Станіслаў Булак-Балаховіч

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да: навігацыі, пошуку
Станіслаў Булак-Балаховіч

Станіслаў Нікадзімавіч Булак-Балаховіч (Станіслаў-Мар’ян Балаховіч; 22 лютага 1883 — 10 траўня 1940) — беларускі вайсковы дзяяч.

Біяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Дзяцінства. Сям’я[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Нарадзіўся 22 лютага (па старым стылі — 10 лютага) 1883 году ў Мэйштах Браслаўскага павету Віленскай губэрні Расейскай імпэрыі ў сялянскай каталіцкай сям’і[1]. Бацька — Нікадзім Міхал, беларус, быў кухарам Мэйштовічаў з Мэйштаў. Маці — Юзэфа з дому Шафранаў, полька, была пакаёўкай Малгажаты Мэйштовічавай (з дому Корвін-Мілеўскай) і дачкой кухара Корвін-Мілеўскіх[2]. Пасьля жаніцьбы, разам з братам Людвікам, пры дапамозе ўзятай у Мэйштовічаў пазыкі, Нікадзім купіў маёнтак Юдуцыны пад Шаркаўшчынай, а ў 1887 годзе прадаў гэты маёнтак графу Лапацінскаму, падзяліўшы з братам інвэнтар. Пасьля продажу маёнтку бацька ўзяў у доўгатэрміновую арэнду ад Мэйштовічаў маёнтак Стакапіёва Браслаўскага павету[3].

Нікадзім і Юзэфа Балаховічы мелі 9 дзяцей: трох сыноў і шэсьць дачок. Найстарэйшай была дачка Марыя, наступны — Станіслаў[4]. Ягоныя браты былі намнога малодшыя за яго: Язэп нарадзіўся ў 1894, Мечыслаў — у 1899. Малодшых сясьцёр звалі: Паўліна, Людміла, Вераніка, Ганна й Стэфанія[4]. Бацька Бахаловіча быў сьвядомым беларусам. Маці варожа ставілася да беларускага пытаньня. Дома Балаховічы гаварылі па-беларуску. Станіслаў ведаў таксама расейскую, польскую (даволі дрэнна), летувіскую й нямецкую мовы[5][6].

Паводле мужчынскай і жаночай лініі сваякамі Балаховічаў зьяўляліся сем’і Карловічаў, Лапінскіх, Ясінскіх, Лаўрыновічаў, Рабэльчышаў, Эйсмантаў, Рудзінскіх і Балаховічаў. Усе яны жылі на Браслаўшчыне й Сьвянцяншчыне[4].

Сваё імя Станіслаў, першы сын Балаховічаў, атрымаў па хросным бацьку Станіславе Незабытоўскім. Хроснаю маці была Марыя Мэйштовічыха[4].

«Булак» — уласнабеларускае слова, якое азначае «воблака». Праўдападобна, гэта мянушка аднаго з шматлікіх адгалінаваньняў Балаховічаў[7].

Адукацыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Хатнім настаўнікам, які даў першую навуку, быў стрыечны брат Юліюш Ясінскі. Пачатковую адукацыю атрымаў у павятовай школе ў Новааляксандраўску Ковенскага павету[3]. Пасьля вучыўся ў чатырохгадовай прыватнай польскай гімназіі Сьв. Станіслава ў Пецярбургу, пад апекай кс. Ксавэрыя Ясінскага, ягонага дзядзькі па маці, у якога й жыў[8].

Пажаданьнем сям’і было, каб Станіслаў паступіў у духоўную сэмінарыю. Паколькі яму было тады толькі 16 гадоў, то ён адбыў дзеля гэтага гадавую практыку ў маёнтку Міхала Мэйштовіча,пасьля чаго адмовіўся ад духоўнай кар’еры й прайшоў 4-гадовыя практычна-аграномныя курсы ў маёнтку Броэль—Плятэраў у Бяльмонтах[9].

Праца[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

З 1902 году пачаў самастойна зарабляць на сябе. У 1903 годзе працаваў як бугальтар пры пабудове чыгункі на Наваградчыне. Зіму правёў на Каўказе ў свайго швагра, загадчыка чыгуначных складоў. З сакавіка 1904 году да пачатку Першай сусьветнай вайны займаў пасаду ўпаўнаважанага адміністратара маёнтку Гарадзец-Лужкі на Дзісеншчыне, які належаў графам Зыберк-Плятэрам. У маёнтку й мястэчку Балаховіч арганізаваў добраахвотную пажарную каманду, якую ўзначальваў да вайны[4].

У 1905 годзе ажаніўся першы раз з дачкой лекара з Лужкоў Марціна Гарбэля. У гэтым шлюбе ў 1907 годзе ў іх нарадзілася дачка, а ў 1910 годзе сын Мэдард, у 1911 годзе сын Генрык. Зь першай жонкай жыў асобна з 1913 году, яна мела ўнутраны рак і памерла ў 1915 годзе[10].

Вайсковая служба ў Імпэратарскай арміі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

18 лістапада 1914 — прыбыў і залічаны ў сьпісы 2-га Лейб-уланскага Курляндзкага палка (на 1910 полк быў разьмешчаны ў горадзе Кальварыя).

4 чэрвеня 1915 — за выдатнасьці ў справах супроць непрыяцеля атрымаў ранг малодшага унтэр-афіцэра.

У ноч з 8 на 9 чэрвеня 1915 падчас выведкі ля вёскі Шапалішкі асколкамі разрыўной кулі атрымаў скураныя раны левага пляча.

8 ліпеня 1915 — за баявыя выдатнасьці атрымаў ранг прапаршчыка. 6 лютага 1916 Найвышэйшым прыказам зацьверджна ўзьвядзеньне ў ранг прапаршчыка армейскай кавалерыі.

4 лістапада 1915 — камандзіраваны ў партызанскі атрад.

28 траўня 1916 — узьведзены ў ранг карнэта.

24 чэрвеня 1917 — узьведзены ў ранг паручыка.

(1917—1918 — штабс-ротмістар).

(1917—1918 — ротмістар).

Вайсковая служба ў Чырвонай арміі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Кіраўнік 1-га Лускага партызанскага кавалерыйскага палка, які быў пазьней загадам Троцкага перайменаваны Л. Троцкім 3-ці Петраградскі кавалерыйскі полк. 4 жніўня 1918 у Заклінскай воласці Лускага павета выбухнала сялянскае паўстаньне. Падчас падаўленьня мяцяжу ніводны селянін не быў застрэлены, атрад Балаховіча выкарыстаў толькі свае нагайкі . Вярнуўшыся са станцыі Навасельле С. Булак-Балаховіч заявіў у штабе 4-ай Петраградскай дывізіі “Зараз, напэўна, не будуць сумнявацца ў тым, што я прыхільнік савецкага строю”, пасля гэтай аперацыі Станіслаў патрабаваў аб перапраўцы сваіх швадронаў да мяжы.

4 лістапада атраду С. Булак-Балаховіча загадалі чыгуначным транспартам пераехаць у Петраград для адпраўкі на Волскі фронт. Дзела падману бальшавікоў афіцэрамі атраду вырашаецца адправіць найменьш надзейных 50-60 жаўнераў першым эшалонам з дзьвума афіцэрамі ў Петраград. Балаховіч праехаў 6 лістапада цягніком да станцыі Стругі Белыя і заявіў падчас падарожжа ў лоб чэкістам, што суправаджалі атрад, аб сваім намеры “падацца” да немцаў. Усе палічылі словы Балаховіча жартам. У асобным купэ афіцэры кінулі жэрабя і два лейтэнанты Мікалаеў і Багучэў адправіліся цягніком у паўночную сталіцу, дзе іх растрэлялі, а Балаховіч з рэштай атраду пакінуў эшалон. Ад Струг Белых атрад Балаховіча рушыў ў бок станцыі Тарошына, аднак каб пазбегнуць сутыкненьня з чырвоным павярнуў у бок в. Падбароў’е, дзе іх сустрэў Ноўгарадскі пяхотны полк, мэтай якога было затрыманьне балахоўцаў. Гэта не стрымала атрад С.Булак-Балаховіча і, раззброіўшы чырвоных, ён перайшоў мяжу і пад гукі аркэстра, высланага нямецкім генералам Фон Станге, увайшоў у прыгарад Пскова .

Вайсковая служба ў Белай арміі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

2 лістапада 1918 — разам з конным атрадам (два дывізіëны, каля 800 шабель) перайшоў ад чырвоных у Пскоўскі корпус, ротмістар.

7 лістапада 1918, у дзень першых угодкаў Кастрычніцкай рэвалюцыі, Булак-Балаховіч зрабіў налёт на Талабайскія астравы Гдоўскага возера. Тут ён схапіў і павесіў бальшавіцкіх кіраўнікоў — Заліту, Бялова й Галахава. Праз тыдзень частка балахоўцаў прыняла ўдзел у Вяліжскім паўстаньні.

пачатак 1919 — камандзір Коннага палка 2-ой брыгады «Асобнага корпуса Паўночнай арміі».

травень 1919 — падпалкоўнік у Паўночнай, пераўтворанай у Паўночна-Заходнюю армію.

15 траўня 1919 аддзел Булак-Балаховіча, пераправіўшыся на лодках праз Гдоўскае возера, нечакана для бальшавікоў заняў горад Гдоў. Гэтая дывэрсія памагла эстонскім часткам пад камандаваньнем палкоўніка Лайдэнэра 25 траўня заняць Пскоў, а 29 траўня да іх далучыўся і аддзел Булак-Балаховіча.

чэрвень 1919 — палкоўнік.

ліпень 1919 — полк пад яго камандаваньнем разьвёрнуты ў 2-і корпус Паўночна-Заходняй арміі, у які ўваходзілі: 4-я дывізыя, Асобная брыгада і Конны полк Булак-Булаховіча.

ліпень 1919 — па прапанове генэрал-лейтэнанта Арсеньнева камандуючы Паўночна-Заходняй арміяй генэрал-лейтэнант Радзянка надаў Станіславу Булак-Балаховічу ранг генэрал-маёра.

1919 — камандзір корпуса Паўночна-Заходняй арміі.

1919 — пазбаўлены кіраваньнем корпуса, падначалены генэрал-лейтэнанту Арсеньневу.

14 лістапада 1919 напісаў заяву шэфу ваенна-дыпляматычнай місіі БНР у Латвіі і Эстоніі Кастусю Езавітаву, у якой выказаў жаданьне служыць са сваім войскам дзеля абароны цэласнасьці і непадзельнасьці БНР. Камандны склад Дабравольнага Народнага Аддзелу на тры чвэрці, а шараговы амаль поўнасьцю складаўся зь беларусаў. Не дачакаўшыся адказу Рады БНР, балахоўцы замянілі на сваіх жаўтаверхіх папахах юдэніцкія значкі беларускай «Пагоняй», а расейскія бела-сіне-чырвоныя сьцягі — беларускімі бел-чырвона-белымі.

У ноч на 28 студзеня 1920 арыштаваў галоўнакамандуючага Паўночна-Заходняй арміі генэрала ад інфантэрыі Мікалая Юдзеніча.

Вайсковая служба ў войсках БНР і «белых» фармаваньнях[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

14 лістапада 1919 — склаў просьбу пра атрыманьне беларускага грамадзянства і прыняцьцë ягонага вайсковага аддзелу на службу БНР.

лістапад 1919 — вайсковыя фармаваньні пад кіраўніцтвам С. Булак-Балаховіча атрымалі афіцыйную назву «Асобны аддзел войскаў БНР у Балтыі».

26 лістапада 1919 — «Асобны аддзел», паводле дамовы беларускіх дыпляматаў з урадам Эстоніі, прыняты на часовае ўтрыманьне Эстоніі, фінансавыя выдаткі залічаны ў якасьці дзяржаўнай пазыкі БНР.

лістапад—сьнежань 1919 — «Асобны аддзел» заняў частку фронту з чырвонымі каля Ізборску, паміж эстонскай і латыскай арміямі.

студзень-люты 1920 — «Асобны адзел», у сувязі вядзеньня перамоваў Эстоніяй і Латвіяй з савецкай Расеяй, разьмясьціўся ў Марыенбургу (Латвія).

22 студзеня 1920 — «Асобны аддзел» юрыдычна ўключаны Радаю БНР у склад беларускага войска.

Паводле дамовы ўрадаў Польскай Рэспублікі і БНР, у складзе польскага войска мусіла быць сфармавана войска БНР.

23 лютага 1920 — паводле дамовы, заключанай у Рызе, «Асобны аддзел» уваходзіў у склад польскага войска. Аддзел налічваў 884 афіцэра і жаўнера.

5 сакавіка 1920 — «Асобны аддзел» транспартыраваны з Марыенбурга ў Дзьвінск. Адтуль перавезены ў Берасьце, аддзел налічваў к. 100 афіцэраў і 700 жаўнераў.

21 чэрвеня 1920 — з Эстоніі і Латвіі ў Берасьце перавезена яшчэ к. 200 жаўнераў.

12 кастрычніка 1920 году Павал Аляксюк, які выконваў абавязкі старшыні Беларускага палітычнага камітэту, падпісаў пагадненьне з генэралам Булак-Балаховічам, згодна зь якім Камітэт меўся весьці вярбоўку ў беларускае войска[11]. Яго камандзірам мусіў быць Булак-Балаховіч.

1920 — генэрал-лейтэнант.

Узнагароды Расейскай імпэратарскай арміі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

30 траўня 1915 — Георгіеўскі крыж 3 ст. (будучы ніжнім чынам за аказаньне надзвычайных подзьвігаў храбрасьці і самаахвярнасьці).

26 верасьня 1915 — ордэн сьвятой Ганны 3-й ступэні з надпісам «За храбрасьць» (за выдатнасьць у справах супроць непрыяцеля).

8 сьнежня 1915 — ордэн сьвятой Ганны 3-й ступэні зь мячамі і бантам. 25 жніўня 1916 Найвышэйшым прыказам зацьверджна пажалаваньне ордэна.

4 траўня 1916 — ордэн сьвятой Ганны 4-й ступэні з надпісам «За храбрасьць».

Узнагароды розных дзяржаваў[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Жыцьцё пасьля Грамадзянскай вайны[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Забіты невядомымі ў Варшаве. У Варшаве на будынку праваслаўнай духоўнай сэмінарыі ў раёне Саска-Кэмпа знаходзіцца памятная дошка ў памяць пра Булак-Балаховіча.

Сям’я[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Першым шлюбам (1905) жанаты з Генрыетай Мартынаўнай Ґарбель († 1918), з 1913 жылі асобна, шлюб скасаваны. У шлюбе дзеці: Алена (па-сямейнаму Альдона) (* 18 красавіка 1907), Мэдард-Юльюш (* 1 студзеня 1910) і Генрык-Мартын (* 3 чэрвеня 1911).

Другім шлюбам (1918/9) жанаты з Гертай фон Герхард. У шлюбе дочкі: Зоф’я і Марыя.

Трэцім шлюбам жанаты зь Янінай Карэчкай. У шлюбе дочкі: Данута і Барбара.

Літаратурныя творы С. Булак-Балаховіча[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Булак-Балахович С. Н. Генерал Булак-Балахович о своем деле: как было на самом деле? //Архив гражданской войны. Вып.1. Берлин, 1923.
  • Вершы С. Булак-Балаховіча

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Алег Латышонак Жаўнеры БНР. — 3-е. — Смаленск: Інбелкульт, 2014. — 373 с. — 500 ас. — ISBN 978-5-00076-003-1

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Латышонак, А. Жаўнеры БНР. С. 234.
  2. ^ Латышонак, А. Жаўнеры БНР. С. 243.
  3. ^ а б Латышонак, А. Жаўнеры БНР. С. 235.
  4. ^ а б в г д Латышонак, А. Жаўнеры БНР. С. 241.
  5. ^ Латышонак, А. Жаўнеры БНР. С. 242.
  6. ^ Латышонак, А. Жаўнеры БНР. С. 234.
  7. ^ Латышонак, А. Жаўнеры БНР. С. 255.
  8. ^ Латышонак, А. Жаўнеры БНР. С. 236.
  9. ^ Латышонак, А. Жаўнеры БНР. С. 236.
  10. ^ Латышонак, А. Жаўнеры БНР. С. 237.
  11. ^ Я. Мірановіч. Навейшая гісторыя Беларусі

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Commons-logo.svg  Станіслаў Булак-Балаховічсховішча мультымэдыйных матэрыялаў