Тодар Кляшторны
| Тодар Кляшторны | |
| Асабістыя зьвесткі | |
|---|---|
| Нарадзіўся | 11 сакавіка 1903 вёска Парэчча, Расейская імпэрыя |
| Памёр | 30 кастрычніка 1937, Менск, турма НКВД |
| Жонка | Яніна Германовіч (1909—1959) |
| Дзеці | Тадзіяна, Весналіна, Мая |
| Літаратурная дзейнасьць | |
| Род дзейнасьці | паэт, перакладнік |
| Гады творчасьці | 1925—1927 |
| Творы на сайце Knihi.com | |
Тодар Тодаравіч Кляшторны (11 сакавіка 1903, Парэчча, Лепельскі раён, Віцебская вобласьць — 30 кастрычніка 1937, Менск, турма НКВД) — беларускі паэт, перакладнік.
Зьмест |
Біяграфія [рэдагаваць]
Пасьля службы ў войску вучыўся на рабфаку ў Воршы. У 1931 скончыў літаратурна-лінгвістычнае аддзяленьне пэдагагічнага факультэту Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту. Працаваў на радыё, у рэспубліканскіх газэтах і часопісах. Быў сябрам літаратурных аб’яднаньняў «Маладняк», «Узвышша», БелАПП. Уваходзіў у нефармальнае згуртаваньне ТАВІЗ[1]. Арыштаваны 3 лістапада 1936 у Менску па адрасе вул. Фабрычная, д. 10/4, кв. 7. Асуджаны пазасудовым органам НКВД 29 кастрычніка 1937 а 11:00 як «член антысавецкай арганізацыі» да вышэйшай меры пакараньня з канфіскацыяй маёмасьці. Рэабілітаваны ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда СССР 8 чэрвеня 1957[2].
Паводле ўспамінаў Паўла Пруднікава, Тодара Кляшторнага называлі ў свой час «беларускім Ясеніным» праз падабенства стылю і настрою вершаў, хоць у той жа час у творчасьці гэтых двух паэтаў мелася і нямала адрозьненьняў.[3]
Быў жанаты зь Янінай Міхайлаўнай Германовіч (1909—1959), арыштаванай і асуджанай 28 лістапада 1937 асобай нарадай пры НКВД як «чалец сям’і здрадніка радзімы» да 8 гадоў ППК[2]. Меў траіх дачок: Тадзіяну (ад першых складоў імёнаў бацькі і маці), дзіцячую паэтку, Весналіну і Маю, адну з кіраўнікоў Мартыралёгу Беларусі[4].
Творчасьць [рэдагаваць]
Друкавацца пачаў у 1925 у часопісе «Аршанскі маладняк». Выйшлі зборнікі паэзіі «Кляновыя завеі» (1927), «Сьветацені» (1928), «Ветразі» (1929), «Праз шторм — на штурм» (1934).
Тодар Кляшторны — аўтар інтымнай, пэйзажнай, філязофска-мэдытацыйнай лірыкі, вершаў песеннага складу, вершаў-зваротаў, вершаў-пасланьняў («Ліст да дзяўчыны», «Ліст у Сыбір»), вершаў, блізкіх да народнае творчасьці («Бачу і чую — чую і бачу», «Ой, ты дзеўчына», «Там за гарамі не воўкі завылі», «На Ўсходзе Дальнім, на палях Кітая»), твораў публіцыстычнай скіраванасьці («Лукішкі»), байкі («Чужыя дзеці»), пародыі («Вольны запіс прамовы аднаго пісьменьніка на пленуме ССП», пародыя на К. Крапіву «Дзед і Баба»), эпіграмаў («Нашым крытыкам: «Сяўбовае, сяброўскае»)[5].
Аўтар паэмаў «Калі асядае муць» (1927), «Беларусь» (1928), «Палі загаманілі» (1930), «Сьляды дарог» (1932), «Наш кірунак дарог — на Маскву» (1933) і «Радзіма» (1934). На думку М. Мушынскага, гэта былі вершы-подступы да жанру паэмы[5].
Аўтар апавяданьняў («Праз куламесіцу часу», 1926) і нарысаў («Нашы межы непарушныя», 1933; «Уся справа ў людзях», 1934 і іншыя).
Пераклаў на беларускую мову пятую частку «Прыгод удалага ваякі Швейка» Карэла Ванэка (у суаўтарстве з З. Астапенкам, 1932), раман Ф. Панфёрава «Брускі» (у суаўтарстве з М. Багуном, ч. 1, 1932), «Песьню Чырвонай Арміі» П. Тычыны (1934), «Ленін» В. Брусава (1934), «Любімец партыі» В. Гусева (1934) і творы І. Харыкі, Г. Лахуці, А. Кутатэлі, М. Асеева, Л. Первамайскага, С. Стальскага, Р. Альберці, Л. Безыменскага, М. Галоднага. Пераклаў уступ паэмы У. Маякоўскага «На ўвесь голас»[6].
Творы Т. Кляшторнага перакладаліся на летувіскую, расейскую і ўкраінскую мовы. На яго вершы І. Іваноў і М. Равенскі напісалі песьні.
Ацэнкі [рэдагаваць]
Многія творы Тодара Кляшторнага пры яго жыцьці станавіліся аб’ектамі нападаў з боку абаронцаў партыйна-клясавага падыходу да мастацтва: крытыка ўшчувала аўтара за неадпаведнасьць ідэалягічным запатрабаваньням эпохі, наяўнасьць упадніцтва, пэсымізму, ясеніншчыны, паэтычнай вольніцы, збродніцтва і багемнага стаўленьня да сьвету[7]. Крытык Я. Калядны ў рэцэнзіі на першую кніжку Кляшторнага пісаў: «трошкі асобна стаіць Кляшторны. У яго часта — шаблённасьць, штампы, асабліва ў вобразах. І зьмест у яго асаблівы. Ён захістаўся і затужыў ад гэтага. Ён на раздарожжы»[8]. У 1928 годзе А. Гародня ў рэцэнзіі на зборнік «Сьветацені» канстатаваў прасякнутасьць «мэлянхалічнымі настроямі» ўсёй творчасьці паэта, называў «эстэтнічаньне» яе характэрнаю рысаю, а ключавыя вобразы тыпу «ружовыя шклянкі», «наліўкі ледзяныя» і інш. — «спадчынай багемшчыны»[9]. У 1930 годзе на выхад зборніка «Ветразі» С. Куніцкі ў часопісе «Маладняк» адзначыў поўны разрыў лірычнага героя Т. Кляшторнага з грамадзкім жыцьцём: «Усе настроі..., камбінуюць адзін вобраз, вобраз чалавека, які падчас губляе ўсякі сэнс жыцьця, губляе ўсякую зацікаўленасьць жыць»[10].
Крытык Саламон Левін у палымяным артыкуле «На наш бераг» прыпісвае паэту звужанасьць і індывідуалістычнасьць перажываньняў, імпрэсіянізм пэйзажных малюнкаў і «эстэтычны алькагалізм»[11]. Левін называе паэму «Калі асядае муць» «упадніцкім, пэсымістычным, шкодным» творам і перакрэсьлівае паэмы «Праксэда» і «Беларусь»[11]. Як адзначае І. Багдановіч, менавіта С. Левін адзначыў імпрэсіяністычную манеру пісьма Т. Кляшторнага, разуменьне ім паэзіі як містычнай сілы, прыхільнасьць да падсьвядомага пазнаньня рэчаіснасьці і важнасьць суб'ектыўных перажываньняў[12]. Ізідор Плашчынскі ў артыкуле «Праз муту жыцьця да гоману палёў» адзначае, што «Кляшторны не прынёс адразу ў літаратуру энэргічнага сьпеву захапленьня ад стварэньня новых форм жыцьця», падкрэсьліваючы, што «паэзіі Тодара Кляшторнага характэрна тое, што ў ёй няма цьвёрдай лініі»[13]. На думку крытыка, своеасаблівасьць творчасьці аўтара заключаецца «ў скрыжаваньні сілы і бясьсільля, у падваеньні, якое зьмяшчае падчас у сабе самыя процілеглыя моманты»[13]. Пра паэму Т. Кляшторнага «Калі асядае муць» С. Левін, А. Гародня, А. Канакоцін, Л. Бэндэ і іншыя пісалі, што гэта ідэйна заганны, упадніцкі, дэкадэнцкі твор і аўтар яго сам зьяўляецца дэклясавым элемэнтам (героі паэмы атаясамляліся з аўтарам і расцэньваліся як ворагі сацыялізму)[14]. Крытык А. Цітоў лічыў паэму апагеем прыхільнасьці паэта да багемы[15].
А. Бабарэка наступным чынам ахарактарызаваў другі зборнік Т. Кляшторнага: «Сьветацені — па агульнаму уражаньню ад іх твораў — гэта спакойна-задуменнае дзіваваньне зьменлівасьцю, якая пазнана паэтам у быцьці, як свайго роду асбалютны закон жыцьця. Як ілюстрацыі гэтай зьменлівасьці, адчутай і перажытай паэтам у асобных момантах часу, і выступаюць усе вершы Сьветаценяў»[16].
На думку М. Мішчанчука, Тодар Кляшторны ня змог супрацьстаяць таталітарнаму націску і здрадзіў сваёй раньняй манеры пісьма, адышоў ад маляўнічасьці і двухстыльнасьці (вершы «Рыжы, но...», «У вёсцы», «Так было раней») і стаў пісьменьнікам натуралістычнага пляну, фактографам[17], перайшоўшы на шлях рытарычнага, гучнага, шаблённага гладкапісу[14]. На думку М. Мушынскага, творы паэта 1930-х сьведчаць пра пасьпяховасьць спробаў дэфармаваць прыродныя схільнасьці Т. Кляшторнага як паэта-лірыка і штурхнуць яго на шлях дэклямацыйна-патаснага апяваньня радасьці жыцьця і посьпехаў сацыялістычнага будаўніцтва[7].
Як адзначае М. Мушынскі, пасьляваенныя выданьні літаратурнай спадчыны Тодара Кляшторнага (1960, 1970, 2003) ілюструюць цяжкасьці вызваленьні крытычнае думкі ад ідэалягічных напластаваньняў 1930-х і спрошчаных вульгарызатарскіх ацэнак[7]. На думку дасьледніка, у літаратурна-крытычных ацэнках складальнікаў кніг адчуваецца празьмерная асьцярожнасьць і ўступкі ранейшым застарэлым уяўляеньням, як, напрыклад, у прадмове Сяргея Грахоўскага да зборніка «Выбраных вершаў» (1970):[7] «Т. Кляшторны... едзе ў першыя калгасы, на будаўніцтва дарог і піша паэму «Палі загаманілі» і вершы, якія склалі зборнік «Праз шторм на штурм». Але ні ў паэме, ні ў вершах яшчэ не раскрыты глыбінныя працэсы новага жыцьця. Яно ўбачана... без пранікненьня ў характары людзей, без разуменьня вытокаў іх энтузіязму, новых адносін да справы»[18]. На думку М. Мушынскага, уключаныя ў зборнік 2003 году вершы і паэмы Т. Кляшторнага яскрава пераконваюць у несправядлівасьці гэтых ацэнак[7].
А. Пашкевіч у прадмове да апошняга зборніка вершаў паэта адзначае, што Т. Кляшторны «выявіўся найперш паэтам авангарднага мысьленьня, творцам імажынісцкай школы зь яркімі і непаўторнымі перажываньнямі, настроямі, пачуцьцямі, якія ім нібыта і не пісаліся, а высьпеўваліся...»[19]. На думку М. Мішчанчука, лірыка Кляшторнага зьяўляецца «лірыкай палярных стылявых прынцыпаў». Так, у пэйзажнай лірыцы пераважае рамантычная сымболіка і адчуваецца ўплыў ня толькі С. Ясеніна, але і імажыністаў, а ў творах пра рэальнае чалавечае жыцьцё («У вёсцы», «Так было раней») дыялёгі герояў і аўтарскія камэнтарыі выбудоўваюцца ў чыста рэалістычным стылявым ключы[20]. Як адзначае А. Бельскі, схільнасьць да паэтыкі імажынізму выяўляецца ў наступных творах Т. Кляшторнага: «Зазімак», «Зацьвілі сярэбраныя росы...» і «На ледзяной гітары»[21]. Паводле В. Дзямко, у паэме Т. Кляшторнага «Калі асядае муць» праз апісаньне антыноміяў пасьлярэвалюцыйнай рэчаіснасьці паэт набліжаецца да праблематыкі экзыстэнцыялізму[22].
На думку Л. Гараніна, у літаратурным працэсе таго часу Т. Кляшторны выступае як паэт-наватар, стваральнік асаблівай асацыятыўнай вобразнасьці, пабудаванай на спалучэньні разнаякасных зьяваў, выражэньні незвычайнага стану душы, яе нечаканых і глыбокіх перажываньняў узьлётаў[23].
Успаміны [рэдагаваць]
Сымон Шаўцоў у сваёй кнізе «Мая адысея» ўспамінаў:
| Кляшторны быў маім суседам па кватэры на пасёлку «Камінтэрн». Разам ішлі неяк з Дому Пісьменьнікаў па прагнілых дошках ходніку па Ляхаўцы. Тодар у абдрыпаных нагавіцах: адна калашына закасаная вышэй калена, другая — спушчаная на падраны чаравік, Нёс на руках сваё малое дзіця, а за ім дробненька тупала ягоная малая, шчуплая жонка. За жончыну спадніцу трымалася малая дачушка. «Тодарка, родненькі, не ўпусьці дзіцятка!» — паўтарала жонка. Тодарка быў крыху падпіты.
Кляшторны часта насіў з сабою ў клетцы канарэйку, якую вучыў размаўляць. Рабочыя-муляры ведалі, што ён — паэт. З рыштаваньняў забачаць яго й гавораць: «Вунь, ідзе пралетарскі паэт!» Пыталіся: «Як сьпявае канарэйка?» «Не сьпявае, а плачыць у клетцы канарэйка», — адказваў Тодар[24]. |
||
Ушанаваньне памяці [рэдагаваць]
У 2008 адной з вуліц вёскі Камень на Лепельшчыне было прысвоена імя Тодара Кляшторнага[25]. У вясковым Доме культуры таксама дзейнічае бібліятэка-музэй Тодара Кляшторнага.
Глядзіце таксама [рэдагаваць]
Крыніцы [рэдагаваць]
- ^ Юрэвич, Л. Тавізаўцы. Пра лёсы ўдзельнікаў аднаго літаратурнага аб'яднаньня // Роднае слова. — 1997. — № 11. — С. 162.
- ^ а б Кляшторны Тодар Тодаравіч // Ахвяры і карнікі : [аб палітычных рэпрэсіях 1937―1938 гадоў] / Леанід Маракоў. — Мінск, 2007. — 439 с.
- ^ Пруднікаў, П. Далёкае, але не забытае: Успаміны. — Мн.: Маст. літ., 1988. — С. 89
- ^ Вярцінскі, А. (25 сакавіка 2011) Спачыла Тадзіяна Кляшторная. Новы Час. Праверана 11 студзеня 2012 г.
- ^ а б Мушынскі М. «Сляды дарог», якія вядуць у будучыню. З гісторыі выдання і асэнсавання літаратурнай спадчыны Тодара Кляшторнага // Пра час «Узвышша»: Матэрыялы Узвышаўскіх чытанняў (Мінск. 2003—2004) / Уклад: Г. В. Запартыка, Т. В. Кекелева, Я. М. Кісялёва. — Мн.: РІВШ, 2005. — С. 21—22 — 160 с.
- ^ Кенька М. Тодар Кляшторны — перакладчык // Пра час «Узвышша»: Матэрыялы Узвышаўскіх чытанняў (Мінск. 2003—2004) / Уклад: Г. В. Запартыка, Т. В. Кекелева, Я. М. Кісялёва. — Мн.: РІВШ, 2005. — С. 68 — 160 с.
- ^ а б в г д Мушынскі, М. «Сляды дарог», якія вядуць у будучыню. З гісторыі выдання і асэнсавання літаратурнай спадчыны Тодара Кляшторнага // Роднае слова. — Мн: 2005. — № 3. — С. 9—11.
- ^ Калядны, Я. Маладая сучаснасьць // Маладняк. — 1927. — С. 15.
- ^ Полымя. 1928. № 8. С. 167—169
- ^ Маладняк. 1930. № 8—9. С. 147
- ^ а б Левін, С. На наш бераг // Полымя рэвалюцыі. — 1934. — № 9. — С. 136.
- ^ Багдановіч І. Матыў скокаў у творчасці Тодара Кляшторнага і эстэтычныя асаблівасці беларускага дэкадансу // Пра час «Узвышша»: Матэрыялы Узвышаўскіх чытанняў (Мінск. 2003—2004) / Уклад: Г. В. Запартыка, Т. В. Кекелева, Я. М. Кісялёва. — Мн.: РІВШ, 2005. — С. 68 — 160 с.
- ^ а б Узвышша. 1931. № 5. С. 54—55
- ^ а б Мішчанчук, М. І. «Цалуем сонца мілыя ўсмешкі і молімся над кожным васільком...» Пра творчасць Тодара Кляшторнага // Як жыць — дык жыць для Беларусі... — Мінск: Народная асвета, 1995. — С. 93—94. — 334 с. — ISBN 985-03-0204-6
- ^ Полымя. 1930. № 11—12. С. 178
- ^ Бабарэка А. З нататак Адама Бабарэкі, прысвечаных паэтычнай творчасці Тодара Кляшторнага // Пра час «Узвышша»: Матэрыялы Узвышаўскіх чытанняў (Мінск. 2003—2004) / Уклад: Г. В. Запартыка, Т. В. Кекелева, Я. М. Кісялёва. — Мн.: РІВШ, 2005. — С. 54—57 — 160 с.
- ^ Мішчанчук, М. І. «Цалуем сонца мілыя ўсмешкі і молімся над кожным васільком...» Пра творчасць Тодара Кляшторнага // Як жыць — дык жыць для Беларусі... — Мінск: Народная асвета, 1995. — С. 92. — 334 с. — ISBN 985-03-0204-6
- ^ Грахоўскі, С. Лірык нашага рання //Кляшторны Т. Выбраныя вершы. — Мінск: Беларусь, 1970. — С. 7—8.
- ^ Пашкевіч А. Вернік паэзіі // Кляшторны Т. Сляды дарог. Выбранае. Мн., 2003
- ^ Мішчанчук, М. І. Беларуская савецкая паэзія 20-х гадоў. — Мн.: Вышэйшая школа, 1988. — С. 95—96. — 191 с.
- ^ Бельскі, А. І. Галасы і вобразы: літ.-крыт. артыкулы // / А. І. Бельскі. — Мінск: Литература и Искусство, 2008. — С. 117. — 288 с.
- ^ Дзямко, В. Тодар Кляшторны і Сяргей Ясенін як прадстаўнікі экзістэнцыялізму: На прыкладзе паэм «Калі асядае муць» і «Чорны чалавек» // Роднае слова. — 2007. — № 3. — С. 10—14.
- ^ Гаранин С.Л. О роли возрожденческой парадигмы в творчестве Тодора Кляшторного // Пра час «Узвышша»: Матэрыялы Узвышаўскіх чытанняў (Мінск. 2003—2004) / Уклад: Г. В. Запартыка, Т. В. Кекелева, Я. М. Кісялёва. — Мн.: РІВШ, 2005. — С. 34—36 — 160 с.
- ^ Шаўцоў, С. Мая адысея. — Вільня: Выдавецтва Беларусаў Літвы Рунь, 1999. — 136 с. — ISBN 9986-9228-5-2
- ^ Вуліца імя Т.Кляшторнага зьявілася на радзіме паэта. Радыё Свабода (17 красавіка 2008). Праверана 11 студзеня 2012 г.
Літаратура [рэдагаваць]
- Кляшторны Тодар // Беларускія пісьменнікі (1917—1990): Даведнік; Склад. А.К. Гардзіцкі. Нав.рэд. А.Л. Верабей. — Мн.: Мастацкая літаратура, 1994.— 653 с.: іл. ISBN 5-340-00709-X.
- Тодар Кляшторны // Першацвет адраджэння: Вучэб. дапам. па беларус. літ. для ст. кл. сярэд. шк. / Склад. М. А. Федасеенка, Т. П. Прохарава, Г. М. Разанава і інш. — Мн.: Нар. асвета, 1995. — С. 369. — 511 с ISBN 985-03-0216-X
- Пруднікаў П. І. Далёкае, але не забытае: Успаміны. — Мн.: Маст. літ., 1988. — С. 89—96.
Вонкавыя спасылкі [рэдагаваць]
Тодар Кляшторны — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў
| Вікікрыніцы зьмяшчаюць арыгінальныя матэрыялы, датычныя тэмы артыкула: |
- Тодар Кляшторны на сайце «Родныя вобразы»
- Тодар Кляшторны на Беларускай Палічцы
- Мая Кляшторная. Успамін пра расстралянага бацьку // Наша Ніва, 30 кастрычніка 2011
- Кляшторная, Т. Белыя Курапаты / Т. Кляшторная // Лепельскі край. — 2003. — 11 сак. — С. 2.
- Кляшторная, Т. Вяртанне / Т. Кляшторная // Вiцебскі рабочы. — 1997. — 11cак. — С. 4.
- Кляшторная, Т. Паездка ў Парэчча / Т. Кляшторная // Лепельскі край. — 2005. — 3 мая. — С. 3.
- Асобы па альфабэце
- Нарадзіліся 11 сакавіка
- Нарадзіліся ў 1903 годзе
- Нарадзіліся ў Лепельскім раёне
- Беларускія паэты і паэткі
- Выпускнікі Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту
- Беларускія перакладчыкі
- Рэпрэсаваныя ў БССР
- Расстраляныя беларускія літаратары
- Памерлі 30 кастрычніка
- Памерлі ў 1937 годзе
- Памерлі ў Менску
- Сябры літаратурнага аб'яднаньня Маладняк
- Тодар Кляшторны
- Людзі, у гонар якіх названыя вуліцы
- Сябры літаратурнага аб'яднаньня Ўзвышша
- Сябры Беларускай асацыяцыі пралетарскіх пісьменьнікаў
- Сябры літаратурнага аб'яднаньня ТАВІЗ
- Беларускія літаратары, расстраляныя ў ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 году