Страсбург

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да: навігацыі, пошуку
Страсбург
Strasbourg
Страсбург
Blason Strasbourg.svg Flag of Strasbourg.svg
Герб Страсбургу Сьцяг Страсбургу
Рэгіён: Эльзас
Дэпартамэнт: Ніжні Райн
Плошча: 78,26 км²
Вышыня: 143 м н. у. м.
Насельніцтва: 272 975 (2006)
Часавы пас:
• летні час:
UTC+1
UTC+2
Паштовы індэкс: 67000, 67100, 67200
Геаграфічныя каардынаты: 48°35′04″ пн. ш. 7°44′55″ у. д. / 48.58444° пн. ш. 7.74861° у. д. / 48.58444; 7.74861Каардынаты: 48°35′04″ пн. ш. 7°44′55″ у. д. / 48.58444° пн. ш. 7.74861° у. д. / 48.58444; 7.74861
Страсбург на мапе Францыі
Страсбург
Страсбург
Страсбург
Commons-logo.svg Галерэя здымкаў у Wikimedia Commons
http://www.strasbourg.fr/

Страсбург (па-француску: Strasbourg, па-нямецку: Straßburg, па-эльзаску: Strossburi) — горад у Францыі, гістарычная сталіца Эльзасу. Разьмешчаны на рацэ Іль, за 3 км на захад ад Райну на мяжы зь Нямеччынай, насупраць нямецкага гораду Кель. Па стане на 2008 год насельніцтва Страсбургу складала 272 116 чалавек. Горад мае статус эўрапейскай сталіцы з 1992 году, бо зьяўляецца месцам пасяджэньня Рады Эўропы з 1949 году і Эўрапейскага Парлямэнту з 1992 г. Страсбург зьяўляецца адным з ключавых цэнтраў эканомікі паўночнага ўсходу Францыі, дзе разьвіваецца фінансавая і банкаўская дзейнасьць, зьяўляюцца інавацыі ў галіне мэдыцыны і інжынэрыі (у прыватнасьці стварэньне аўтамабіля будучых пакаленьняў).

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Страсбург: былы квартал гарбароў «Маленькая Францыя»

Першыя людзі на тэрыторыі Страсбургу зьявіліся яшчэ ў эпоху нэаліту. У 1300 годзе да нараджэньня Хрыстова ў гэтых мясьцінах селяцца пратакельты. У ІІІ стагодзьдзі да Н. Х. тут зьяўляецца кельцкае мястэчка Аргэнтаратэ, з паганскім капішчам і рынкам. У 58 г да Н. Х. у Эльзас прыходзяць рымляне і ў 12 годзе да н. э. ўтвараюць з былога кельцкага паселішча ўмацаваны лягер Аргэнтаратум, які ў 20 г па Н. Х. ўжо налічваў 10 000 жыхароў. У 355 г. яго абрабавалі аляманы, аднак ужо ў 357 г. яго зноў узялі рымляне. У 406 г. германцы зноў захапілі Аргэнтаратум, а ў 451 годзе яго цалкам зьнішчылі войскі Атылы.

Аднак ужо ў 496 г. франкі аднавілі горад, надаўшы яму новую назву Стратэбургум. Апасьля хрышчэньня Хлодвіга горад становіцца цэнтрам біскупства й хутка разьвіваецца. У 842 г. у горадзе адбылася важная гістарычная падзея: сыны Карла Вялікага Карл Лысы і Людвіг Германскі, якія аб’ядналіся супраць іхняга брата Лётара, даюць прысягу падзяліць Франскую імпэрыю. У 843 г. калі гэты падзел ажыцьцявіўся, Страсбург апынуўся ў валоданьнях Лётара. У 962 г. Страсбург уваходзіць у склад толькі што ўтворанай Сьвяшчэннай Рымскай імпэрыі, а ў 1201 г. — вольным горадам. У сярэдзіне XIV стагодзьдзя, Страсбург, як і іншыя гарады Эўропы закранула эпыдэмія чумы. У XV стагодзьдзі горад становіцца важным цэнтрам Адраджэньня: у прыватнасьці, менавіта ў ім Ёганэс Гутэнбэрг выношвае ідэю стварэньня друкарскага станку (ён гэта зрабіў у яго родным Майнцы; неўзабаве кнігадрукарні зьявіліся й у Страсбургу).

У XIV стагодзьдзі Страсбург становіцца адным зь першых цэнтраў пратэстантызму. Тут у пратэстанства пераходзіць вядомы швайцарскі гісторык Ёган Штумф. У 1621 г. на аснове пратэстанцкай гімназіі паўстаў Страсбурскі ўнівэрсытэт[1]. У XVII стагодзьдзі канфлікт паміж каталікамі й пратэстантамі выліўся ў Трыццацігадовую вайну. Яны скончылася ў 1648 г., і згодна Вэстфальскаму міру, значная частка Эльзасу перайшла Францыі. Што датычна Страсбургу, ён заставаўся Вольным імпэрскім горадам да 1681, пакуль яго не ўзяў францускі кароль Людовік XIV. У XVIII стагодзьдзі горадам кіруюць біскупы -прадстаўнікі роду Раганаў. У гэты час, у прыватнасьці, павышаецца прэстыж мясцовага ўнівэрсытэту: ў ім навучаюцца прадстаўнікі розных краінаў, ад Вялікабрытаніі да Расеі, найбольш знакамітым зь якіх быў, бадай што, Гётэ.

У час Францускай рэвалюцыі 1789 году, малады францускі паэт Ружэ дэ л'Іль стварыў у Страсбурзе «Песьню Райнскае арміі», якая стала сымбалем гэтай рэвалюцыі і пазьней набыла вядомасьць як Марсэльеза. У XIX стагодзьзді горад наведвае Напалеон: ён начуе ў Палацы Раганаў, а ў мясцовай аранжэрэі загадвае пабудаваць павільён у гонар яго каханцы Жазэфіны. У 1847 г. са Страсбургу да Парыжу праходзіць чыгунка. У 1871 г., у выніку франка-прускай вайны, ён зноў становіцца нямецкім, аднак апасьля Першай Сусьветнай вайны зноў пераходзіць да Францыі. У 1940 Эльзас быў акупаваны гітлераўскай Нямеччынай, а ў 1945 г. канчаткова становіцца францускім. Дзякуючы свайму геаграфічнаму становішчу, з 1949 г. Страсбург становіцца месцам знаходжаньнья розных эўрапэйскіх установаў: Эўрапэйскай Рады, Эўрапейскага Парлямэнту, Суда па правах чалавека.

Выдатныя мясьціны[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Страсбург: Крытыя масты, паміж якімі відны Катэдральны сабор

Сымбалем Страсбургу безумоўна зьяўляецца Катэдральны сабор, пабудаваны з 1277 па 1439 гады (на месцы, дзе раней ўжо неаднаразова існавалі рэлігійныя пабудовы), вышыня яго шпілю — 142 м, такім чынам, ён доўгі час (да сярэдзіны XIX ст.) заставаўся найвышэйшай царквой у Сьвеце, пакуль яго не абыйшлі спачатку Кёльнскі, а потым Ульмскі сабор. Страсбурскім саборы бачны ўплыў як райнска-нямецкіх, так і традыцыяў францускага Іль-дэ-Франс. Акрамя сярэдневечных парталаў, Катэдры й вітражоў, аргану XVIII стагодзьдзя, ён вядомы яшчэ й Астранамічным гадзіньнікам XVI ст.- шэдэўру стылю Рэнэсанс.

На Катэдрадьным пляцы знаходзіцца так званы Дом Камэрцэля — багата дэкараваны будынак XVI ст, а непасрэдна за Саборам — Палац Раганаў — бікупаў, якія кіравалі горадам у XVIII ст. Горад налічвае яшчэ шмат касьцёлаў і кірхаў, сярод якіх Сьвятога Хамы (па-француску: Saint-Thomas — галоўная пратэстанцкая кірха гораду, пабудаваная ў XII—XV стагодзьдзях, у якой пахаваны Морыц Саксонскі, кірха Сьв. Вільгельма (па-француску: Saint-Guillaume) пачатку XIV ст., касьцёл Сьв. Магдалены, неагатычная кірха Сьв. Паўла (XIX ст.) і інш.

Іншай выдатнай мясьцінай Страсбургу зьяўляецца былы квартал гарбароў Маленькая Францыя (гэта рамантычная назва мае нераматычнае паходжаньне: у часы калі горад яшчэ ня быў францускім, тут быў разьмешчаны шпіталь для хворых «францускай хваробаю» — пранцамі. У квартале захавалася шмат сярэдневечных фахвэркавых дамоў, а некалькі каналаў робяць яго падобным да Вэнэцыі. Мяжою кварталу зьяўляюцца Крытыя масты (XIII ст.). Увесь гістарычны цэнтар Страсбургу ў 1988 г. быў уключаны ў Сьпіс Сусьветнай спадчыны ЮНЭСКО.

Райнскі палац

Непасрэдна на паўночны ўсход ад гістарычнага цэнтру знаходзіцца так званы Нямецкі горад, пабудаваны ў канцы XIX — пачатку XX стагодзьдзяў калі Страсбург належыў кайзэраўскай Нямеччыне: з пляцу Рэспублікі (былога Імпэрскага), дзе паміж іншым, знаходзяцца Райнскі палац і будынак Нацыянальнай унівэрсытэцкай бібліятэкі (другой па-велічыні ў Францыі) прамая шырокая вуліца ідзе да Ўнівэрсытэцкага палацу — галоўнага будынку Страсбурскага ўнівэрсытэту.

Палац Эўропы

Вартым ўвагі зьяўляецца таксама Эўрапейскі квартал з будынкамі Эўрапарлямэнту, Палаца Эўропы, ў якім адбываюцца пасяджэньні Рады Эўропы, і Палаца Суду па Правах чалавека.

Культура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Тэатры, Музыка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Страсбург мае некалькі тэатраў: Нацыянальны тэатар (адзіны ў Францыі тэатар са статусам Нацыянальнага акрамя Парыскага), Тэатар Юнага Гледача, тэатар-кабарэ рэгіянальнага (эльзаскага) накірунку. Акрамя таго, горад вядомы сваёй Райнскаю Опэрай і г. зв. Горадам (палацам) Музыкі й Танцу.

Музэі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Палац біскупаў Раганаў

Страсбург таксама багаты музэямі. Гэта Музэй Прыгожых Мастацтваў, дзе прадстаўлены шэдэўры італійскіх, флямандзкіх, гішпанскіх, францускіх і іншых мастакоў, Музэй Дэкаратыўных Мастацтваў, Археалягічны (ўсе тры разьмешчаны ў Палацы Раганаў), Музэй Страсбурскага сабору, Музэй Эльзасу, Гістарычны, Сучаснага Мастацтва, Заалягічны, Плянэтарыюм, Шакаляду (у прадмесьці) і інш.

Вышэйшыя навучальныя ўстановы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Страсбурскі ўнівэрсытэт быў заснаваны ў 1538 годзе як пратэстанцкая гімназія, якая ў 1566 годзе была пераўтворана ў Акадэмію, а ў 1621 — ў Лютэранскі ўнівэрсытэт. У 1970 годзе ён быў падзелены на 3 ўнівэрсытэты: імя Люі Пастора (з ухілам на дакладныя навукі), імя Марка Блёка (гуманітарныя навукі) і імя Робэрта Шумана (юрыдычна-паліталягічны ўхіл). Аднак з 1 студзеня 2009 яны зноў былі аб’яднаны ў адзіны ўнівэрсытэт, дзе навучаецца каля 40 000 чалавек, 21,9% зь якіх — замежнікі. Яшчэ каля 12 000 чалавек навучаюцца ў іншых ВНУ гораду (Нацыянальная школа Адміністрацыі, Эўрапейская школа хіміі, Вышэйшая школа дэкаратыўных мастацтваў і інш.)

Транспарт[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Трамвай у цэнтры Страсбургу (на пляцы Жалезнага чалавека)

У гарадзкім транспарце гораду дамінуе сучасны трамвай — у канцы XX стагодзьдзя Страсбург стаў першым горадам Францыі, які ўвёў у эксплюатацыю такі тып трамваю. Па стане на 1 студзеня 2011, у горадзе маецца 6 яго маршрутаў: A, B, C, D, E i F. Акрамя таго, гараджан абслугоўваюць аўтобусы: 30 маршрутаў у межах гораду і яшчэ 11 — у межах аглямэрацыі.

Страсбург мае шырокае сеціва роваравых сьцежак: толькі па стане на 2006 год іх было 474 км — першае месца ў Францыі. Гэтым сецівам ён зьвязаны й зь іншымі Эўрапейскімі гарадамі.

Страсбург зьяўляецца таксама важным вузлом аўта- і чыгуначных дарогаў. З 10 чэрвеня 2007 ён зьвязаны з Парыжам хуткасным цягніком ТЖВ, што амаль у два разы (з 4 гадзінаў да 2 г 20 хв.) скараціла час падарожжа ад яго да францускае сталіцы.

Горад мае і аэрапорт, аднак з-за адноснай блізкасьці іншых аэрапортаў (Франкфурт, Карлсруэ-Бадэн, Базэль) ён яго значэньне абмежавана.

Вядомыя асобы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Ірына Хадарэнка. Непаўторны Эльзас // Tut.by, 27 жніўня 2010 г. Праверана 16 красавіка 2014 г.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Commons-logo.svg  Страсбургсховішча мультымэдыйных матэрыялаў