Сярэдняя Літва

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да: навігацыі, пошуку
Сярэдняя Літва
Litwa Środkowa
Flag of Lithuania.svg
13 кастрычніка 192018 красавіка 1922 Flag of Poland.svg
Сьцяг Сярэдняй Літвы Герб Сярэдняй Літвы
(Сьцяг) (Герб)
Месцазнаходжаньне Сярэдняй Літвы
Афіцыйная мова польская
Сталіца Вільня
Плошча
 • агульная

13 490 км² км²
Насельніцтва
 • агульнае (1920)
 • шчыльнасьць

490 000
36 ас/км²
Цяпер зьяўляецца часткай Летува, Польшча, Беларусь
Маркі Сярэдняй Літвы

Сярэ́дняя Літва́ (па-польску: Litwa Środkowa) — дзяржаўнае ўтварэньне на тэрыторыях усходняй Летувы і заходняй Беларусі з цэнтрам у Вільні (кастрычнік 1920 — сакавік 1922), занятых у кастрычніку 1920 войскамі генэрала Люцыяна Жалігоўскага.

Канцэпцыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Утварэньне Сярэдняй Літвы зьявілася вынікам узаемадзеяньня фэдэралісцкай канцэпцыі Юзэфа Пілсудзкага з вайскоўцамі і палітычнымі рэаліямі 19181920 гадоў. Па думцы Пілсудзкага, узьніклыя на абломках Расейскай і Аўстрыйскай імпэрыяў беларуская, польская, украінская і летувіская дзяржавы павінны былі ўтварыць фэдэрацыю, якая адраджае Рэч Паспалітую. Аднак у Польшчы, Беларусі і суседніх краінах да завяршэньня Першай сусьветнай вайны ўзяла верх ідэя нацыянальнай дзяржавы. Тым ня менш Пілсудзкі імкнуўся да стварэньня саюзнай з Польшчай літоўскай фэдэрацыі — Літвы Паўночнай (Літвы ковенскай), Літвы Сярэдняй і Літвы Паўднёвай (са сталіцай у Наваградку). Свайго роду мадыфікацыяй гэтай ідэі зьявіўся пазьней «плян Гіманса» — высунуты ўвесну 1921 бэльгійскім дыпляматам Полем Гімансам плян урэгуляваньня польска-летувіскага канфлікту, які прадугледжваў стварэньне дзяржавы з двух кантонаў — з цэнтрам у Вільні і з цэнтрам у Коўне.

Перадумовы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1918—1919 гадох летувісы даволі пасьпяхова будавалі сваю дзяржаву. Спачатку ім актыўна дапамагалі немцы, а потым і краіны Антанты. Галоўным жаданьнем летувісаў было ўключыць у сваю дзяржаву ўсю Віленшчыну разам са старадаўняй сталіцай Вялікага Княства Літоўскага[1]. Спачатку савецкая Расея ставілася да стварэньня летувісамі ўласнай дзяржавы адназначна адмоўна. Але пасьля акупацыі палякамі ЛітБелу сытуацыя зьмянілася, бо Летува зрабілася хаўрусьніцай бальшавікоў у змаганьні з Польшчай[2]. 11 верасьня 1919 урад Савецкай Расеі заявіў пра згоду прызнаць Летувіскую дзяржаву і заключыць зь ёю мірнае пагадненьне.

У ліпені 1920, падчас савецка-польскай вайны, бальшавіцкія войскі перайшлі ў наступ. Польская дзяржава, зьнясіленая двума гадамі баявых дзеяньняў і экспансіі на Ўсходзе, вырашыла прасіць дапамогі ў Антанты. Прэм’ер-міністар Уладзіслаў Грабскі выехаў дзеля гэтага ў Спа (Бэльгія) на канфэрэнцыю эўрапейскіх дзяржаваў. Краіны Антанты паставілі перад польскім прэм’ерам умову: вайсковая і грашовая дапамога Польшчы будзе, калі Варшава адмовіцца ад палітычных прэтэнзіяў на Вільню і Віленскі край. 10 ліпеня 1920 году дамова паміж польскай дзяржавай і краінамі Антанты была падпісаная.

Праз два дні, 12 ліпеня, урад Савецкай Расеі, прызнаўшы незалежнасьць Летувы, перадаў ёй у абмен на нэўтралітэт у савецка-польскім канфлікце Віленскі край зь Вільняй, а таксама Горадню, Ліду, Смургоні, Ашмяну, Нарач і Браслаўскія азёры. 14 ліпеня Чырвоная Армія займае Вільню, а ў верасьні перадае яе летувісам.

У ходзе контрнаступленьняў у жніўні-верасьні 1920, пасьля бітвы на Вісьле, польскія войскі адваявалі 12 беларускіх паветаў у Савецкай Беларусі, а таксама Горадню, Ліду, Сьвянцяны ў Летувы. Віленскі край заставаўся ў складзе Летувы, хоць этнічныя летувісы складалі тутака паводле розных падлікаў ад 5% да 18% (у самой Вільні іх было 4,5%). Грубая заваёва краю польскімі войскамі выклікала б востры пратэст з боку Эўропы і Лігі Нацый, таму захоп Вільні і Віленскага краю павінен быў выглядаць як звычайны «бунт». Роля «бунтаўнікоў» адводзілася Літоўска-беларускай дывізіі пад камандаваньнем Люцыяна Жалігоўскага. Дывізія Жалігоўскага складалася на 90% з жаўнераў-ураджэнцаў Беларусі, а значная частка іх, у сваю чаргу, паходзіла зь Віленскага краю.

20 верасьня Пілсудзкі, галоўны ініцыятар акцыі, выдаў загад аб накіраваньні Літоўска-беларускай дывізіі на Гарадзеншчыну, на зімовыя кватэры. 30 верасьня ў Беластоку адбылася сустрэча паміж Жалігоўскім і Пілсудзкім. Жалігоўскі пазьней успамінаў:


« Пілсудзкі паведаміў, што Польшча адмовілася афіцыйна ад Вільні ў Спа і зараз няма іншага спосабу вярнуць горад. Трэба, каб гараджане самі падняліся за свае правы... Трэба толькі памятаць, што можа наступіць час, калі і Сойм, і Сэнат, і Польшча адракуцца вас, таму трэба быць гатовым узяць усё пад сваю адказнасьць. Пра гэта нельга казаць уголас »

—Люцыян Жалігоўскі, Наша Ніва. Кароткая гісторыя яшчэ адной Літвы

Прэцэдэнт самавольнага адваяваньня краю ўжо існаваў. У верасьні 1919 італьянскі паэт і нацыяналіст Габрыэле Д’Анунцыё на чале групы ахвотнікаў заваяваў вольны горад Ф’юмэ (Рыеку), порт на ўсходнім узьбярэжжы Адрыятыкі, і абвясьціў аб далучэньні яго да Італіі.

Стварэньне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У канцы верасьня 1920 у Сувалках пачаліся польска-летувіскія перамовы. На іх была падпісаная дамова, якая перасоўвала дэмаркацыйную лінію на поўнач на 40-60 км. Вільня заставалася на летувіскім баку, што не задавальняла польскія ўлады. Дамова павінна была ўступіць у дзеяньне 10 кастрычніка 1920.

6 кастрычніка Люцыян Жалігоўскі аддаў загад пра перамяшчэньне апэратыўнае ваеннае групоўкі ў раён Воранава і Беняконяў за вызначаную сувалкаўскімі перамовамі дэмаркацыйную лінію. Ядро дывізіяў склалі часткі I Літоўска-Беларускай дывізіі, у склад якой уваходзілі Віленскі, Гарадзенскі, Менскі, Сувалкаўскі, Лідзкі і Ковенскі палкі[2]. Дзеяньні частак, сфармаваных з выхадцаў Вільні і Віленскага краю, павінны былі насіць стыхійны характар, які выказвае волю насельніцтва, і выглядаць як вяртаньне законных гаспадароў у родны край.

У гэты ж дзень у раён Эйшышак падышла дывізія добраахвотнікаў Мар’яна Касьцялкоўскага. Раніцай 7 кастрычніка на нарадзе афіцэраў дывізіі Жалігоўскі абвясьціў, што войска пад ягоным камандаваньнем рушыць на Вільню, і патлумачыў ім сапраўдны характар акцыі. Толькі паасобныя афіцэры ўспрынялі акцыю непрыхільна і адмовіліся ўдзельнічаць, за што былі высланыя з дывізіі. Генэрал адзначаў: «Гэта былі нашае права і абавязак. Дажывем да адбудовы Вялікай Літвы. Ніхто нам гэтага ня забароніць». Большасьць жаўнераў з радасьцю ўспрыняла вестку пра марш на Вільню, справядліва лічачы, што ідуць вызваляць сваю малую Айчыну.

Да Вільні было 50 км. Мар’ян Касьцялкоўскі разам з добраахвотніцкай дывізіяй ішоў праз Рудніцкую пушчу, Літоўска-Беларуская дывізія — абапал чыгункі Ліда-Вільня. На першых кілямэтрах ніякага супраціву не было, толькі каля мястэчка Яшуны, пры пераправе церазь Мерачанку, адбылася дзьвюхгадзінная бойка зь летувіскім аддзелам. Літоўска-беларуская дывізія страціла некалькі чалавек забітымі і параненымі. Дарога на Вільню была адчыненая. Летувіскія жаўнеры былі ў шоку: палонных жаўнераў паводле загаду генэрала адпускалі, размаўляць з парлямэнтарамі Жалігоўскі адмаўляўся, матывуючы гэта тым, што адбываецца ніякая не вайсковая акцыя, а вяртаньне жаўнераў дахаты. «Інстынкт стагодзьдзяў супольнага жыцьця працівіўся праліцьцю суседзкай крыві».

А восьмай раніцы 9 кастрычніка на подступах да Вільні разгарэліся першыя сутычкі. 4-ы батальён пяхоты і 9-ы летувіскі полк хутка былі разгромленыя. Віленчукі, аб’яднаныя ў патрыятычныя суполкі, знутры гораду аказвалі супраціў летувіскім войскам (камандаваньне якіх прыняло рашэньне аб эвакуацыі), абстрэльвалі іх пры адыходзе. Да другой гадзіны дня летувіскія аддзелы пакінулі Вільню. Першымі ў места з боку прадмесьця Коміны ўвайшлі Менскі полк пяхоты і эскадрон конных стралкоў. Віленчукі іх радасна віталі.

Увечары таго жа дня генэрал Жалігоўскі радыёграмай, адрасаванай урадам Польшчы, ЗША, іншых дзяржаваў і Лізе Нацый, апавясьціў аб тым, што салдаты родам зь Віленскага краю адмовіліся падпарадкоўвацца Вярхоўнаму галоўнакамандуючаму, ён прыняў камандаваньне над імі і створаная часавая выканаўчая камісія. Адначасова быў выпушчаны зварот салдатаў I Літоўска-Беларускай дывізіі, у якім аб’яўлялася, што пакуль хоць бы адзін зь іх у стане трымаць у руках зброю, могілкі продкаў не захопіць «летувіс, бальшавік або немец», а «ангелец» ня будзе вырашаць іх лёс. Паўстанцы былі спыненыя летувісамі толькі ў раёне Шырвінтаса. Польшча заявіла, што адбываецца беларуска-летувіскі канфлікт, да якога яна ня мае ніякага дачыненьня[2].

Аб утварэньні Сярэдняй Літвы апавяшчалі тры ноты, высланыя 12 кастрычніка 1920 генэралам Л. Жалігоўскім ураду Польшчы ў Варшаве, ураду Летувы ў Коўне і дзяржавам Антанты. Першы з дэкрэтаў абвяшчаў, што паўстае новая дзяржава пад назвай Сярэдняя Літва са сталіцай у Вільні, з тэрыторыяй 15 тыс. кв.км і насельніцтвам, крыху большым за 1,5 мільёна чалавек. Гербам новай дзяржавы станавіўся шчыт з Арлом і Пагоняй.

Ліга Нацыяў запатрабавала спыненьня баявых дзеяньняў, умяшаўшыся ў момант, калі, паводле меркаваньня некаторых летувіскіх дасьледнікаў, летувіскім войскам пасьля ўдалых баёў пад Гедрайцамі (19 лістапада) і Шырвінтамі (21 лістапада) адкрывалася дарога на Вільню. Пры пасрэдніцтве кантрольнай камісіі Лігі Нацыяў 29 лістапада было складзенае замірэньне. Стварылася фармальна незалежная дзяржава пад назвай Сярэдняя Літва. Яе кіраўніком стаў генэрал Л. Жалігоўскі. 17 сьнежня 1920 ваенная кантрольная камісія Лігі Нацыяў пазначыла нэўтральную паласу ў 10 км, якая падзяляла Летувіскую Рэспубліку і Сярэднюю Літву.

Дэмаркацыйныя лініі 19191939

Пазьней па патрабаваньні Польшчы канфэрэнцыя амбасадараў Ангельшчыны, Францыі, Італіі, Японіі 15 сакавіка 1923 прыняла рашэньне аб ліквідацыі нэўтральнай паласы, усталяваўшы дэмаркацыйную лінію заходняй чыгункі Даўгаўпілс — Гародня. Летувіскія ўлады з гэтым рашэньнем не пагадзіліся, але былі змушаныя лічыцца з існаваньнем дэмаркацыйнай лініі, якую ўлады Польшчы тлумачылі як дзяржаўную мяжу.

Legend-red-dash-dot.svg 18 чэрвеня 1919
Brown-long-dash.svg 27 ліпеня 1919
Legend-yellow-dot.svg 7 кастрычніка 1920 (Сувалцкая дамова)
Legend-pink-solid.svg 3 лютага 1923

Тэрыторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Згодна з дэкрэтам № 1 ад 12 кастрычніка 1920 галоўнакамандуючага войскамі генэрала Л. Жалігоўскага тэрыторыя Сярэдняй Літвы першапачаткова ўключала 14 гмінаў Браслаўскага, па адной гміне Вілейскага і Дзісенскага, 19 гмінаў Віленскага павету, Троцкі павет, гміны Лідзкага павету на правым беразе Нёману і 8 гмінаў Гарадзенскага павету. Пазьней мяжа Сярэдняй Літвы была перанесеная крыху на поўнач і прайшла па лініі Алкенікі — Беняконі — Дзевянішкі — Трабы — Лебедзі, на захад ад Маладэчна і Вілейкі, потым на поўнач да Казянаў і ракі Заходняя Дзьвіна, на захад ад Друі. Сярэдняя Літва ў выніку поўнасьцю ці часткова ахоплівала Ашмянскі, Сьвянцянскі, Троцкі, Віленскі, Браслаўскі і Лідзкі паветы; яна займала каля 10 тыс. км² і налічвала 530 тыс. чал., 40% зь якіх складалі беларусы.

Насельніцтва[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Насельніцтва Сярэдняй Літвы складала 500 000 чалавек, паводле падлікаў некаторых дасьледнікаў у канцы 1921 дасягала 647 тыс. Палякі складалі 70% (каля 370 тыс.)[3], летувісы — 12,8%, беларусы — 6%, габрэі — 4%. Прадстаўнікі іншых нацыянальнасьцяў і этнічных групаў (расейцы, татары, караімы, армяне, немцы, латышы) у суме складалі 6,5% жыхароў[4]. Пастанова Часовай кіравальнай камісіі, прынятая 3 сакавіка 1922, у якасьці раўнапраўных мясцовых моваў прызнала польскую, летувіскую, беларускую і габрэйскую (ідыш).

Беларусы ў Сярэдняй Літве[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У першы пэрыяд існаваньня Сярэдняй Літвы ў сувязі з будучым плебісцытам Часовая кіруючая камісія праводзіла ў адносінах да беларускага насельніцтва лібэральную нацыянальную палітыку. 9 кастрычніка 1920 ў Вільні на нарадзе беларускіх дзеячоў, у якой прынялі ўдзел Браніслаў Тарашкевіч, Вацлаў Іваноўскі, Антон Луцкевіч і інш., было вырашана выкарыстаць спрыяльныя палітычныя абставіны для разьвіцьця беларускай адукацыі і асьветы. Па прапанове ўрада Тарашкевіч заняў пасаду старшага рэфэрэнта ў Дэпартамэнце асьветы. Вясной 1921 ў краі дзейнічала 186 беларускіх школаў. У канцы 1920 тут заснаваная Барунская настаўніцкая сэмінарыя. У 1921 па ініцыятыве Тарашкевіча створанае Таварыства беларускай школы. Аднак беларускае школьніцтва на Віленшчыне існавала да таго часу, пакуль у складзе Часовай кіруючай камісіі заставаліся Іваноўскі і Тарашкевіч (у кастрычніку 1921 ён адмовіўся ад працы ў Дэпартамэнце асьветы). Новы ўрад Сярэдняй Літвы прыступіў да ліквідацыі беларускай асьветы. У 1922 колькасьць беларускіх школаў скарацілася да 29.

Урад Сярэдняй Літвы абяцаў даць Віленшчыне аўтаномію і фінансава падтрымліваў беларускія нацыянальныя арганізацыі. На тэрыторыі Сярэдняй Літвы дзейнічала некалькі беларускіх арганізацыяў, прадстаўнікі групаў рознай палітычнай арыентацыі, якія былі зьвязаныя зь Беларусьсю.

Кіраваньне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Паводле дэкрэту № 1 ад 12 кастрычніка 1920 Вярхоўнага галоўнакамандуючага войскамі Сярэдняй Літвы Люцыяна Жалігоўскага, вярхоўная ўлада прыналежала Вярхоўнаму галоўнакамандуючаму, выканаўчая ўлада — Часовай кіравальнай камісіі (па-польску: Tymczasowa Komisja Rządząca). Улада камісіі залежала ад Жалігоўскага, паколькі ім вызначалася яе кампэтэнцыя і паўнамоцтвы. Старшынёй яе стаў спачатку Вітольд Абрамовіч, прыхільнік польска-літоўскай фэдэрацыі. Сябрамі камісіі былі Лявон Бабіцкі, браты Іваноўскія, Браніслаў Тарашкевіч і іншыя.

Галоўнымі задачамі Часовай камісіі зьяўлялася забесьпячэньне палітычнай і эканамічнай стабільнасьці краю. Слабасьць цэнтральнай улады Сярэдняй Літвы стала прычынай злоўжываньняў з боку мясцовай адміністрацыі і вайскоўцаў.

Кашталянам Вільні быў прызначаны маёр Станіслаў Бабятынскі.

Апарат кіраваньня фармаваўся на падставе дэкрэту № 2 ад 12 кастрычніка 1920: дырэктарам дэпартамэнту аховы краю прызначаўся Лявон Бабіцкі, дырэктарам дэпартамэнту замежных справаў — Юры Іваноўскі, унутраных справаў — Вітольд Абрамовіч, працы і сацыяльнай аховы — Мячыслаў Энгель, прамысловасьці, гандлю і ўзнаўленьні гаспадаркі — Тэафіль Шопа, лясной і сельскай гаспадаркі, а пазьней дэпартамэнту прамысловасьці — Вацлаў Іваноўскі, асьветы — Браніслаў Тарашкевіч, і інш. Пазьней Антоній Янкоўскі стаў дырэктарам дэпартамэнта фінансаў, Станіслаў Касьцялкоўскі — асьветы, Севярын Людкевіч — сельскай і лясной гаспадаркі, Аляксандар Ахматовіч — юстыцыі.

Незадаволенасьць насельніцтва дзейнасьцю камісіі выклікала крызыс. У студзені 1921 М. Энгель, А. Янкоўскі, Ю. Іваноўскі, Т. Шопа сышлі ў адстаўку. Старшынёй рэарганізаванай камісіі новага складу стаў генэрал Станіслаў Макжэцкі. Пасьля закулісных перамоваў па ініцыятыве Ю. Пілсудзкага дэкрэтам № 415 ад 21 кастрычніка 1921 генэрал Жалігоўскі прызначыў старшынёй камісіі Аляксандра Мяйштовіча, а дэкрэтам № 419 перадаў яму ўсю вярхоўную ўладу ў Сярэдняй Літве. Асноўнай задачай Мяйштовіча было правядзеньне выбараў у прадстаўнічы орган Сярэдняй Літвы — сойм, які павінен быў вырашыць яе лёс.

Герб, сьцяг і іншыя атрыбуты[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Герб Сярэдняе Літвы (сучасная рэканструкцыя)

Герб Сярэдняй Літвы ўсталёўваўся дэкрэтам № 1 ад 12 кастрычніка 1920 і адлюстроўваў сабой шчыт зь Белым Арлом (традыцыйны геральдычны знак Польшчы) на правай палове і Пагоняй (традыцыйны геральдычны знак Літвы (Беларусі)) на левай палове. Колер сьцягу быў чырвоным. Гімн усталяваны ня быў. Сталыя жыхары маглі атрымаць альбо пашпарт грамадзяніна Сярэдняй Літвы на польскай і летувіскай мовах, альбо пашпарт жыхара Сярэдняй Літвы замежнага паходжаньня на польскай мове і беларускай або габрэйскай.

Сьцяг Сярэдняе Літвы (сучасная рэканструкцыя)

Спачатку адначасова цыркулявалі розныя валюты (маркі польскія і нямецкія, расейскія грашовыя знакі). Дэкрэтам Жалігоўскага ад 12 сакавіка 1921 адзіным законным сродкам плацяжу ўсталёўвалася польская марка. Аснову дэфіцытнага бюджэту Сярэдняй Літвы складалі фактычна беззваротныя пазыкі Польшчы.

Першыя паштовыя маркі новай дзяржавы выйшлі 20 кастрычніка 1920 і мелі выяву двух гербаў: польскага арла і «Пагоні». На марках 1920—1922 гадоў можна ўбачыць выявы помнікаў гісторыі і архітэктуры Вільні (сярод якіх касьцёл Сьв. Ганны і Вострая Брама), партрэты каралевы Ядвігі і караля Ягайлы, Тадэвуша Касьцюшкі і Адама Міцкевіча. Некалькі разоў выходзілі маркі з партрэтам Л. Жалігоўскага. У лістападзе 1921 г. выйшла марка, прысьвечаная ўваходу войска Л. Жалігоўскага ў Вільню 9 кастрычніка 1920 году[5].

Войска[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Часткі, якія ўдзельнічалі ў апэрацыі 8—9 кастрычніка былі ператвораныя ў I корпус войска Сярэдняй Літвы, папоўніўшыся добраахвотнікамі і салдатамі — выхадцамі краю, адабранымі з XX пяхотнай дывізіі (былой II Літоўска-беларускай дывізіі) і адкамандзіраванымі ў Вільню. Аднак неўзабаве магчымасьці папаўненьня войска салдатамі і тэхнікай вычарпаліся. Да сакавіка 1921 у распараджэньні Жалігоўскага было 17343 ваяроў (уключаючы 722 афіцэра), 366 кулямётаў, 13 браневікоў, 2 бронецягнікі, 8 самалётаў і інш.

Гаспадарка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Прамысловасьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Нягледзячы на цяжкасьці, на тэрыторыі Сярэдняй Літвы на працягу 1921 году пачалі дзейнічаць 432 прамысловых і каля 1370 дробных прадпрыемстваў. Асноўным прадметам экспарту была прамысловая сыравіна (дрэва, лён і інш.). Улады распрацавалі праект электрыфікацыі краю з выкарыстаньнем электрастанцый у Ашмянах, Сьвянцянах і Лошы, спрабавалі правесьці зямельную рэформу, якая мела на мэце аслабленьне сацыяльнай напружанасьці на вёсцы.

Сельская гаспадарка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Большасьць насельніцтва краіны займалася сельскай гаспадаркай. Да 1923 году на Віленшчыне быў выдзелены 961 зямельны ўчастак для пасяленьня польскіх каляністаў-асаднікаў. 6470 гаспадарак, што належалі былым вайскоўцам і дзеячам розных арганізацый, дадаткова атрымалі ў сярэднім па 2,5 га зямлі на кожную гаспадарку[6]. Набываць зямлю маглі толькі тыя сяляне, якія былі палякамі альбо запісваліся імі і належалі да каталіцкай царквы. Некаторыя вёскі расьсялялі на хутары.

Сойм[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Жалігоўскі ў закліку 9 кастрычніка 1920 абвяшчаў, што яго мэта — скліканьне ў Вільні прадстаўнікоў краю для выказваньня праўдзівай волі насельніцтва. Аднак першапачаткова прызначаныя на 9 студзеня 1921 выбары былі адкладзеныя. 28 кастрычніка 1921 была прызначаная новая дата выбараў у Часовы Сойм Сярэдняй Літвы — 8 студзеня 1922. Да ўдзелу дапускаліся сталыя жыхары Сярэдняй Літвы і выхадцы яе тэрыторыі. Сярод 12 выбарчых акругаў 3 знаходзіліся на тэрыторыі Польшчы (Ліда, Васілішкі, Браслаў) і 2 на тэрыторыі Летувы (Шырвінты, Высокі Двор).

Афіцыйнае Коўна выступіла катэгарычна супраць народнага волевыяўленьня, Летуву падтрымала Савецкая Расея. Большасьць летувісаў па закліку лідэраў летувіскага насельніцтва Сярэдняй Літвы выбары байкатавала. Да байкоту далучылася частка беларусаў і габрэяў. У выбарах удзельнічала ўсяго 64,4% выбарнікаў (249 325 чалавек). Зь летувісаў, якія мелі права галасу, прагаласавала 8,2%, з габрэяў — 15,3%, зь беларусаў — 41%. У віленскім сойме 77 мандатаў атрымалі палітычныя аб’яднаньні, якія выступалі за поўную інкарпарацыю Сярэдняй Літвы ў склад Польшчы, 22 — прыхільнікі аўтаноміі ў рамках польскай дзяржавы, 4 — прыхільнікі фэдэрацыі з Польшчай (Дэмакратычная партыя) і толькі 3 — прыхільнікі зьвязу зь летувіскай дзяржавай (Народны зьвяз Адраджэньня).

Паседжаньні сойму пачаліся 1 лютага 1922. На паседжаньні 20 лютага (24 лютага?[7]) 1922 сойм 96 галасамі пры 6, якія ўстрымаліся (у некаторых выданьнях лічбы адпаведна 101 і 3), прыняў рэзалюцыю аб безумоўным уключэньні Сярэдняй Літвы ў склад Польшчы.

Са студзеня 1921 антыпольскія сілы вялі падрыхтоўку да ўзброенага паўстаньня, якое мела на мэце перашкодзіць далучэньню Віленшчыны да Польшчы, аднак польская дэфэнзыва раскрыла падпольле.

22 сакавіка 1922 устаноўчы сойм у Варшаве прыняў Акт узьяднаньня Віленскага краю з Польскай Рэспублікай. 24 сакавіка 1922 віленскі Сойм быў распушчаны (частка яго дэпутатаў была кааптаваная ў Сойм Польскай Рэспублікі). 6 красавіка варшаўскім Соймам быў прыняты закон аб усталяваньні дзяржаўнай улады на Віленшчыне. 18 красавіка 1922 у Вільні пры ўдзеле кіраўніка дзяржавы Юзэфа Пілсудзкага, прэм’ер-міністра Антонія Панікоўскага, прымаса Польшчы Эдмунда Дальбора, генэрала Люцыяна Жалігоўскага адбылося ўрачыстае падпісаньне акту аб усталяваньні ўлады ўрада Польшчы.

Пасьля зацьвярджэньня ў сакавіку 1923 Лігай Нацыяў усходняй мяжы Польшчы Віленскі край стаў адной зь яе частак.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Трусаў, Алег Сярэдняя Літва. Радзіма.орг. Праверана 25 красавіка 2009 г.
  2. ^ а б в Арлоў, Уладзімер (3 ліпеня 2008) Наша гісторыя з Уладзімірам Арловым. Беларускі турыстычны партал «Туризм и отдых». Праверана 25 красавіка 2009 г.
  3. ^ = Wielka encyklopedia PWN. — Варшава: PWN, 2003. — Т. 16. — С. 78.
  4. ^ Jędrzejewicz W. Сярэдняя Літва і яе ўнутранае жыцьцё = Litwa Środkowa i jej życie wewnętrzne. — Лёндан: 1983. — С. 26.
  5. ^ = Michel. Europa-Katalog. Ost. 1999/2000. — Мюнхэн: С. 451-452.
  6. ^ Летува: Кароткая энцыкляпэдыя = Литва: Краткая энциклопедия. — С. 186.
  7. ^ Алег Гардзіенка Кароткая гісторыя яшчэ адной Літвы. «Наша Ніва». Праверана 9 траўня 2009 г.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]