Тартуга

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да: навігацыі, пошуку
Тартуга
Tortuga Island NASA.jpg
Месца Карыбскае мора
Плошча 180 км²
Краіна Сьцяг Гаіці Гаіці
Вобласьць Нор-Ўэст
Насельніцтва (2004) 30 000
Каардынаты 20° пн. ш. 72° у. д. / 20° пн. ш. 72° у. д. / 20; 72Каардынаты: 20° пн. ш. 72° у. д. / 20° пн. ш. 72° у. д. / 20; 72
Тартуга на мапе Гаіці
Тартуга
Тартуга
Тартуга
Мапа Гаіці (востраў у верхняй частцы)

Тартуга (, па-француску: Île de la Tortue, па-гішпанску: Isla Tortuga, — «востраў-чарапаха») — скалісты востраў у Карыбскім моры да паўночнага ўсходу ад Навэтранага праліву. Востраў адлучаны вузкім пралівам Тарцю (іншая назва — праліў Тартугі) шырынёю каля васьмі кілямэтраў (чатыры марскія мілі) ад паўночна-заходняга берагу вострава Гаіці (былая Эспаньёла). Плошча вострава 180 км², уваходзіць у Паўночна-заходні дэпартамэнт Гаіці.

Назва востраву стварылася ад яго формы — пры поглядзе з Эспаньёлы ён нагадваў гіганцкую марскую чарапаху. У XVII стагодзьдзе востраў Тарцю (тады Тартуга) зьяўляўся буйным цэнтрам пірацтва ў Карыбскім моры.

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Спачатку Тартуга служыла сховішчам для паляўнічых-буканіраў з Эспаньёлы. З 1605 году гішпанскі ўрад пакінуў заходнюю Эспаньёлу, але каляніяльная міліцыя працягвала нападаць на паляўнічых. Гарыстая і непрыступная з поўначы і з адзінаю гаваньню на поўдні Тартуга служыла буканірам надзейным сховішчам. У 20-я гады XVII-га стагодзьдзя паляўнічыя пабудавалі там невялікае мястэчка каля гавані, у якім здавалі жыльлё заезджым гандлярам. Пазьней мястэчка разраслося за кошт імігрантаў з Старога Сьвету. Паляўнічыя з Тартугі сталі падзарабляць пірацтвам, а пасьля таго, як у канцы 20-х гадоў у гэтым раёне магутнасьць Гішпаніі была істотна падарвана галяндзкімі флятыліямі, з гавані Тартугі сталі зьдзяйсьняць рэґулярныя рэйды флібусьцьеры, першым зь якіх быў, паводле Эксквэмэліну, нехта Пьер Ле Гран. На мяжы 1630 і 1631 гадоў востраў падвергся нападу гішпанцаў з Санта-Дамінга, але гэта не прывяло да жаданага выніку, і пірацкія набегі працягнуліся. З 1631 па 1635 год Тартуга знаходзілася пад патранажам кампаніі Providence.

Напачатку 1635 году Тартуга была абрабавана гішпанцамі, а ў 1638 годзе на востраў напала вялікая гішпанская флятылія, якая вынішчыла амаль усіх жыхароў. Францускія пасяленцы на Тартуге запыталі дапамогі ў афіцыйных уладаў Францыі, у выніку чаго ў 1642 годзе на востраў быў накіраваны ў якасьці губэрнатара былы капэр Жан Ле Васэр. Быўшы выдатным вайсковым інжынерам, Ле Васэр выбудаваў на Тартуге магутную крэпасьць, якая бараніла гавань, пасьля чаго абарваў усе сувязі з Францыяю і наступныя 10 гадоў Тартуга служыла самым сапраўдным прытонам пірацтва.

У 1652 годзе ле Васэр быў забіты, але новы губэрнатар, прызначаны ўладамі, таксама патураў піратам.

У студзені 1654 году на востраў ізноў напалі гішпанцы. Ім атрымалася прагнаць піратаў, але ўмацавацца на востраве ім не далі ангельцы сваімі інтэнсіўнымі дзеяньнямі супраць Санта-Дамінга.

Аж да 1665 году Тартуга служыла сакрэтнаю пірацкаю сталіцаю, і толькі з прыходам губэрнатара Бэртрана д’Ажэрона востраў вярнуўся пад фактычную юрысдыкцыю Францыі, хоць д’Ажэрон і карыстаўся на ўсю моц паслугамі піратаў, лічачы іх лепшаю абаронаю востраву.

Канчаткова пірацкія базы на Тартуге былі зьнішчаныя толькі ў 1713 годзе, калі Францыя афіцыйна абвясьціла пірацтва па-за законам.

Засяленьне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Французы, заснаваўшы ў свой час калёнію на востраве Сэн-Крыстофэр і ладна ўмацаваўшы яе, у 1625 годзе падрыхтавалі некалькі суднаў і паслалі іх на захад у пошуках новых месцаў. Спачатку яны высадзіліся на беразе вострава Гаіці, але ўбачыўшы, што ён заняты гішпанцамі, вырашылі, што лепш за ўсё абгрунтавацца на востраве Тартуга. Яны выгналі дзесяць ці дванаццаць гішпанцаў, якія там жылі, і прыкладна паўгода ім ніхто не замінаў. Пазьней яны адправіліся дахаты і вярнуліся з новымі пасяленцамі, вырашыўшы закласьці на востраве плянтацыі.

У 1629 годзе гішпанцы, на чале з Донам Фабрыцы дэ Таледа (Fabrique de Toledo), падрыхтавалі некалькі суднаў і высадзіліся на Тартузе, каб заняць яе зноў. Гэта ім не атрымалася, паколькі французы адразу ж схаваліся ў лясах, а пазьней сышлі на каноэ у моры. У французаў была вялікая перавага: у іх не было ні жанчынаў, ні дзяцей, кожны мог хутка схавацца, знайсьці сабе пражытак і лёгка апавясьціць суайчыньнікаў пра здарэньне і тым самым перашкодзіць гішпанцам пабудаваць на востраве ўмацаваньні. Французы абралі момант, калі амаль усе гішпанцы перабраліся на Гаіці, і вярнуліся на Тартугу, перабіўшы ўсіх, хто там знаходзіўся, а затым зьнішчылі гішпанцаў, якія вярнуліся. Так яны зноў сталі гаспадарамі востраву. Да 1630 году ўмацаваўшыся на востраве, яны пачалі хадзіць на вялікую зямлю на паляваньне, здабываць шкуры; тыя ж, хто не меў да гэтага схільнасьці, панадзіліся рабаваць гішпанскія судны; так востраў стаў домам для піратаў.

Глядзіце таксама[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]