Сьвяткаваньне 200-х угодкаў Юзэфа Крашэўскага

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Выстава ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа НАН Беларусі да 200-рочча Крашэўскага

Сьвяткава́ньне 200-х уго́дкаў з дня нараджэ́ньня Язэ́па Ігна́цыя Крашэ́ўскага адбывалася ў 2012 року на Беларусі, Польшчы, Украіне й іншых краінах, у якіх жыў і працаваў вядомы пісьменьнік, публіцыст, мастак, навукоўца, калекцыянэр, музыка.

Падрыхтоўка да сьвяткаваньня[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Беларусь[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У вёсцы Доўгае Пружанскага раёну, дзе жылі Крашэўскія і правёў дзяцінства малы Язэп Ігнацы, плянуецца ўсталяваць мэмарыяльны знак[1].

Берасьцейская абласная бібліятэка імя Горкага ў 2012—2013 роках рэалізуе праект «Віртуальная рэканструкцыя спадчыны Ю. І. Крашэўскага», мэтамі якога зьяўляюцца:

  • алічбаваньне літаратурнай спадчыны творцы;
  • аб’яднаньне дакумэнтальных крыніцаў, якія цяпер захоўваюцца ў Беларусі, Польшчы, Украіне;
  • распрацоўка праекту аднаўленьня сядзібы Крашэўскіх «Доўгае»;
  • распрацоўка турыстычнага маршруту в. Доўгае (Беларусь) — г. Белая, в. Раманаў (Польшча) — г. Роўна, г. Жытомір (Украіна)[2].

У праекце бяруць удзел таксама Нацыянальная бібліятэка Беларусі, Бялападляская меская публічная бібліятэка, музэй-сядзіба Ю. І. Крашэўскага ў Раманаве (абедзьве — Польшча) і Ровенская дзяржаўная абласная бібліятэка (Украіна)[2].

Мікола Папека пераклаў паэму Язэпа Крашэўскага «Вёска» на беларускую мову.

Польшча[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

16 верасьня 2011 року[3] Сойм Польшчы абвясьціў 2012 рокам Януша Корчака, Юзэфа Ігнацыя Крашэўскага і Пётры Скаргі[4].

Паводле дырэктаркі музэю Крашэўскага ў Раманаве (Польшча) Ганны Чабадзінскай-Пшыбыслаўскай, у Польшчы павінен выйсьці збор твораў пісьменьніка на электронных носьбітах, а ў музэі будуць ладзіцца тэатралізаваныя прадстаўленьні[5].

У польскім разьдзеле Вікікрыніцаў створаны «Вікіпраект Крашэўскі-2012», удзельнікі якога намерваюцца да 200-годзьдзя пісьменьніка выкласьці ў вольны доступ поўны збор твораў Язэпа Крашэўскага[6].

Мерапрыемствы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Беларусь[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Выстава ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа НАН Беларусі 15 траўня 2012

У музэі-сядзібе «Пружанскі палацык» 26 студзеня 2012 року адбылася прадстаўнічая канфэрэнцыя «Крашэўскі знакаміты і невядомы», удзел у якой узялі навуковыя супрацоўнікі музэю; дырэктарка музэю Крашэўскага ў Раманаве (Польшча) Ганна Чабадзінска-Пшыбыслаўска; выкладчык і вучні Загор’еўскай школы, дзе створаны куток Крашэўскага; дасьледнікі і перакладнікі творчасьці Крашэўскага; мясцовая інтэлігенцыя; прадстаўнікі выканаўчай улады[5]. У «Палацыку» створаная тэматычная экспазыцыя. Экспанаты для яе былі прадастаўленыя ў тым ліку музэем Крашэўскага ў Раманаве, супрацоўніцтва зь якім цягнецца ўжо пяць рокаў. У 2011 року для пружанскага музэю былі набытыя таксама 52 кнігі Крашэўскага з прыватных збораў.

Наступныя канфэрэнцыі ў «Палацыку», прысьвечаныя плянам аднаўленьня сядзібы Крашэўскіх у Доўгім, розным аспэкты жыцьця і творчасьці пісьменьніка, адбыліся 28 красавіка і 29 траўня.

Мікалай Сахарук, настаўнік гісторыі Загор’еўскай школы, што непадалёк ад родных мясьцінаў Крашэўскіх, разам з вучнямі стварыў у школе мэмарыяльны куток Крашэўскага. Зь яго прэзэнтацыяй яны наведалі суседнія школы, а таксама былі запрошаныя на імпрэзы з нагоды сьвяткаваньня ў раманаўскі музэй Крашэўскага[5].

Дасьледніцай жыцьця і творчасьці Язэпа Крашэўскага зьяўляецца берасьцейская журналістка Руслана Гусева, якая ўжо выдала чатыры расейскамоўныя кнігі («К Крашевскому в Романов и Долгое», «Дары пилигрима», «Конспекты по Крашевскому», «Песнь о Витоле»[7]) і рыхтуе да выданьня пятую, прысьвечаную пісьменьніку. У яе кнігі таксама ўключаныя пераклады на расейскую мову вершаў пісьменьніка роднай сястры Ірыны Гусевай і намесьніцы старшыні Берасьцейскага абласнога аддзяленьня Саюзу пісьменьнікаў Беларусі Любові Красеўскай. Прэзэнтацыя сэрыі выданьняў «К 200-летию со дня рождения Ю. И. Крашевского» адбылася падчас канфэрэнцыі ў «Пружанскім палацыку» 26 студзеня. Па творах Русланы Гусевай творчасьць Крашэўскага з 2012 року вывучаюць студэнты Берасьцейскага дзяржаўнага ўнівэрсытэта імя Пушкіна[5].

15 траўня ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа НАН Беларусі адчынілася выстава «Юзэф Крашэўскі ў люстэрку гісторыі», падрыхтаваная аддзелам рэдкіх кніг і рукапісаў бібліятэкі сумесна з Польскім інстытутам у Менску[8]. У экспазыцыі дэманструюцца выданьні XIX—XXI стагодзьдзяў з фондаў ЦНБ, сярод якіх прыжыцьцёвыя выданьні твораў Крашэўскага, пераклады, дасьледаваньні жыцьця і творчасьці пісьменьніка, выданьні, якія адлюстроўваюць выдавецкую і рэдактарскую дзейнасьць Крашэўскага[9].

Паседжаньне «Ліцьвінскага клюбу» 6 чэрвеня было прысьвечанае асобе Крашэўскага як «рыцару гістарычнага раману». Акрамя біяграфіі «самага пладавітага пісьменьніка Беларусі, Літвы і Польшчы», прысутныя маглі абмеркаваць стан беларускай гістарычнай прозы і паразважаць над пытаньнямі вяртаньня творчасьці Юзэфа Крашэўскага беларускаму чытачу[10].

8 чэрвеня ў «Пружанскім палацыку» адбылася акцыя «Ноч музэяў», прымеркаваная да сьвяткаваньня юбілею Крашэўскага. На мерапрыемстве пад назвай «„Палацык“ сустракае Крашэўскага» працаваў музычна-харэаграфічны салён, ладзіліся тэатралізаваныя экскурсіі па залі Крашэўскага, аўкцыёны з лотамі XIX стагодзьдзя, прагляд фільму «Старое паданьне: Калі сонца было богам» па матывах твору пісьменьніка[11].

У ліпені канфэрэнцыя «Крашэўскі — вялікі і невядомы», арганізаваная энтузіястамі зь беларускага і польскага бакоў, адбылася ў Берасьці. Нам ёй сярод іншага быў прэзэнтаваны пераклад на беларускую мову вершу «Wioska», створанага Міколам Папекам. Дзейнічала выстава кніг, а таксама была паказаная інсцэніроўка вершу «Дзед і баба»[12].

Заплянавана назваць адну з вуліц Пружанаў імем пісьменьніка[12].

Польшча[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У Бялай, дзе навучаўся пісьменьнік, створаны арганізацыйны камітэт па сьвяткаваньні року Юзэфа Ігнацыя Крашэўскага. Складзеная праграма ўрачыстасьцяў, імпрэзаў і мерапрыемстваў, якая пачалася 18—19 сакавіка, у 125-ю гадавіну сьмерці пісьменьніка. Праграма прадугледжвае набажэнствы, выставы, прэзэнтацыі кніг, тэатральныя прадстаўленьні, конкурсы, турыстычныя і раварысцкая вандроўкі, выданьне камплекту паштовак і інш[3].

28 ліпеня, у дзень юбілею, вялікая імпрэза адбылася ў музэі Крашэўскага ў Раманаве. Удзел у ёй, акрамя прадстаўнікоў сям’і, мясцовых уладаў, дасьледнікаў, мэцэнатаў і мясцовых жыхароў, узялі таксама супрацоўнікі музэю-сядзібы «Пружанскі палацык». У гэты дзень у музэі адбылося адкрыцьцё яшчэ аднае выставы «Жанчыны Крашэўскага — літаратурныя партрэты і ня толькі», на якой былі прадстаўленыя фатаздымкі і мастацкія творы з адлюстраваньнем жанчын, якія аказалі пэўны ўплыў на жыцьцё і творчасьць Язэпа Крашэўскага: ягоная прабабуля Канстанцыя Навамейская, бабуля Ганна Мальская, маці Соф’я, жонка Соф’я Вароніч, дочкі, а таксама вядомыя жанчыны, зь якімі ён ліставаўся ці працаваў — Ева Фялінская, Эліза Ажэшка, Марыя Канапніцкая, Габрыеля Запольская, Р.Попель і інш. Удзельнікі клюбу гістарычнай рэканструкцыі прадставілі гістарычныя касьцюмы эпохі VIII—X стст., якая апісаная ў рамане «Старое паданьне». Мерапрыемства завяршылася канцэртам на творы Фрыдэрыка Шапэна і Станіслава Манюшкі[13].

Выдадзеная капэрта першага дня, памятнае гашэньне якое адбывалася 28 ліпеня 2012 року[14].

Украіна[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У красавіку 2012 літаратурна-мастацкае сьвята «Крылы натхненьня Юзэфа Ігнацыя Крашэўскага» адбылося ў Стараканстантынаве. Удзельнікі ўрачыстасьцяў наведалі вёску Кісялі, якой Крашэўскія валодалі ў 1854—1861 роках. Асноўнае сьвяткаваньне ладзілася ў Стараканстантынаўскай раённай бібліятэцы[15]. Было прынятае рашэньне назваць адну з вуліц места ў гонар Юзэфа Крашэўскага[16].

Швайцарыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У Жэнэве, дзе славуты польскі пісьменьнік правёў апошнія рокі жыцьця, створаны польска-швайцарскі камітэт па сьвяткаваньні 200-х угодкаў Крашэўскага (польск. Komitet Polsko-Szwajcarski «Kraszewski 2012»). 20 сакавіка 2012 року, на 125-я ўгодкі з дня сьмерці Юзэфа Крашэўскага, у Жэнэве адбудзецца арганізаваны камітэтам супольна з Польскім таварыствам у Жэнэве, Лязане, а таксама культурніцкай арганізацыяй «Musica pro pace» (Жэнэва) літаратурна-музычны вечар, на якім прагучаць фрагмэнты твораў пісьменьніка і музыкі[17].

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Зводны план (праект) устаноўкі манументальных збудаванняў у Рэспубліцы Беларусь у 2009—2012 гг. // Культура. — 6—12 чэрвеня 2009. — № 23 (891).
  2. ^ а б «Виртуальная реконструкция наследия Ю. И. Крашевского» (рас.). Берасьцейская абласная бібліятэка імя Горкага (17 лютага 2012). Праверана 19 лютага 2012 г.
  3. ^ а б 2012 — Rok J. I. Kraszewskiego (пол.) Inne. Urząd Miasta Biała Podlaska. Праверана 12 траўня 2012 г.
  4. ^ Эльжбета Савицкая. Культурная хроника // Новая Польша. — 2011. — № 10.
  5. ^ а б в г Кацярына Пашкевіч. Крашэўскі знакаміты і невядомы // Раённыя будні. — 4 лютага 2012. — № 10 (9456). — С. 4.
  6. ^ Cele projektu // Wikiźródła:Wikiprojekt Kraszewski 2012 (пол.)
  7. ^ Яўхім Рупайла. (8 лютага 2012) Пачатак «Году Крашэўскага». Камунікат.оргПраверана 18 лютага 2012 г.
  8. ^ Марат Гаравы. (16 траўня 2012) Адкрылася выстава «Юзаф Крашэўскі ў люстэрку гісторыі» Культура. Новы часПраверана 16 траўня 2012 г.
  9. ^ Кніжная выстава «Юзаф Крашэўскі ў люстэрку гісторыі» Літаратура. Польскі інстытут у Менску (15 траўня 2012). Праверана 16 траўня 2012 г.
  10. ^ Рыцар гістарычнага рамана. Google DocsПраверана 29 лютага 2012 г.
  11. ^ Катерина Богданова. (15 чэрвеня 2012) С «Палацыкам» накоротке (рас.) Культура.. Вечерний БрестПраверана 25 ліпеня 2012 г.
  12. ^ а б Сяргей Мошчык. (20 ліпеня 2012) Крашэўскі: вялікі і невядомы Культура.. Вечерний БрестПраверана 25 ліпеня 2012 г.
  13. ^ Наталля Пракаповіч. Гасцей прымаў музей у Раманове // Раённыя будні. — 4 жніўня 2012. — № 59 (9505). — С. 4.
  14. ^ Натальля Пракаповіч. Унікальныя экспанаты на ўнікальнай выставе // Раённыя будні. — 3 жніўня 2013. — № 60 (9605). — С. 14.
  15. ^ М.Алєксєєва. (19 04 2012) Відбулося літературно-мистецьке свято «Крила натхнення Юзефа Ігнаци Крашевського», приурочене до 200-річчя з дня народження та 125-річчя з дня смерті польського письменника (укр.) Новини. Хмельницька обласна державна адміністрація. Праверана 13 траўня 2012 г.
  16. ^ Franciszek Miciński. (29, kwiecień 2012) 200 rocznica urodzin Kraszewskiego (пол.) Kultura. Kurier Galicyjski. Праверана 13 траўня 2012 г.
  17. ^ Wieczór literacko-muzyczny w Genewie, poświęcony Józefowi Ignacemu Kraszewskiemu (пол.). Polskie Stowarzyszenie w Lozannie. Праверана 26 лютага 2012 г.