Сымона дэ Бавуар

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да: навігацыі, пошуку
Сымона дэ Бавуар
Simone de Beauvoir
Сымона дэ Бавуар, Жан-Поль Сартр, Чэ Гевара. Куба, 1960
Сымона дэ Бавуар, Жан-Поль Сартр, Чэ Гевара. Куба, 1960
Імя пры нараджэньні Simone-Ernestine-Lucie-Marie Bertrand de Beauvoir
Дата нараджэньня 9 студзеня 1908
Месца нараджэньня Парыж, Францыя
Дата сьмерці 14 красавіка 1986
Месца сьмерці Парыж, Францыя
Школа/традыцыя Экзыстэнцыялізм, Фэмінізм, Заходні Марксізм
Пэрыяд Філязофія XX стагодзьдзя
Кірунак Фэмінізм, экзыстэнцыялізм
Асноўныя зацікаўленасьці Палітыка, Фэмінізм, Этыка
Значныя ідэі Фэміністычная этыка, Экзыстэнцыялістычны фэмінізм
Аказалі ўплыў Жан-Поль Сартр
Наступнікі Юдзіт Батлер, Джэрміна Грыр
Грамадзянства Сьцяг Францыі Францыя
Сайт Інфармацыйная старонка(фр.)

Сымона дэ Бавуар (па-француску: Simone de Beauvoir; 9 студзеня 1908 — 14 красавіка 1986) — француская філёзафка-экзыстэнцыялістка, пісьменьніца, ідэоляг фэміністычнага руху. Сяброўка й аднадумец Жан-Поль Сартра (абодва былі супраць шлюбу).

Тэарэтык ня толькі фэмінізму, але й экзыстэнцыялізму. Нароўні з Сартрам, Камю й Мэрлё-Панці актыўна ўдзельнічала ў выпрацоўцы, станаўленьні й распаўсюджваньні атэістычнага экзыстэнцыялізму. Аўтарка шматлікіх эсэ, раманаў, навэлаў, мэмуараў, у дадатак, таленавітая эпісталярніца. Сузаснавальніца часопіса «Новы час» (Les Temps modernes). Двухтомнае эсэ «Другі пол» (1949), якое было забаронена ў Ватыкане й СССР[1], хутка ператварылася ў сапраўдную біблію фэмінізму й сталася тэарэтычным штуршком да фэмінісцкай рэвалюцыі ў другой палове 20-га стагодзьдзя ў заходнім сьвеце[2].

Жыцьцяпіс[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Жан-Поль Сартр і Сымона дэ Бовуар

Нарадзілася 9 студзеня 1908 у Парыжу, атрымала строгае буржуазнае выхаваньне, што апісана ў яе кнізе «Успаміны маладой прыстойнай дзяўчыны» (Me'moires d’une jeune fille range'e, 1958). Вывучала філязофію ў Сарбоне, дзе пазнаёмілася з правадыром сучаснага экзыстэнцыялізму Жан-Полем Сартрам.

Асноўныя даты жыцьця[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • 9 студзеня 1908 году — Сымона дэ Бавуар нарадзілася ў багатай шляхецкай сям’і.
  • 1913 — ідзе ў школу Cours Désir.
  • 1917 — знаёміцца з Элізабэт Лякуэн (Заза з «Успамінаў маладой прыстойнай дзяўчыны»).
  • 1919 — сям’я абанкручваецца. Першая спроба пяра пісьменьніцы.
  • 19211922 — будучая пісьменьніца канфліктуе зь сям’ёй. Губляе веру ў бога ва ўзросьце 14 год.
  • 1924 — пасьпяхова завяршае сярэднюю адукацыю. Цікавіцца філязофіяй.
  • 1925 — першае каханьне з кузэнам Жакам.
  • 1927 — пачынае пісаць свае першыя раманы. Супрацоўнічае з сацыяльнай камандай Рабэра Гарыка. Знаёміцца з Марысам Мэрлё-Панці.
  • 1928 — атрымлівае дыплём па філязофіі.
  • 1929 — становіцца выкладніцай філязофіі. Знаёміцца з Сартрам.
  • 19311933 — выкладае філязофію ў Марсэлі.
  • 19321936 — выкладніца філязофіі ў Руане.
  • 1936 — назначаецца на пост выкладніцы філязофіі ў Парыж.
  • 1937 — разам з Сартрам усталёўваюцца ў Парыжы.
  • 1938 — раман з Жак-Ларанам Бостам. Пачынае пісаць свой першы раман «Госьця».
  • 1943 — выходзіць у сьвет ейны раман «Госьця». Пачынае пісаць другі раман «Чужая кроў».
  • 1945 — зьяўляецца раман «Чужая кроў», піша п’есу «Лішнія раты», актыўна піша для газэт — артыкулы пра Партугалію Салазара. Разам з Сартрам і Мэрлё-Панці ствараюць часопіс «Les temps modernes» (Навачасьсе).
  • 1947 — зь лекцыямі едзе ў ЗША, дзе знаёміцца зь пісьменьнікам Нэльсанам Альгрэнам з Чыкага.
  • 1949 — у сьвет выходзіць «Другі пол». Не зважаючы на крытыку з боку правых і левых, а таксама царквы, эсэ мае калясальны посьпех у кнігарнях.
  • 1950 — разрыў з Н. Альгрэнам.
  • 1952 — сыходзіцца з Клёдам Ланзманам.
  • 1953 — «Другі пол» выходзіць па-ангельску. Неверагодны посьпех, не зважаючы на слабы пераклад.
  • 1954 — атрымлівае Ганкураву прэмію за раман «Мандарыны».
  • 1956 — крытыкуе СССР за напад на Вугоршчыну.
  • 1957 — піша эсэ пра Кітай — «Доўгі шлях».
Апошні прытулак Жан-Поль Сартра й Сымоны дэ Бовуар на могілках Манпарнас
  • 1958 — пачынае пісаць мэмуары, першую частку — Успаміны маладой прыстойнай дзяўчыны.
  • 1960 — выступае супраць вайны ў Альжыры.
  • 1964 — пасьля сьмерці маці піша аповесьць (найлепшая проза дэ Бавуар, па словах Сартра) «Вельмі мяккая сьмерць».
  • 1968 — у друку зьяўляецца зборнік навэляў «Вымераханая кабета». Актыўна ўдзельнічае ў студэнцкім рокашы.
  • 1970 — зьяўляецца ейнае фундамэнтальнае эсэ «Старасьць».
  • 1972 — удзельнічае ў фэмінісцкіх акцыях за дэпэрсаналізацыю спаронаў.
  • 1974 — дэ Бавуар едзе ў Партугалію, каб падтрымаць «рэвалюцыю гвазьдзікаў».
  • 1980 — сьмерць Сартра.
  • 1981 — публікуе апошнюю частку мэмуараў «Цырымонія разьвітаньня». Адаптуе Сільвію Лё Бон.
  • 1983 — атрымлівае «дацкага Нобэля» — прэмію Sonning.
  • 1986 — памірае ў Парыжы. Пахаваная на могілках Манпарнас побач з Сартрам.

Фэміністка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Размова аб дэ Бавуар будзе няпоўнай, калі не прыгадаць яе рэвалюцыйнай ролі ў адраджэньні фэмінізму ў 20 стагодзьдзі — гэтая ейная заслуга. Хоць не яна вынаходніца фэмінізму, тым ня менш, на сучасным этапе менавіта яна надала яму вагі, увяла яго ў філязофскае рэчышча, стала асноўным тэарэтыкам сучаснай фэмінісцкай думкі. Хаця, як зазначала сама філёзафка, яна не думала аб такім шумлівым і скандальным водгульлі, калі пісала «Другі пол» Deuxième Sexe, бо яна проста спрабавала, між іншым па парадзе Сартра, патлумачыць жаночую загнанасьць і адсутнасьць у гісторыі. І ёй удалося – на гэтым эсэ вырасьлі некалькі генэрацыяў францускіх кабет, якія так і называліся «генэрацыі Бавуар». Але ня толькі францужанкі ўдзячныя ёй, іншыя эўрапейкі й паўночныя амэрыканкі, калі твор зьявіўся на іншых мовах, пачалі з новай сілай змагацца за вызваленьне ад прыгнёту – палітычнага й побытавага адначасова. Сымона дэ Бавуар часта ўспрымаецца як маці сучаснага фэмінізму. Сама пісьменьніца ніколі не дыстанцыянавалася ад фэмінізму, а, наадварот, усяляк падкрэсьлівала сваю схільнасьць, а таксама схільнасьць Ж.-П. Сартра да ідэяў фэмінізму. Ад тэарэтычнага фэмінізму канцу 50-ых гадоў яна пераходзіць да фэмінізму практычнага, вулічнага так бы мовіць, калі выбітная пісьменьніца ўдзельнічае ў маніфэстацыях у абарону сацыяльных і сэксуальных правоў жанчын. Пры гэтым варта падкрэсьліць, што Сымона дэ Бавуар стаяла на пазыцыях гэтак званага ўнівэрсалісцкага фэмінізму. Што азначае, што вядомая экзыстэнцыялістка адмаўляла ідэю жаночай сутнасьці, жаночай прыроды й выключна жаночых каштоўнасьцяў. Яна лічыла, што жанчына - гэта такі ж чалавек як і мужчына. Пры гэтым яна прызнавала, што жанчына была зьведзена ў чалавечай гісторыі да аб'екту й маргіналізаванай асобы. Фізіялёгія, мацярынства, натуральна, адрозьніваюць жанчыну ад мужчыны, але гэта не дае падставы весьці размову аб іншым, новым, альтэрнатыўным жыцьці. На думку пісьменьніцы, у мужчыны й жанчыны ўсё ж-такі больш супольнага, чым адрознага (адкуль і ейнае ўнівэрсалісцкае бачаньне гісторыі палоў).

Раманістка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Менавіта праз раманы пісьменьніца ажыцьцявіла сваю мару экзыстэнцыі, дасягнула, калі ўжыць ейную ж тэрміналёгію, аўтэнтычнага жыцьця. З маладосьці яна марыла стаць раманісткай, таму першыя раманы, якія, дарэчы, былі сустрэтыя зь цяплынёю, надалі ёй сілы й веры ў свой талент. Так, некаторыя раманы будуць пазначаныя прэміяй, як раман «Мандарыны», за які аўтарка атрымала Ганкураву прэмію.

Экзыстэнцыялістка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У канцы Другой сусьветнай вайны ў Парыжы вельмі папулярным быў хрысьціянскі экзыстэнцыялізм на чале з Г. Марсэлям. Сартр і Бавуар часта сыходзіліся й дэбатавалі з самім Марсэлям, а таксама ягонымі пасьлядоўнікамі. За атэістамі таксама прычапілася назва экзыстэнцыялістаў, хаця на самым пачатку Сартр і Бавуар адмаўляліся ад яе, потым яны аддаліся гэтаму клішэ й сталі надзвычай папулярнымі ў Эўропе. Да экзыстэнцыялістычных твораў Бавуар належаць эсэ «Пірус і Сінэас», «За мараль двухсэнсоўнасьці», «Экзыстэнцыялізм і мудрасьць нацыяў» і, канечне, «Другі пол». У адрозьненьне ад надзвычай абстрактнага, часам цьмянага Сартра тэксты дэ Бавуар чытаюцца й ўспрымаюцца прасьцей, а таму ейныя філязофскія эсэ ўсевядома й даступна тлумачылі людзям ідэі новай філязофіі.

Што датычыцца філязофскай кар’еры, то трэба нагадаць, што яна была прафэсійнай філёзафкай – выкладчыцай, адной з першых выкладчыкаў філязофіі Францыі, бо традыцыйна гэтую дысцыпліну выкладалі мужчыны. Ейны ўплыў на разьвіцьцё «сартараўскага» экзыстэнцыялізму дасюль недаацэньваецца: яна ўсё яшчэ лічыцца ягонай «пасьлядоўніцай». Хаця ў першых сваіх раманах, якія, дарэчы, зьявіліся раней за Сартаравых філязофскіх эсэ, Сымона дэ Бавуар разважае аб чалавечым жыцьці й складае сваю карціну сапраўднага, «аўтэнтычнага» жыцьця, крытыкуючыся фаталізмам і прадвызначанасьцю. У рамане «Усе людзі сьмяротныя» les hommes sont mortels яна цудоўна вызначыла праз мастацкія сродкі асноўныя пастуляты будучага экзыстэнцыялізму-сартрызму ці ўсё ж-ткі бавуарызму? Ды й сам Сартар, дарэчы, ніколі не хаваў уплыву дэ Бавуар на свае ідэі, у адным з інтэрвію ён заўважыў, што: «Філёзаф – яна, не я». Далей у аповесьці «Вельмі мяккая сьмерць» mort très douce яна апісвае сьмерць маці, але разам з тым разьвітваецца зь ёю й навучае чытача прымаць сьмерць. Наагул пісьменьніца заўжды давала рады ствараць ня толькі якасныя мастацкія творы, але пры гэтым заўжды сацыяльныя й вытрыманыя ў духу экзыстэнцыялізму.

Атэістка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вядомы пастулят экзыстэнцыялізму аб тым, што жыцьцё будуецца самім чалавекам, а само жыцьцё — просты й цяжкі адначасова выбар той ці іншай мадэлі існаваньня, знайшоў у жыцьці дэ Бавуар просты водгук. На ўласным экспэрымэнце яна прадэманстравала, што быць жанчынай, чалавекам, пісьменьніцай, францужанкай, парыжанкай, інтэлектуалкай досыць проста, калі заставацца рэалісткай і ўспрымаць жыцьцё не як падарунак ці выпрабаваньне, а як штодзённую будоўлю, штодзённы выбар паміж млявасьцю й актыўнасьцю, аўтэнтычным жыцьцём і ўцёкамі ад яго, апусканьнем у містыку, тлумачэньнем усяго ілюзіяй пад назовам «бог»[3]. На працягу жыцьця чалавек можа зьмяніць думку ці стаўленьне да якой заўгодна зьявы. Аб гэтым піша С. дэ Бавуар у сваіх мэмуарах. Але, як пазначае аўтарка, у адным ейная пазыцыя не зьмянілася на працягу жыцьця — гэта пытаньне атэізму. У «Падсумаваньнях» яна піша, што:


« Па адным пункце мая пазыцыя ніяк не зьмянілася. І я хачу вярнуцца да яго — да майго атэізму. Шмат добрых душаў шкадуюць аб тым, што няшчасны выпадак стаўся прычынай страты маёй веры. У артыкулах ці ў лістах, якія яны адрасуюць мне, я часта чытаю: «Ах, калі б яна жыла сярод сапраўдных хрысьціян!», «Калі б вы прачыталі спачатку Эвангельле, а ўжо потым Імітаваньне!», «Калі б яна стрэла разумнага сьвятара!» Трэба разумець: «Калі б яна сустрэла мяне, то яна б пабудавала жыцьцё як я і мой досьвед пераканаў бы яе». Насамрэч, мая рэлігійная адукацыя была вельмі грунтоўнай; з Эвангельля я ведала напамяць вялікія пасажы. З самай маладосьці і потым ў дарослым жыцьці я сустракала разумных хрысьціян: і менавіта дзякуючы таму, што яны былі разумнымі, яны не лічылі, што сваім уплывам яны могуць выратаваць маю душу. Яны лічылі, што вера залежыць ад бога, ад ягоных намераў, ад ягонай ласкі. Насамрэч, у гэтым і заключаецца тэялягічная бяссэнсіца: спроба патлумачыць прысутнасьць ці адсутнасьць бога выпадковымі і выключна простымі доказамі. »

—Simone de Beauvoir, Tout compte fait, 1970]

Мэмуарыстка й эпісталярніца[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У дадатак да раманаў і эсэ пісьменьніца пакінула вялікую спадчыну ў форме мэмуараў, а таксама яна пакінула багатую эпісталярную спадчыну. Ейнае ліставаньне з Сартрам, Бостам, Ланзманам і Альгрэнам складае некалькі тамоў кніг. Зрэшты, як ніводны іншы пісьменьнік 20-га стагодзьдзя, Сымона дэ Бавуар дала рады завяршыць усе тамы мэмуараў, якія яна распачала пісаць яшчэ ў маладыя гады. Ад «Успамінаў маладой прыстойнай дзяўчыны» да «Цырымоніі разьвітаньня» пісьменьніца пакінула 6 тамоў цікавых і дакладных успамінаў аб сваім атачэньні й эпасу.

Цытаты[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • «Жанчынаю не нараджаюцца, ёю становяцца».
  • «Людзі не нясуць адказнасьці за паразы шлюбу, бо сам інстытут шлюбу першапачаткова перакручаны».
  • «Фатальнасьць пачынае трыюмфаваць, як толькі ты паверыш у яе».[4].

Бібліяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • 1943 : L’Invitée (Госьця), раман,
  • 1944 : Pyrrhus et Cinéas (Пір і Кінэас), эсэ,
  • 1945 : Le Sang des autres (Кроў іншых ці Чужая кроў), раман,
  • 1945 : Les Bouches inutiles (Лішнія раты), п’еса,
  • 1946 : Tous les hommes sont mortels (Усе людзі ўміручыя), раман,
  • 1947 : Pour une morale de l’ambiguïté (За мараль двухсэнсоўнасьці), эсэ,
  • 1948 : L’Amérique au jour le jour (Штодзённая Амэрыка), нарыс,
  • 1949 : Le Deuxième Sexe (Другі пол), філязофскае эсэ,
  • 1954 : Les Mandarins (Мандарыны), раман,
  • 1955 : Privilèges (Прывілеі), эсэ,
  • 1957 : La Longue Marche (Доўгі шлях), эсэ,
  • 1958 : Mémoires d’une jeune fille rangée (Успаміны маладой прыстойнай дзяўчыны), мэмуары,
  • 1960 : La Force de l'âge (Сіла веку), мэмуары,
  • 1963 : La Force des choses (Сіла рэчаў), мэмуары,
  • 1962 : Djamila Boupacha en collaboration avec Gisèle Halimi et des témoignages de Henri Alleg, Mme Maurice Audin, Général de Bollardière, R.P. Chenu, Dr Jean Dalsace, J. Fonlupt-Esperaber, Françoise Mallet-Joris, Daniel Mayer, André Philip, J.F. Revel, Jules Roy, Françoise Sagan, un portrait original de Picasso et un hommage des peintres Lapoujade et Matta (Джаміла Бупаша);
  • 1964 : Une mort très douce (Вельмі мяккая сьмерць), аповесьць,
  • 1966 : Les Belles Images (Прыгожыя малюнкі), раман,
  • 1967 : La Femme rompue (Вымерханая кабета), навэлы,
  • 1970 : La Vieillesse (Старасьць), эсэ,
  • 1972 : Faut-il brûler Sade? (Ці трэба спаліць Сада?), эсэ,
  • 1972 : Tout compte fait (Падсумаваньне), мэмуары,
  • 1979 : Quand prime le spirituel (Калі дамінуе духоўнае), раман,
  • 1981 : La Cérémonie des adieux suivi de Entretiens avec Jean-Paul Sartre : août — septembre 1974 (Цырымонія разьвітаньня), мэмуары.

Пасьмяротныя творы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Lettres à Sartre, tome I : 1930—1939, 1990 (Лісты Сартру, першы том),
  • Lettres à Sartre, tome II : 1940—1963, 1990 (Лісты Сартру, другі том),
  • Journal de guerre, septembre 1939 — janvier 1941, 1990, (Ваенны дзёньнік),
  • Lettres à Nelson Algren, traduction de l’anglais par Sylvie Le Bon, 1997 (Лісты Нэльсану Альгрэну),
  • Correspondance croisée avec Jacques-Laurent Bost, 2004 (Крыжаванае ліставаньне),
  • Cahiers de jeunesse, 1926—1930, 2008 (Моладзевыя сшыткі).

Фільмаграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Commons-logo.svg  Сымона дэ Бавуарсховішча мультымэдыйных матэрыялаў