Сільвестар Балтрамайціс

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Сільвестар Ёсіфавіч Балтрамайціс (21 кастрычніка 1841, вёска Манкішкі Радвіліскага раёну — 1918(?)) — летувіскі бібліёграф і этнограф. З 1869 да 1918 году працаваў у Пецярбурскай публічнай бібліятэцы, дзе рыхтаваў бібліяграфічныя выданьні.

Асноўная праца Балтрамайціса — «Зборнік бібліяграфічных матэрыялаў для геаграфіі, гісторыі, гісторыі права, статыстыкі і этнаграфіі Летувы…» (2-е выд., СПб., 1904). Першае выданьне зборніку (1891) ахоплівала пэрыяд з 1553 да 1891, другое з 1553 да 1903 году.

Лічыў цэнтральныя і заходнія землі Беларусі гістарычнай Летувай. Таму ў «Зборнік…» улучаныя гістарычна-этнаграфічныя нарысы пра беларускія месты і ласелішчы, у тым ліку пра Менск, літаратура пра народныя промыслы, беларускія старажытнасьці, старадрукі і іншае. У ім шырока прадстаўлены працы дзеячаў беларускай навукі і культуры Канстантына і Яўстафія Тышкевічаў, Яхіма Карскага, Міхала Без-Карніловіча, Уладыслава Сыракомлі, Паўла Шэйна, Аляксандра Семянтоўскага, Міхала Янчука.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Мінска. У 4 кн. Кн. 1-я. — Мн.: БЕЛТА, 2001. — 576 с.: іл. ISBN 985-6302-33-1.