Сьпіртовы напой

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Шклянка віскі

Сьпіртовы напойнапой, у склад якога ўваходзіць этаноль. Для прыгатаваньня разам са сьпіртам выкарыстоўваецца вада, штучная аддушка і сок садавіны і ягадаў, настой духмянай травы, карэньня, лісьця і кветак, лупіна цытрусавых і прыправа[1]. Ужываньне выклікае ад ўзбуджальнага ўзьдзеяньня да разбурэньня асобы ў выніку алькагалізму. Згубным ёсьць прыём за дзень звыш 60 грамаў моцных напояў, або 200 мілілітраў віна (шампанскае), або паўлітра сьветлага піва[2].

У 2013 г. сьпіртовыя напоі ўжывала меншасьць насельніцтва Зямлі (38,3%), зь якой ад выпіваньня сканала 3,3 млн чалавек. Гадавое спажываньне на кожнага чалавека ва ўзросьце ад 15 год склала 6,2 літра чыстага сьпірту. Выпіваньне прывяло да 7,6% сьмерцяў сярод мужчынаў і 4% — сярод жанчынаў. Палова спажываньня прыпадала на моцныя напоі, 35% — на піва, 8% — на віно[2].

Супрацьпаказаньні[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Супрацьпаказаньнем для прыёму нават малой дозы сьпіртовага напою ёсьць: нэрвовадушэўная хвароба, траўма, кантузія, удар галаўнога мозгу, хвароба нырак і печані, цукровы дыябэт і цяжарнасьць. Узрост да 21 году таксама служыць супрацьпаказаньнем празь неразьвітасьць імуннай сыстэмы арганізму[3].

Уплыў на здароўе[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Прыём 40 грамаў этанолю (100 грамаў гарэлкі = 2 чаркі) выклікае абмярцьвеньне 7500 вузаў галаўнога мозгу, бо этаноль усмоктваецца ў кроў без папярэдняга ператраўліваньня. Прыём 80 грамаў этанолю запавольвае працу галаўнога мозгу цягам содняў і парушае тармажэньне неабдуманых учынкаў. Каля 20% этанолю ўсмоктваюцца ў кроў празь сьценкі страўніка, чым разбураюць яго сьлізьніцу і выклікаюць пагрозу язвы. Печань перапрацоўвае каля 95% этанолю, які трапіў у кроў, у адкладзены тлушч (атлусьценьне). Частае ўжываньне сьпіртовых напояў прыводзіць да аслабленьня цягліцаў, абязводжваньня і заўчаснага старэньня скуры, валасоў і пазногцяў, стойкага пашырэньня ссудзінаў і пачырваненьня скуры. Працягласьць жыцьця пітушчых людзей скарачаецца на 15 гадоў. У дзіцячым і падлеткавым узросьце нават рэдкае выпіваньне малой дозы сьпіртовага напою можа выклікаць разлад цэнтральнай нэрвовай сыстэмы. Ужываньне сьпіртовых напояў ва ўзросьце да 20 гадоў прыводзіць да алькагалізму ў блізу 80% выпадкаў. Гэта тлумачыцца перабудовай хімічнай і электрычнай дзейнасьці лімбічнай сыстэмы галаўнога мозгу. Частае ўжываньне алькаголю таксама служыць прычынай кардыяміяпатыі, якая часьцей сустракаецца сярод мужчынаў і праяўляецца задышкай, павышанай стамляльнасьцю і болем у грудзях пры цялеснай нагрузцы[3].

Віды[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Напой Сьпірт, % Цукар (г/ 100 мл)
Вінаграднае віно 9-20 0-32
Пладова-ягаднае віно 9-20 0-20
Наліўка 18-20 28-40
Настойка 16-40 4-30
Лікёр 25-45 32-50
Джын 44-45
Віскі 50-52
Гарэлка 40-56 0,1-0,2
Каньяк 40-57 0,7-1,5
Бальзам 30-60
Ром 40-60 1,5-2,0
Рэктыфікаваны этаноль(en) 95,5-96,6

Эўропа[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 2011 г. сярэдні ўзровень спажываньня алькаголю ў Эўропе склаў 12,5 літру чыстага этылявага сьпірту за год на душу насельніцтва ва ўзросьце звыш 15 гадоў. Гэты паказьнік быў найбольшым сярод усіх частак сьвету і ўдвая перавышаў сярэднесусьветны ўзровень спажываньня алькаголю. Найвышэйшы паказьнік назіраўся ва Ўсходняй і Сярэдне-Ўсходняй Эўропе — 14,5 літру чыстага этылявага сьпірту на кожнага ва ўзросьце звыш 15 гадоў за год. У Заходняй і Сярэдне-Заходняй Эўропе — 12,4 літру. У Паўднёвай Эўропе — 11,2 літру. У краінах Паўночнай Эўропы — 10,4 літру[4].

Беларусь[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1998 г., паводле Міністэрства статыстыкі і аналізу Рэспублікі Беларусь, на душу насельніцтва прыпадала 7,4 літры чыстага алькаголю, што складала звыш 10 літраў на дарослага чалавека. Паказьнік перавысіў найбольшы ўзровень спажываньня сьпірту, які быў ў 1984 годзе. У 1999 г. 30% насельніцтва Беларусі злоўжывала сьпіртовымі напоямі. У выніку на 1 студзеня 2000 г. на ўліку ў наркалягічных дыспансэрах стаялі каля 170 000 (1,7%) жыхароў Беларусі[5].

У 2010 г. ад атручаньня сьпіртовымі напоямі памерлі 2407 жыхароў[6]. У 2013 г. спажываньне на кожнага жыхара ва ўзросьце ад 15 гадоў сталася найбольшым у сьвеце (17,5 літра). На мужчыну ў сярэднім прыпадала 27,5 літра чыстага сьпірту, на жанчыну — 9,1 літра[2]. Паводле дзелі выдаткаў на сьпіртовыя напоі насельніцтва Беларусі (5,5% ад агульнай сумы выдаткаў за год) знаходзілася на трэцім месцы ў сьвеце пасьля жыхароў Эстоніі (6,5%) і Расеі (5,8%)[7]. За 2016 год у Беларусі выпусьцілі каля 250 млн літраў алькагольных напояў, вытворчасьць якіх прывяла да разарэньня 1/3 дзяржаўных сьпіртзаводаў праз панесеныя страты ў памеры звыш $100 млн[8].

Глядзіце таксама[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ а б Алькагольныя напіткі // Беларуская энцыкляпэдыя ў 18 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 1996. — Т. 1. — С. 262. — 552 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0036-6
  2. ^ а б в Нацыя алькаголікаў // Белсат, 13 траўня 2014 г. Архіўная копія ад 13 траўня 2014 г. Праверана 1 кастрычніка 2016 г.
  3. ^ а б в Сьвятлана Барысенка. Безумоўная шкода «градусаў» // Зьвязда : газэта. — 2 жніўня 2013. — № 142 (27507). — С. 6. — ISSN 1990-763x.
  4. ^ Эўрапейцы штодня ўжываюць у сярэднім 3 стандартныя дозы алькаголю // Зьвязда : газэта. — 30 сакавіка 2012. — № 62 (27177). — С. 1. — ISSN 1990-763x.
  5. ^ Надзея Нікалаева. На сёньняшні дзень 30 працэнтаў усяго насельніцтва злоўжывае сьпіртнымі напоямі // Зьвязда : газэта. — 19 студзеня 2000. — № 12 (23863). — С. 3. — ISSN 1990-763x.
  6. ^ Наста Манцэвіч. Штодня ў Беларусі у выніку суіцыду і ад алькаголю памірае каля 13 чалавек // Эўрарадыё, 3 сакавіка 2011 г. Архіўная копія ад 3 сакавіка 2011 г. Праверана 1 кастрычніка 2016 г.
  7. ^ Міжнародны эўранагляднік(en). Беларусы трэція ў сьвеце па тратах на алькаголь // Радыё «Свабода», 28 траўня 2014 г. Праверана 1 кастрычніка г.
  8. ^ Тэлеканал «Беларусь 1». Амаль за тры гады алькагольная галіна Беларусі страціла 100 мільёнаў даляраў // Белтэлерадыёкампанія, 20 сьнежня 2017 г. Праверана 4 студзеня 2018 г.