Станіслаў Грынкевіч

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Вікіпэдыя мае артыкулы пра іншых асобаў з прозьвішчам Грынкевіч.
Станіслаў Грынкевіч
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся 2 лютага 1902(1902-02-02)
Памёр 25 ліпеня 1945(1945-07-25) (43 гады)
Літаратурная дзейнасьць
Род дзейнасьці публіцыст, перакладнік, грамадзкі дзяяч

Станісла́ў Сымо́навіч Грынке́віч (2 лютага 1902, в. Новы Двор, Сакольскі павет — 1945, Магілёў, вязьніца) — беларускі грамадзкі й палітычны дзяяч, лекар-псыханэўроляг, публіцыст, перакладчык, папулярызатар навукі. Пляменьнік сьвятара Францішка Грынкевіча.

Жыцьцяпіс[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вучыўся ў Гарадзенскай мужчынскай гімназіі. У пачатку Першай сусьветнай вайны выехаў у Смаленскую губэрню. Скончыўшы 7-ую клясу Дарагабускай гімназіі, вярнуўся ў родную вёску. Вучыўся на мэдыцынскім факультэтэце ўнівэрсытэце імя Стэфана Баторыя ў Вільні, адкуль перавёўся ў Пазнанскі ўнівэрсытэт, дзе і закончыў вучобу ў 1930 року. Працаваў асыстэнтам[1] у познанскай лякарні. З 1934 году — працуе як ардынатар псыхіятрычнага шпіталя[1] ў Харошчы пад Беластокам. З 1938 году жыў у Вільні.

У 1936 годзе ягоная брашура «Асьвета» была канфіскаваная паліцыяй, а сам аўтар аштрафаваны і на два тыдні зьняволены ў вязьніцы.

Супрацаваў зь лідэрам Беларускае хрысціянскае дэмакратыі Адамам Станкевічам[2]. У 1931—36 віцэ-старшыня Беларускай хрысціянскай дэмакратыі; сябар прэзыдыюму Беларускага нацыянальнага камітэту.

З прыходам у Вільню савецкіх войскаў арыштаваны, але здолеў уцячы зь цягніка падчас вывазу вязьняў. У гады нямецкай акупацыі ў Вільні, займаўся культурніцкай дзейнасьцю. Устрымліваўся ад супрацоўніцтва зь немцамі. Браў удзел у нацыянальным падпольлі, дзяяч кансьпірацыйнага падпольнага Беларускага Народнага Аб’яднаньня, курыраваў супрацу з польскім падпольлем.

У лістападзе 1944 году зноў арыштаваны НКУС. Перавезены ў Менск, пасьля ў Магілёў. 18 траўня 1945 году ваенны трыбунал Беларуска-Летувіскай ваеннай акругі прысуджае вышэйшую меру пакараньня[1]. 25 ліпеня 1945 году — расстраляны (паводле іншых зьвестак памёр у менскай вязьніцы ў 1945 ці 1946 годзе).

Дзейнасьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Аўтар навукова-папулярных працаў і брашураў па мэдыцыне й гігіене, зь лекцыямі езьдзіў па заходнебеларускіх мястэчках і вёсках. Пераклаў з лацінскай мовы на беларускую працу вядомага аскета й містыка Тамаша Кемпійскага «Сьледам за Хрыстусам» (1934). Друкаваўся ў часопісах «Студэнцкая думка», «Калосьсе», «Шлях моладзі», газэтах «Беларуская крыніца», «Хрысьціянская думка», «Новае жыцьцё». Пісаў на беларускай і польскай мовах.

У псыхіятрыі Грынкевіч быў сярод першых у беларускай і польскай навуцы, хто пазнаёміў грамадзскасьць з сыстэмай псыхааналізу З. Фройда і К. Юнга, з прэтэнзіямі гэтай плыні ў галіне літаратуразнаўства і сацыялёгіі[2]. Як лекар апублікаваў разам са сваёй жонкай Ядвігай Грынкевіч тры выпускі папулярнай навукова-практычнай манаграфіі «Рады хворым і здаровым» (Ч. І—ІІІ., Вільня, 1935-39)[2].

У грамадзкім Беларускім інстытуце гаспадаркі і культуры (1926-36), імаверна, быў інструктарам і арганізатарам тэатральнага руху, пра гэта сьведчыць ягоная кніга «Аб тэатры»[2]. Аўтар працы «Народ», кнігі «Аб тэатры», апавяданьня «Арлянё» (усе 1927), аповесьці «Царква. Помста. Вязьніца» (1928), эсэ «Ў братоў украінцаў» (1936), выдадзеных у Вільні.

Творы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вокладка кнігі Т. Кемпійскага «Сьледам за Хрыстусам» на беларускай мове ў перакладзе С. Грынкевіча 1934 г.
  • Ab teatry (1927) — выд. Бела. Крыніца, др. Скарына, 53 с, 500 ас.
  • Arlanio (1927) — проза, выд. Бела. Крыніца, др. Скарына, 52 с,
  • Žanimstwa pa radyjo (1927) — выд. Бела. Крыніца, др. Скарына, 38 с.
  • Narod (1927) -выд. Бела. Крыніца, др. Скарына, 31 с, 1000 ас.
  • Viesnavyja melodyji (1927) — выд. Бела. Крыніца, др. Скарына, 77 с.
  • Rady chvorym I zdarovym, č.1 (1935) выд. Бела. Крыніца, др. Скарыны, 119 с, 1000 ас. (разам з Антонам Грынкевічам)
  • Aśvieta (1936) — Бела. Крыніца, др. Скарына, 55 с (сканфіскавана ў 1936)
  • У братоў украінцаў.(1937) Выд. Пагоня, дру. Скарыны, 88 с, 600 ас.
  • Alkahalizm (1938), выд Chr.Dumka, друкарня Скарна, 14 с (разам з Антонам Грынкевічам)
  • Rady chvorym I zdarovym, č.2 (1938) выд. Шлях Моладзі, др. Скарыны, 80 с (разам з Антонам Грынкевічам)
  • Rady chvorym I zdarovym, č.3 (1939) выд. Шлях Моладзі, др. Скарыны, 78 с, 700 ас. (разам з Антонам Грынкевічам)

Пераклады[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Юры Туронак. «В.Іваноўскі і адраджэньне Беларусі» // Мадэрная Гісторыя Беларусі, с.251, Вільня, 2006

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]