Тадэвуш Касьцюшка

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да: навігацыі, пошуку
Тадэвуш Касьцюшка
Андрэй Тадэвуш Банавэнтура Касьцюшка
Tadevuš Kaściuška. Тадэвуш Касьцюшка (K. Wojniakowski, XIX).jpg
Тадэвуш Касьцюшка
Herb Roch III.svg
Герб «Рох III»
Галоўнакамандуючы Нацыянальнымі Ўзброенымі Сіламі
24 сакавіка 1794 — 12 кастрычніка 1794
Папярэднік: заснаваньне пасады
Наступнік: Тамаш Ваўжэцкі
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся: 4 лютага 1746
Марачоўшчына Слонімскага павету
Памёр: 15 кастрычніка 1817
Залатурн, Швайцарыя
Род: Касьцюшкі
Бацькі: Людвік Тадэвуш Касьцюшка
Тэкля з Ратамскіх
Рэгаліі:
Ордэн Virtuti Militari
Ордэн Белага арла

Андрэ́й Тадэ́вуш Банавэнту́ра Касьцю́шка (4 лютага 1746, Марачоўшчына, Слонімскі павет Наваградзкага ваяводзтва, Вялікае Княства Літоўскае — 15 кастрычніка 1817, Залатурн, Швайцарыя) — палітычны і вайсковы дзяяч Рэчы Паспалітай. Кіраўнік вызвольнага паўстаньня 1794 году, удзельнік Вайны за незалежнасьць ЗША, нацыянальны герой Беларусі[1][2][3], Польшчы і ЗША.

Біяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Продкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Прадстаўнік старажытнага беларускага[4][5][6][7] роду Касьцюшкаў гербу «Рох III». Ягоны далёкі прапрадзед Канстантын (ад памяншальных формаў гэтага імя — Кастусь, Касьцюша — утварылася прозьвішча роду), які служыў пісарам у вялікакняскай канцылярыі, атрымаў Сяхновічы на Берасьцейшчыне ад Жыгімонта Старога. Маёнтак быў невялікі, Канстантын Касьцюшка выстаўляў зь яго войска ў «тры коні». Жонкай Кастуся была Ганна Гальшанская з княскага роду, параднёная з каралямі польскімі і вялікімі князямі літоўскімі праз шлюб сясьцёр Гальшанскіх зь Ягайлам і Вітаўтам.

Да сярэдзіны XVII стагодзьдзя Касьцюшкі трымаліся праваслаўя, але ў часы «Патопу», як і многія зь берасьцейскай шляхты, адыйшлі да дзедаўскай веры — адны ў каталіцтва, іншыя — да ўніятаў. Сяхновіцкія Касьцюшкі былі каталікамі.

Людвік, бацька Тадэвуша, вызначаўся энэргіяй, дамогся ў 1731 годзе тытулу мечніка Берасьцейскага ваяводзтва, абіраўся ў 1743 годзе ад шляхты ваяводзтва ў Літоўскі Трыбунал, здолеў нейкім чынам адсудзіць у Сапегаў маёнтак Марачоўшчына, што знаходзіўся за дзьве вярсты ад Косава.

Маладосьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У Марачоўшчыне прайшлі дзіцячыя гады Тадэвуша Касьцюшкі. У яго было дзьве сястры — Ганна і Кацярына — і брат Юзэф. Маці паходзіла зь беларускага праваслаўна-вуніяцкага роду Ратамскіх[8], звалася Тэкля. Існуе меркаваньне, што яна па нараджэньні чацьвёртага дзіцяці ахрысьціла яго ў вуніяцкай царкве пад імем Андрэй (у гонар апостала Андрэя Першазванага, сьвята якога прыпадае на 30 лістапада), а ўжо бацька перахрышчваў яго ў каталіцкім касьцёле. У адрозьненьне ад сваіх родных Т. Касьцюшка пражыў доўгі век: ягонага бацькі ня стала, калі Тадэвушу было дзесяць год, Юзэф і Кацярына памерлі яшчэ да паўстаньня, Ганна сканала ў 1814 годзе.

Н. Орда. Сядзіба Касьцюшкаў у Марачоўшчыне

Навучацца Тадэвуша аддалі ў калегіюм піяраў у Любяшове за Пінскам, а не ў Берасьцейскую езуіцкую калегію. У гэтым рашэньні адчувалася ня столькі апазыцыя езуітам, колькі прызнаньне таго факту, што піяры даюць лепшую адукацыю. Піяры давалі адукацыю на эўрапейскім узроўні, гэтаму паспрыяла і рэфарматарская дзейнасьць вядомага прагрэсіўнага пэдагога XVIII стагодзьдзя Станіслава Канарскага. У школу прымаліся дзеці розных станаў, навучаліся яны шэсьць гадоў. У лік дысцыплінаў уваходзілі лацінская мова, рыторыка, матэматыка, фізыка, гісторыя, палітыка, выкладалася і мясцовае права. Шмат увагі надавалася эстэтычнаму і фізычнаму выхаваньню, культуры паводзінаў.

У 1765 годзе Т. Касьцюшка паступіў у наваствораны Варшаўскі кадэцкі корпус — тагачасную найвышэйшую афіцэрскую вучэльню, дзе спэцыялізаваўся па вайсковай інжынэрыі. Паводле сьведчаньняў сяброў па корпусе, Тадэвуш быў забіякам, не ўхіляўся ад дуэляў і меў некалькі шнараў на целе; пры гэтым вызначалі яго лагоднасьць і таварыскасьць. Сымпатыя і клопат начальніка корпусу князя Чартарыйскага ўмагчылі Касьцюшку паездку ў Парыж, дзе ён працягваў вайсковую навуку, што, аднак, прыкрывалася наведваньнямі Акадэміі жывапісу і мастацтваў.

Вайна за незалежнасьць ЗША[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Т. Касьцюшка ў маладосьці

Увесну 1775 году Т. Касьцюшка вярнуўся на радзіму. Вакантнага месца ў войску не было, і ён, чакаючы патэнту, застаўся ў Сяхновічах. Пасьля няўдалае спробы выкраданьня сваёй каханкі Людвісі Сасноўскай, якую меліся выдаць за іншага, мусіў уцякчы за мяжу. Так ён ізноў апынуўся ва Францыі. У той час Амэрыканскія штаты ваявалі з Ангельшчынай за незалежнасьць, рэспубліканцы — супраць каралеўскіх войскаў. Манархічная Францыя, як адвечны вораг Ангельшчыны, падтрымлівала амэрыканскіх рэспубліканцаў, і шмат французаў служыла там. Так Тадэвуш Касьцюшка, якому патрабаваліся грошы на існаваньне, у 1776 трапіў на амэрыканскую зямлю.

Амэрыканскай арміі Т. Касьцюшка аддаў дзевяць год свайго жыцьця. Разам з палкамі рэспубліканцаў ён прайшоў усе Амэрыканскія штаты, удзельнічаў ва ўсіх галоўных бітвах, распрацоўваў інжынэрнае забесьпячэньне наступаў і абароны. Гэта яму належыць праект тыповага форту, прыстасаванага да ўмоваў Амэрыкі. Рэспубліка дала Т. Касьцюшку чын генэрала, ён зрабіўся ганаровым грамадзянінам Амэрыканскіх штатаў, але ад’яжджаў з Новага Сьвету такім сама, бадай, бедным, як і прыехаў.

Генэрал Тадэвуш Касьцюшка (па-ангельску: General Thaddeus Kosciusko). Карціна Бэнджаміна Вэста, 1797

Пакуль Т. Касьцюшка адсутнічаў, Людвіка Сасноўская паводле волі бацькі выйшла за князя Любамірскаага. У сацыяльным і палітычным жыцьці Рэчы Паспалітай нічога не зьмянілася — панаваў той жа моцны прыгнёт сялянаў і магнацкая анархія. Францыя ўжо сьвяткавала другія ўгодкі рэвалюцыі, а ў Варшаве трэці год працягваўся вальны сойм.

На Бацькаўшчыне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Па вяртаньні Т. Касьцюшка пэўны час жыў у Сяхновічах, спрабаваў весьці гаспадарку ў сваёй частцы маёнтку. Гэты 5-гадовы пэрыяд ягонага жыцьця гісторыкі назвалі «сялянкай» (ці «ідыліяй»), калі баявы генэрал займаўся звычайнымі клопатамі вясковага жыхара.

Конны партрэт Тадэвуша Касьцюшкі. Мастак В. Косак, 1879

Сытуацыя зьмянілася з пачаткам дзейнасьці Чатырохгадовага сойму (17881792), рэформы якога прадугледжвалі павелічэньне войска Рэчы Паспалітай да 100 тыс. чал. Соймік Берасьцейскага павету вылучыў кандыдатуру Т. Касьцюшкі на пасаду генэрал-маёра, неўзабаве 12 кастрычніка 1789 гэтую прапанову падтрымаў сойм, а таксама кароль і вялікі князь Станіслаў Аўгуст Панятоўскі. Т. Касьцюшку прызначылі ў кароннае войска, хоць сам ён жадаў служыць у войску Вялікага Княства Літоўскага[9].

У вайну з Расеяй (1792) у абарону рэформаў Чатырохгадовага сойму Т. Касьцюшка вызначыўся ў бітве пад Дубенкай як камандзір дывізіі ў арміі Ю. Панятоўскага. Нягледзячы на атрыманьне за ваенныя заслугі ордэна «Virtuti Militari» і званьня генэрал-лейтэнанта, на знак пратэсту супраць змовы караля і вялікага князя з Таргавіцкай канфэдэрацыяй 30 ліпеня 1792 ён падаў у адстаўку і неўзабаве пераехаў у Ляйпцыг, цэнтар палітычнай эміграцыі Рэчы Паспалітай.

Паўстаньне 1794 году[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Асноўны артыкул: Паўстаньне 1794 году

Няспыннае ўмяшаньне суседніх манархічных рэжымаў ва ўнутраныя справы Рэчы Паспалітай і бясьсільле «сваіх» дзяржаўных органаў выклікалі пратэст і незадавальненьне шырокіх пластоў грамадзтва і асабліва прагрэсіўнай шляхты, прадстаўнікі якой пачалі падрыхтоўку да паўстаньня. Актыўны ўдзел у падрыхтоўцы браў Тадэвуш Касьцюшка.

Прысяга Т. Касьцюшкі ў Кракаве

У 1793 ён выяжджаў у Парыж па дапамогу для падрыхтоўкі паўстаньня. Аднак ні жырандысты, ні якабінцы канкрэтнай дапамогі не надалі. У жніўні 1793 Т. Касьцюшка вярнуўся ў Ляйпцыг, у пачатку верасьня прыняў прапанову прадстаўнікоў змовы ў Рэчы Паспалітай прыняць на сябе кіраўніцтва паўстаньнем, якое распачалося 24 красавіка 1794 з абвяшчэньнем у Кракаве Акта паўстаньня грамадзянаў. На кракаўскім рынку Т. Касьцюшка даў прысягу на вернасьць паўстаньню і абвясьціў, што будзе змагацца за непарушнасьць межаў дзяржавы, усталяваньне ўлады народу і ўсеагульную свабоду.

У Акце паўстаньня грамадзянаў Тадэвуш Касьцюшка адзначыў, што галоўнай мэтай Кацярыны II і Фрыдрыха Вільгельма было жаданьне «распаўсюдзіць панаваньне тыраніі» і задушэньне свабоды на суседнія народы.

Вызваленьне Т. Касьцюшкі зь цямніцы. Карціна Яна Дамеля, 1830-я

Згодна з Актам паўстаньня Т. Касьцюшка ў траўні 1794 прызначыў Найвышэйшую нацыянальную раду. За ім засталася пасада найвышэйшага начальніка ўзброеных сілаў. У радзе Т. Касьцюшка імкнуўся прымірыць памяркоўных рэфарматараў з рэвалюцыйна настроенымі дзеячамі («якабінцамі»). Па ўтварэньні Найвышэйшай Літоўскай Рады ўзьніклі пэўныя непаразуменьні паміж Т. Касьцюшкам і кіраўніком паўстаньня ў Вялікім Княстве Літоўскім Я. Ясінскім, інсьпіраваныя апанэнтамі апошняга.

1 красавіка 1794 распачаўся марш Т. Касьцюшкі на Варшаву, 4 красавіка 1794 ён атрымаў перамогу пад в. Рацлавіцы. 7 траўня 1794 Т. Касьцюшка выдаў Паланецкі ўнівэрсал, якім гарантавалася апека ўраду над сялянамі і яны абвяшчаліся асабіста вольнымі.

У чэрвені — верасьні 1794 Т. Касьцюшка ўзначальваў абарону Варшавы ад прускіх і расейскіх войскаў. 2930 верасьня 1794 ён разам са сваім сакратаром Ю. Нямцэвічам прыяжджаў у Горадню для вайсковай нарады, у часе якой уручыў удзельнікам паўстаньня ў Вялікім Княстве Літоўскім пярсьцёнкі з надпісам «Айчына свайму абаронцу».

10 кастрычніка 1794 Т. Касьцюшка, які камандаваў паўстанцкім войскам у бітве пад Мацяёвіцамі, трапіў паранены ў палон. На загад Кацярыны II пад пільнай аховай і чужым прозьвішчам («шляхціц Шыманскі») праз Кіеў, Чарнігаў, Магілёў, Шклоў, Віцебск і Ноўгарад 10 сьнежня 1794 яго вывезьлі ў Пецярбург і зьняволілі ў Петрапаўлаўскай крэпасьці.

Неўзабаве па сьмерці Кацярыны II 26 лістапада 1796 Т. Касьцюшку наведаў новы расейскі імпэратар Павал I і прапанаваў паўстанцам амністыю. Узамен Т. Касьцюшка мусіў даць асабістую прысягу, што ён і зрабіў 28 лістапада, а на наступны дзень уручыў Паўлу I ліст з прозьвішчамі сваіх паплечнікаў, якіх той загадаў вызваліць. Імпэратар хацеў падараваць Т. Касьцюшку 1000 сялянаў і 12 тысячаў рублёў, ад якіх ён потым адмовіўся, як і ад прапановы паступіць на расейскую службу[9].

У эміграцыі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Дом-музэй Т. Касьцюшкі ў Марачоўшчыне

У канцы 1796 Т. Касьцюшка разам зь Ю. Нямцэвічам выехаў у ЗША, дзе быў да 1798. Перад ад’ездам з ЗША ён пакінуў тастамэнт, у якім прызначыў пэўныя сумы на выкуп рабоў-нэграў і іхную адукацыю[10].

У 1798 у Францыі меў сустрэчы з прадстаўнікамі Дырэкторыі і Напалеонам, якія імкнуліся выкарыстаць ягонае імя для ўзьняцьця паўстаньня ў акупаваных Аўстрыяй землях Рэчы Паспалітай. Аднак генэрал адмовіўся падтрымаць Францыю ў барацьбе супраць Расеі.

7 жніўня 1798 уступіў у Парыжы ў эмігранцкае «Таварыства рэспубліканцаў», дзе рашуча выказваўся за ўсталяваньне рэспубліканскага ладу ў адноўленай Рэчы Паспалітай. Па падзеньні Напалеона Т. Касьцюшка двойчы беспасярэдне зьвяртаўся да імпэратара Аляксандра I, які абяцаў надаць дапамогу ў вырашэньні пытаньняў, зьвязаных з адраджэньнем Рэчы Паспалітай, аднак насамрэч нічога істотнага ў гэтым кірунку не зрабіў.

У адным зь лістоў да Аляксандра І ён пісаў[8]:

« Нарадзіўся я ліцьвінам… смуга будучыні яшчэ пакрывае лёс маёй роднай зямлі… »

Улетку 1815 Т. Касьцюшка пераехаў у швайцарскае места Залатурн, дзе 15 кастрычніка 1817 памёр беспатомным а дзясятай гадзіне вечара ў доме свайго сябра Франца Ксавэрыя Цэлтнэра. Праз чатыры дні (у поўдзень 19 кастрычніка) генэрала пахавалі на мясцовых могілках. А 2223 чэрвеня 1818 цела Т. Касьцюшкі ўрачыста перанесьлі ў Кракаў і перазахавалі на Вавэлі, побач з магіламі іншых выбітных людзей[11].

Галерэя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Стаўленьне да прыгоньніцтва і рабства[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Пра стаўленьне Т. Касьцюшкі да такіх зьяваў ягонага часу, як прыгоньніцтва і рабства, яскрава сьведчыць тастамэнт славутага генэрала:

« Глыбока ўсьведамляючы, што прыгоньніцтва знаходзіцца ў супярэчнасьці з законам прыроды і дабрабытам народаў, сім зацьвярджаю, што зьнішчаю яго зусім і на вечныя часы ў маім маёнтку Сяхновіцы, разьмешчаным у Брэст-Літоўскім ваяводзтве, як ад імя свайго, так і будучых уладальнікаў. Прызнаю, такім чынам, усіх жыхароў вёскі, прыналежнай маёнтку, свабоднымі грамадзянамі і неабмежаванымі гаспадарамі ўгодзьдзяў[12] »

і далей:

« Сваю амэрыканскую маёмасьць перадаю майму сябру Томасу Джэфэрсану, каб ён поўнасьцю выкарыстаў яе на выкуп нэграў…, і на дараваньне ім свабоды ад майго імя[12] »

Узнагароды[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Памяць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Народная[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Памяць пра Тадэвуша Касьцюшку доўгі час захоўвалася ў легендах, паданьнях і песьнях беларусаў[8]: «Касьцюшка зваяваў бы сьвет цэлы, каб паны яго слухаць хацелі, але паны, як паны: гулялі, банкетавалі, Касьцюшкі не слухалі, затым і Польшча прапала». «Кажуць, што ў Касьцюшкі то быў такі плашч, што кулі яго не прабівалі: аднаго разу маскалі на яго зьнячэўку напалі, так ён не пасьпеў таго плашча злажыць, так яго чыста пасеклі і забралі». У беларускай народнай песьні, якую сьпявалі праз стагодзьдзе па паўстаньні, славуты генэрал вызнаецца за свайго абаронцу[8]:

«

Наш Касьцюшка слаўны быў,
Маскалёў ён добра біў...

»

Яшчэ ў пачатку 1960-х гадоў на Лепельшчыне запісалі, а пазьней апублікавалі песьню пра Т. Касьцюшку, які, паводле народнай вэрсіі, загінуў у бітве[8]:

«

Вазьмі, маці, пяску жменю,
Пасей на каменю.
Калі той пясок узыдзе,
Касьцюшка з вайны прыйдзе.

Ляціць воран цераз мора,
А лятучы, крача.
А хто ж майго Касьцюшачкі
Магілку аплача.

»

Да гераічнай постаці правадыра паўстаньня 1794 году зьвяртаўся Кастусь Каліноўскі. У адным з нумароў «Мужыцкай праўды» ў 1862 годзе ён пісаў пра Т. Касьцюшку як пра народнага заступніка, заклікаў да яднаньня і змаганьня паводле прыкладу паўстанцаў 1794 году[8].

Афіцыйная[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Т. Касьцюшка. Марка Белпошты, 1994

Шматлікія творы мастацкай літаратуры, малярства і скульптуры прысьвячаюцца Тадэвушу Касьцюшку, пра ягонае жыцьцё і дзейнасьць гісторыкі напісалі мноства навуковых працаў. Пра постаць славутага генэрала-паўстанца нагадваюць мясьціны ў шэрагу краінаў сьвету:

  • Беларусь: імя Т. Касьцюшкі носяць плошчы, вуліцы і завулкі ў Горадні, Берасьці, Косаве, Лідзе; у Горадні і Косаве маюцца адпаведныя мэмарыяльныя знакі. Помнікі Тадэвушу Касьцюшку стаяць у в. Малыя Сяхновічы (Жабінкаўскі раённы музэй), у Менску на тэрыторыі амбасады Злучаных Штатаў Амэрыкі, а таксама ў Старадароскім мастацкім музэі. Ува ўрочышчы Марачоўшчына (Івацэвіцкі раён) працуе дом-музэй Т. Касьцюшкі[13]. Кампанія «БЕЛПІ — Беларускае пітво» вырабляе ў гонар славутага генэрала гарэлку прэміюм-клясы «Генерал»[14].
  • Польшча: у гонар Т. Касьцюшкі пад Кракавам насыпаны курган і пастаўлены помнік, многія вуліцы, плошчы носяць ягонае імя. У многіх мясьцінах Польшчы ёсьць помнікі.
  • ЗША: у гонар Т. Касьцюшкі маюцца помнікі ў шасьці местах, ягонае імя носіць адна з акругаў штату Індыяна, места ў штаце Місысыпі, выспы на Алясцы.
  • Швайцарыя: у гонар Т. Касьцюшкі пастаўлены помнік, існуе музэй Тадэвуша Касьцюшкі ў месьце Залатурне (Салюры).
  • Францыя: ёсьць помнік Т. Касьцюшку.
  • Аўстралія: імя Т. Касьцюшкі носіць найвышэйшая гара — 2228 м (яе назваў так у 1840 паляк Павал Стшэлецкі, які першым узыйшоў на вяршыню).
  • Расея: імя Т. Касьцюшкі маюць плошча ў Разані і вуліца ў Санкт-Пецярбургу.
  • Украіна: імя Т. Касьцюшкі носіць вуліца ў Львове.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Радаводы Касцюшкаў // Анатоль Бензярук. Касцюшкі-Сяхновіцкія. Гісторыя старадаўняга роду. — Брэст: «Акадэмія», 2006. — 132 с.
  2. ^ Тадэвуш Касцюшка — ганаровы грамадзянін Францыі, нацыянальны герой ЗША, Польшчы і Беларусі // «Звязда», 23 сакавіка 1994.
  3. ^ Тадэвуш Касцюшка. Belarus.byПраверана 18 сакавіка 2011 г.
  4. ^ Касцюшкі // Беларусь: энцыкл. даведнік / Рэдкал. Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш. — Мінск: БелЭн, 1995. С. 379.
  5. ^ Уладзімер Емяльянчык. Касцюшкі // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 4: Кадэты — Ляшчэня / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1997. С. 146.
  6. ^ Уладзімер Емяльянчык. Касцюшкі // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. С. 72.
  7. ^ 88. Хто такі Тадэвуш Касцюшка? // 150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі / Уклад. Іван Саверчанка, Зьміцер Санько. — Вільня: Наша Будучыня, 2002.
  8. ^ а б в г д е ё Я. Юхо, У. Емяльянчык. «Нарадзіўся я ліцьвінам…». — Менск: Навука і тэхніка, 1994.
  9. ^ а б Уладзімір Емяльянчык. Касцюшка Тадэвуш // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 3: Гімназіі — Кадэнцыя / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1996. С. 145.
  10. ^ Уладзімір Емяльянчык. Касцюшка Тадэвуш // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. С. 72.
  11. ^ Кароткая біяграфія вялікага чалавега (Тадэвуш Касцюшка, 1746—1817) // Анатоль Бензярук. Касцюшкі-Сяхновіцкія. Гісторыя старадаўняга роду. — Брэст: «Акадэмія», 2006. — 132 с.
  12. ^ а б Інтэрвію з Вольгай Бабковай:«Тэстамэнты: шанаваная продкамі эўрапейская традыцыя сышла да рэшты» // «Радыё Свабода», 8 лістапада 2008.
  13. ^ Павел Дайлід. Тадэвуш Касцюшка: постаць героя // «Газета для вас» № 735, 29 студзеня 2010
  14. ^ Генерал — Вера і Адвага!. Сайт кампаніі «БЕЛПІ — Беларускае пітво»Праверана 18 сакавіка 2011 г.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Commons-logo.svg  Тадэвуш Касьцюшкасховішча мультымэдыйных матэрыялаў