Торунскі мір 1411 году

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да: навігацыі, пошуку
Торунскі мір 1411 году
Peace of Torun 1411.jpg
Тып дамовы Міжнароднае пагадненьне
Падпісаная
• месца
1 лютага 1411
Торунь
Бакі Den tyske ordens skjold.svg Тэўтонскі ордэн
Alex K Kingdom of Poland3.svg Каралеўства Польскае
Coat of arms of Lithuania.svg Вялікае Княства Літоўскае
Месца захаваньня Warszawa, Archiwum Główne Akt Dawnych, Zbiór dokumentów pergaminowych, sygn. 4487.
Мова лацінская
Wikisource-logo.svg Тэкст у Вікікрыніцы:
:la:Pax Thorun

Торунскі мір 1411 году, Першы Торунскі мір — мірнае пагадненьне, якое фармальна завяршыла «Вялікую вайну» 1409—1411 гадоў паміж саюзам Каралеўства Польскага і Вялікага Княства Літоўскага з аднаго боку, і Крыжацкім ордэнам з другога, падпісанае 1 лютага 1411 году ў Торуні (ням. Thorn), у адным з самых паўднёвых гарадоў Манаскай дзяржавы крыжацкіх рыцараў. У гістарыяграфіі гэтае пагадненьне часьцяком лічыцца дыпляматычнай няўдачай Польшчы і Літвы з-за іхняе няздольнасьці выгадна скарыстаць разгромнае паражэньне крыжакоў у Грунвальдзкай бітве. Крыжакі аддалі Добжынскую зямлю, захопленую ў Польшчы падчас вайны, і зрабілі толькі часовыя тэрытарыяльныя саступкі ў Жамойці, якая пераходзіла да Літвы толькі на час кіраваньня польскага караля Уладзіслава II Ягайлы і вялікага князя літоўскага Вітаўта. Торунскі мір 1411 году быў нестабільным. Спатрэбіліся яшчэ дзьве вайны, Галодная вайна ў 1414 і Голубская вайна ў 1422, каб падпісаць Мельнскі мір, які вырашыў усе тэрытарыяльныя спрэчкі. Тым ня менш, вялікія памеры ваенных рэпарацыяў былі значным фінансавым цяжарам для крыжакоў, які спрычыніў нутраныя канфлікты і эканамічны спад. Крыжацкі ордэн так і ня здолеў аднавіць сваю былую моц.

Гістарычны кантэкст[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Тэўтонскі ордэн у 1410 годзе

У траўні 1409 году ў Жамойці, якая паводле Рацёнскага дагавору знаходзілася ў руках Ордэна[1], выбухнула паўстаньне. Вялікі князь літоўскі Вітаўт падтрымаў паўстаньне. Польшча, якая з 1386 году была ў пэрсанальнай уніі зь Літвой, таксама абвясьціла падтрымку жамойцкіх паўстанцаў. Такім чынам лякальнае паўстаньне вылілася ў сапраўдную вайну. Спачатку тэўтонскія рыцары ўварваліся ў Польшчу, зьнянацку захопліваючы палякаў у палон і заваёўваючы Добжынскую зямлю бяз значнага супраціву[2]. Аднак ніводны ваюючы бок ня быў гатовы да паўнавартаснай вайны. У кастрычніку 1409 году пры пасярэдніцтве імпэратара рымскага і чэскага караля Вацлава IV было заключана замірэньне. Калі ў чэрвені 1410 году тэрмін замірэньня скончыўся, саюзныя польска-літоўскія войскі ўварваліся ў Прусію і сустрэлі войска крыжакоў у Грунвальдзкай бітве. Крыжакі былі разгромленыя, большасьць іхняга камандваньня былі забітыя. Пасьля бітвы большасьць крыжацкіх цьвердзей здаліся без супраціву. Крыжацкі Ордэн застаўся толькі з васьмю падкантрольнымі замкамі[3]. Аднак саюзныя польска-літоўскія войскі памарудзілі з аблогай Марыенбургу, даючы крыжакам дастаткова часу, каб арганізаваць абарону. Саюзным войскам, якія трывалі нястачу амуніцыі і баявога духу, не ўдалося захапіць сталіцу Тэўтонскага Ордэна, і яны вярнуліся дамоў у верасьні 1410 году[4]. Крыжакі хутка адваявалі свае захопленыя палякамі цьвердзі[5]. Польскі кароль Ягайла падняў новае войска і нанёс чарговую паразу крыжакам у бітве пад Карановам ў кастрычніку 1410 году. Генрых фон Пляўэн, новы тэўтонскі вялікі магістар, хацеў працягнуць змаганьне і ўжо зьбіраўся набіраць новых крыжакоў, але, нягледзячы на гэта, галава Тэўтонскага Ордэна ўпадабаў мір, і абодва бакі дамовіліся аб замірэньні з 10 сьнежня 1410 году па 11 студзеня 1411 году[6]. Трохдзённыя перамовы ў Рацёнжы паміж Ягайлам і фон Пляўэнам праваліліся, і тэўтонскія рыцары ўварваліся ў Добжынскую зямлю ізноў[6]. Чарговае крыжацкае нашэсьце вылілася ў новы этап перамоваў, якія завяршыліся Торунскім пагадненьнем.

Умовы пагадненьня[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Межы дзяржаваў вярталіся на даваенны (да 1409 году) стан, за выключэньнем Жамойці[7]. Ордэн пакінуў свае прэтэнзіі на Жамойць, але толькі часова — пасьля сьмерці польскага караля Ягайлы і вялікага князя літоўскага Вітаўта Жамойць павінна была вярнуцца ў межы Ордэна. У гэты час абодва кіраўнікі ўжо былі мужчынамі ва ўзросьце[8]. На поўдні Добжынская зямля, захопленая падчас вайны крыжакамі, адыходзіла да Польшчы. Такім чынам, Тэўтонскі ордэн фактычна не пацярпеў аніякіх тэрытарыяльных стратаў, што, відавочна, было вялікім дыпляматычным дасягненьнем пасьля разгромнай паразы ў Грунвальдзкай бітве[7][9]. Усе бакі дамовіліся, што ўсе будучыя тэрытарыяльныя спрэчкі або непагадненьні па вызначаных межах вырашацьмуцца шляхам міжнароднага пасярэдніцтва. Межы былі адчыненыя для міжнароднага гандлю, што было карысным больш для прускіх гарадоў[8]. Ягайла і Вітаўт таксама абяцалі ахрысьціць усіх застаўшыхся паганцаў на Літве і Жаймоці, якія не былі дагэтуль афіцыяльна ахрышчаныя[7].

Пасьля Грунвальдзкай бітвы Вялікае Княства Літоўскае і Каралеўства Польскае трымалі каля 14 000 ваеннапалонных[10]. Большасьць непрывілеяваных жаўнераў і наймітаў былі вызваленыя адразу пасьля бітвы з умовай рэгістрацыі ў Кракаве 11 лістапада 1410[11]. Заставаліся ў зьняволеньні толькі тыя, хто быў здольны заплаціць за сябе выкуп. Былі адзначаныя істотныя выкупы; напрыклад, найміт Гольбрахт фон Лёйм мусіў заплаціць «шэсцьдзясят разоў суму ў 150 праскіх грошай», або больш за 30 кіляграмаў срэбрам[12]. Торунскі мір урэгуляваў выкупы супольна: польскі кароль вызваліў усіх палонных узамен на плату ў «шэсцьдзясят разоў сумай 100 000 пражскіх грошай», што раўняецца прыблізна 20 000 кіляграмам срэбра, якія выплачваліся чатырма гадавымі ўзносамі[8]. У выпадку нявыплаты аднаго з гадавых унёскаў плацельшчык мусіў выплаціць дадатковую кампэнсацыю ў у памеры 720 000 праскіх грошай. У цэлым выкуп раўняўся £850 000 — дзесяцікротнаму гадавому даходу караля Ангельшчыны[13].

Наступствы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Дзеля таго, каб сабраць дастатковую для выкупа суму, вялікі магістар Генрых фон Пляўэн быў вымушаны павысіць падаткі. Ён сабраў савет прадстаўнікоў з кожнага прускага гораду, каб прыняць увядзеньне адмысловага падаткаабкладаньня. Даньцыг (Гданьск) і Торн (Торунь) паўсталі супраць новага падатку, але былі падаўленыя[7]. Крыжакі таксама канфіскавалі царкоўнае срэбра і золата і ўзялі значныя пазыкі за мяжой. Першыя дзьве выплаты былі своечасова аплачаныя ў поўным памеры. Аднак для далейшых выплатаў было складана сабраць грошай, бо крыжакі вычарпалі сваю казну на рэстаўрацыю сваіх замкаў і пераўладкаваньне свайго войска, якое ў вялікай ступені залежала ад аплачваемых наймітаў[7]. Яны таксама адаслалі дарагія падарункі Папе Рымскаму і імпэратару Сьвяшчэннай Рымскай імпэрыі Жыгімонту, каб упэўніцца ў працягу іх падтрымкі крыжацкай справы[14]. Падатковыя запісы паказалі, што ўраджай у тыя гады быў нязначным і што шматлікія абшчыны адставалі ад тэмпу выплаты падаткаў на тры гады[15].

Неўзабаве пасьля мірнага пагадненьня ўзьніклі нязгоднасьці наконт кепска вызначаных межаў Жамойці. Вітаўт сьцьвярджаў, што ўся тэрыторыя на поўнач ад ракі Нёман, уключаючы порт Мэмэль (Клайпеда) была часткай Жаймойці і тым самым павінна адыйсьці Вялікаму Княству Літоўскаму[16]. У сакавіку 1412 году імпэратар Сьвятой Рымскай імпэрыі Жыгімонт пагадзіўся пасярэднічаць у зьмяньшэньні памераў трэцяй гадавой выплаты, дэмаркацыі жамойцкай граніцы і іншых пытаньнях. Дэлегацыі сустрэліся ў Будзе (Офэн), рэзыдэнцыі Жыгімонта, дзе былі арганізаваныя шчодрыя баляваньні, паляваньні і спаборніцтвы. Сьвяткаваньне прыпала на шлюбавіны Кімбаркі мазавецкай, пляменьніцы Ягайлы, і аўстрыйскага герцага Эрнэста[17]. У жніўні 1412 году Жыгімонт абвясьціў, што Торунскі мір зьяўляўся дзейсным і справядлівым[18], і прызначыў Бэнэдыкта Макра расьсьледаваць памежныя спрэчкі. Гадавыя рэпарацыйныя выплаты не былі зьніжаныя, і апошняя своечасовая выплата была зроблена ў студзені 1413 году[19]. Марка абвясьціў сваё рашэньне ў траўні 1413, цалкам саступаючы паўночны бераг Нёмана, разам з Мэмэлем, да Літвы[20]. Крыжакі адмовіліся прымаць гэтае рашэньне, і безвыніковая Галодная вайна распачалася ў 1414 годзе. Перамовы працягваліся на Канстанцкім саборы, і спрэчныя пытаньні не былі вырашаныя да Мельнскага міру 1422 году.

Агулам Торунскі мір аказаў значнае благое ўзьдзеяньне на Прусію. Да 1419 году 20% крыжацкіх земляў сталі занядбалымі, і іхні грашовы зварот абясцэніўся да ўзроўню мінімальнага пакрываньня расходаў[21]. Павышаныя падаткі і эканамічны спад выкрыў нутраную палітычную барацьбу паміж біскупамі, сьвецкімі рыцарамі і гарадзкім жыхарствам[22]. Гэтыя палітычныя разломы з далейшымі войнамі супраць Літвы і Польшчы толькі ўзмацьніліся і ўрэшце выліліся ў стварэньне антытэўтонскай Прускай канфэдэрацыі і грамадзянскую вайну, якая разваліла Прусію на дзьве часткі.

Апісаньне дакумэнту[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Дакумэнт на лацінскай мове на аркушы пэргамэнта памерам 570x496+45 мм. Пячатка вялікага князя літоўскага Вітаўта — адбітак на чырвоным воску дыямэтрам 50 мм на палоске пэргамэнта. Дзесяць палосак пэргамэнта безь пячаткаў[23].

Публікацыі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Codex epistolaris saeculi decimi quinti, t. 2, wyd. A. Lewicki, Kraków 1891, nr 35;
  • Lites ac res gestae inter Polonos Ordinemque Cruciferorum, ed. altera, t. 2, Posnaniae 1892, nr 65, s. 457—461;
  • Weise E., Die Staatsverträge des Deutschen Ordens in Preussen im 15. Jahrhundert, t. 1 (1398—1437), Königsberg 1939, nr 83, s. 85.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Зноскі
  1. ^ Turnbull 2003, С. 20
  2. ^ Ivinskis 1978, С. 336
  3. ^ Ivinskis 1978, С. 342
  4. ^ Turnbull 2003, С. 75
  5. ^ Urban 2003, С. 166
  6. ^ а б Turnbull 2003, С. 77
  7. ^ а б в г д Turnbull 2003, С. 78
  8. ^ а б в Urban 2003, С. 175
  9. ^ Davies 2005, С. 98
  10. ^ Turnbull 2003, С. 68
  11. ^ Turnbull 2003, С. 69
  12. ^ Pelech 1987, С. 105—107
  13. ^ Christiansen 1997, С. 228
  14. ^ Urban 2003, С. 176, 189
  15. ^ Urban 2003, С. 188
  16. ^ Ivinskis 1978, С. 345
  17. ^ Urban 2003, С. 191
  18. ^ Urban 2003, С. 192
  19. ^ Urban 2003, С. 193
  20. ^ Ivinskis 1978, С. 346—347
  21. ^ Stone 2001, С. 17
  22. ^ Christiansen 1997, С. 230
  23. ^ Janusz Grabowski. Апісаньне дамовы // Polska.pl (пол.)
Бібліяграфія

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Biskup M., Labuda G., Dzieje zakonu krzyżackiego w Prusach, Gdańsk 1986;
  • Biskup M., Wojny Polski z zakonem krzyżackim (1308—1521), Gdańsk 1993;
  • Gąsiorowski A., Formularz dokumentów traktatowych polsko-krzyżackich z XIV—XV w wieku, «Archeion», t. 46, 1978, s. 171—184;
  • Krzyżaniakowa J., Kancelaria królewska Władysława Jagiełły, Poznań 1972;
  • Kuczyński S. M., Pierwszy pokój toruński (1 lutego 1411), «Zapiski Historyczne», t. 20, 1955, nr 1-4, s. 139—165;
  • Kuczyński S. M., Wielka Wojna z zakonem krzyżackim 1409—1411, Warszawa 1980 (wyd. IV);
  • Sułkowska-Kurasiowa I., Dokumenty królewskie i ich funkcja w państwie polskim za Andegawenów i pierwszych Jagiellonów 1370—1444, Warszawa 1977.

Глядзіце таксама[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]