Сьвіцязь (Ян Чачот)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Сьвіцязь
Świteź
Жанр: баляда
Аўтар: Ян Чачот
Мова арыгіналу: польская
Год напісаньня: 1819
Перакладчык: Кастусь Цьвірка
Электронная вэрсія

«Сьвіцязь» (па-польску: Świteź) — найбольшая баляда Яна Чачота, напісаная ў 1819 годзе.

Апісаньне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Сюжэт[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Карціна «Сьвіцязь» мастака Юліяна Фалята (1888)

На месцы возера Сьвіцязь калісьці стаяў аднайменны горад. У аднаго багатага чалавека была вельмі прыгожая дачка. Дзяўчыну пакахаў хлопец-бядняк і хацеў ажаніцца зь ёй, але бацька не дазволіў дачцэ выходзіць замуж за такога жаніха. Хлопец намерыўся прасіць дапамогі ў д'ябла. Выйшаў на раздарожжа і сьвістам паклікаў нячысьціка. Той неўзабаве выскачыў на дарогу і, ўбачыўшы чорта хлопец хацеў кінуцца на ўцёкі, але д'ябал пачаў яго сарамаціць: «калі ўжо надумаўся ісьці — ці ў пекла, ці да неба, — то ня трэба баяцца». Жаданьне стаць багатым, каб заваяваць любую дзяўчыну, перамагло, і хлопец, слухаючы д'ябла на валовай скуры напісаў уласнаю крывёю абавязальніцтва. За гэта чорт мусіў дапамагчы забіць купца. Хлопец выходзіць на дарогу. Па ёй вяртаецца з Зэльвы, з кірмашу, купец, які прадаў там свае тавары і вязе назад талеры, дукаты і падарункі для дзяцей. З д'яблавай ініцыятывы ў возе купца ломіцца кола і пакуль той яго папраўляе, наступае ноч. Затым чэрці пускаюць купецкі караван па бездарожжы, падымаюць на яго буру. Калі караван пад'язджае да шляхаўсказага слупа на раздарожжы, хлопец-бядняк нападае на купца і, незважаючы на яго просьбы, забівае разам з прыслугаю. Перад сьмерцю купец праклінае забойцу, папярэджваючы, што за гэта яго чакае страшная помста.

Назаўтра хлопец выпраўляецца зь вялікімі грашыма ў руках да бацькоў дзяўчыны і дамагаецца сваёй мэты: бацькі згаджаюцца выдаць яе за хлопца. Ажаніўшыся, малады гаспадар выкупляе ў караля цэлы горад Сьвіцязь. Цяпер жыхары вымушаныя выплачваць яму даніну, а хто не захацеў цярпець крыўды новага гаспадара, уцякаюць са Сьвіцязі.

Усе сорак гадоў ён жыве ў поўным дастатку і раскошы, але ў тую ноч, калі мінуў вызначаны тэрмін, яму паказваецца ў сьне галава забітага купца. Назаўтра, каб супакоіцца, ён ладзіць дома баль і запрашае на яго гасьцей. У часе разгару застольнае гамонкі сярод страваў паказваецца на стале галава забітга акупца, якая паўтарае даўні праклён. У той самы момант усчынаецца жахлівая бура і б'юць перуны. Праз расчыненае ёю акно у дом прарываюцца зграя д'яблаў, якая хапае забойцу. Незабаве і сам горад Сьвіцязь правальваецца скрозь зямлю. На яго месцы ўтвараецца возера — сёньняшняя Сьвіцязь.

Фальклёрны матэрыял[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Ян Чачот аб'яднаў у сваёй балядзе два народных паданьні: пра затоплены горад Сьвіцязь і вельмі распаўсюджанае ў той час — і ў Польшчы, і на Беларусі, асабліва сярод шляхты — паданьне пра пана Твардоўскага, што прадаў чорту душу[1].

Паданьне пра забойства купца бедным хлопцам, які, завалодаўшы купцовым набыткам, мае магчымасьць узяць шлюб з багатаю паненкаю і за тое праз пэўную колькасьць гадоў, а яна ў адрозных вэрсіях неаднолькавая, Пан Бог пасылае кару на ўвесь горад і залівае яго вадою належыць да найбольш распаўсюджаных на тэрыторыі этнаграфічнае Беларусі[2]. Яно сустракаецца ў Міхала Федароўскага[3], Яна Карловіча (у двух варыянтах)[4], Еўдакіма Раманава (у двух варыянтах)[5][6], пра адну вэрсію, зьвязаную з возерам Сьвіцязь, згадвае Павал Дземідовіч[7]. Доктар філязофіі ў галіне польскай і славянскай літаратур Станіслаў Станкевіч у часе сваіх росшукаў на Наваградчыне пераканаўся, што гэтае паданьне можна пачуць у любой вёсцы ў радыюсе 20-30 км ад возера Сьвіцязь[2].

Паданьне пра затоплены горад і па сёньняшні дзень бытуе ў ваколіцах возера Сьвіцязь, у прыватнасьці ў вёсцы Малюшычы, дзе нарадзіўся Ян Чачот[8]. У пачатку 2000-х дасьледнік беларускай літаратуры XIX стгодзьдзя Кастусь Цьвірка ў Малюшычах занатваў пераказанае 90-гадовым Іванам Фёдаравічам Бурдо паданьне, якое ў пераказаным выглядзе зьмясьціў у кнізе «Камяні тых сядзібаў» (2004):

« Калісьці на тым месцы, дзе цяпер плешчацца Сьвіцязь, былі два хутары. У гаспадара аднаго хутара сьвяціла голымі латамі бядняцкая хаціна, у другога ж — красаваўся раскошны прыгожы палац. Бедны хутаранін меў сына, багаты — дачку. Хлопец і дзяўчына моцна пакахалі адно аднаго, хацелі пажаніцца. Але багацей і думаць не хацеў аддаваць дачку за сына бедняка. Тады хлопец наважыў любой цаной разбагацець — толькі б заваяваць каханую дзяўчыну. Выйшаў ён сярод ночы на вялікую дарогу. Калі праязджалі па ёй купцы-гандляры, перастрэў іх, перабіў, а грошы забраў сабе. За тым грошы пабудаваў ён багаты дом-палац, можа, нават прыгажэйшы, чым у суседа-багацея. Цяпер багаты хутаранін не супярэчыў дачцэ выходзіць за каханага хлопца. Згулялі вясельле. Маладыя муж і жонка сталі жыць у доме. празь нейкі час муж прызнаўся жонцы, якім чынам дасталося яму багацьце. Паслухаўшы яго расказ, жонка сказала яму схадзіць на магілу забітых ім купцоў і паслухаць, што яны будуць там казаць. Пайшоў туды яе чалавек і праўда пачуў з-пад зямлі голас купцоў. Купцы гаварылі тое, што іх забойца ўсё роўна, рана ці позна, а будзе пакараны. Вярнуўшыся з могілак, гаспадар расказаў пра пачутае жонцы. Каб адхіліць бяду, надумалі асьвяціць дом. Паклікалі сьвятара. Асьвяціў дом сьвятар і паехаў. Але па дарозе ўспомніў, што забыўся малітоўнік. Вярнуўся назад, а на месцы тых хутароў пляскалася ўжо возера. Па вадзе плаваў толькі столік з малітоўнікам. Калі сьвяшчэньнік дастаў свой малітоўнік, столік адразу ж пайшоў на дно[1]. »

На думку Станіслава Станкевіча, Ян Чачот, які надзвычай неахвотна адсупаўся ад паданьня і звычайна бязь зьменаў паводле пачутага пісаў вершаваны твор, у гэтым выпадку мусіў значна зьмяніць фабулю паданьня, каб не паўтараць тых самых дэталяў, якія перадаў у сваёй вядомай балядзе Тамаш Зан[9].

Дасьледнік сьцьвярджае, што Ян Чачот без усялякае патрэба ўводзіць у баляду постаць д'ябла. Ніводная вэрсія народнага паданьня не фіксуе вылазы хлопца на раздарожжа дзеля выклікаў д'ябла, якому за золата той абяцае прадаць душу. Таксама няма ніякага падпісанага крывёю дагавору. Станіслаў Станкевіч крытыкуе паэта факты нявысьветленасьці: «За што Пан Бог пасылае кару на горад: за забойства купца ці за сувязь з д'яблам?»[9]. Сцэна злачынства ў балядзе адрозьніваецца ад народнага паданьня толькі ўдзелам д'яблаў у зьдзяйсьненьні забойства і факту запачаткаванай навальніцы. Урэшце ў балядзе няма таго дыялёгу між забітым купцом, што дамагаецца помсты, і Богам, які абацяае яму гэтую помсту праз пэўную колькасьць гадоў. Далей у балядзе паэт адступае ад паданьня толькі ў дробных дэталях: апускае сцэну зь сьвятаром; Чачотавы герой нязьменна мае згрызоты сумленьня, у той час як у паданьні ягоныя гады ідуць у шчасьці і спакоі[10].

Сюжэтныя пазычаньні[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Як адзначае польскі дасьледнік літаратуры Станіслаў Сьвірка, баляда «Сьвіцязь» займае:

« ...ключавую пазыцыю ня толькі сярод балядаў Я. Чачота, але і ў баляднай творчасьці філяматаў наагул, не выключаючы самога Адама Міцкевіча[8] »

На аснове гэтага твора Яна Чачота Адам Міцкевіч напісаў дзьве сваіх баляды — «Сьвіцязь» і «Вяртаньне таты», тым самым разьмежаваўшы дзьве спалучаныя ў свайго сябра сюжэтныя лініі. Пазьней, ужо пасьля выхаду «балядаў і рамансаў» Міцкевіча (1822), куды ўвайшлі і вышэйзгаданыя творы, Ян Чачот знайшоў час перапісаць і дапрацаваь сваю «Сьвіцязь». Прытым ён дапісаў да яе яшчэ невялікі ўступ (першыя тры шасьцірадкоўі), у якім выказваў захаленьне творамі свайго сябра, чыя фантазія здолела «зьвіць» для сьвіцязянак ажно «тры вянкі» (маюцца на ўвазе тры міцкевічавы баляды «Сьвіцязь», «Сьвіцязянка» і «Рыбка»), аднак, разам з тым не ўстрымаўся папракнуць Адама Міцкевіча за тое, што ён у сваіх балядах занядбаў фальклёр, народныя паданьні і занадта многа напрыдумляў[8].

Глядзіце таксама[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ а б Цьвірка, К. Абарваная песьня Яна з Мышы: Шляхі паэтаў XIX ст. // Камяні тых сядзібаў. — Мн.: Мастацкая літаратура, 2004. — С. 53—55. — 300 с. — ISBN 985-02-0709-4
  2. ^ а б Станкевіч, С. Ян Чачот // Беларускія элементы ў польскай рамантычнай паэзіі = Pierwiastki białoruskie w polskiej poezji romantycznej / Валер Булгакаў. — 1-е выд.. — Вільня: Інстытут беларусістыкі; Беласток: Беларускае гістарычнае таварыства: 2010. — С. 23. — 211 с. — ISBN 83-60456-21-6
  3. ^ Federowski M. Op. cit. T. II. S. 278
  4. ^ Podania i bajki ludowe zebrane na Litwie // Zbior Wiad. do Antrop. Kraj.. — 1887. — Т. XI. — С. 10, 275.
  5. ^ Романов, Е. Р. Белорусский сборник. Вып. 4 : Сказки космогоническия и культурныя / Е. Р. Романов. — Витебск : Типо-литография Г. А. Малкина, 1891. — С. 137. — 220 с.
  6. ^ Материалы по этнографии Гродненской губернии. Выпуск 2 / Ред. Е. Романов ; Управление Виленского учебного округа. — Вильно : Издание Управления Виленского учебного округа, 1912. — С. 359. — 396 с.
  7. ^ Демидович П. Из области верований и сказаний белорусов. — С. 116—117.
  8. ^ а б в Чачот Я. Наваградскі замак: Творы / Уклад., пер. польскамоўн. твораў, прадм. і камент. К. Цвіркі. — Мінск: Мастацкая літаратура, 1989. — С. 297. — 327 с. — ISBN 5-340-00171-7
  9. ^ а б Станкевіч, С. Ян Чачот // Беларускія элементы ў польскай рамантычнай паэзіі = Pierwiastki białoruskie w polskiej poezji romantycznej / Валер Булгакаў. — 1-е выд.. — Вільня: Інстытут беларусістыкі; Беласток: Беларускае гістарычнае таварыства: 2010. — С. 57. — 211 с. — ISBN 83-60456-21-6
  10. ^ Станкевіч, С. Ян Чачот // Беларускія элементы ў польскай рамантычнай паэзіі = Pierwiastki białoruskie w polskiej poezji romantycznej / Валер Булгакаў. — 1-е выд.. — Вільня: Інстытут беларусістыкі; Беласток: Беларускае гістарычнае таварыства: 2010. — С. 58. — 211 с. — ISBN 83-60456-21-6