Тамаш Зан

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі.
Перайсьці да: навігацыі, пошук
Тамаш Зан
Tamaš Zan. Тамаш Зан.jpg
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся: 21 сьнежня 1796, в. Мясата, Ашмянскі павет, Віленская губэрня, Расейская імпэрыя
Род: Зані
Жонка: Брыгіда са Сьвентаржэцкіх
Дзеці: Віктарын (1848), Абдон (1849), Клемэнт (1852), Станіслаў (1854)
Памёр: 19 ліпеня 1855 (58 гадоў)
маёнтак Кахачын, Сеньненскі павет, Магілёўская губэрня, Расейская імпэрыя
Літаратурная дзейнасьць
Род дзейнасьці: паэт, драматург, геоляг, дасьледнік прыроды, музэязнавец
Напрамак: рамантызм
Жанр: элегія, баляда, трыялет, паэма

Тамаш Зан (па-польску: Tomasz Zan; 21 сьнежня 1796, в. Мясата, Ашмянскі павет, Віленская губэрня — 19 ліпеня 1855, маёнтак Кахачын каля Воршы) — удзельнік вызвольнага руху, дасьледнік прыроды, літаратар[1], музэязнавец, геоляг, дасьледнік прыродных багацьцяў Урала. Адзін з стваральнікаў таварыства філяматаў, стваральнік таварыства прамяністых, рэарганізаванага пазьней у таварыства філярэтаў; сябра Адама Міцкевіча і Яна Чачота. Кіраўнік першых рэвалюцыйных арганізацыяў на Беларусі і Літве[2]. Адыграў значную ролю ў разьвіцьці новага літаратурнага кірунку — рэвалюцыйнага рамантызму[3]. Першым з кола віленскіх паэтаў прызнаў беларускую народную творчасьць за адзін з найгалоўнейшых разьдзелаў свае паэтычнае праграмы[4].

Зьмест

[рэдагаваць] Біяграфія

[рэдагаваць] Паходжаньне

Тамаш Зан у маладыя гады

Сапраўднае прозьвішча самога паэта і яго продкаў вымаўлялася мякка — «Зань»[3][5]. У часе вучобы ў Віленскім унівэрсытэце вымаўленьне зь невядомых прычын пацьвярдзела[6], імаверна, па звычайным недаглядзе аднаго з службоўцаў канцылярыі[5]. Род Заняў належыў да тыповай беларускай шляхты[5].

Дзед Тамаша Зана — таксама Тамаш — быў бурмістрам у Радашкавічах, дзе меў зямельныя надзелы і арандаваў непадалёк адсюль маёнтак Селішча. Продкі Тамаша Зана па матчынай лініі жылі ва Ўзьдзе і былі перайшоўшымі з праваслаўя ўніятамі[7].

Бацька Тамаша — Караль Зан — атрымаў у спадчыну ўладаньні ў Радашкавічах. Удзельнічаў у паўстаньні Тадэвуша Касьцюшкі і пасьля яго здушэньня вярнуўся дамоў, але з пачаткам рэпрэсіяў у дачыненьні да паўстанцаў уцякае пад Каралявец[6].

Цяжарную жонку Кацярыну зь першым сынам Вінцэнтам адводзіць у маёнтак Селішча да брата, дзе яна мусіла пачакаць, пакуль вызваліцца маёнтак Халецкаўшчына ў Вілейскім павеце, аднак зь невядомых прычын, дакумэнты на куплю маёнтка губляюцца і Кацярына, даведаўшыся пра гэта ўжо ў дарозе, вымушаная была застацца ў вёсцы Мясата, дзе 21 сьнежня 1796 году нарадзіўся Тамаш Зан[7].

Некаторыя лічаць, што роды адбыліся ў доме паноў Тышынскіх, зь якімі зналіся Заны[7]. Зрэшты, беларускі гісторык Валянцін Грыцкевіч у Цэнтральным дзяржаўным гістарычным архіве СССР у Ленінградзе знайшоў «выпись крестной метрики», якая сьведчыць, што Тамаш Карлавіч Зан, нарадзіўся ў 1796 у карчме Мясата за 14 км ад Маладэчна на тракце, пралеглым між Менскам і Вільняю[8][9].

[рэдагаваць] Маленства

Паводле меркаваньняў біёграфаў паэта, жонка Караля Зана была вымушаная ўцячы зь Вінцэнтам і Тамашам у лес празь небясьпечнасьць надыходзячых у Мясату казацкіх войскаў. Там ёй дапамагала мясцовая сялянка, якая хадзіла туды наведаць свайго мужа, які хаваўся ад рэкрутчыны[7]. Пасьля Мясаты Кацярына разам зь дзецьмі вярнулася ў Селішчы, куды неўзабаве, пачуўшы пра амністыю, трапіў і сам Караль Зан. Тут ён уладкоўваецца аканомам у адстаўнога палкоўніка польскіх войскаў Трэмбіцкага ў недалёкім маёнтку Вязынь, дзе праходзіць маленства будучага паэта і першыя ўрокі граматы ў дзяка Аляшкевіча[7].

Неўзабаве маці адвозіць юнага Тамаша да сваіх бацькоў у мястэчка Ўзда, дзе ўладкоўвае яго ў парафіяльную школу, аднак пасьля сьмерці свайго дзеда разам з бабуляй ізноў вяртаецца ў Вязынь. Цяпер ён працягвае вучобу ў гувэрнэра Калантая ў суседняй Слабадзе (вучыцца разам зь дзецьмі нейкіх Мікуліцкіх)[6]. Празь некалькі месяцаў, у 1807 годзе, разам з малодшым братам Ігнасем пасылаецца ў Менскую гімназію.

[рэдагаваць] Менская гімназія: 1805—1812

Тамаш Зан у маладыя гады. Малюнак Яна Рустэма. За своеасабліую форму ілба паэта жартаўліва называлі «Трохкутным»[10]

Будучы гімназістам Тамаш належыў да ліку найбольш здатных вучняў. Таксама актыўна ўдзельнічаў у студэнцкіх зборах і забавах[6]. Будынак тагачаснай Менскай гімназіі знаходзіўся на Высокім рынку, які з XVII ст. зрабіўся адміністрацыйным, гандлёвым і культурным цэнтрам Менску. Асобныя вобразы з тагачаснага жыцьця гораду запомніліся юнаму Тамашу надзвычай:

« Габрэйка з абаранкам, немец з грэцкімі піражкамі, званар-езуіт, вар'ят Янка, смаргонскія мядзьведзі, гукі царкоўнага звона, сад Карнеева, Залатая Горка, Кальварыя, архірэй Пацёмкін — вакол усяго гэтага і круціліся думкі менскіх дзяцей да 1812 году. Нянавісьці і розьніцы між нацыямі ня ведалі... З тае грубае і дзікае мовы маскалёў, бо менскім сялянскім прастамоўем ахвотна карысталіся студэнты, прыжылося башкірскае «гайда»[11] »

Найбліжэйшымі сябрамі Тамаша Зана ў Менскай гімназіі былі браты Верашчакі з Наваградчыны — Міхал і Юзэф. Асабліва моцна ён пасябрыўся зь Міхалам, дзякуючы якому Тамаш пазнаёміўся зь ягонаю сястрой Марыляй Верашчакай — будучай каханай Адама Міцкевіча, які, у сваю чаргу, пазнаёміўся зь ёю не без пасярэдніцтва Зана[6].

Далейшай вучобе ў Менскай гімназіі перашкодзіла хвароба Тамаша, таму бацькі вырашылі забраць яго разам з братам Ігнасем дамоў у фальварак Выверы, які яго бацькі ўзялі ў арэнду[7]. Тут прайшлі самыя яркія юнацкія гады Тамаша. Выверы былі недалёка ад Маладэчна, таму па выздараўленьні Тамаша бацькі паслалі яго разам з малодшым Ігнасем і Стэфанам давучвацца ў Маладэчанскую павятовую школу, якую толькі што перавялі з Бабруйску[7]. У здыманай маладэчанскай кватэры разам з братамі пасялілася і бабка Далеўская.

[рэдагаваць] Маладэчанскі пэрыяд

Тамаш Зан, частка малюнку Р. Жукоўскага (1814—1886)

Зьвесткі пра маладэчанскі пэрыяд жыцьця паэта захаваліся збольшага ў дакумэнтах сьледчай камісіі працэсу над філяматамі.

Напрыклад, абвінавачаньне ў «непажадным кірунку думак» абгрунтоўвалася тым, што Тамаш «яшчэ зь дзяцінства, з павятовай маладэчанскай школы зьневажаў урад і пісаў недобранадзейныя вершы, а таксама стварыў там нейкае таварыства»[6]. Пад згаданым таварыствам мелі на ўвазе вайсковую гульню, што вымагала хлапчукоў дзяліцца на дзьве «арміі»: расейскую — армію Марса, які ўвасабляў грубую сілу, і польскую — армію Апалёна, бога любові. На чале арміі Апалёна часта быў Тамаш Зан, які карыстаўся павагаю паплечнікаў за «менскую вучонасьць»[6]. Да справы таксама быў далучаны верш, напісаны Занам у 1815 годзе пад назваю «Марш для студэнтаў, апалёнавага войска», дзе быў прамы заклік да падрыхтоўкі вайны супраць «маскаля», і незакончаная камэдыя «Сталасьць у сяброўстве», што таксама накіроўвалася супраць царскага самадзяржаўя.

Саміх «маладэчанскіх» твораў Тамаша Зана не захавалася. Адзінае сьведчаньне пра іх — рапарт сэнатара Мікалая Навасільцава вялікаму князю Канстанціну ў траўні 1824 году, які потым апублікаваў Фёдар Вяржбоўскі ў брашуры «К истории тайных обществ и кружков среди литовско-польской молодёжи» (Варшава, 1898)[7].

[рэдагаваць] Віленскі ўнівэрсытэт: 1815—1820

Дзядзінец Віленскага ўнівэрсытэту і Царква сьвятога Яна, дзе ў 18151820 гадох вучыўся Тамаш Зан

У 1815 годзе Тамаш Зан за ўласны кошт паступае на фізыка-матэматычны фалькутэт Віленскага ўнівэрсытэту і, каб мець сродкі на жыцьцё, працуе гувэрнэрам. Становіцца тут чальцом патрыятычнага таварыства шубраўцаў; прымаецца ў масонскую лёжу[12].

Ужо ў першы год навучаньня ён ўступае ў Таварыства шасьці, у якое ўваходзілі студэнты-менчукі[7]. У 1817 годзе Тамаш Зан становіцца адным з заснавальнікаў Таварыства філяматаў, у 1820 — стварае Таварыства прамяністых, рэарганізаванае пазьней у Таварыства філярэтаў. Згодна з назвай «тэорыі прамянёў», ад кожнага добразычлівага чалавека сыходзяць прамяні, якія жыватворна ўзьдзейнічаюць на тых, хто яго абкружае[12]. Таварыства прамяністых за кароткі час сабрала 200 сяброў і складалася ў пераважнай большасьці зь беларускай моладзі[13].

У 1823 годзе арыштоўваецца царскімі ўладамі[14]. Захаваліся дакумэнты аб выдачы Зану дыплёма магістэрскай ступені па філязофіі, які ён не пасьпеў атрымаць праз арышт[3]. У часе сьледзтва 18231824 гг. усю віну за стварэньне і дзейнасьць згуртаваньняў моладзі бярэ на сваю адказнасьць[7], дзякуючы чаму астатніх арыштаваных, у ліку якіх знаходзіліся Адам Міцкевіч, Ян Чачот, Ігнат Дамейка і слабы здароўем Юзэф Яжоўскі выслалі ўглыб Расеі, а не зьняволілі ў цытадэлі[15]. Адам Міцкевіч пазьней увасобіў сумленнасьць і таварыскасьць Тамаша ў III частцы «Дзядоў». На адным з допытаў Зан выказаўся: «Мы не стваралі часу — час ствараў нас»[13].

За некалькі дзён да высылкі Зана ў кляштарныя муры дазволілі наведацца тым, хто хацеў зь ім разьвітацца. Філярэт Ота Сьлізень прыгадвае ў сваіх нататках, што «дзьверы ў камэры Зана ў кляштары ўсе гэтыя дні амаль не зачыняліся» і калі ён туды увайшоў:

« …у камэры было ўжо некалькі філярэтаў, сярод іх — Міцкевіч, Адынец, Пясецкі, Фрэенд, два Тамашовы браты, Чачот, Сузін і хтосьці яшчэ… Усіх я знайшоў моцна расчуленымі, бо якраз у гэтую хвіліну Чачот пад акампанэмэнт гітары Тамаша сьпяваў толькі што складзеную ім песьню на народнай гаворцы, песьню жаласную, разьвітальную, якая сваёй мэлёдыяй і зьместам выклікала ўсеагульны плач…[16] »

Пра гэтае разьвітаньне таксама расказвае Антоні Эдвард Адынец:

« Было нас некалькі дзясяткаў вечарам у камэры Тамаша Зана, куды неўзабаве зайшлі Сузін і Чачот. Апошні засьпяваў пад гітару толькі што складзеную ім песьню на народнай гаворцы:
Да лятуць, лятуць да дзікіе гусі,
Да нас павязуць до далёкое Русі…

Далей у песьні расказвалася пра гусей, якія адлятаюць на поўдзень, у той час як асуджаных павязуць на поўнач, і хто ведае ці вярнуцца яны калі-небудзь назад. І так глыбока ўзрушыла ўсіх гэтая песьня, што яна выклікала агульны плач, а сьпявак стаў аб’ектам абдымкаў[16].
»

[рэдагаваць] Высылка: 1824—1837

Асноўны артыкул: Аб мэтах і спосабах утрыманьня прапанаванага Музэюма ў Арэнбургу
Мапа экспэдыцыйных перамяшчэньняў Тамаша Зана (цэльная лінія) ў 18311834 гг. у часе Арэнбурскай высылкі

За арганізацыю падпольных таварыстваў Тамаша Зана ў кастрычніку 1824 высылаюць у Арэнбурскую фартэцыю, адкуль яго вызваляюць 22 лістапада 1825. Там ён застаецца верным сваім ідэалам і, паводле зьвестак расейскага пісьменьніка Эрнста Сафонава, удзельнічае ў тайных арганізацыях расейскіх рэвалюцыянэраў у Арэнбургу і сябруе зь яе кіраўніком, расейскім паэтам Пятром Кудрашовым[7]. У 1833 годзе прымае ўдзел у змове высыльных, якія рыхтавалі ўзброенае паўстаньне супраць мясцовых удадаў з мэтай уцячы за мяжу, аднак спроба гэтая не ўдалася.

У высылцы Тамаш Зан сустракае вядомага нямецкага навукоўца-прыродазнаўца Аляксандра Гумбальта, які прыязджаў на Ўрал для навуковай экспэдыцыі. Пад яго ўзьдзеяньнем паэт захапляецца вывучэньнем геалёгіі і батанікі[7]. Празь некаторы час Тамашу даручаюць геалягічную выведку на шырокіх прасторах Прыўральля і Тургайскага стэпу. На Волзе, пад Самарай, ён адшукаў нафту, у Заўральскім стэпе — багатыя паклады золата, каля Троіцкай фартэцыі — медную руду[6]. У высылцы Тамаш Зан сустракаўся з многімі дасьледнікамі, якія прыязджалі вывучаць прыроду Прыўральля — батанікам з Дэрпта Эдуардам Аляксандравічам Эвэрсманам, яго землякамі геолягамі Грыгорыем Пятровічам Гельмэрсэнам і Эрнстам Гофманам, хімікам Карлам Гэбэлем, астраномам Васілём Фёдаравічам Фёдаравым, прафэсарам Хрыстафорам Ганстэнам, лейтэнантам Дуэ з Нарвэгіі і іншымі[17].

У арэнбурскай ссылцы паэт таксама пазнаёміўся з Грыгорыем Сілычам Карэліным — прадзедам паэта Аляксандра Блока[18]. Меў сустрэчы з сасланым кампазытарам Аляксандрам Аляксандравічам Аляб'евым, удзельнікам вайны 1812 году, сябрам Дзяніса Давыдава і Аляксандра Грыбаедава, аўтарам славутых вакальных твораў «Салавей», «Вячэрні звон», «Доўгая дарога»[19].

З прапановы генэрал-губэрнатара П. Сухцелена напісаў грунтоўную працу па музэйнай справе «Аб мэтах і спосабах утрыманьня прапанаванага Музэюма ў Арэнбургу». Стварыў багаты мінэралягічны музэй у Арэнбургу[15] за што атрымаў званьне чыноўніка XIV клясы (калескага рэгістратара).

У 1831 у ангельскім часопісе «Рэвю брытанік», выдаваным на францускай мове, быў зьмешчаны артыкул «Палітычная гісторыя Літвы» з аповедам падзеяў 18171823 гг. у Віленскім унівэрсытэце з падрабязным асьвятленьнем лёсаў іх удзельнікаў, у тым ліку і «найпрамяністага» Тамаша Зана[20]. Улетку 1833 знаходзіўся на лячэньні на Сергіеўскіх серных водах каля Самары. У сьнежні 1833 вярнуўся да выкананьня сваіх абавязкаў. З 18 ліпеня па 5 сьнежня 1834 праводзіў геагнастычныя дасьледаваньні кіргіскага стэпу, у выніку якіх ён выявіў у наносах рэк Адырлы, Таўкарагайлы-Аят, Сарымсаклы і іншых дзесяць золатаўтрымальных прыіскаў, а таксама паклады меднай руды на поўдні ад Тройцкай крэпасьці.

За гэта Тамаш Зан быў прыстаўлены да грашовай ўзнагароды ў 1500 рублёў і быў узьведзены ў X клясу паводле «Табелі аб рангах»[21] (атрымаў чын калескага сакратара).

Падарожнічаў па Башкірыі, пабываў у Екацерынбургу (пісаў пра цяжкія ўмовы работы ў Саймонаўскіх капальнях золата і малахіту). Цікавіўся фальклёрнымі традыцыямі башкіраў. Адным зь першых вывучаў народную паэзію і норавы казахаў, татар, башкір і пакінуў запіс адной цюрскай песьні[22]. Пад уражаньнем сваіх падарожжаў па Прыўральлю і расказаў відавочцаў у 1833 выказаў намер напісаць трылёгію пра гэты край у часе Пугачоўскага паўстаньня, аднак плянаванага ня зьдзейсьніў.

Улічваючы нямалыя заслугі Тамаша Зана ў вывучэньні прыроды Ўрала і выяўленьні пакладаў золата, 3 траўня 1837 году, паэту паведаміла, што:

« Государь император всемилостивейше соизволил разрешить Зану оставить, буде пожелает, службу в Оренбургском крае, с правом продолжить оную в других губерниях или возвратиться на родину[23] »

Пасьля ад’езду Тамаша Зана, створаны ім Арэнбурскі музэй перайшоў у рукі былога інспэктара Гарадзенскай гімназіі Міхаіла Фадзеевіча Зялёнкі, які за ўдзел у паўстаньні знаходзіўся ў ссылцы ў Арэнбургу[21].

[рэдагаваць] Санкт-Пецярбург: 1837—1841

Тамаш Зан у сталым веку. Паводле малюнка Ю. І. Крашэўскага

У кастрычніку 1837 Тамаш прыязджае ў Санкт-Пецярбург, дзе ён, уладкаваўшыся бібліятэкарам у Горным інстытуце, заняўся выданьнем «Геагнастычных назіраньняў» — вынікам сямігадовых дасьледаваньняў прыродных багацьцяў Урала агульным аб’ёмам у сто друкаваных аркушаў. Аднак апублікаваць кнігу Зану не ўдалося, а месцазнаходжаньне гэтага рукапісу невядома дагэтуль[6]. Таксама склаў мапу Прыўральскага краю[24]. У 1839 здае экзамены на атрыманьне кваліфікацыі горнага інжынэра. Двойчы запрашаецца для выступленьня з дакладамі ў Імпэратарскае Расейскае геаграфічнае таварыства[25].

Неўзабаве пасьля прыезду Тамаша выклікаюць у канцылярыю III аддзяленьня імпэратарскага ведамства. Даведаўшыся аб яго удзеле ў арэнбурскай змове 1833 году, яго вырашаюць вярнуць назад у Арэнбург у суправаджэньні жандара[7]. На дапамогу паэту прыходзяць яго віленскія сябры, аселыя ў Пецярбургу, і найперш Францішак Малеўскі. Аднак справа аб удзеле ў плянаваным бунце даходзіць да самога шэфа жандараў, галоўнага начальніка III аддзяленьня графа Бенкендорфа[6]. У гэты момант за Тамаша Зана заступаецца арэнбурскі генэрал-губэрнатар Васіль Аляксеевіч Пятроўскі, які высока цаніў высыльнага за яго геалягічныя адкрыцьці і шырыню ведаў[7][26].

[рэдагаваць] Вяртаньне

Вёска Далматаўшчына, дзе некаторы час у маёнтку філямата Антонія Вяржбоўскага Тамаш Зан жыў разам зь Янам Чачотам

Пасьля сямнаццацігадовай высылкі ў 1841 годзе Тамаш Зан вяртаецца на радзіму. Пасьля Горадні і Вільні некаторы час разам зь Янам Чачотам жыў у Далматаўшчыне каля Карэліч, у маёнтку філямата Антонія Вяржбоўскага[27]. Працаваў у Віленскім корпусе горных інжынэраў, а праз чатыры гады — інспэктарам дзяржаўных маёнткаў на Аршаншчыне і з 1844 на Лепельшчыне. Тут сышоўся зь сям'ёй Кусьцінскіх. Міхаіл Кусьцінскі, студэнт Пецярбургскага ўнівэрсытэту, а пазьней вядомы археоляг, успамінаў, што Зан быў душой кожнага таварыскага сходу. Сачыняў музыку, песьні, у тым ліку і на словы Я. Чачота[28]. У 1845 выходзіць у адстаўку[25].

Як адзначае Тамашовы паплечнік і блізкі сябра Ігнат Дамейка: «Тамаш Зан прыехаў здаровы і вясёлы, як і раней — сардэчны, разумны. Здавалася, ён зьбярог у сабе ўсю маладую сілу і кемлівасьць». Але празь некалькі месяцаў Зан захварэў: «гэта быў пачатак вар'яцтва, якое прыйшло не адразу, нягледзячы на лекі, што даваў яму брат»[28].

Па вяртаньні паэта адразу акружаюць сябры і асабліва Марыля Путкамэр, якая забірае яго да сябе ў маёнтак Бальценікі, дзе Тамаша кранае Марыліна дачка Зося, якая сьпявае яму, граючы на фартэпіяна, песьні Яна Чачота[7]. Разам з Марыляй і малодшым братам Ігнасем наведвае сям’ю Бялінскіх у Янушах, Марыліных братоў Юзэфа ў Смольчыцах і Міхала ў Дварцы, дзе яго прымаюць зь вялікаю радасьцю[7]. Варта адзначыць, што будучы героем міцкевічавых «Дзядоў», Тамаш Зан стаў жывой легендай у вачох сваіх сучасьнікаў[7].

У вёсцы Аборак на Маладэчаншчыне ў сям’і добрых знаёмых Дэдэркаў Тамаш Зан сустракае маладую Брыгіду Сьвентажэцкую зь недалёкае Маліноўшчыны, якая зачытвалася рамантычнаю літаратурай і захаплялася творчасьцю свайго сучасьніка Адама Міцкевіча. Неўзабаве Брыгіда захалася ў Тамаша і той адказаў узаемнасьцю. Пазьней у лісьце Марылі Путкамэр ён прызнаваўся:

« Я ўбачыў у ёй самую Літву, якая вітае свайго сына з выгнаньня, убачыў у ёй анёла, які нагадвае мне маю маладосьць, боства, якое прадракае мне шчасьлівую будучыню[29] »
Брыгіда Зан (народжаная Сьвентаржэцкая) з сынамі. Сядзіць — Абдон, стаяць (зьлева направа) — гувэрнэр, Віктарын і Клемэнт.
Магіла Тамаша Зана на акварэлі Н. Орды, 2-я пал. XIX ст.

29 кастрычніка 1846 у мястэчку Лебедзева пад Маладэчнам яны пабраліся шлюбам[7]. Вясельле было мнагалюднае і апрача радні прыехалі яго найбліжэйшыя сябры Марыля і Ваўжынец Путкамэры, браты Верашчакі — Юзэф і Міхал[7].

Апошнія дзевяць гадоў жыцьця вёў актыўную краязнаўчую і літаратурную работу[30]. Нейкі час жыў у Беніцы, займаўся геалягічнымі дасьледаваньнямі і геалягічнай працай. У беніцкіх сваякоў жонкі ў старасьвецкім будынку бачыў галерэю і мэмарыяльную залю, у якой суткі правёў Напалеон у сьнежні 1812[21]. Пасьля Беніцы разам зь сям’ёй пераехаў у Аборак, дзе пражыў тры гады. Пад канец жыцьця пры дапамозе Марылінага мужа Ваўжынца Путкамэра за грошы, атрыманыя ў якасьці пасагу, Зан набыў маёнтак Кахачын (сёньня — в. Какоўчына). У набыцьці маёнтку яму таксама дапамог А. Дабравольскі, які паставіў своеасаблівую ўмову: «новасьпечаны памешчык» мусіў «аддзякаваць» яго, напісаўшы тут аўтабіяграфію, аднак задума засталася нязьдзейсьненай[28]. Адам Міцкевіч з Парыжа паведамляў ў Чылі Ігнату Дамейку: «У Зана вёсачка ў Беларусі»[31].

Спачатку неспрактыкаванаму ў гаспадарцы паэту маёнтак Кахачын прынёс толькі турботы. У лісьце да Кусьцінскіх Зан скрадзіўся: «За два прайшоўшых гады вычарпаў у мяне гэты маёнтак усе зьберажэньні». Пазьней Марылі Путкамэр ён напіша:

« Вязень над Віліяй, хворы над Нёманам, чыноўнік над Дзьвіной, не прытуліла мяне сяброўства на Літве, горная справа на Жмудзі, сваяцтва і вучоная сябрына на Чорнай, грамадзянства і набожнасьць над Дняпром і на Белай Русі. Няўжо ж, пакуль жыву, буду вечным выгнаньнікам і пілігрымам?[32] »

Толькі празь некалькі гадоў, калі Заны пабудавалі дом, займелі гаспадарку, жыцьцё пайшло належным парадкам. У Тамаша і Брыгіды Занаў нарадзіліся чатыры сыны: Віктарын (1848), Абдон (1849), Клемэнт (1852) і Станіслаў (1854)[33].

Памёр тут жа 7 ліпеня 1855 году. Пахаваны на каталіцкіх могілках у мястэчку Смаляны. Жонка Брыгіда памерла 23 жніўня 1900 ва ўзросьце 81 году. Яе пахавалі побач з мужам[5]. У эпітафіі на мэмарыяльнай пліце, усталяванай кс. Уладзіславам Любамірскім, што ляжыць перад помнікамі, гаворыцца:

« Мілы Богу і людзям Тамаш Зан, памяць пра якога блаславенна. Жыў шэсьцьдзесят гадоў. Памёр 7 ліпеня 1855 году ў Кахачыне. Зь Сьвентаржэцкіх Брыгіда Зан пахаваная побач з сваім мужам 23 жніўня 1900 году ва ўзросьце 81 год. Сын іх немаўля Стась памёр у 1854 годзе. »

[рэдагаваць] Постаць

Блізкі сябра Тамаша Зана Ігнат Дамейка наступным чынам апісваў зьнешнасьць свайго таварыша:

« Быў Тамаш Зан... чалавекам з шырокімі схільнасьцямі: грунтоўна ведаў прыродазнаўчыя і экспэрымэнтальныя навукі, слыў добрым матэматыкам і паэтам, ведаў літаратуру і нашу гісторыю, старажытныя мовы; быў вялікім аматарам мастацтваў, у першую чаргу музыкі, якую добра ведаў; выдатна сьпяваў. Сярэдняга росту, смуглаватага твару, з малымі агністымі вачыма і цёмнымі кучаравымі валасамі, з высокім ілбом, які трохі звужаўся ўверсе. Калі ён сьпяваў, імправізаваў, тады ад яго, казалі, ад чала і вачэй нібы сыходзіла праменьне, якім проста паланяў сэрцы ўсіх, хто яго слухаў. Нездарма Зан атрымаў ганаровую мянушку «архіпрамяністы»[12] »

[рэдагаваць] Творчая спадчына

Тамаш Зан — аўтар заснаваных на беларускім фальклёры паэтычных твораў на польскай мове. У камэдыі «Грэцкія піражкі» (1817, пастаўлена ў Арэнбургу 11 лютага 1830[34]) выкарыстаў беларускі фальклёр, у паэме «Табакерка» (1818) апісаў беларускае вясельле, сьвята Купальле, звычаі і абрады беларусаў. Ім напісаныя баляды і паэмы «Цыганка», «Сьвіцязь-возера» (абедзьве 1820), «Твардоўскі», «Бекеш» і лірычныя вершы, у прыватнасьці, верш «Мінчук» (1836) і «Сабіраемся з-над Урала на Літву» (1838)[35]. Тамаш Зан адыграў значную ролю ў разьвіцьці новага літаратурнага кірунку — рэвалюцыйнага рамантызму[3].

Ва ўральскім дзёньніку «З выгнаньня» паэт выказаў намер пісаць на беларускай мове, аднак ніводзін зь яго беларускіх твораў не захаваўся[1].

У 1833 Т. Зан адзначыў у дзёньніку, што «напісаў па-расейску дзіцячую камэдыю «Русалки и леший», накшталт «Грэцкіх піражкоў»[34]. Невядома, ці ставілася яна на сцэне ў Арэнбургу.

[рэдагаваць] Ушанаваньне памяці

Паводле зьвестак Арэнбурскага краязнаўчага музэю, імя Тамаша Зана носіць араграфічнае ўзвышша на Паўднёвым Урале[25].

[рэдагаваць] Выданьні

  • Tryolety i wiersze miłosne. Warszawa, 1922;
  • Z wygnania. Wilno, 1929. Бел. пер.: Філаматы і філарэты: Зборнік. Мн., 1998.

[рэдагаваць] Крыніцы

  1. ^ a b Кастусь Цьвірка. Зан Тамаш // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т.Т. 3: Гімназіі — Кадэнцыя / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1996. С. 404.
  2. ^ 21 снежня — 210 год з дня нараджэння Т. Зана (1796—1855), паэта-рамантыка, даследчыка прыроды, удзельніка вызваленчага руху // Нацыянальная бібліятэка Беларусі
  3. ^ a b c d Мысліцелі і асветнікі Беларусі: Энцыкл. даведнік / Беларус. Энцыкл. / Гал. рэд. «Беларус. Энцыкл.»: Барыс Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1995. — С. 434—435. — 671 с.
  4. ^ Станкевіч, С. Тамаш Зан // Беларускія элементы ў польскай рамантычнай паэзіі = Pierwiastki białoruskie w polskiej poezji romantycznej / Валер Булгакаў. — 1-е выд.. — Вільня: Інстытут беларусістыкі; Беласток: Беларускае гістарычнае таварыства: 2010. — С. 16. — 211 с. — ISBN 83-60456-21-6
  5. ^ a b c d Марціновіч А. А. Пакутнік за свабоду — «архіпрамяністы» Тамаш Зан // У часе прасветленыя твары: Гіст. эсэ, нарысы. — Мн.: Полымя, 1999. — С. 292. — ISBN 985-07-0297-4
  6. ^ a b c d e f g h i j Філаматы і філарэты / Укладанне, пераклад польскамоўных твораў, прадмова, біяграфічныя даведкі пра аўтараў і каментарыі К. Цьвіркі,. — Мн.: 1998. — С. 197. — 400 с. — (Беларускі кнігазбор).
  7. ^ a b c d e f g h i j k l m n o p q r s Цьвірка, К. Вечны выгнаннік і пілігрым. Жыццё і творчасць Тамаша Зана. — 1994. — № 2. — С. 17—24.
  8. ^ ЦГИА СССР, ф. 1343, оп. 22, д. 950, л .16
  9. ^ Грицкевич В. П. Ташкараган ищет золото // От Немана к берегам Тихого океана. — Мн.: Полымя, 1986. — С. 94. — 303 с.
  10. ^ Філаматы і філарэты / Укладанне, пераклад польскамоўных твораў, прадмова, біяграфічныя даведкі пра аўтараў і каментарыі К. Цьвіркі,. — Мн.: 1998. — С. 383. — 400 с. — (Беларускі кнігазбор).
  11. ^ Z filareckiego świata: zbiór wspomnień z lat 1816-1824. Wydae Henryk Mościcki. — Warszawa, 1924. — S. 196.
  12. ^ a b c Лютынскі В. П. Тамаш Зан на Аршаншчыне // Аршанскі краязнаўчы зборнік. — Орша: Аршанская друкарня, 1997. — № 2. — С. 24. — ISBN 985-6133-40-8.
  13. ^ a b Цішук, Г. Архіпрамяністы // Беларусь. — 2003. — № 6. — С. 40.
  14. ^ Зан Тамаш // Маракоў Л.У. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі, 1794—1991. Энц. даведнік. У 10 т. Т. 1. — Мн:, 2003. ISBN 985-6374-04-9.
  15. ^ a b Уладзімер Арлоў (5 сьнежня 2006) Імёны Свабоды: Тамаш Зан 21.12.1796, в. Мясата (цяпер Маладэчанскі раён) — 19.7.1855, маёнтак Кухачын паблізу Воршы. Пахаваны ў в. Смаляны, Аршанскі раён. Радыё СвабодаПраверана 4 жніўня 2011 г.
  16. ^ a b Кастусь Цвірка Паданне пра філаматаў, або Доля аднаго пакалення // Філаматы і філарэты / Укладанне, пераклад польскамоўных твораў, прадмова, біяграфічныя даведкі пра аўтараў і каментарыі К. Цьвіркі,. — Мн.: 1998. — С. 19. — 400 с. — (Беларускі кнігазбор).
  17. ^ Грицкевич В. П. Ташкараган ищет золото // От Немана к берегам Тихого океана. — Мн.: Полымя, 1986. — С. 113. — 303 с.
  18. ^ Грицкевич В. П. Ташкараган ищет золото // От Немана к берегам Тихого океана. — Мн.: Полымя, 1986. — С. 108. — 303 с.
  19. ^ Цішук, Г. Архіпрамяністы // Беларусь. — 2003. — № 6. — С. 41.
  20. ^ Грицкевич В. П. Ташкараган ищет золото // От Немана к берегам Тихого океана. — Мн.: Полымя, 1986. — С. 121. — 303 с.
  21. ^ a b c Каханоўскі, Г. «Самае ўдзячнае пачуццё» // Адчыніся, таямніца часу: Гіст.-літ. нарысы. — Мн.: Маст. літ., 1984. — С. 61. — 199 с.
  22. ^ Грицкевич В. П. Ташкараган ищет золото // От Немана к берегам Тихого океана. — Мн.: Полымя, 1986. — С. 126. — 303 с.
  23. ^ Грицкевич, В. От Немана к берегам Тихого океана. — Мн.: 1986. — С. 128.
  24. ^ Мароз У. Філамат Тамаш Зан // За брамай забытых мелодый: эсэ, вершы, мініяцюры / Уладзімір Мароз; маст. А. А. глекаў, У. В. Мароз. — Мн.: Маст. літ., 2004. — С. 96. — 254 с.
  25. ^ a b c Зубовіч, С. Ф. Імёны на картах планеты Зямля / С. Ф. Зубовіч // Беларускае Асветніцтва : вопыт тысячагоддзя : матэрыялы II Міжнароднага кангрэса, 17-19 мая 2000 года : [у 3 кн.] / [рэдакцыйная калегія : А. І. Лугоўскі (галоўны рэдактар) і інш.]. Мінск, 2001. Кн. 2. С. 102—107.
  26. ^ Мароз У. Філамат Тамаш Зан // За брамай забытых мелодый: эсэ, вершы, мініяцюры / Уладзімір Мароз; маст. А. А. глекаў, У. В. Мароз. — Мн.: Маст. літ., 2004. — С. 97. — 254 с.
  27. ^ Мароз У. Філамат Тамаш Зан // За брамай забытых мелодый: эсэ, вершы, мініяцюры / Уладзімір Мароз; маст. А. А. глекаў, У. В. Мароз. — Мн.: Маст. літ., 2004. — С. 97. — 254 с.
  28. ^ a b c Лютынскі В. П. Тамаш Зан на Аршаншчыне // Аршанскі краязнаўчы зборнік. — Орша: Аршанская друкарня, 1997. — № 2. — С. 25. — ISBN 985-6133-40-8.
  29. ^ Wawrzykowska-Wieciochowa D. Adam i Maryla. — Warszawa: 1990. — С. 214.
  30. ^ Зубовіч, С. Ф. Тамаш Зан — барацьбіт і краязнаўца / Зубовіч С. Ф. // Вілейскі краязнаўчы зборнік / складальнік В. Коласава. Мінск, 2001. С. 54-56.
  31. ^ Цішук, Г. Архіпрамяністы // Беларусь. — 2003. — № 6. — С. 42.
  32. ^ Wawrzykowska-Wieciochowa D. Adam i Maryla. — Warszawa: 1990. — С. 242.
  33. ^ Лютынскі В. П. Тамаш Зан на Аршаншчыне // Аршанскі краязнаўчы зборнік. — Орша: Аршанская друкарня, 1997. — № 2. — С. 26. — ISBN 985-6133-40-8.
  34. ^ a b Грицкевич В. П. Ташкараган ищет золото // От Немана к берегам Тихого океана. — Мн.: Полымя, 1986. — С. 112—113. — 303 с.
  35. ^ Станкевіч, С. Беларускія элементы ў польскай рамантычнай паэзіі = Pierwiastki białoruskie w polskiej poezji romantycznej / Валер Булгакаў. — 1-е выд.. — Вільня: Інстытут беларусістыкі; Беласток: Беларускае гістарычнае таварыства: 2010. — С. 26. — 211 с. — ISBN 83-60456-21-6

[рэдагаваць] Літаратура

  • Тамаш Зан, 1796—1855 // Літаратура Беларусі : першая палова XIX стагоддзя : хрэстаматыя / [укладанне, прадмова, біяграфічныя даведкі і каментарыі К. Цвіркі]. Мінск, 2000. С. 52-67. Змест : [Біяграфічная даведка] / [К. А. Цвірка]. [Выбраныя творы] / Тамаш Зан.
  • Тамаш Зан, 1796—1855 // Філаматы і філарэты : зборнік / [укладанне, пераклад польскамоўных твораў, прадмова, біяграфічныя даведкі пра аўтараў і каментарыі Кастуся Цвіркі]. Мінск, 1998. С. 197—230. Змест: [Біяграфічная даведка] / [К. Цвірка]. Творы ; Пісьмы / Тамаш Зан.
  • Зан Тамаш // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 1998. Т. 6. С. 525—526.
  • Зан Тамаш // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т.Т. 3: Гімназіі — Кадэнцыя / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1996. — 527 с.: іл. ISBN 985-11-0041-2.
  • Зан Тамаш // Беларусь : энцыклапедычны даведнік. Мінск, 1995. С. 321.
  • Зан Тамаш // Асветнікі зямлі Беларускай, X — пачатак XX ст. : энцыклапедычны даведнік. Мінск, 2001. С. 176—177.
  • Зан Тамаш // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі : у 5 т. Мінск, 1985. Т. 2. С. 484.
  • Зан Тамаш // Памяць : Карэліцкі раён / [рэдакцыйная калегія : В. К. Кунашка і інш.]. Мінск, 2000. С. 78.
  • Станкевіч, С. Беларускія элементы ў польскай рамантычнай паэзіі / Станіслаў Станкевіч; пераклад Міколы Хаўстовіча // Спадчына. 1998. № 5. С. 100—139. Са зместу: Тамаш Зан. С. 109—136.
  • Мароз, У. В. Філамат Тамаш Зан / Уладзімір Мароз // За брамай забытых мелодый : эсэ. Вершы. Мініяцюры / Уладзімір Мароз. Мінск, 2004. С. 90-97.
  • Цвірка, К. Дарогамі Тамаша Зана / Кастусь Цвірка // Камяні тых сядзібаў : шляхі паэтаў XIX стагоддзя / Кастусь Цвірка. Мінск, 2004. С. 82-125.
  • Тое ж // Лісце забытых алеяў : эсэ / Кастусь Цвірка. Мінск, 1993. С. 99-177.
  • Тое ж // Полымя. 1992. № 5. С. 159—172 ; № 6. С. 148—165.
  • Марціновіч, А. Пакутнік за свабоду — «архіпрамяністы» : Тамаш Зан / Алесь Марціновіч // У часе прасветленыя твары : гістарычныя эсэ, нарысы / Алесь Марціновіч. Мінск, 1999. С. 290—308.
  • Цішук, Г. Архіпрамяністы / Глеб Цішук // Беларусь. 2003. № 6. С. 40-42.
  • Лютынскі, В. Таямніца маёнтка Кахачын / Віктар Лютынскі // Беларуская Мінуўшчына. 1997. № 1. С. 28-31. (Постаці).
  • Пра лёс Т. Зана, яго грамадскую дзейнасць і маёнтак, дзе ён правёў апошнія гады жыцця.
  • Цвірка, К. Вечны выгнаннік і пілігрым : жыццё і творчасць Тамаша Зана / Кастусь Цвірка // Роднае слова. 1994. № 2. С. 17-24.
  • Мохнач, Н. Н. Общественно-политическая и этическая мысль Белоруссии начала XIX в. / Н. Н. Мохнач; под редакцией А. С. Майхровича. — Минск : Наука и техника, 1985. — 94 с.
  • Также об этических воззрениях и деятельности Т. Зана.
  • Каханоўскі, Г. «Самае ўдзячнае пачуццё» / Генадзь Каханоўскі // Адчыніся, таямніца часу : гісторыка-літаратурныя нарысы / Генадзь Каханоўскі. Мінск, 1984. С. 58-61.
  • Жыццёвы шлях Т. Зана.
  • Лютынскі, В. П. Тамаш Зан на Аршаншчыне / Лютынскі В. П. // Аршанскі краязнаўчы зборнік № 2 / укладальнік В. Лютынскі. [Орша], 1997. С. 24-27.
  • Грицкевич, В. П. Ташкараган ищет золото / В. П. Грицкевич // От Немана к берегам Тихого океана / В. П. Грицкевич. Минск, 1986. С. 92-131.
  • Об участии Т. Зана в освоении Урала.
  • Ермоленко, В. А. Зан Томаш Карлович / В. А. Ермоленко // Вестник Белорусского государственного университета. Серия 2, Химия. Биология. География. 1997. № 1. С. 72-73.
  • О Т. Зане как естествоиспытателе и его вкладе в мировую науку о Земле.
  • Зубовіч, С. Ф. Тамаш Зан — барацьбіт і краязнаўца / Зубовіч С. Ф. // Вілейскі краязнаўчы зборнік / складальнік В. Коласава. Мінск, 2001. С. 54-56.
  • Гужалоўскі, А. Тамаш Зан — аўтар першага беларускага музейнага праекта / Аляксандр Гужалоўскі // Беларускі гістарычны часопіс. 1999. № 3. С. 60-62.
  • Зубовіч, С. Ф. Імёны на картах планеты Зямля / С. Ф. Зубовіч // Беларускае Асветніцтва : вопыт тысячагоддзя : матэрыялы II Міжнароднага кангрэса, 17-19 мая 2000 года : [у 3 кн.] / [рэдакцыйная калегія : А. І. Лугоўскі (галоўны рэдактар) і інш.]. Мінск, 2001. Кн. 2. С. 102—107.
  • Лютынскі, В. Прыцягальны вобраз / Віктар Лютынскі // Голас Радзімы. 2002. 9 студз. (№ 3). С. 4.

[рэдагаваць] Вонкавыя спасылкі

Commons-logo.svg  Тамаш Зансховішча мультымэдыйных матэрыялаў

Асабістыя прылады
Прасторы назваў

Варыянты
Дзеяньні
Навігацыя
Удзел
Інструмэнты
На іншых мовах