Сьвятлана Баранкоўская

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Сьвятлана Баранкоўская
Сьвятлана Баранкоўская на адкрыцьці выставы габэленаў у Цэнтральнай бібліятэцы Таліну
Дата нараджэньня 1965(1965)
Месца нараджэньня Сьцяг РСФСР Людзінава Калускай вобласьці
Месца вучобы
Занятак мастачка

Сьвятла́на Алякса́ндраўна Баранко́ўская (* 1965, Людзінава Калускай вобласьці, РСФСР, СССР) — беларуская мастачка. Жыве і працуе ў Віцебску.

Жыцьцяпіс[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Скончыла Віцебскі тэхналягічны тэхнікум па спэцыяльнасьці «мадэльер-канструктар верхняй жаночай вопраткі» (1982—1986), мастацка-тэхналягічны факультэт Віцебскага тэхналягічнага інстытуту лёгкай прамысловасьці (1992—1997).

У 1986—1987 працавала закройніцай у Віцебску, пасьля да 1990 — мастачкай-мадэльеркай у Куйбышаве.

Па сканчэньні інстытуту — выкладчыца малюнку, жывапісу, гісторыі мастацтва, гісторыі мастацтва і архітэктуры Беларусі (1997—2002). У 2001—2004 — выкладчыца кампазыцыі, малюнку і жывапісу ў школе №25 гораду Віцебску. У 2004 выкладала ў дзіцячай мастацкай школе №1.

Сябра Саюзу дызайнэраў (2000) і Саюзу мастакоў[1] (2003) Беларусі. Старшыня Віцебскай абласной арганізацыі БСМ[2] (сьнежань 2013).

Мае дзьвюх дачок: Юлію і Станіславу Гусаковых. Станіслава навучаецца па праграме імя Кастуся Каліноўскага ў Любліне[3].

Творчасьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Першая пэрсанальная выстава мастачкі прайшла ў аршанскім этнаграфічным музэі «Млын»(be)[4].

Сьвятлана Баранкоўская працуе пераважна ў мастацкім тэкстылі і ручным ткацтве, стварае сцэнічныя касьцюмы, піша кампазыцыі ў тэхніцы алейнага жывапісу[5]. Аднак найбольш пасьпяхова ейны талент праявіўся ў стварэньні габэленаў, на якіх Сьвятлана адлюстроўвае гісторыю Беларусі, зьвяртаецца да вытокаў нацыянальнага мастацтва, народнае творчасьці. Сярод асобаў, адлюстраваных на яе творах, Васіль Быкаў, Янка Купала[6], Максім Багдановіч, Тамаш Зан[4], Рыгор Барадулін[3], Уладзімер Караткевіч і інш. Сярод твораў гістарычнай тэматыкі — габэлены «Зямля», «Жытняя баба», «Дрэва жыцьця», «Мроі», «Сонца ў шкле», «Калі ласка», «Полацкі сшытак», «Царква сьвятога духа»[7]. У шэрагу твораў Сьвятлана Баранкоўская зьвяртаецца да архаічных і паганскіх матываў, стылістыкі прымітыву, увасабляе ў сымбалічных вобразах веліч і спакой хрысьціянскіх сьвятыняў («Берагіня», «Іўліянія і Альгерд», «Данатаркі», «Малітва»).

Сьвятлана Баранкоўская — сталая ўдзельніца гарадзкіх, рэспубліканскіх і міжнародных выставаў. Яе працы знаходзяцца ў прыватных калекцыях у Беларусі, Латвіі, Польшчы, Расеі, Украіне, Эстоніі, Ангельшчыне, Гішпаніі, Ізраілі, Нарвэгіі, Нямеччыне, Турэччыне, Францыі, а таксама ў калекцыях Віцебскага абласнога краязнаўчага музэю, Віцебскага літаратурнага музэю, галерэі Цэнтру імя Язэпа Драздовіча ў Германавічах, Віцебскай абласной бібліятэцы, Менскай галерэі «Vilnius», мастацкай галерэі Рэбург-Локуму, музэі-сядзібе Рэпіна «Здраўнёва».

У 2011 року Сьвятлана Баранкоўская стала пераможцай Першай расейскай трыенале сучаснага габэлену ў музэі-запаведніку «Царыцына» з габэленам «Апостал», прысьвечаным Васілю Быкаву[6][8].

Стварае сцэнічныя касьцюмы, распрацоўвае інтэр’еры памяшканьняў.

Прэміі і ўзнагароды[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Дыплём 2 ступені на рэспубліканскай выставе «Новыя імёны» (1998)
  • Ганаровая грамата ўпраўленьня культуры Віцебскага аблвыканкаму за ўнёсак у выхаваньне маладога пакаленьня і актыўную творчую дзейнасьць (2010)
  • Дыплём за лепшую працу ў тэхніцы габэлену ў намінацыі «Паэтыка вобразу» на Першай расейскай трыенале сучаснага габэлену (2011)
  • Граматы абласной арганізацыі Беларускага саюзу мастакоў

Крыніцы і заўвагі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Мастакі. Беларускі саюз мастакоўПраверана 14 жніўня 2012 г.
  2. ^ абласныя арганізацыі. Беларускі саюз мастакоў. Праверана 17 красавіка 2014 г.
  3. ^ а б Бацькі каліноўцаў — удзельнікі мастацкага плянэру. Камітэт «Салідарнасьць». Праверана 14 жніўня 2012 г.
  4. ^ а б Марына Сямашка. (6 красавіка 2012) «У гэтай выставе — сэрца» Музэі, Творчасьць. Аршанская газета. Праверана 14 жніўня 2012 г.
  5. ^ Справка Сводный электронный каталог. Нацыянальная бібліятэка БеларусіПраверана 14 жніўня 2012 г.
  6. ^ а б Яна Ільіна. (15 лістапада 2011) Габелен з Быкавым у выкананні віцебскай мастачкі Святланы Баранкоўскай узнагароджаны на трыенале ў Маскве Культура. Народныя навіны Віцебска. Праверана 14 жніўня 2012 г.
  7. ^ Міхаіл Карневіч. На выстаўцы габелен, вытканы з «Народнай волі» // Биржа информации. — 15 студзеня 2004. — № 310.
  8. ^ Победители Первой российской триеннале современного гобелена (рас.). Музей-заповедник «Царицыно». Праверана 14 жніўня 2012 г.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Регионы Беларуси : энциклопедия. В 7 т.. — Мн.: 2010 Т. 2. Витебская область. В 2 кн. Кн. 1.
  • Марына Балвановіч. «Ткацтва, нібы каханьне» // Гродзенская праўда. — 17 студзеня 2004. — С. 15.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]