Торф
Торф (ням. Torf) — гаручны карысны выкапень. Утвараецца ў працэсе натуральнага адміраньня і няпоўнага распаду расьлін ва ўмовах недахопу кіслароду і залішняга ўвільгатненьня. На балотах арганічнае рэчыва разьмяшчаецца ля паверхні, і ў будучыні пераўтвараецца ў торф. Звычайна пласт торфу перавышае 30 см. Калі пласт меншы за гэтую лічбу, то прастора лічыцца забалочанай мясцовасьцю.
Колер торфу вагаецца ад жоўта-бурага да амаль цалкам чорнага. На палову торф складаецца з вугляроду (50—60%). Цеплыня згараньня можа дасягаць 24 МДж/кг. У гаспадарцы выкарыстоўваецца як паліва, угнаеньне, цеплаізаляцыйны матэрыял і г. д.
Геаграфічнае разьмеркаваньне [рэдагаваць]
Радовішчы торфу знаходзяцца ў мностве краін сьвету, асабліва ў Ірляндыі, Расеі, Беларусі, Украіне, Фінляндыі, Летуве, Латвіі і гэтак далей. У паўднёвым паўшар’і торфу меней, чым у паўночным, але значная колькасьць торфу ёсьць у Новай Зэляндыі, на Фальклендзкіх выспах, у паўднёва-усходняй Азіі.
Прыблізна 60% плошчы вільготных зямель складаюць тарфянікі. У адмысловых варунках за доўгі час торф пераўтвараецца ў буры вугаль.
На Беларусі маецца каля 3 млрд т торфу, зь іх толькі 240 млн т прыдатныя для прамысловай здабычы. Штогод здабываеца 4—5 млн т.[1]
Крыніцы [рэдагаваць]
Вонкавыя спасылкі [рэдагаваць]
Торф — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў