Сьпірыдон Собаль
| Сьпірыдон Собаль | |
| Асабістыя зьвесткі | |
|---|---|
| Імя пры нараджэньні | Сьпірыдон Міронавіч Собаль |
| Нарадзіўся | невядома, Магілёў, ВКЛ |
| Памёр | 1645, невядома |
| Літаратурная дзейнасьць | |
| Род дзейнасьці | друкар, асьветнік, літаратар |
| Значныя творы | Куцеінскі «Буквар» |
Сьпірыдо́н Міро́навіч Со́баль (у манастве — Сільвэстар; ?, Магілёў — 1645, ?) — беларускі друкар, асьветнік і літаратар. Заснаваная ім у 1630 годзе ў Куцейне пад Воршай друкарня, стала цэнтрам беларускага кірылічнага кнігадрукаваньня.
Зьмест |
Біяграфія[рэдагаваць]
Сьпірыдон Собаль нарадзіўся ў Магілёве ў сям’і магілёўскага бурмістра Б. І. Собаля. Верагодна, адукацыю Собаль атрымаў у Кіева-Магілянскай акадэміі, зь якой у далейшым падтрымліваў шчыльныя стасункі. Ён валодаў грэцкай і лацінскай мовамі. 3 пачатку XVII настаўнік, пасьля рэктар Магілёўскай брацкай школы. 3 1624 года выкладаў у Кіеўскай брацкай школе й Кіева-Магілянскай акадэміі. У пэрыяд 1626—1628 узначальваў Кіеўскую брацкую школу.
У 1628—1630 друкаваў кнігі ў доме мітрапаліта Іова Барэцкага, які знаходзіўся каля Васкрасенскай царквы на Падоле ў Кіеве. Відавочна, што тут ён працаваў толькі да сьмерці свайго пакравіцеля ў 1631 годзе. Далейшае друкаваньне кніг пры манаполіі лаўры, пры такім уплывовым і энэргічным архімандрыце, якім быў Пятро Магіла, стала немагчымым, і Собаль прыняў запрашэньне беларускага фэадала Багдана Статкевіча перайсьці на працу да яго, у Беларусь.
Собаль пераяжджае ў Беларусь. З 1630 году пры дапамозе Статкевіча ў маёнтках Куцейна пад Воршай і пазьней у Буйнічах пад Магілёвам (каля 1635), Собаль прымае ўдзел у заснаваньні друкарняў, у якіх працявае сваю дзейнасьць.
|
«...Котвицы — теж веры статечнои знаком, |
| «На герб их милостей панов Стеткевичов».[1] |
.У 1636 годзе ён пераяжджае ў Магілёў. Пры яго актыўным удзеле пачынае працаваць друкарня Магілёўскага праваслаўнага брацтва, дзедрукаваліся духоўныя і сьвецкія кнігі на старабеларускай, лацінскай і польскай мовах.
Сьпірыдон Собаль падтрымліваў цесныя сувязі з маскоўскімі, украінскімі і польскімі друкарамі. У 1637 годзе наведаў Маскву, дзе прадаў маскоўскаму друкару В. Ф. Бурцову-Пратапопаву матрыцы шрыфтоў. У 1638 і 1639 гг. Собаль зноў наведваў Маскву, прапаноўваў свае паслугі ў якасьці друкара і настаўніка.
Мэтай адной з паездак Собаля ў Масковію зьяўлялася стварэньне ў Маскве новай друкарні. Але спадзяваньні ягоныя засталіся марнымі, ён быў хатрыманы ў памежнай Вязьме і «17 апреля в 22 день Государь указал: того Могилёвца, Спиридона Соболя из Вязьмы отпустить назад в Литву, а к Москве ево отпущать не велел, чтоб в ево ученье и в книгах смуты не было… а от нево б, Спиридона, какая ересь не объявиласа»[2]. А ў 1654 годзе, пад час захопу Воршы маскоўскімі войскамі, Куцеінская друкарня была вывезена ў Іверскі манастыр пад Ноўгарадам. У апошнія гады жыцьця быў манахам Кіева-Пячэрскай Лаўры, верагодна працаваў у лаўрскай друкарні.
Выданьні[рэдагаваць]
Вынікам яго дваццацігадовай дзейнасьці сталі каля дваццаці выданьняў. Першым кіеўскім выданьнем С. Собаля быў зборнік легендаў і аповедаў з жыцьця манахаў пад назвай «Лимонарь, сиречь цветник» (1628). Дасканалае вывучэньне «Ліманара» Собаля паказала, што пад гэтай датай ён выпусьціў не адно, а два розныя наборам і ўпрыгожаньнямі выданьні, як зрабіў пазьней і са сваім «Актоіхам» (1629). У тытульным аркушы «Актоіха» (1628) упершыню ва ўсходнеславянскім кнігадрукаваньні прымяніў гравюру на медзі.
Акрамя таго, Собаль выдаў у Кіеве яшчэ «Минею общую» (1628), і «Апостол» (1630). Апошняе выданьне выйшла «коштом и накладом пана Богдана Статкевича, подкоморого Мстиславского». Гэта выданьне таксама мае два варыянты. Усяго Собаль выпусьціў у Кіеве сем выданьняў пад выглядам чатырох.
Акрамя кніг для царквы Собаль друкаваў буквары, кнігі для хатняй малітвы — «Молитвослов», «Часослов» (1632), кнігі маральна-павучальнага зьместу, перакладзеныя з грэцкай, — «Тестамент царя Василия греческого» і згаданы ўжо «Лимонарь». Сярод яго выданьняў таксама «Брашно духовное» (Куцейна, каля 1631), і «Букварь» («Букваръ сиречъ, начало ученіа детем начинающим чтенію извыкати») (Куцейна, 1631 і 1636). У Буйнічах выдаў «Псалтыр» (1635), у Магілёўскай брацкай друкарні — «Буквар» («Букваръ языка славеньска», 1636), «Псалтыр» (1637), «Тэстамент» (1638).
Куцеінскі «Буквар»[рэдагаваць]
На сёньняшні дзень адзіны вядомы экзэмпляр першага «Буквара» Собаля захоўваецца ў Львове ў Музэі ўкраінскага мастацтва, яго з упэўненасьцю можна лічыць першым беларускім падручнікам. Сьпірыдон Собаль ня толькі надрукаваў першы «Буквар», але і ўпершыню ўвёў ва ўжытак само слова «Буквар», якое пазьней перайшло ў агульны ўжытак і канчаткова замацавалася як назва першага падручніка, па якім дзеці пачынаюць вучыцца чытаць і пісаць. Да зьяўлення першага падручніка людзей вучылі пісаць і чытаць па кнігах Сьвяшчэннага пісаньня, для гэтых мэтаў выкарыстоўвалі «Псалтыр» ды «Часаслоў».
Куцеінскі «Буквар» утрымліваў першапачатковыя веды пра граматыку, якія давалі магчымасць авалодаць тэхнікай пісьма і чытаньня. Апрача таго ў «Буквары» былі зьмешчаныя біблейскія тэксты і малітвы, а таксама маральна-павучальныя тэксты. Кніга мела 40 аркушаў. На тытульным лісьце ўверсе буйнымі літарамі надрукавана «БукварЪ», ніжэй меншымі літарамі «сиречъ, начало ученіа детем начинающим чтенію извыкати». Яшчэ ніжэй — выходныя зьвесткі «У Куцейне ізобразілся у тіпографіі Спірыдона Собаля. Року 1631». «Буквар» стаў шырока вядомы ва Ўкраіне, у Літве і Маскоўскай Русі. «Буквар» Сьпірыдона Собаля, як і ўсе выданьні Куцеінскай друкарні, вызначаецца і асаблівасьцямі паліграфічнага выкананьня — блізкасьцю да традыцыяў беларускага народнага мастацтва, зьнітаваных стылістычнымі прыёмамі барока.
Імем Сьпірыдона Собаля ў Магілёве названа друкарня: «Магілёская абласная ўзбуйнёная друкарня імя Сьпірыдона Собаля». На доме, які стаіць на месца колішняй брацкай друкарні павешана мэмарыяльная шыльда. У Воршы яго імем названа вуліца.
Крыніцы[рэдагаваць]
- ^ Подборка силлабической поэзии XVI - XVII веков (М. Смотрицкий, С. Соболь, И. Ужевич, И. Труцевич, А. Мужиловский, И. Половка, неизвестные авторы).
- ^ Русско-белорусские связи. — М., 1963. — С. 156—160
Літаратура[рэдагаваць]
- Зернова А. С. Белорус, печатник С. Соболь // Книга: Исслед. и материалы. 1965. Сб. 10;
- Исаевич Я. Д. Преемники первопечатника. М., 1981;
- Мацюк О. Я. Новые документы о типографе С. Соболе // Фёдоровские чтения, 1973. М., 1976.
- Русское книгопечатание до 1917 года : 400 лет Русского книгопечатания, отв. ред А.А. Спиридонов, М., 1964.
