Сымон Пятлюра

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Сымон Пятлюра
2-і старшыня Дырэкторыі Ўкраінскай Народнай Рэспублікі
13 лютага 1919 — 25 траўня 1926
Папярэднік: Уладзімер Віньнічэнка
Наступнік: Андрэй Лівіцкі
1-ы міністар вайсковых справаў УНР
28 чэрвеня 1917 — 6 студзеня 1918
Прэм’ер-міністар: Уладзімер Віньнічэнка
Наступнік: Мікола Порш
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся: 10 траўня 1879
Палтава (Украіна)
Памёр: 25 траўня 1926 (47 гадоў)
Парыж, Францыя
Партыя: Рэвалюцыйная ўкраінская партыя (1900—1905), Украінская сацыял-дэмакратычная рабочая партыя (1905—1919)
Сужэнец: Вольга Апанасаўна Пятлюра (да замужжа — Бельская)
Дзеці: Леся Сымонаўна Пятлюра
Бацька: Васіль Пятлюра
Маці: Вольга (Марчанка)
Адукацыя: Палтаўская духоўная сэмінарыя (ня скончыў)
Узнагароды:
крыж Сымона Пятлюры Ваенны крыж Iron Cross

Сымо́н Васі́левіч Пятлю́ра (па-ўкраінску: Симон Васильович Петлюра; 10 (22) траўня 1879, Палтава, Расейская імпэрыя — 26 траўня 1926, Парыж, Францыя) — украінскі палітычны, ваенны і дзяржаўны дзяяч.

Біяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Пасьля заканчэньня бурсы ў 1895—1901 гадах навучаўся ў Палтаўскай духоўнай сэмінарыі, адкуль быў выключаны за ўдзел у нацыянальным руху. Эмігрыраваў у Каралеўства Галіцыі і Ладамэрыі (Аўстра-Вугорская імпэрыя), у Львоў. З 1900 году чалец Рэвалюцыйнай украінскай партыі, потым Украінскай сацыял-дэмакратычнай рабочай партыі. Пасьля вяртаньня ў Расейскую імпэрыю з 1904 году працаваў ў Кіеве ў газэтах «Громадзька думка» і «Рада», з 1906 году рэдактар газэты «Слова». У 1907 годзе з-за перасьледаваньня паліцыі пераехаў у Пецярбург, потым у Маскву, дзе ўдзельнічаў ва ўкраінскіх гуртках «Кабзар» і «Грамада».

З 1914 году ў расейскім войску, у Саюзе земства і гарадоў, які загадваў забесьпячэньнем арміі. Служыў на Заходнім фронце ў Нясьвіжы (Слуцкі павет, Менская губэрня). З 1915 году старшыня Галоўнай кантрольнай камісіі Ўсерасейскага земскага саюза па Заходнім фронце, служыў у Міры (Наваградзкі павет, Менская губэрня). Напаўваенная пасада дазваляла яму бываць у вайсковых часьцях, весьці працу сярод украінцаў. Пасьля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 году па дарозе ў Менск наведаў Койданаў (Менскі павет) і ўжо зь Менску даслаў у Койданава тэлеграму: «Віншую з поўнай перамогай народу, прашу перадаць супрацоўнікам, няхай яны з патроенаю энэргіяю паслужаць рэвалюцыі і абароне краіны». У красавіку 1917 году ён арганізуе правядзеньне ў Менску ўкраінскага зьезду Заходняга фронту. Зьезд стварыў Украінскую франтавую раду на чале зь ім. І ўжо 2-га траўня 1917 году ўкраінцы, якіх была пераважная частка ў ІІ-м чыгуначным батальёне на станцыі Койданава, утварылі сваю маніфэстацыю. «Хадзілі па мястэчку з украінскімі сьцягамі і сьпевамі, патрабуючы аддзяленьня Ўкраіны і накіраваньня іх да хаты».

Чалец, старшыня Ўсеўкраінскага вайсковага камітэту пры Цэнтральнай радзе, потым сакратар (міністар) Генэральнага сакратарыяту Цэнтральнай рады па ваенных справах. У час гетманшчыны старшыня Кіеўскага губэрнскага земства і Ўсеўкраінскага саюза земстваў. З 14 лістапада 1918 году чалец ураду Ўкраінскай дырэкторыі і галоўны атаман войскаў Ўкраінскай Народнай Рэспублікі, з 10 лістапада 1919 году старшыня ўраду. Пасьля разгрому войскаў Дырэкторыі войскамі Антона Дзянікіна ды РСЧА увайшоў ў саюз з Польшчай. Летам 1920 году эмігрыраваў, з 1924 году жыў у Парыжы, дзе быў забіты Самулам-Шлёмам Шварцбардам (Шварцбурдам), які нібыта помсьціў яму за габрэйскія пагромы ва Ўкраіне.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Пятлюра Сымон Васілевіч. // Беларуская савецкая энцыклапедыя. Т. VII. Мінск. 1975. С. 656.
  • Пятлюра Сымон Васілевіч. // Беларуская энцыклапедыя ў 18 тамах. Т. 13. Мінск. 2001. С. 164.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Сымон Пятлюрасховішча мультымэдыйных матэрыялаў