Сыльмарыліён

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Сыльмарыльён»)
Сыльмарыліён
The Silmarillion
Тытульная старонка ангельскага выданьня
Жанр: фэнтэзі
Аўтар: Дж. Р. Р. Толкін
Мова арыгіналу: ангельская
Публікацыя: 1977
Выдавецтва: George Allen & Unwin
Колькасьць старонак: 365
Носьбіт: папера
Наступны твор: Няскончаныя паданні[d]
ISBN: 0-04-823139-8

«Сыльмарыліён» (па-ангельску: The Silmarillion, прамаўляецца sɪlməˈrɪlɨən) — зборнік Толкінавых мітатворчых(en) працаў, адрэдагаваных і выдадзеных у 1977, пасьля ягонай сьмерці, сынам Крыстафэрам. «Сыльмарыліён» у сукупнасьці зь іншымі творамі Дж. Р. Р. Толкіна ствараюць пашыраную, хоць і няпоўную, гісторыю сусьвету Эа, у якім знаходзяцца Валінор, Бэлерыянд, Нумэнар і Міжзем’е.

Толкін адаслаў першыя накіды «Сыльмарыліёну» ў выдавецтва яшчэ пасьля посьпеху «Хобіта», аднак выдавец, цалкам не дачытаўшы твор, адрынуў яго. У выніку пісьменьнік узяўся за працу над «Доўгачаканай вечарынаю» — першым разьдзелам таго, што ён называў тады «новай гісторыяй пра хобітаў» і таго, што ў выніку ператварылася ва «Ўладара Пярсьцёнкаў»[1].

«Сыльмарыліён» складаецца зь пяці разьдзелаў. Першы, «Айнуліндалэ», распавядае гісторыю стварэньня Эа. Другая частка, «Валаквэнта», апісвае Валар і Маяр, звышнатуральныя стварэньні ў Эа. Наступная цэнтральная частка, «Квэнта Сыльмарыліён», зьмяшчае гісторыю падзеяў да пачатку і цягам Першай эпохі, у тым ліку войны за сыльмарылі, ад якіх і паходзіць назва кнігі. У чацьвертай частцы, «Акалабэт», апісаная гісторыя падзеньня Нумэнару і ягоных насельнікаў у Другой эпосе. Заключная частка, «Пра Пярсьцёнкі ўлады і Трэцюю эпоху» — кароткая характарыстыка абставінаў, якія прывялі да апісаных ва «Ўладары пярсьцёнкаў» падзеяў.

Напачатку ўсе пяць частак былі асобнымі творамі, аднак пазьней Толкін выказаў жаданьне апублікаваць іх разам. Ягоная сьмерць спыніла давядзеньне ў адно ўсіх легендаў, тады ягоны сын Крыстафэр дапоўніў кнігу матэрыяламі з ранейшых бацькоўскіх накідаў. У асобных выпадках яму давялося выдумляць абсалютна новы матэрыял, каб запоўніць прагалы і неадпаведнасьці ў сюжэце[2].

Апісаньне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

«Сыльмарыліён», падобна да іншых твораў Толкіна пра Міжзем’е, павінен быў заняць месца ў гісторыі Зямлі[3]. Таму ў адпаведнасьці з гэтай ідэяй «Сыльмарыліён» нібыта быў перакладзены зь Більбавага трохтомніку «перакладаў з эльфійскае», якія ён напісаў падчас перабываньня ў Долым Яры[4].

Найбольш значныя разьдзелы кнігі:

На абароце тытульнае старонкі разьмешчаны надпіс на тэнгвары. На агульнай мове ён азначае «Паданьні зь Першай эпохі, калі Маргот пасяліўся ў Міжзем’і і эльфы пайшлі на яго вайной дзеля таго, каб вярнуць сыльмарылі, да якіх дададзеныя падзеньне Нумэнару і гісторыя Пярсьцёнкаў улады і Трэцяй эпохі, у якой гэтыя паданьні сканчаюцца».

Сюжэт[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Айнуліндалэ[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Асноўны артыкул: Айнуліндалэ

Першы разьдзел «Сыльмарыліёну», «Айнуліндалэ» («Музыка Айнур»), выкладзены ў форме аповеду пра стварэньне сусьвету. Эру («Адзіны»), інакш Ілуватар («Бацька ўсяго»), сьпярша стварыў айнур, групу вечных духаў, ці дэміургаў, празваных «патомствам ягонай думкі». Ілуватар злучыў айнур і паказаў ім мэлёдыю, зь якой прапанаваў скласьці цудоўную музыку. Мэлькор — якога Ілуватар надзяліў «найвялікшай моцай і ведамі» з усіх айнур — вылучыўся з гармоніі музыкі, каб стварыць уласны сьпеў. Некаторыя з айнур далучыліся да яго, а іншыя засталіся з Ілуватарам, што выклікала дысананс у музыцы. Так адбывалася тройчы, і кожны раз Эру Ілуватар пасьпяхова пераўзыходзіў свайго непаслухмянага падначаленага новай тэмай. Пасьля гэтага Ілуватар спыніў музыку і прдаставіў айнур сваё бачаньне Арды і ейных жыхароў. Праз пэўны час гэты відзеж зьнік, і Ілуватар прапанаваў айнур увайсьці ў Арду і кіраваць у новым сьвеце.

Мноства айнур спусьціліся, набылі фізычную форму і сталі прывязаныя да гэтага сьвету. Вышэйшыя айнур сталі звацца валар, а ніжэйшыя — маяр. Валар пачалі рыхтаваць сьвет для будучых насельнікаў (эльфаў і людзей), а Мэлькор, які сам хацеў валодаць Ардай, пастаянна зьнішчаў іхнюю працу; так працягвалася тысячагодзьдзямі, пакуль гэтыя хвалі стварэньня/разбурэньня не сфармавалі канчатковы выгляд сьвету.

Валакўэнта[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Асноўны артыкул: Валакўэнта

«Валакўэнта» («Апісаньне валар») дэталёва апісвае Мэлькора і кожнага з 14 валар, а таксама асобных маяр. Тут таксама тлумачыцца, чаму Мэлькор спакусіў шматлікіх маяр — сярод іх будуць і тыя, хто пазьней стануць Саўронам ды балрагамі — на свой бок.

Кўэнта Сыльмарыліён[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Асноўны артыкул: Кўэнта Сыльмарыліён

«Кўэнта Сыльмарыліён» («Гісторыя сыльмарыляў»), якая складае большую частку кнігі — шэраг зьвязаных гісторыяў пра падзеі Першай эпохі, якія складаюць трагічную сагу пра тры брыльлянты, вядомыя як сыльмарылі.

Валар спрабавалі сфармаваць сьвет для эльфаў і людзей, аднак Мэлькор пастаянна зьнішчаў іхнія зьдзяйсьненьні. Пасьля таго, як ён зьнішчыў дзьве лямпы, што асьвятлялі сьвет, Валар перасяліліся ў Аман, мацярык на захад ад Міжзем’я, дзе заснавалі край Валінор, асьветлены Двума дрэвамі, пакінуўшы Міжзем’е цемры і Мэлькору. Калі засьвяцілі зоркі і абудзіліся эльфы, валар пайшлі ваяваць з Мэлькорам, каб уратаваць эльфаў, захапілі Мэлькора і запрасілі эльфаў жыць у Амане. Мноства эльфаў перасяліліся, іншыя адмовіліся, яшчэ некаторыя спыніліся па дарозе. Сярод апошніх былі эльфы, пазьней вядомыя як сындар, на чале з эльфійскім каралём Тынгалем і маяр Мэліянам. Трыма плямёнамі, якія пагадзіліся на перасяленьне ў Аман, былі ваньяр, нольдар і большасьць тэлеры.

У Амане Фэанор, сын Фінвэ, кароль нольдар, стварыў сыльмарылі, брыльлянты, што сьвяціліся сьвятлом Двух дрэваў. Мэлькор, які быш вызвалены, прыкінуўшыся раскаяным, зьнішчыў Два дрэвы з дапамогаю Унгаліянта, забіў Фінвэ, скраў сыльмарылі і зьбег у Міжзем’е, дзе заатакаваў эльфійскае каралеўства Дорыят. Аднак у першай зь пяці бітваў Бэлерыянду ён быў разьбіты і забарыкадаваўся ў паўночнай крэпасьці Ангбанд.

Фэанор з сынамі склалі клятву помсты супраць Мэлькора — і супраць любога, хто адбярэ ад іх сыльмарылі, нават калі гэта будуць валар. Фэанор схіліў большасьць нольдар да пагоні за Мэлькорам, якога Фэанор назваў Марготам. Фэаноравы сыны захапілі караблі тэлераў, забіўшы мноства эльфаў, пакінуўшы іншых нольдар зьдзяйсьняць падарожжа пешкі. Дасягнуўшы Міжзем’я, нольдар пад даводзтвам Фэанора напалі на Мэлькора і зьнішчылі ягоную фартэцыю, аднак Фэанор быў забіты балрагамі. Пасьля пэрыяду спакою Мэлькор напаў на нольдар, аднак ізноў быў разьбіты і трапіў у аблогу. Прыкладна праз 400 гадоў ён прарваў аблогу і адкінуў нольдар.

Пасьля зьнішчэньня Дрэваў і выкраданьня сыльмарыляў валар стварылі Месяц і Сонца. У гэты ж час абудзіліся людзі, некаторыя зь якіх пазьней прыбылі ў Бэлерыянд і сталі хаўрусьнікамі эльфаў. Бэрэн, чалавек, які выдыў у апошняй бітве, трапіў у Дорыят, дзе закахаўся ў эльфійку Люціень, каралеўскую дачку. Кароль намагаўся перашкодзіць іхняму вясельлю і задаў Бэрэну невыканальнае, на ягоную думку, заданьне: прынесьці адзін зь сыльмарыляў. Аднак Бэрэн зь Люціень выправіліся па сыльмарылі разам. Саўрон, магутны служка Мэлькора, перахапіў і зьняволіў іх па дарозе; аднак яны зьбеглі, пракраліся ў Мэлькораву фартэцыю і выкралі сыльмарыль зь ягонай кароны. Пасьля гэтага аб’яднанага падарожжа ўтварылася першая повязь чалавека з эльфам, аднак Бэрэн неўзабаве быў сьмяротна паранены, і Люціень таксама памерла ад скрухі.

Нольдар, убачыўшы, што звычайны сьмяротны і эльфійка здолелі прабрацца ў Ангбанд, пераканаліся, што Мэлькора можна перамагчы. Вялікае войска эльфаў, гномаў і людзей атакавала зноў, аднак Мэлькор таемна ачарніў сэрцы мноства людзей, і эльфы атрымалі скарушальную паразу, у тым ліку і з-за здрады асобных людзей. Аднак мноства людзей усё ж засталіся адданымі эльфаў і пазьней былі ўганараваныя імі.

Найбольш пашаны дасталося братам Гурыну і Гўору. Мэлькор схапіў Гурына і наклаў на яго праклён, паводле якога той убачыць згасаньне свайго роду. Гурынаў сын, Турын Турамбар, быў пасланы ў Дорыят, пакінуўшы маць і ненароджаную сястру ў бацькавым каралеўстве (разгромленым ворагам). Турын зьдзейсьніў шмат ганаровых учынкаў, найвялікшым зь якіх стала перамога над цмокам Глаўрунгам. Нягледзячы на свой гераізм, Турын быў пад Мэлькоравым праклёнам, і ён неспадзявана забіў свайго сябра Бэлега, ажаніўся і запладніў сваю сястру Ніэнор, якую ніколі ня бачыў. Перш чым іхні сын пасьпеў нарадзіцца, зь Ніэнор спалі цмокавы чары, якія пазбавілі яе памяці, і, усьведаміўшы, чыё дзіцё яна носіць у чэраве, яна забіла сябе. Даведаўшыся праўду, Турын кінуўся на свой меч.

Лёс Гўоравага сына Тўора быў зьвязаны зь лёсам нольдарынскага каралеўства Гандалін. Ён ажаніўся з эльфійкай Ідрыль, дачкой Тургана, уладара Гандаліна (другая повязь эльфа з чалавекам). Калі Гандалін паў, здраджаны Мэглінам, Тўор уратаваў ад зьнішчэньня мноства ягоных насельнікаў. У выніку ўсе эльфійскія каралеўствы ў Бэлерыяндзе былі зьнішчаныя, і ўцекачы схаваліся ў створанай Тўорам завані ля мора. Сын Тўора і Ідрыль, паўэльф Эарэндыль, быў заручаны з Эльвінг, якая сама была паўэльфійкай, дачкой Бэрэна і Люціень. Эльвінг прынесла Эарэндылю сыльмарыль сваіх бацькоў, и з дапамогай ягонага сьвятла Эарэндыль перасёк мора да Аману і запытаў дапамогі ў валар. Валары адгукнуліся, напалі і захапілі Мэлькора, цалкам зьнішчылі ягонае каралеўства Ангбанд і затапілі большасьць Бэлерыянду. Выгнаньнем Мэлькора з Арды сканчаецца Першая эпоха Міжзем’я.

Эарэндыль і Эльвінг мелі двох дзяцей: Эльранда і Эльраса. Як нашчадкі бессьмяротнае эльфійкі і сьмяротнага чалавека, яны атрымалі магчымасьць абраць, да якой расы будуць належаць: Эльранд абраў эльфаў, а ягоны брат людзей. Эльрас стаў першым каралём Нумэнару і ў якасьці ўзнагароды за выбар чалавецтва атрымаў магчымасьць дажыць да 500 гадоў.

Акалабэт[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Асноўны артыкул: Акалабэт

Акалабэт («The Downfallen») складаецца прыкладна з 30 старонак і апавядае пра ўзвышэньне і заняпад астраўнога каралеўства Нумэнар, населенага дунаданамі. Пасьля перамогі над Мэлькорам Валар надалі востраў тром родам людзей, якія дапамаглі эльфам у вайне зь ім. З ласкі валар дунаданы атрымалі мудрасьць і моц, а таксама большую працягласьць жыцьця, чым якая-кольвек іншая раса, наблізіўшыся да вышэйшых эльфаў Аману. І насамрэч Нумэнар ляжаў бліжэй да Аману, чым да Міжзем’я. Аднак іхняя моц заключалася ў задавальненьні і прызнаньні факту сьмяротнасьці. Падзеньне Нумэнору ў значнай ступені адбылося з-за ўплыву разбэшчанага мая Саўрона (галоўнага Мэлькоравага паслужніка), які ўзьвялічыўся падчас Другой эпохі і вырашыў заваяваць Міжзем’е.

Нумэнарцы вырушылі на Саўрона, які, пераканаўшыся, што ня зможа адолець іх сілаю, дазволіў паланіць сябе. У Нумэнары ён неўзабаве зачараваў караля, Ар-Фаразона, падбухторыўшы яго дамагацца бесьсьмяротнасьці, якой пазбавілі яго валар, пасеяўшы такім чынам зерне зайздрайсьці ў сэрцах нумэнарцаў, якія паступова настроіліся супраць эльфаў Захаду і валар. Такім чынам, усе веды і магутнасьць Нумэнару былі павернутыя на пошукі шляхоў уратаваньня ад сьмерці; аднак гэта толькі паслабіла іх і паскорыла паступовы працэс зьмяншэньня працягласьці жыцьця ў бок усіх астатніх людзей. Саўрон параіў пайсьці на валар вайной і адваяваць у іх бесьсьмяротнасьць, і пакланіцца ягонаму гаспадару Мэлькору, які, зь ягоных словаў, зможа выканаць іхняе жаданьне. Ар-Фаразон сабраў найвялікшае войска і флёт, якія кольвек меў Нумэнар, і выправіўся да Аману. Валар і эльфы Аману, ушчуваныя смуткам з прычыны чалавечае здрады, паклікалі на дапамогу Ілуватара. Калі Ар-Фаразон высадзіўся, Ілуватар зьнішчыў ягоны флёт і затапіў Нумэнар у пакараньне за паўстаньне супраць праведнага кіраваньня валар. У вялікай хвалі загінулі і ўсе дунаданцы, акрамя тых, якія сплылі на ўсход. Пасьля патапленьня Нумэнару форма Зямлі была зьмененая з плоскае на сфэрычную.

Пры пагібелі Нумэнару загінула таксама і фізычнае аблічча Саўрона, аднак ягоны дух мая вярнуўся ў Міжзем’е, хоць і няздольны болей прымаць прыгожы выгляд, як дагэтуль. Адданыя валар нумэнарцы таксама былі ўратаваныя і выплылі да берагоў Міжзем’я, дзе заснавалі каралеўствы Арнар на поўначы і Гондар на поўдні. Іхнім правадыром быў Элендыль і два ягоныя сыны, Ісільдур і Анарыён, які зьбярог насеньне з нумэнарскага белага дрэва, продка гондарскага. Элендыль быў абвешчаны найвышэйшым каралём абодвух каралеўстваў, аднак перадаў кіраваньне над Гондарам сваім сынам. Моц абодвух каралеўстваў-выгнаньнікаў была мізэрнай у параўнаньні з былой моцай Нумэнару, «аднак дзікім людзям Міжзем’я яна ўсё ж падавалася вялізнай».

Напрыканцы згадана, што затоплены Нумэнар пачалі называць «Аталянтэ». З гэтага шматлікія чытачы зрабілі выснову, што Нумэнар — гэта Атлянтыда; аднак гэтая наўпроставая сувязь была абвергнутая самім Толкінам, які сьцьвярджаў, што гэта натуральнае слова з мовы квэнья.

Пра Пярсьцёнкі ўлады і Трэцюю эпоху[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Асноўны артыкул: Пра Пярсьцёнкі ўлады і Трэцюю эпоху

Заключны разьдзел кнігі, які складаецца прыкладна з 20 старонак, апісвае падзеі, якія адбываліся ў Міжзем’і ў Другую і Трэцюю эпохі. У Другую эпоху Саўрон зьявіўся ў Міжзем’і, а эльфы на чале з Келебрымбарам выкавалі Пярсьцёнкі ўлады. Саўрон сакрэтна выканаў яшчэ адзін для сябе, які мог кіраваць усімі астатнімі, з-за чаго разгарэлася вайна паміж людам Міжзем’я і Саўронам, якая вылілася ў Вайну апошняга зьвязу. Аб’яднанае войска эльфаў і рэшты нумэнарцаў разьбіла Саўрона, чым завяршаецца Другая эпоха Міжзем’я.

Трэцяя эпоха пачынаецца пераходам Саўронавага пярсьцёнка да Ісільдура, які неўзабаве трапіў у засаду і быў забіты оркамі. Пярсьцёнак згубіўся недзе ў водах Андуйну. Урэшце гэтая частка падводзіць да падзеяў, якія адбываліся ва «Ўладары Пярсьцёнкаў», у прыватнасьці, заняпад Гондару, паўстаньне Саўрона, Белую раду, здраду Сарумана і канчатковае зьнішчэньне Пярсьцёнка і самога Саўрона.

Глядзіце таксама[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ J.R.R. Tolkien. The Lays of Beleriand / Christopher Tolkien. — Ballantine. — С. 433–4. — ISBN 0-345-38818-6
  2. ^ Rérolle, Raphaëlle My father's "eviscerated" work -- son of Hobbit scribe J.R.R. Tolkien finally speaks out (анг.). Le Monde. Праверана 28 сьнежня 2013 г.
  3. ^ The Letters of J. R. R. Tolkien / Carpenter, Humphrey. — Boston: Houghton Mifflin, 1981. — ISBN 0-395-31555-7
  4. ^ Tolkien, J. R. R. Foreword // The Book of Lost Tales 1 / Christopher Tolkien. — Boston: Houghton Mifflin, 1984. — ISBN 0-395-35439-0

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Сыльмарыліёнсховішча мультымэдыйных матэрыялаў