Том Клэнсі
Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі.
| Том Клэнсі | |
| Tom Clancy | |
| Імя пры нараджэньні: | Томас Лео Клэнсі малодшы |
| Нарадзіўся: | 12 красавіка 1947 |
| Грамадзянства: | |
| Гады творчасьці: | 1984-2003 |
| Жанр: | палітычны трылер |
То́мас Ле́о Клэ́нсі малодшы (па-ангельску: Thomas Leo Clancy Jr.), больш вядомы як Том Клэнсі — амэрыканскі пісьменьнік, аўтар папулярных раманаў-бэстсэлераў у жанры палітычнага трылера. Том Клэнсі таксама лічыцца экспэртам у вобласьці ўзбраеньняў, геапалітыкі ды спэцслужбаў.
Зьмест |
[рэдагаваць] Біяграфія
Том Клэнсі нарадзіўся 12 красавіка 1947 г. у графстве Калвэрт, штату Мерылэнд. Па сканчэньні школы у г. Тоўсан у 1965 г. вывучаў ангельскую літаратуру ў прыватным каталіцкім коледжы Сьв. Лаёлы ў Балтымары. Усё дзяцінства мроіў пра службу ў арміі, аднак па сканчэньні коледжу ў 1968 г. у сувязі з дрэнным зрокам ня змог прайсьці мэдагляд і ў армію не патрапіў. Затое стаў працаваць у страхавым агенцтве. У 1970 г. уступіў у шлюб са сваёй першай жонкай Вандай, зь якой у іх было сямёра дзяцей. Шлюб распаўся ў 1998 г. Годам пазьней, 26 чэрвеня 1999 г. у веку 53 гадоў ажаніўся на 32-летняй журналістцы Аляксандры Левелін.
Падчас Халоднай войны цікавіўся вайсковай гісторыяй, відамі зброі і геапалітыкай, пісаў артыкулы і інструкцыі па выкарыстоўваньні асобных відаў зброі. У 1984 г. апублікаваў сваю першую кнігу «The Hunt for Red October» (па-беларуску: Паляваньне за Чырвоным Кастрычнікам), якая імгненна стала бэстсэлерам і здабыла яму вялікую папулярнасьць ў ЗША і за мяжой. Гэтая кніга аб уцёках савецкай падлодкі на захад заслужыла хвалу нават прэзыдэнта Рональда Рэйгана і пасьля была экранізаваная. За гэтай кніжкай вынікалі іншыя, амаль кожная зь іх таксама станавілася бэстсэлерам дзякуючы арыгінальнаму спалучэньню рэалістычных геапалітычных сцэнараў з дэталёвым, тэхнічным апісаньнем розных відаў зброі. Некаторыя раманы Клэнсі апынуліся на зьдзіўленьне дакладнымі — напрыклад у рамане «Executive Order» ён прадугледзеў сутыкненьне камэрцыйнага самалёта з Пэнтагонам, амаль дакладна, як гэта здарылася 11 верасьня 2001 г.
Па меркаваньні некаторых, знаёмства Тома Клэнсі з працаўнікамі Пэнтагона і выведкі давала яму магчымасьць карыстацца інфармацыяй з гэтых крыніц. Якасьць і пэўнасьць фактаў у яго раманах былі настолькі прыгожымі, што сталі праграмнай літаратурай у некаторых каледжах ЗША. У цэлым, больш за 50 млн. асобнікаў яго раманаў выйшла друкам, шмат зь іх былі экранізаваныя. Том Клэнсі таксама піша артыкулы па вайсковай гісторыі, біяграфіі і ў прыватнасьці, інструкцыі па выкарыстоўваньні пэўных відаў зброі. Тома Клэнсі неаднаразова запрашалі на тэлебачаньне у якасьці экспэрта. У прыватнасьці, падчас тэрарыстычных актаў 11 верасьня ў 2001 годзе ён быў адным з экспэртаў на CNN па пытаньнях ісламскага тэрарызму і выступіў на абарону ісламу агулам. Хоць яго ўспрымалі як прыхільніка кансэрватыўных поглядаў, ён не падтрымаў вайну ЗША ў Іраку і выступаў з крытыкай адміністрацыі прэзыдэнта Буша і вайсковага дэпартамента.
Дзякуючы папулярнасьці сваіх раманаў, за 20 гадоў сваёй кар'еры пісьменьніка Том Клэнсі стаў адным з найбагатых аўтараў краіны. Яго імя стала выкарыстоўвацца як своеасаблівы брэнд прыгодніцкай ды шпегунскай літаратуры, была створана сэрыя кампутарных гульняў і г.д. Некаторыя апошнія раманы на аснове кампутарных сэрыялаў былі напісаныя іншымі аўтарамі. У 1993 годзе ён стаў саўладальнікам бэйсбольнай каманды ў Балтыморы.
[рэдагаваць] Бібліяграфія
[рэдагаваць] Раманы
- The Hunt for Red October (1984)
- Red Storm Rising (1986)
- Patriot Games (1987)
- The Cardinal of the Kremlin (1988)
- Clear and Present Danger (1989)
- The Sum of All Fears (1991)
- Without Remorse (1993)
- Debt of Honor (1994)
- Executive Orders (1996)
- SSN (1996)
- Rainbow Six (1998)
- The Bear and the Dragon (2000)
- Red Rabbit (2002)
- The Teeth of the Tiger (2003)
[рэдагаваць] Вонкавыя спасылкі
Том Клэнсі — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў
- Tom Clancy FAQ (анг.)

