай ГЭС павінен быў быць павышаны на 40 мэтраў. Гэта выклікала вялікі смутак у народзе, і падчас будаўніцтва ГЭС у 1961-1965 роках амаль кожная латыская сям’я пасьпела прыехаць на разьвітаньне са Стабурагсам.[4] Скала пайшла пад ваду ў сьнежні 1966 року. Пад вадой апынулася і скульптура "Дайна", якую неўзабаве ўсё ж выцягнулі з вады й перавезьлі ў Сігулду.

У наш час вяршыня Стабурагсу знаходзіцца на глыбіні больш за дваццаць мэтраў. Падчас паніжэньняў узроўню вады яна можа часова паказвацца на паверхні.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Staburaga piemiņas zīme "Dieva auss"
  2. ^ Ilze Mežniece. Vietu simbolika Daugavas krastos. Latvijas Kultūras akadēmijas bakalaura darbs
  3. ^ J.Ch. Stender. Monographie. Zum besten der Selburgschen Orgel. Mitau, J.F.Steffenhagen und Sohn, 1850
  4. ^ Egīls Zirnis. Staburaga bērni