Сьцяг Беларусі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі.
Перайсьці да: навігацыя, пошук
Сьцяг Беларусі (ад 1995), палотнішча 1:2

Сьцяг Беларусі — афіцыйны сымбаль Рэспублікі Беларусь. Уяўляе сабой палотнішча памерамі 1:2, падзеленае гарызантальна на чырвоную і зялёную палосы ў прапорцыі адпаведна 2:1. Уздоўж тронка разьмяшчаецца арнамэнт, чырвоны на белым фоне. Ужываецца як дзяржаўны сьцяг пасьля указу А. Лукашэнкі ад 12 чэрвеня 1995 году[1]. Шэраг аўтараў (праўнікі, гісторыкі і інш.) паказваюць на незаконнасьць дзяржаўнага статусу гэтай сымболікі з прычыны парушэньня Канстытуцыі і заканадаўства Беларусі пры прызначэньні і правядзеньні рэфэрэндуму 14 траўня 1995 году[1][2][3][4][5][6]. На гэтай падставе апазыцыйныя да ўлады А. Лукашэнкі грамадзкія, культурніцкія і палітычныя арганізацыі працягваюць выкарыстоўваць беларускі нацыянальны бел-чырвона-белы сьцяг, які быў афіцыйным дзяржаўным сымбалем Беларусі з 1991 па 1995 гады. Аднак вольна карыстацца гэтым сьцягам можна толькі за межамі краіны[7][1].

Беларусь — адзіная з колішніх рэспублік СССР, улады якой вярнулі дзяржаўны статус савецкім сымбалям, нягледзячы на наяўнасьць беларускіх гістарычных нацыянальных сьцяга і гербу. Цяперашні афіцыйны сьцяг зьяўляецца мадыфікацыяй сьцяга БССР, распрацаванага і зацьверджанага за часамі кіраваньня І. Сталіна ў 1951 годзе.

Зьмест

[рэдагаваць] Дызайн

За аснову новага сьцяга з ініцыятывы А. Лукашэкні ўзялі сьцяг БССР, зь якога прыбралі серп і молат і чырвоную зорку. Апроч таго, інвэртавалі колеры арнамэнту (замест белага арнамэнту на чырвоным фоне зьявіўся чырвоны арнамэнт на белым фоне).

Прапорцыі афіцыйнага сьцягу

[рэдагаваць] Гісторыя

[рэдагаваць] БССР

Сталінская дэманстрацыя пад новым сьцягам БССР у Менску (1950-я)
Асноўны артыкул: Сьцяг Беларускай ССР

Згодна зь першай Канстытуцыяй БССР (ССРБ), прынятай 3 лютага 1919 году, ейны сьцяг апісваўся наступным чынам: «Гандлёвы і ваенны сьцяг ССРБ — прастакутнае чырвонае (пунцовае) палотнішча з залатымі літарамі ў верхнім куце ля тронка ССРБ або надпісам „Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка Беларусь“»[8]. Пазьней сьцяг БССР некалькі разоў зьмяняўся, аднак адзінае яго адрозьненьне ад сьцяга СССР (як і сьцягоў іншых саюзных рэспублік) крылася ў надпісе «БССР» у левым верхнім куце.

Кампанія па зьмяненьні сьцягаў рэспублік Савецкага Саюзу (у тым ліку і БССР) на больш арыгінальныя распачалася «зьверху»[9] неўзабаве па сканчэньні Другой Сусьветнай вайны. Імаверна, яе прычынай было ўтварэньне ААН, дзе акрамя СССР прадстаўніцтва таксама атрымалі БССР і УССР. На тле шматколернасьці сьцягоў краінаў-удзельніцаў ААН савецкія рэспубліканскія палотнішчы выглядалі непаўнавартаснымі і безаблічнымі[9].

Для адлюстраваньня нацыянальных асаблівасьцяў на палотнішчы новага сымбалю БССР вырашылі зьмясьціць малюнак арнамэнту, вышытага ў 1917 годзе (год Кастрычніцкай рэвалюцыі) сялянкай Матронай Маркевіч зь вёскі, якая на момант стварэньня сьцяга ўваходзіла ў склад Ульянаўскага (назва ў гонар У. Леніна) сельсавету[9]. Яшчэ да вайны ўзор узялі на захоўваньне ў архіў Белпрамсавету з прычыны магчымасьці яго выкарыстаньня ў лёгкай прамысловасьці[9]. Вялікую ролю пры абраньні менавіта гэтага арнамэнту адыграла ягоная назва «Ўзыходзячае сонца», якая імпанавала камуністычнай ідэалёгіі[9].

Малюнак сьцяга БССР з пэўнымі сымбалічнымі дадаткамі да абранага арнамэнту стварыў мастак М. І. Гусеў[9], расеец з паходжаньня[10].

Помнік І. Сталіну ў Менску, адкрыты ў 1952. На пастамэнце зьмяшчаўся арнамэнт са сьцягу БССР

У выніку, 25 сьнежня 1951 году Прэзыдыюм Вярхоўнага Савету БССР зацьвердзіў новы сьцяг БССР[9]. Форму закону гэтаму ўказу надалі 27 сакавіка 1952 году[11].

[рэдагаваць] Ад БССР да Рэспублікі Беларусь

27 ліпеня 1990 году Вярхоўны Савет БССР прыняў дэклярацыю аб дзяржаўным сувэрэнітэце краіны. 25 жніўня 1991 году Беларусь абвясьціла незалежнасьць ад СССР. Яшчэ ў 1990 годзе ўлады Менску (а таксама Радашковічаў[12]) пачалі выкарыстоўваць нацыянальны бел-чырвона-белы сьцяг побач са сьцягам БССР (яны разам вывешваліся над будынкам гарсавету).

Дыскусія пра прыняцьце дзяржаўнага сьцяга разгарнулася на 6-ай пазачарговай сэсіі Вярхоўнага Савету 19 верасьня 1991 году пры абмеркаваньні закону «Аб назьве, Дзяржаўным гербе і Дзяржаўным сьцягу Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі». Яшчэ у час дзённага перапынку народны дэпутат БССР касманаўт У. Кавалёнак[12] выйшаў на плошчу, дзе на той час звычайна знаходзіліся пікетоўцы, узяў у іх бела-чырвона-белы сьцяг і ў атачэньні сваіх аднадумцаў вярнуўся ў будынак Дома ўраду. У залі паседжаньняў Вярхоўнага Савету ён паставіў нацыянальны сьцяг побач з савецкім. Пасьля перапынку пачаўся разгляд пытаньня. Н. Гілевіч прапанаваў вярнуць гістарычную беларускую сымволіку. Большасьць падтрымала яго.

Пастанова Вярхоўнага Савету ад 10 сьнежня 1991 году зацьвердзіла «Палажэньня аб Дзяржаўным сьцягу Рэспублікі Беларусь».

[рэдагаваць] Рэфэрэндум 1995 году

Праект сьцяга Беларусі, які ад пачатку прапаноўваў А. Лукашэнка
Асноўны артыкул: Рэфэрэндум у Беларусі 1995 году

Яшчэ ў 1993 годзе Лукашэнка, які ў той час быў дэпутатам Вярхоўнага Савету, прапаноўваў правесьці рэфэрэндум датычна зьмены сымболікі, але парлямэнт не падтрымаў гэтую ідэю. Па абраньні прэзыдэнтам 21 сакавіка 1995 году ён прапанаваў варыянт сьцяга з трох палосаў: зялёнай, чырвонай (шырокай) і зялёнай, а 23 сакавіка зьявіліся новыя праекты сьцягу і гербу, высунутыя на рэфэрэндум[13].

14 траўня 1995 году з ініцыявы А. Лукашэнкі адбыўся агульнанацыянальны рэфэрэндум па пытаньні нацыянальнай сымболікі. Паводле афіцыйных зьвестак, за прапанаваныя прэзыдэнтам варыянты гербу і сьцягу прагаласавала 75,1% выбарцаў (або 49,7% тых, хто меў права голасу[5]). Ужо 16 траўня новыя сьцягі вывесілі над будынкам Вярхоўнага Савету Беларусі і іншымі афіцыйнымі ўстановамі.

Пасьля апублікаваньня вынікаў рэфэрэндуму 12 чэрвеня 1995 году А. Лукашэнка выдаў указ №214, які зацьвердзіў Палажэньне аб Дзяржаўным сьцягу. Ягоны выгляд амаль цалкам адпавядаў старому сьцягу БССР 1951 году[13].

Згодна з законам РБ «Аб дзяржаўных сымбалях Рэспублікі Беларусь» (№301-3) ад 5 ліпеня 2004 году сьцяг Беларусі мае наступнае апісаньне (разьдзел II, артыкул 4):

Дзяржаўны сьцяг Рэспублікі Беларусь уяўляе сабой прастакутнае палотнішча, якое складаецца зь дзьвюх гарызантальных каляровых палос: верхняй — чырвонага колеру і ніжняй — зялёнага колеру. Стасунак шырыні палос чырвонага і зялёнага колераў — 2:1. Стасунак шырыні Дзяржаўнага сьцяга Рэспублікі Беларусь да яго даўжыні — 1:2. Каля тронка вэртыкальна разьмяшчаецца беларускі нацыянальны арнамэнт чырвонага колеру на белым полі, якое складае 1/9 даўжыні Дзяржаўнага сьцяга Рэспублікі Беларусь.

[рэдагаваць] Гісторыя дзяржаўнага сьцяга Беларусі

Дзяржаўныя сьцягі Беларусі ў XIV—XXI стст.
Выява
Назва дзяржавы
Час
Апісаньне
Grunwald Pogoń czerwona.svg
Вялікае Княства Літоўскае (сучасная рэканструкцыя) 13411795 Белая Пагоня ў чырвоным полі
Flag of Belarus (1991-1995).svg
Беларуская Народная Рэспубліка 19181919 Палотнішча памерамі 1:2, з трох роўных гарызантальных палосаў — дзьвюх белых і адной чырвонай між імі
Byssr flag 1919.svg
ССРБ 1919 Прастакутнае чырвонае (пунцовае) палотнішча з залатымі літарамі ў верхнім куце ля тронка ССРБ або надпісам «Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка Беларусь»
Flag of the Lithuanian-Byelorussian SSR.svg
ЛітБел 19191920 Чырвонае палотнішча памерамі 1:2
Byssr flag 1919.svg
ССРБ 19201924 Прастакутнае чырвонае (пунцовае) палотнішча з залатымі літарамі ў верхнім куце ля тронка ССРБ або надпісам «Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка Беларусь»[14]
БССР 19241927 Фактычна не было[8]
Flag of the Byelorussian SSR (1927).svg
19271937 Чырвонае або пунсовае палотнішча, у верхнім куце якога ля трока зьмяшчаюцца залатыя літары «БССР» або надпіс «Беларуская Сацыялістычная Савецкая Рэспубліка»
1937-1940
19371951 Чырвонае палотнішча памерамі 1:2 з выявай у яго верхнім куце, ля тронка залатых сярпа і молата і над імі — чырвонай пяціканцовай зоркі, аблямаванай залатым шлякам, а ўнізе сярпа і молата залатыя літары — БССР
Flag of Byelorussian SSR.svg
19511991 Палотнішча зь дзьвюх гарызантальна разьмешчаных палосаў: верхняй чырвонага колеру і ніжняй зялёнага колеру ў стасунку 2/3:1/3 з выявай у верхнім левым куце чырвонай паласы залатых сярпа і молата і над імі чырвонай пяціканцовай зоркі, аблямаванай залатым шлякам. Ля трока вэртыкальна разьмяшчаецца арнамэнт белага колеру на чырвоным полі, які складае 1/9 даўжыні сьцяга
Flag of Belarus (1991-1995).svg
Рэспубліка Беларусь 19911995 Палотнішча памерамі 1:2, з трох роўных гарызантальных палосаў — дзьвюх белых і адной чырвонай між імі

[рэдагаваць] Падобныя сьцягі

Падобныя сьцягі
Flag of Madagascar.svg Flag of Oman (bordered).svg Flag of Lithuanian SSR.svg Flag of the Chechen Republic.svg
Сьцяг Мадагаскару Сьцяг Аману Сьцяг Летувіскай ССР Сьцяг Чачэніі

[рэдагаваць] Глядзіце таксама

[рэдагаваць] Крыніцы

  1. ^ a b c А. Латышонак. Дзяржаўная сымболіка Беларускай Народнай Рэспублікі // Жаўнеры БНР. — Беласток-Вільня, 2009.
  2. ^ Міхаіл Пастухоў. Ці законны рэфэрэндум 1995 году адносна наданьня дзяржаўнага статусу расейскай мове? // Аняменне. З кронікі знішчэння беларускай мовы. — Вільня: Gudas, 2000. ISBN 998-6951-82-7.
  3. ^ Сяргей Запрудзкі. Грамадзкае сьцьвярджэньне беларускай мовы і парушэньні правоў беларускамоўных людзей // Аняменне. З кронікі знішчэння беларускай мовы. — Вільня: Gudas, 2000. ISBN 998-6951-82-7.
  4. ^ Сяргей Запрудзкі. Моўная палітыка ў Беларусі ў 1990-я гады // Архэ Пачатак № 1 (21) — 2002
  5. ^ a b Ігар Лялькоў. Пытаньне дзяржаўнай сымболікі ў Беларусі: гісторыя і сучасны стан // ARCHE № 1 (21) — 2002.
  6. ^ Заключение Конституционного Суда Республики Беларусь от 11 октября 1995 г. №З-17/95 «О соответствии Конституции Республики Беларусь статьи 7 Закона „О Верховном Совете Республики Беларусь“, статьи 10, части четвертой статьи 63 Временного регламента Верховного Совета Республики Беларусь»
  7. ^ Ці маюць права адбіраць бел-чырвона-белы сьцяг? // «Радыё Свабода», 2 лютага 2009.
  8. ^ a b Басаў А. Н., Куркоў І. М. Флагі Беларусі ўчора і сёння / Пер. А. Н. Найдовіч. — Мн.: Полымя, 1994. С. 22.
  9. ^ a b c d e f g Басаў А. Н., Куркоў І. М. Флагі Беларусі ўчора і сёння / Пер. А. Н. Найдовіч. — Мн.: Полымя, 1994. С. 24.
  10. ^ Валянцін Тарас: «Трэба жыць» // «Наша Ніва» 2005 — 05.
  11. ^ Басаў А. Н., Куркоў І. М. Флагі Беларусі ўчора і сёння / Пер. А. Н. Найдовіч. — Мн.: Полымя, 1994. С. 25.
  12. ^ a b Басаў А. Н., Куркоў І. М. Флагі Беларусі ўчора і сёння / Пер. А. Н. Найдовіч. — Мн.: Полымя, 1994. С. 26.
  13. ^ a b Дзяржаўны сьцяг Рэспублікі Беларусь(рас.). «VEXILLOGRAPHIA: Официальный сайт русского центра флаговедения и геральдики»Праверана 17 кастрычніка 2010 г.
  14. ^ Басаў А. Н., Куркоў І. М. Флагі Беларусі ўчора і сёння / Пер. А. Н. Найдовіч. — Мн.: Полымя, 1994. С. 21.

[рэдагаваць] Вонкавыя спасылкі

Commons-logo.svg  Сьцяг Беларусісховішча мультымэдыйных матэрыялаў

Асабістыя прылады
Прасторы назваў
Варыянты
Дзеяньні
Навігацыя
Удзел
Інструмэнты
На іншых мовах