Сяргей Сурыновіч

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Сяргей Сурыновіч
Адукацыя
Дзейнасьцьмаляр, паэт
Нарадзіўся13 красавіка 1976(1976-04-13) (47 гадоў)

Сярге́й Сурыно́віч (псэўд. Яўген Бартніцкі; нар. 13 красавіка 1976, в. Лугамавічы, Іўеўскі раён) — беларускі бібліст, доктар біблійнай тэалёгіі[1], сьвятар рымскага абраду.

Біяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Нарадзіўся 13 красавіка 1976 у вёсцы Лугамавічы Іўеўскага раёну ў сям’і настаўніка. У 1993 годзе скончыў Іўеўскую сярэднюю школу, а адначасова зь ёй музычную па клясе баяна. З 1993 году вучыўся ў Гарадзенскае духоўнай сэмінарыі, а з 1997 у Пецярбурскае духоўнай сэмінарыі, якую пасьпяхова скончыў у 2000 годзе, абараняючы працу па багаслоўі ў Лятэранскім унівэрсытэце ў Рыме, магістар тэалёгіі. У 1999—2000 рэдагаваў газэту «Krynica» Таварыства беларусаў Санкт-Пецярбурга. Застаўся ў Расеі і потым служыў на Каўказе, Урале (Перм), у Калінінградзе. З 2002 выкладаў беларускую мову ў Пермскім дзяржаўным пэдунівэрсытэце. Служыў у Віцебску як пробашч парафіі Сьвятога Духа (да 2008 г.). Служыў пробашчам парафіі Божага Провіду ў Слабодцы Браслаўскага раёну (да 2012 г.). Цяпер служыць пробашчам у касьцёле Найсьвяцейшай Тройцы і кляштары бернардынаў у Друі.

Навуковая дзейнасьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 2019 годзе ва Ўнівэрсытэце кардынала Стэфана Вышынскага ў Варшаве (Польшча) абараніў доктарскую дысэртацыю. Абароненая праца была напісана на катэдры экзэгетыкі Новага Запавету тэалягічнага факультэту Інстытуту біблійных навук на тэму: «Прынцыпы ўтварэньня антрапонімаў і тапонімаў у перакладах Новага Запавету на сучасную беларускую мову»[2].

Аўтар практычнай транскрыпцыі імён уласных і геаграфічных назваў з старажытнагрэцкай мовы[3].

Ад 2008 году Сяргей Сурыновіч пачаў працу па алічбоўваньні ўсіх вядомых беларускіх перакладаў Бібліі.

Валодае іўрытам, грэцкай, польскай, нямецкай, украінскай мовамі.

Творчасьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Дэбютаваў вершаванай містэрыяй для дзяцей «Батлейка» («Дыялог», 1998). Аўтар зборнікаў паэзіі «Летуценьнік» (1999), «Пакліканьне» (2000). Больш за 50 публікацыяў у беларускім друку, вершы айца Сяргея друкаваліся ў часопісах «Дыялог», «Беларусь», у газэтах «Наша слова», «Голас Радзімы», «Царква».

Арганізатар Друйскага мастацкага пленэру[4].

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]