Таўцівіл

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да: навігацыі, пошуку

Таўціві́л, Таўцівіл Даўспрунгавіч (каля 12001264) — полацкі князь, атрымаў ад палачанаў мянушку «Добры». Пляменьнік Міндаўга, жамойцкіх князёў Эдзівіла і Выкінта, стрыечны брат Траняты.

Быў старэйшым сынам Даўспрунга, старэйшага брата Міндаўга. Каля 1245 году Міндаўг забраў уладаньні ў Таўцівіла і яго малодшага брата Эдзівіла, а саміх паслаў шукаць шчасьця ў вайне з Смаленскай зямлёй — прапануючы ім там здабыць сабе новыя ўладаньні, пры гэтым паслаўшы за імі забойцаў. Таўцівіл з Эдзівілам, даведаўшыся пра намеры Міндаўга, замест прапанаванай выправы на Смаленск уцяклі ў Галіцка-Валынскае княства шукаць падтрымкі, бо іх сястра была замужам за Данілам Галіцкім. Даніла паслаў Таўцівіла ў Яцьвезь, Жамойць і Рыгу, каб стварыць вайсковы хаўрус супраць Міндаўга. У Рызе Таўцівіл быў ахрышчаны ў каталіцтва (паводле зьвестак Мацея Стрыйкоўскага пад імем Готліб).

Даніла Галіцкі, Лівонскі ордэн, рыскі арцыбіскуп і Выкінтава палова Жамойці падтрымалі Таўцівіла, але нанесьці паразу Міндаўгу не атрымалася, бо пасьля хрышчэньня Міндаўга ў 1253 годзе ў каталіцтва крыжакі перайшлі на яго бок. Пэўны час Таўцівіл жыў у Галіцка-Валынскім княстве і ў 1253 разам з братам Эдзівілам удзельнічаў у выправе Данілы Галіцкага ў Чэхію. Але пасьля пасварыўся зь ім, бо той памірыўся зь Міндаўгам.

Пасьля гэтага Таўцівіл перабраўся ў Полацак, бо быў жанаты з дачкой полацкага князя Брачыслава. Невядома, калі адбыўся гэты шлюб — да 1245 ці пасьля 1253 году. Магчыма, што першае больш верагодна, але прамых сьведчаньняў гэтаму няма. Пасьля сьмерці свайго цесьця Таўцівіл быў абраны полацкім князем, магчыма абыходзячы прамых нашчадкаў Брачыслава. Таўцівіл, хоць і быў выгнаны Міндаўгам зь Літвы, але захоўваў там даволі значны ўплыў. Магчыма, што ў 1258 годзе ўжо як полацкі князь удзельнічаў з аддзелам літоўцаў у выправе палачан на Смаленскую зямлю і Таржок, але яго імя ў сувязі з гэтай выправай не згадваецца. Зімой 1258—1259 гадоў у час татарскай выправы на Літву Таўцівіл, аб’яднаўшыся са сваім стрыечным братам Войшалкам, дзейнічаў супраць Рамана Данілавіча, нават быў датычны да яго забойства. Але толькі ў 1262 годзе Таўцівіл прама згадваецца як полацкі князь.

Пасьля забойства Міндаўга ў 1263 годзе як адзін з законных нашчадкаў быў запрошаны ўзурпатарам Транятам для падзелу спадчыны. Задумаў забіць Траняту і цалкам завалодаць спадчынай Міндаўга, але з-за здрады полацкага баярына Пракопа сам быў забіты, а астатнія полацкія баяры зь яго атачэньня трапілі ў палон да Траняты. Пасьля забойства Таўцівіла Транята, відаць, пагражаючы забойствам палонных полацкіх баяраў, патрабаваў выдачы яму Таўцівілавага сына Івана. Палачане ня выдалі Івана, дапамогшы яму зьбегчы ў Ноўгарад, дзе ён пасьля пастрыгся ў манахі. Аднак Полацку давялося ўзяць за князя вылучэнца Траняты — Канстанціна, магчыма сына Брачыслава, але ён быў на пасадзе невялікі час.