Сьвяты Клімэнт Охрыдзкі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да: навігацыі, пошуку
Сьвяты Клімэнт Охрыдзкі

Сьвяты Клімэнт Охрыдзкі (каля 830 - 27 ліпеня 916) — адзін з вучняў сьв. Кірыла і Мятода. Паходзіў з населенай славянамі тэрыторыі Македоніі. Разам са сваімі настаўнікамі ўдзельнічаў у місіях да хазараў і ў Вялікую Маравію. Пасьля сьмерці сьв. Мятода і выгнаньня Сватаплукам ягоных пасьлядоўнікаў, адыходзіць разам з астатнімі вучнямі з Вялікай Маравіі на кароткі час у Бялград да баўгарскага васала князя Радзіслава, які іх празь некаторы час з іншымі вучнямі Кірыла і Мятода (напр., сьв. Навумам)адсылае ў тагачасную баўгарскую сталіцу Пліску, дзе яны стварылі слаўную Плісацка-прэслаўскую літаратурную школу. У хуткім часе баўгарскі ўладар паслаў Клімэнта ў Македонію распаўсюджваць славянскую літургію і падараваў яму палацы ў Дэвалі (Альбанія) і Охрыдзе (Рэспубліка Македонія). Тут сьв. Клімэнт заснаваў літаратурную школу і ў 893 годзе быў прызначаны біскупам.

Сваю літаратурную дзейнасьць Клімэнт распачаў неўзабаве пасьля сьмерці сьв. Кірыла (Канстанціна), паміж 870 і 880 гадамі, калі было напісанае "Жыцьцё Канстанцінава". Некаторыя навукоўцы мяркуюць, што гэты арыгінальны твор старажытнай літаратуры стварыў менавіта сьв. Клімэнт, не без дапамогі сьв. Мятода. Неўзабаве пасьля Мятодавай сьмерці было складзенае і "Жыцьцё Мятодава", чыім аўтарам верагодна таксама зьяўляецца Клімэнт.

Акрамя гэтага Клімэнту належыць аўтарства шэрагу тэкстаў на хрысьціянскія сьвяты, якія ўхваляюць апосталаў, пакутнікаў, прарокаў і сьвятых, словы пра Багародзіцу, Яна Хрысьціцеля.

Паводле сучасных меркаваньняў навукоўцаў, менавіта сьв. Клімэнт Охрыдзкі стварыў кірылічную азбуку, таму што для навучэнцаў Охрыдзкай літаратурнай школы глаголіца, створаная Кірылам і Мятодам, была занадта складанай.

Парэшткі сьв. Клімэнта захоўваюцца ў Охрыдзе ў царкве сьв. Клімэнта і сьв. Панцеляймона. Імя сьв. Клімэнта носіць унівэрсытэт у Сафіі.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Commons-logo.svg  Сьвяты Клімэнт Охрыдзкісховішча мультымэдыйных матэрыялаў