Станіслаў Станкевіч (палітык)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі.
Перайсьці да: навігацыі, пошуку

Станіслаў Станкевіч (23 лютага 1907 году, Арляняты — 6 лістапада 1980 году, Нью-Ёрк) — беларускі літаратуразнаўца, грамадзка-культурны дзяяч, публіцыст, крытык. Таксама ўжываў псэўданімы Язэп Каранеўскі, Алесь Крыга, Дзівасіл.

Паходзіць з роду Станкевічаў, ягоны родны дзядзька па матчынай лініі — Ян Станкевіч — зьяўляўся адным з найбуйнейшых беларускіх мовазнаўцаў.

Скончыў Віленскую беларускую гімназію і Віленскі ўнівэрсытэт, дзе ў 1933 годзе абараніў магістарскую дысэртацыю на тэму «Беларуская стыхія ў творах Элізы Ажэшкі». У 1936 годзе за працу «Беларускія элемэнты ў польскай рамантычнай паэзіі» атрымаў годнасьць доктара філязофіі ў галіне польскай і славянскай літаратуры. Падчас навучаньня дзейнічаў ў Беларускім Студэнцкім Зьвязе; рэдагаваў «Крыніцу» і «Студэнцкую Думку», зьяўляўся стваральнікам і штаршынём унівэрсытэцкага Таварыства прыяцеляў беларусаведы. Рабіў шматлікія публікацыі на тэмы беларускай літаратуры ў віленскай беларускай прэсе.

Быў дэлегатам Другога Ўсебеларускага кангрэсу. Напрыканцы 1945 году ў ангельскай акупацыйнай зоне Нямеччыны ўзначаліў нелегальны Беларускі нацыянальны цэнтар. Быў першым старшынём Антыбальшавіцкага блёку народаў (1946).

Пасьля сканчэньня Другой сусьветнай вайны сумесна з М. Абрамчыкам на эміграцыі аднавіў Раду БНР. Рэдагаваў часопіс БНЦ «Рух» і газэту «Бацькаўшчына» (19481962). Стварыў філію ньюёркскага Беларускага Інстытута Навукі й Мастацтва ў Нямеччыне, рэдагаваў усе чатыры кнігі «Запісаў» Інстытута, якія былі выдадзены ў Мюнхэне.

З 1962 году жыў у Нью-Ёрку. З 1963 году і да сьмерці зьяўляўся галоўным рэдактарам газэты «Беларус», якой пад ягоным рэдагаваньнем выйшла каля 200 нумароў. Стала супрацоўнічаў з радыё «Свабода». У ЗША выдаў кнігі «Беларуская падсавецкая літаратура першае паловы 1960-х гадоў» (1967) і «Янка Купала. На 100-я ўгодкі ад нараджэньня» (1982). Зьяўляецца аўтарам працы «Русыфікацыя беларускае мовы ў БССР і супраціў русыфікацыйнаму працэсу» пра ідэялёгію і практыку расейскафікацыі ў Беларусі ў 1950-х — на пачатку 1960-х гадоў, апублікаванай у «Запісах» Беларускага Інстытуту Навукі і Мастацтва ў 1962 годзе ў Мюнхэне.

Пахаваны на беларускіх могілках у Іст-Брансўіку ў штаце Нью-Джэрзі (ЗША) [1].

Крыніцы [рэдагаваць]

Літаратура [рэдагаваць]

  • Станкевіч Станіслаў (у:) slounik.org
  • Jackiewicz Mieczysław (red.), «Wileńska encyklopedia 1939—2005», Warszawa 2007, ISBN 978-83-899113-95-1.
  • Станіслаў Станкевіч. Русіфікацыя беларускае мовы ў БССР і супраціў русіфікацыйнаму працэсу / Прадмова В. Вячоркі. — Мн.: Навука і тэхніка, 1994. — 79 с.