Сьцяпан Ліхадзіеўскі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Сьцяпан Ліхадзіеўскі
Асабістыя зьвесткі
Псэўданімы Гуртковец; А.Случанскі; А.Случанский; Л.Сцяпанаў
Нарадзіўся 9 траўня 1911
Баславічы, Слуцкі павет, Менская губэрня
Памёр 13 лютага 1979
Ташкент
Пахаваны
Літаратурная дзейнасьць
Род дзейнасьці паэт, перакладнік, крытык, літаратуразнаўца
Мова беларуская, расейская, узбэцкая
Узнагароды
юбілейны мэдаль «30 гадоў Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне 1941—1945 гг.» мэдаль «За доблесную працу ў Вялікай Айчыннай вайне 1941—1945 гг.»

Сьцяпан Іванавіч Ліхадзіеўскі (9 траўня 1911, Баславічы, Слуцкі павет, Менская губэрня — 13 лютага 1979, Ташкент) — беларускі паэт, перакладнік, крытык і літаратуразнаўца.

Доктар філялягічны навук (1967), прафэсар (1968); сябра Саюзу пісьменьнікаў Узбэкістану з 1948.

Біяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Нарадзіўся 9 траўня 1911 вёсцы Баславічы (цяпер — Барок) у беларускай сялянскай сям’і. Вучыўся ў Беларускім пэдагагічным тэхнікуме (1926—1930), Беларускім дзяржаўным унівэрсытэце (1930—1931), Беларускім вышэйшым пэдагагічным інстытуце (1931—1933). У 1928 уступіў у літаратурнае аб’яднаньне «Маладняк»; потым стаў сябрам БелАПП. Як малады літаратар атрымліваў пэрсанальную стыпэндыю ад Наркамасьветы.

Арыштаваны 23 лютага 1933 і 10 жніўня 1933 беспадстаўна асуджаны на 3 гады высылкі ў Казахстан. У 1933—1937 настаўнічаў там у школах Сары-Ачаскага раёну. У 1937 залічаны на 3 курс літаратурнага факультэту Ташкенцкага пэдагагічнага інстытуту. 3 чэрвеня 1937 году Галоўная ўправа ў справах літаратуры і выдавецтваў Беларускай ССР (Галоўліт БССР) выдала Загад № 33 «Сьпіс літаратуры, якая падлягае канфіскацыі зь бібліятэк грамадзкага карыстаньня, навучальных установаў і кнігагандлю». Паводле Загаду, «усе кнігі» Сьцяпана Ліхадзіеўскага прадугледжвалася «спальваць»[1]. У 1939 скончыў Томскі пэдагагічны інстытут; паступіў у асьпірантуру Ташкенцкага пэдагагічнага інстытуту, дзе выкладаў замежную літаратуру. З 1963 загадваў катэдрай Рэспубліканскага пэдагагічнага інстытуту расейскай мовы і літаратуры. Рэабілітаваны 24 жніўня 1956 судовай калегіяй па крымінальных справах Вярхоўнага суда БССР. Памёр 13 лютага 1979 у Ташкенце.

Творчасьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Друкавацца пачаў з 1925 у газэце «Малады араты». Выдаў зборнікі вершаў і паэм «Рокаты дальняй прыстані» і «Чырванеюць вішні» (1931), «Крывавыя зьнічкі на сьнезе» і «Мы — маладая гвардыя» (1932), «Берасьцянка жывых трывог» (1962), «Вянкі камунарам» (1974), «Чырвоныя макі» (1981).

Пісаў на беларускай, расейскай і узбэцкай мовах. Рэдагаваў кнігі ўзбэцкіх паэтаў. Уваходзіў у рэдкалегію часопіса «Звезда Востока». Дасьледаваў творчасьць Анатоля Франса.

Перакладаў на беларускую мову клясычныя вершы эўрапейскіх паэтаў: Гайнрыха Гайнэ, Тэафіля Гат’е, Шарля Бадлера, Сюлі-Прудома, Поля Вэрлена, Арцюра Рэмбо, Жака Прэвэра, Поля Элюара і іншых.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Алесь Лукашук. Мова гарыць (Загад № 33) // Спадчына : часопіс. — 1996. — № 3. — С. 76—91. — ISSN 0236-1019.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Ліхадзіеўскі Сьцяпан Іванавіч // Маракоў Л.У. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі, 1794—1991. Энц. даведнік. У 10 т. Т. 2. — Мн:, 2003. ISBN 985-6374-04-9.
  • Ліхадзіеўскі, С. «Паданні пра шчаслівы дзень...» Вершы // Роднае слова. — 2001. — № 5. — С. 77.