Касьцёл Найсьвяцейшай Тройцы (Менск)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Помнік сакральнай архітэктуры
Касьцёл Найсьвяцейшай Тройцы
Касьцёл Сьвятога Роха
Касьцёл Сьвятога Роха
Краіна Беларусь
Места Менск
Каардынаты 53°54′40″ пн. ш. 27°34′48″ у. д. / 53.91111° пн. ш. 27.58° у. д. / 53.91111; 27.58Каардынаты: 53°54′40″ пн. ш. 27°34′48″ у. д. / 53.91111° пн. ш. 27.58° у. д. / 53.91111; 27.58
Канфэсія каталіцтва
Эпархія Менска-Магілёўская архідыяцэзія 
Архітэктурны стыль нэаготыка
Дата заснаваньня 1864
Будаваньне 18611864 гады
Асноўныя даты:
1864кансэкрацыя касьцёла
1983рэстаўрацыя і рэнавацыя касьцёла
1991аднаўленьне парафіі
2006вяртаньне касьцёла вернікам
Статус Ахоўная зона
Стан дзейнічае
Сайт roch.by
Касьцёл Найсьвяцейшай Тройцы на мапе Беларусі
Касьцёл Найсьвяцейшай Тройцы
Касьцёл Найсьвяцейшай Тройцы
Касьцёл Найсьвяцейшай Тройцы
Касьцёл Найсьвяцейшай Тройцы на Вікісховішчы

Касьцёл Найсьвяцейшай Тройцы, таксама Касьцёл Сьвятога Роха — помнік архітэктуры XIX ст. у Менску. Знаходзіцца на Залатой Горцы[a], колішняя кампазыцыйная дамінанта прадмесьця. Дзейнічае. Твор архітэктуры рэтраспэктыўна-гатычнага стылю. Аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гістарычна-культурных каштоўнасьцяў Беларусі.

Утвараў адзіны архітэктурны комплекс з капліцай і брамай, зьнішчанымі савецкімі ўладамі.

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вялікае Княства Літоўскае[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У XIV ст. вялікі князь Ягайла заснаваў у Менску першую каталіцкую парафію пад тытулам Найсьвяцейшай Тройцы. У гэты час на Траецкай Гары збудавалі першы драўляны Фарны касьцёл.

У 1790 годзе на месцы сучаснага касьцёла ўзьніклі могілкі, якія атрымалі назву Залатагорскіх — ад мясцовасьці Залатой Горкі.

Пад уладай Расейскай імпэрыі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Залатагорскія могілкі і капліца. Малюнак Ч. Манюшкі, 1849 г.

У 1796 годзе на Залатагорскіх могілках збудавалі драўляную капліцу Ўсіх Сьвятых. 19 ліпеня 1832 году ксёндз Матэвуш Ліпіц перанёс набажэнствы з Фарнага касьцёла ў капліцу. У 1842 годзе капліца стала парафіяльным касьцёлам.

6 ліпеня 1861 году біскуп Адам Вайткевіч атрымаў дазвол на пабудову новага мураванага касьцёла. 1 лістапада 1864[1] году касьцёл кансэкравалі пад падвойным тытулам Унебаўзяцьця Найсьвяцейшай Марыі Панны і Сьвятога Роха. У правым алтары новага касьцёла паставілі фігуру Сьвятога Роха, перанесеную з старой капліцы. Гэтая фігура назвычай шанавалася: на сьвята Сьвятога Роха 16 жніўня на Залатой Горцы зьбіраліся тысячы пілігрымаў. У кастрычніку 1871 году пры касьцёле пачала працаваць школа арганістаў. У 1893 годзе вакол цьвінтару каля касьцёла збудавалі драўляную агароджу з мураванай брамаю.

У 1900—1901 гадох у касьцёле усталявалі паўстажковы арган на дзьве клявіятуры з пэдалямі на 18 галасоў і 7 рэгістраў. У 1902—1905 гадох у касьцёле адрамантавалі званіцу, уваход і закрысьціі, замянілі аконныя рамы, рэстаўравалі некаторыя абразы, пазалочаны і пасрэбраны алтары, жырандоль ды іншае. У 1905 годзе перарабілі арган на вінклевую сыстэму.

У 1910 годзе архітэктар Юзэф Дзяконскі распрацаваў праект новага будынка касьцёла, які аднак не рэалізавалі.

Найноўшы час[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Плябанія, 1927 г.

3 траўня 1922 году савецкія ўлады канфіскавалі ў касьцёла срэбра вагой 1 пуд 54 залатнікі, золата — 45 долей, з капліцы побач з касьцёлам — срэбра 13 фунтаў 60 залатнікоў. У 1930 годзе яны зачынілі касьцёл, адабралі алтары, арганы, касьцельныя каштоўнасьці славутую фігуру Сьвятога Роха. За часамі Другой сусьветнай вайны ў 1942 годзе ў касьцёле часова аднавіліся набажэнствы.

Па вайне будынак касьцёла прыстасавалі пад кнігасховішча Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, а разьмешчаныя вакол Залатагорскія могілкі — зьнішчылі. Суседнія вуліцы забудавалі жылымі дамамі, па чым захілены імі касьцёл апынуўся ўнутры квартала.

У 1983 годзе праводзілася рэстаўрацыя касьцёла, па якой у ім разьмясьцілася канцэртавая заля Беларускай дзяржаўнай філярмоніі. У 1984 годзе ў касьцёле ўсталявалі электрычны арган.

У 1991 годзе аднавілася парафія Найсьвяцейшай Тройцы і набажэнствы. 16 жніўня 1998 году мэталічную фігуру Сьвятога Роха працы скульптара Валер’яна Янушкевіча разьмясьцілі ў правым алтары касьцёла. Прызначэньне першымм пробашчам адроджанай парафіі атрымаў Міхал Сапель[2].

5 ліпеня 2006 году будынак касьцёла цалкам вярнулі каталікам. 17 лютага 2018 году ў касьцёле ўрачыста перапахавалі парэшткі Магдалены Радзівіл. Урну з прахам зьмясьцілі ў левай сьцяне будынка. На пахаваньне прыехалі Мацей і Мікалай Радзівілы, праўнукі Марылена і Адам Замойскія. Нашчадкі Магдалены Радзівіл выконвалі яе апошнюю волю — быць пахаванай у Менску[3].

Архітэктура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Помнік архітэктуры рэтраспэктыўна-гатычнага стылю. Гэта 1-нэфавава 1-вежававая базыліка пад 2-схільным дахам зь 5-граннай апсыдай. Мае сымэтрычную аб’ёмна-прасторавую кампазыцыю. Галоўны фасад завяршаецца 2-яруснай прастакутнай у пляне вежай пад 4-схільным шатром. Абапал франтону — дэкаратыўныя вежачкі. Фасады будынка падзяляюцца стылізаванымі 3-прыступкавымі контрфорсамі і стральчатымі нішамі з аконнымі праёмамі. Пэрымэтрам сьценаў ідуць завершаныя разьвітым карнізы. Уваход вылучаецца высокім сьпічастым парталам.

Інтэр’ер мае сымэтрычную кампазыцыю. Цэнтральны нэф і апсыда перакрываюцца цыліндрычнымі скляпеньнямі з распалубкамі. У нартэксе — крыжовае скляпеньне. Унутраная паверхня сьценаў дэкаруецца пілястрамі, завершанымі карнізамі. Вокны аздабляюцца арнамэнтальным вітражом.

Галерэя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Гістарычная графіка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Гістарычныя здымкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Сучасныя здымкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У мастацкай літаратуры[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Менская капліца Сьвятога Роха згадваецца ў рамане Ўладзімера Караткевіча «Каласы пад сярпом тваім». Паводле тэксту рамана, у жніўні 1855 году пэрсанаж Кастуся Каліноўскага пісаў у лісьце Алесю Загорскаму наступнае[4]:

« Вось я і еду. У Менску зрабіў прыпынак на чатыры дні і адсюль пішу. Горад вялікі і даволі-такі гразны. Толькі вельмі ўпадабаў Залатую Горку з капліцай старога Роха. Дрэвы вакол, і так прыгожа блішчыць наводдаль Сьвіслач, і дамы за ёй і цэрквы. Добра сядзець і марыць. »

Заўвагі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Цяперашні афіцыйны адрас — праспэкт Незалежнасьці, 44а

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Гісторыя Мінска. — Менск, 2006. С. 225—226.
  2. ^ Памёр ксёндз Міхаіл Сапель — першы пробашч адроджанай парафіі святога Роха на Залатой Горцы, Наша Ніва, 10 сьнежня 2021 г.
  3. ^ Трафімовіч А. «Цяпер яна будзе сярод сваіх людзей». У Менску перапахавалі прах Магдалены Радзівіл, Радыё Свабода, 17 лютага 2018 г.
  4. ^ Караткевіч У. Каласы пад сярпом тваім. Кніга першая. Выйсце крыніц // Збор твораў у васьмі тамах. Т. 4. — Менск, 1989. С. 304.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. — Менск: Беларус. энцыкл., 1993. — 620 с.: іл. ISBN 5-85700-078-5.
  • Каталіцкія святыні. Мінска-Магілёўская архідыяцэзія. Частка I / Тэкст і фота А. Яроменкі. — Менск: «Про Хрысто», 2003. — 256 с.: іл. ISBN 985-6628-37-7.
  • Кулагін А. Каталіцкія храмы Беларусі: Энцыкл. даведнік / А. Кулагін; фатограф А. Дыбоўскі. — 2-е выд. — Менск: БелЭн, 2008. — 488 с.: іл. ISBN 978-985-11-0395-5.
  • Кулагін А. Каталіцкія храмы на Беларусі: Энцыкл. даведнік / А. Кулагін; маст. І. Бокі. — 2-е выд. — Менск: БелЭн, 2001. — 216 с.: іл. ISBN 985-11-0199-0.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь, шыфр  712Г000193