Старыя Дарогі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Старыя Дарогі
лац. Staryja Darohi
Агульны выгляд
Агульны выгляд
Герб Старых Дарог Сьцяг Старых Дарог
Першыя згадкі: 1524
Горад з: 1938
Былая назва: Дарогі
Краіна: Беларусь
Вобласьць: Менская
Раён: Старадароскі
Плошча: 6,97 км² [1]
Насельніцтва (2018)
колькасьць: 10 406 чал.[2]
шчыльнасьць: 1492,97 чал./км²
Часавы пас: UTC+3
Тэлефонны код: +375 1792
Паштовы індэкс: 222910
СААТА: 6252501000
Нумарны знак: 5
Геаграфічныя каардынаты: 53°2′22″ пн. ш. 28°15′54″ у. д. / 53.03944° пн. ш. 28.265° у. д. / 53.03944; 28.265Каардынаты: 53°2′22″ пн. ш. 28°15′54″ у. д. / 53.03944° пн. ш. 28.265° у. д. / 53.03944; 28.265
Старыя Дарогі на мапе Беларусі ±
Старыя Дарогі
Старыя Дарогі
Старыя Дарогі
Старыя Дарогі
Старыя Дарогі
Старыя Дарогі
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы

Стары́я Даро́гі — места ў Беларусі, на рацэ Салянцы. Адміністрацыйны цэнтар Старадароскага раёну Менскай вобласьці. Плошча 6,36 км². Насельніцтва на 2018 год — 10 406 чалавек[2]. Знаходзяцца за 148 км на паўднёвы ўсход ад Менску; на аўтамабільнай дарозе Бабруйск — Слуцак. Чыгуначная станцыя на лініі Баранавічы — Асіпавічы.

Старыя Дарогі — даўняе мястэчка гістарычнай Случчыны.

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вялікае Княства Літоўскае[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Першы пісьмовы ўпамін пра сяло Дарогі ў складзе Глускай воласьці Слуцкага княства датуецца 1524 годам[3].

Пад 1582 годам Дарогі ўпамінаюцца як мястэчка на Слуцка-Бабруйскім гасьцінцы. У сярэдзіне XVII ст. Дарогі сталі цэнтрам воласьці. На 1647 год у мястэчку было 95 дамоў. У вайну Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай (1654—1667) Дарогі значна пацярпелі ад маскоўскіх захопнікаў. На 1668 год тут засталося 34 двары, 3 вуліцы, сядзібы з жылымі і гаспадарчымі пабудовамі.

У канцы XVII ст. за 6 км на ўсход зьявілася яшчэ адно паселішча Дарогі і мястэчка пачалі зваць Старымі Дарогамі. У 1695—1744 гадох Старыя Дарогі знаходзілася ў ліку Нойбурскіх маёнткаў. У 1791 годзе мястэчка ўвайшло ў склад Случарэцкага павету[3].

Пад уладай Расейскай імпэрыі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793 год) Старыя Дарогі апынуліся ў складзе Расейскай імпэрыі, у Бабруйскім павеце[4]. Статус паселішча панізілі да вёскі, якая з 1828 году знаходзілася ў валоданьні Вітгенштэйнаў. У 1846 годзе Старыя Дарогі перайшлі ў дзяржаўны скарб. На 1886 год тут было 40 двароў, паштовая станцыя. У 1896 годзе за 2 км на захад ад вёскі збудавалі станцыю на вузкакалейнай чыгунцы мясцовага значэньня Асіпавічы — Старыя Дарогі, якую ў 1915 годзе падоўжылі да Слуцку. Чыгункай на Асіпавічы вывозілі лесаматэрыялы. Вакол новай станцыі паступова сфармавалася новае паселішча, якое дала пачатак сучаснаму месту. У 1897 годзе ў Старых Дарогах працавалі лесапільны і фанэрны заводы. У 1914 годзе тут адкрылася народная вучэльня.

За часамі Першай сусьветнай вайны ў лютым 1918 году Старыя Дарогі занялі войскі Нямецкай імпэрыі.

Найноўшы час[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Старыя Дарогі абвяшчаліся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі яны ўвайшлі ў склад Беларускай ССР. З 20 жніўня 1919 да ліпеня 1920 году Старыя Дарогі кантралявалі польскія войскі. У 1921 годзе вёска стала цэнтрам Новадароскай воласьці, 17 ліпеня 1924 году — Старадароскага раёну Слуцкай акругі (25 сьнежня 1962 — 30 ліпеня 1966 году ўваходзілі ў склад Слуцкага раёну). З 9 чэрвеня 1927 да 26 ліпеня 1930 году вёска знаходзілася ў Бабруйскай акрузе. 3 ліпеня 1925 году Старыя Дарогі зноў атрымалі статус мястэчка. На 1933 год тут працавалі электрастанцыя, лесапільня «Пралетары» і цагельня. 20 лютага 1938 году Старыя Дарогі ўвайшлі ў склад Менскай вобласьці, а 27 верасьня таго ж году атрымалі статус места. У Другую сусьветную вайну з 28 чэрвеня 1941 да 28 чэрвеня 1944 году места знаходзілася пад акупацыяй Трэцяга Райху.

У сьнежні 1992 году ў горадзе разьмяшчаецца 8-ы полк радыяцыйнай, хімічнай і біялягічнай абароны, які зь 1 верасьня 2014 году пераўтварылі ў брыгаду.

28 красавіка 1996 году Старыя Дарогі атрымалі мескі герб. 10 ліпеня 2001 году ў месьце адкрыўся Палац культуры. 24 лістапада 2007 году на тэрыторыі прыватнага музэю адбылося ўрачыстае адкрыцьцё першага ў Беларусі помніка ўдзельнікам Слуцкага збройнага чыну[5].

Насельніцтва[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Дэмаграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • XIX стагодзьдзе: 1886 год — 271 чал.; 1897 год — больш за 2 тыс. чал.[6]
  • XX стагодзьдзе: 1917 год — 1996 чал.; 1926 год — 1,8 тыс. чал.; 1933 год — 2,3 тыс. чал.; 1939 год — 4,2 тыс. чал.; 1991 год — 11,5 тыс. чал.; 1994 год — 11,6 тыс. чал.; 2000 год — 11 813 чал.[7]
  • XXI стагодзьдзе: 2001 год — 12,1 тыс. чал.[8]; 2006 год — 11,4 тыс. чал.; 2009 год — 11 036 чал.[9] (перапіс); 2013 год — 10 300 чал.[10]; 2016 год — 10 425 чал.[11]; 2017 год — 10 468 чал.[12]; 2018 год — 10 406 чал.[2]

Адукацыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У Старых Дарогах працуюць 4 сярэднія, спартовая школы, школа мастацтваў, дзіцячы дом, 6 дашкольных установаў.

Мэдыцына[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Мэдычнае абслугоўваньне насельніцтва ажыцьцяўляюць мескія лякарня і паліклініка.

Культура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Дзейнічаюць 2 бібліятэкі, дом культуры, народны драматычны тэатар.

Эканоміка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Прадпрыемствы харчовай, лёгкай прамысловасьці.

Апроч таго, працуюць хлебазавод, пладова-агароднінны і мэханічны заводы, цэх безалькагольных напояў, швацкая фабрыка, лясная гаспадарка, будаўнічыя арганізацыі.

Турыстычная інфармацыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Інфраструктура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Дзейнічаюць прыватны музэй Анатоля Белага і Старадароскі мастацкі музэй. Спыніцца можна ў гасьцініцы «Старыя Дарогі»[13].

Славутасьці[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Воданапорная вежа (пач XX ст.)
  • Лядоўня (2-я пал. ХІХ)
  • Могілкі юдэйскія
  • Паштовая станцыя (2-я пал. ХІХ ст.)
  • Чыгуначная гаспадарчая пабудова (пач. XX ст.)

Страчаная спадчына[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1920-я гады ў Старых Дарогах існавалі царква, касьцёл, сынагога і некалькі малітоўных дамоў[14].

Войска[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

На 2022 год у Старых Дарогах месьцілася 288-я база рэзэрву аўтамабіляў Узброеных сілаў Беларусі[15].

Галерэя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Асобы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ «Об установлении границ города Старые Дороги Стародорожского района Минской области». Решение Минского областного Совета депутатов от 30 января 2017 г. № 185
  2. ^ а б в Численность населения на 1 января 2018 г. и среднегодовая численность населения за 2017 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  3. ^ а б Насевіч В. Старыя Дарогі // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 630.
  4. ^ Słownik geograficzny... T. XI. — Warszawa, 1890. S. 235.
  5. ^ Гусева Т. Угодкі Слуцкага збройнага чына сьвяткавалі паасобку, Салідарнасьць, 26 лістапада 2007 г.
  6. ^ Нашы гарады: грамадска-палітычнае даведачнае выданне / У. А. Малішэўскі, П. М. Пабока. — Мн.: Народная асвета, 1991.
  7. ^ Калешка А., Насевіч В. Старыя Дарогі // ЭГБ. — Мн.: 2001 Т. 6. Кн. 1. С. 413.
  8. ^ БЭ. — Мн.: 2002 Т. 15. С. 166.
  9. ^ Перепись населения — 2009. Минская область (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  10. ^ Гарады і вёскі Беларусі. Энцыкл. Т. 8. Кн. 5. — Менск, 2014. С. 9.
  11. ^ Численность населения на 1 января 2016 г. и среднегодовая численность населения за 2015 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  12. ^ Численность населения на 1 января 2017 г. и среднегодовая численность населения за 2016 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  13. ^ Туристская энциклопедия Беларуси. — Мн., 2007.
  14. ^ Соркіна І. Праблемы мястэчак Беларусі на старонках часопіса «Наш Край» (другая палова 1920-х гадоў) // Гістарычны Альманах. Том 10, 2004.
  15. ^ Расея масава завозіць у Беларусь дроны, а вывозіць тэхніку і боепрыпасы // Партал «Наша ніва», 11 кастрычніка 2022 г. Праверана 12 кастрычніка 2022 г.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]