Статуты Вялікага Княства Літоўскага

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да: навігацыі, пошуку
Трэці Статут Вялікага Княства Літоўскага, 1588

Статут Вялікага Княства Літоўскага — звод законаў Вялікага Княства Літоўскага, які складаў аснову праўнай сыстэмы дзяржавы. Існаваў у трох рэдакцыях: Першай (1529), Другой (1566) і Трэцяй (1588). Апошняя зь іх мела тры выданьні (1588, 15921593 і 15941595) і дзейнічала на тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага да скасаваньня расейскімі ўладамі ў 1840.

Па панаваньні Расейскай імпэрыі і СССР на тэрыторыі Беларусі не засталося ніводнага выданьня Статуту на старабеларускай мове. Асобнікі найбольш масавага выданьня 15941595 разьмеркаваліся наступным чынам: Расея (11), Польшча (6), Летува (6), Украіна (5), Вялікабрытанія (1)[1][2]. У 2012 дзякуючы прыватным ахвяраваньням адзін з асобнікаў быў выкуплены з расейскага аўкцыёну і вярнуўся на Беларусь.

I Літоўскі Статут[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Старонка з I Статуту
Асноўны артыкул: Статут Вялікага Княства Літоўскага 1529 году

Набыў сілу 29 верасьня 1529. Складаўся з 13 разьдзелаў і 244 артыкулаў. У выніку пазьнейшых дапаўненьняў колькасьць артыкулаў павялічылася да 283[3].

Падрыхтоўка праводзілася ў 1-й пал. XVI ст. Першы праект зьяўвіўся яшчэ ў 1522. Камісіяй складальнікаў (сярод якіх, імаверна, быў першадрукар і доктар права Францішак Скарына[4]) кіраваў канцлер Альбэрт Гаштольд. Асноўныя палажэньні абмяркоўваліся з вялікім князем Жыгімонтам Старым, які зацьвердзіў звод. Камісія адступіла ад сыстэмы кадыфікацыі, прынятай у рымскім праве, і выпрацавалі сваю. Яна грунтавалася на новых прынцыпах: сувэрэннасьці дзяржавы (насуперак сярэднявечнаму касмапалітызму), адзінства права на прыярытэт пісанага права.

Аснову Першага Статуту складае кадыфікацыя і сыстэматызацыя нормаў мясцовага звычаёвага права, пастановаў судовых і дзяржаўных установаў, Судзебніка Казімера (1468), прывілеяў. Сярод адметнасьцяў — выпрацоўка сыстэмы і структуры разьмяшчэньня праўных нормаў у залежнасьці ад іхнага зьместу, улучэньне тыповых і абагульненых нормаў, дакладная рэдакцыя кожнага артыкула, увядзеньне новых праўных нормаў (з адлюстраваньнем тагачасных таварна-грашовых дачыненьняў), улучэньне нормы дзяржаўнага, адміністрацыйнага, грамадзянскага, сямейнага, крымінальнага, судова-працэсуальнага і іншых галінаў права.

Выданьне Першага Статуту вывела Вялікае Княства Літоўскае на адно зь першых месцаў у сьвеце ў разьвіцьці права і праўнай культуры. Разам з тым, гэты звод зрабіўся праўнай асновай для далейшага разьвіцьця заканадаўства.

II Літоўскі Статут[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Тытульны аркуш II Статуту
Асноўны артыкул: Статут Вялікага Княства Літоўскага 1566 году

Дзейнічаў на землях Вялікага Княства Літоўскага ў 15661588.

Асноўныя крыніцы: агульназемскія і рэгіянальныя прывілеі, Судзебнік Казімера (1468), Першы Статут і некаторыя нормы звычаёвага права, таксама выкарыстоўваліся нормы царкоўнага (рымска-каталіцкага і грэка-праваслаўнага) права. Злучыў тэарэтычныя распрацоўкі мясцовага права з практычнай дзейнасьцю і тэарэтычнымі асновамі рымскага і заходнеэўрапейскага права.

Для падрыхтоўкі Другога Статуту ў 1551 меркавалася стварыць камісію з 10 чалавек (5 каталікоў і 5 праваслаўных), аднак вызначаны толькі імёны 5 каталікоў — гэта біскуп жамойцкі Ян Даманоўскі, віленскі канонік Станіслаў Габрыловіч, віленскі войт і сакратар гаспадара Аўгустын Ратундус, віленскі судзьдзя Павал Астравіцкі і Марцін Валадковіч. Невядома, ці ўтварылася камісія ў такім сладзе, бо з тэксту Бельскага прывілею (1564) вынікае, што праект рыхтавала іншая камісія: «особы певные, рады наши, маршалкове, врадники земские, хоружие и иные особы ряду и народу шляхецкого, доктори прав чужоземских, которые заседши не одно поправили тот статут старый, але теж новым кшталтом некоторые розделы звлаша судовый, за засаженьем новым обычаем суду и порадку судового то становили и написали». Працай гэтай камісіі кіраваў канцлер Мікалай Радзівіл «Чорны», у ёй удзельнічаў маршалак надворны Астафей Валовіч, а таксама, відаць, П. Раізі, А. Ратундус і іншыя. Складальнікі надалі нормам зводу аднастайную і сучасную, на той час, форму і праўную тэрміналёгію (беларускую), зразумелую для большасьці насельніцтва, што спрыяла ўмацаваньню сярод шляхты і мяшчанаў павагі да закону і дзяржавы.

Праект перадалі сойму на папярэдні разгляд у 1561, зацьвердзілі толькі 1 ліпеня 1564. Меркавапася, што звод набудзе сілу 11 лістапада 1564, аднак праз спрэчкі датычна асобных артыкулах гэта адбылося толькі 1 сакавіка 1566. Некаторыя зьмены ўнёс у яго прывілей ад 1 ліпеня 1566. Улучаў Віленскі прывілей (1563), Бельскі прывілей (1564) і Віленскі прывілей (1565).

Захаваў зь невялікімі зьменамі структуру Першага Статута. Складаецца з 14 разьдзелаў і 367 артыкулаў. Першыя 3 разьдзелы ахопліваюць нормы дзяржаўнага, вайсковага, адміністарцыйнага права, 4-ы — судовы лад і судовы працэс, 5—6-ы — сямейнае і апякунскае права, 7—9-ы — цывільнае права, 10-ы — лясное і паляўнічае права, 11—14-ы — крымінальнае права. Найбольш істотныя зьмены адбыліся ў нормах дзяржаўнага, судова-працэсуальнага і цывільнага права.

Замацаваў асноўныя прынцыпы права: адзінства права для грамадзянаў, хоць яно не было роўным для ўсіх, дзяржаўны сувэрэнітэт (насуперак царкоўнаму касмапалітызму), абмежаваньне ўлады гаспадара (вялікага князя), прыярытэт пісанага права. Упершыню намячалася аддзяленьне суду ад органаў улады і кіраваньня. Для гэтага ствараліся земскія суды і падкаморскія суды. Больш поўна рэглямэнтавалася кампэтэнцыі органаў дзяржаўнай улады і кіраваньня, якія засноўваліся на агульных прынцыпах фэўдальнага права: стварэньня палёгкаў і перавага для клясы фэўдалаў і стану шляхты, недапушчэньне простых людзей у органы кіраваньня, замацаваньне праўнай няроўнасьці розных сацыяльных групаў насельніцтва[5].

III Літоўскі Статут[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Тытульны аркуш III Статуту
Асноўны артыкул: Статут Вялікага Княства Літоўскага 1588 году

У Вялікім Княстве Літоўскім дзейнічаў з 1589, па анэксіі Расейскай імпэрыяй: у Віцебскай і Магілёўскай губэрнях — да 1831, у Віленскай, Гарадзенскай, Менскай, Кіеўскай, Падольскай і Валынскай губэрнях — да 1840[6].

Прыняцьце Другога Статуту не спыніла кадыфікацыйную працу. Берасьцейскі (1566) і Гарадзенскі соймы ўнесьлі папраўкі ў некаторыя артыкулы. На апошнім утварылася камісія для дапрацоўкі зводу, абраная на на Люблінскім сойме (1569). Кіравалі камісіяй складальнікаў канцлер Астафей Валовіч і падканцлер Леў Сапега. Да канца 1584 праца завяршылася, аднак у зьвязку з тым, што звод ігнараваў акт Люблінскай уніі, прадстаўнікі Каралеўства Польскага не дапускалі яго зацьвярджэньне на агульным сойме Рэчы Паспалітай. Каб захаваць вялікакняскі сталец, Жыгімонт Ваза зацьвердзіў Статут уласным прывілеем ад 28 студзеня 1588.

Крыніцы: Першы і Другі Статуты, соймавыя пастановы 1573, 1578, 1580 і 1584, прывілеі, пастановы павятовых соймікаў.

Падрыхтаваны на высокіх тэарэтычным узроўні, улучыў нормы дзяржаўнага (канстытуцыйнага) права, чаго на той час не было ў заканадаўчай практыцы іншых эўрапейскіх дзяржаваў. Абагульніў тагачасныя дзяржаўна-праўныя ідэі, некаторыя зь якіх апярэджвалі свой час. У Статуце знайшла адлюстраваньне тэорыя падзелу ўлады на заканадаўчую (сойм), выканаўчую (вялікі князь, адміністрацыйны апарат) і судовую (Галоўны Трыбунал, земскія і падкаморскія суды, выбарныя і незалежныя ад адміністрацыі).

Юрыдычна замацаваў фактычную адасобленасьць Вялікага Княства Літоўскага ад Каралеўства Польскага ў фэдэрацыйных рамках Рэчы Паспалітай, што працягвалася і па падпісаньні акту Люблінскай уніі. У Статуце акт Люблінскай уніі нават ня згадваецца і нават замацоўваецца праграма аднаўленьня ранейшых граніцаў дзяржавы[7]. Таксама прадугледжваў, што атрымліваць маёнткі і займаць духоўныя і дзяржаўныя пасады маглі толькі мясцовыя ўраджэнцы і ні ў якім выпадку «чужаземцы», «загранічнікі» ці «суседзі».

Пераклады[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Першы і Другі Статуты перакладаліся на польскую і лацінскую мовы, Другі дзейнічаў на Правабярэжнай Украіне ў XVIIXVIII стагодзьдзях. Трэці Статут выкарыстоўваўся пры кадыфікацыі ў канцы XVI ст. прускага права, складаньні Саборнага ўлажэньня (1649) у Маскоўскай дзяржаве, афіцыйна незацьверджаных зборнікаў «Права за якими судится малороссийский народ» (2-я чвэрць XVIII ст.), «Суд и разправка в правах малороссийских» (17501758). У заканадаўстве і судах Польшчы, Латвіі, Эстоніі ўжываўся як дадатковая крыніца права. Быў галоўным пісьмовым зводам дзейнага права на Ўкраіне (пераважна ў рэдакцыі 1614). У XVIIXIX стагодзьдзях перакладаўся на польскую, расейскую, украінскую, нямецкую, францускую і лацінскую мовы[8].

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Магчымасць вярнуць у краіну арыгінальнае выданне Статута ВКЛ з’явілася ў беларусаў // «Наша Ніва», 16 траўня 2012.
  2. ^ Возможность вернуть в страну оригинальное издание Статута ВКЛ появилась у белорусов // БелТА, 16 траўня 2012.
  3. ^ Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. С. 631.
  4. ^ Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. С. 630.
  5. ^ Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. С. 632.
  6. ^ Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. С. 633.
  7. ^ Юхо І. Крыніцы беларуска-літоўскага права. — Мн., 1991.
  8. ^ Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. С. 634.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Commons-logo.svg  Статуты Вялікага Княства Літоўскагасховішча мультымэдыйных матэрыялаў