Трокі
| Трокі | |||||
| Trakai | |||||
Троцкі астраўны замак |
|||||
|
|||||
| Магдэбурскае права: | XV ст. | ||||
| Павет: | Віленскі | ||||
| Насельніцтва: | 5266 (2010) | ||||
| Часавы пас: • летні час: |
UTC+2 UTC+3 |
||||
| Геаграфічныя каардынаты: | 54°38′20″ пн. ш. 24°56′10″ у. д. / 54.63889° пн. ш. 24.93611° у. д.Каардынаты: 54°38′20″ пн. ш. 24°56′10″ у. д. / 54.63889° пн. ш. 24.93611° у. д. | ||||
|
Трокі на мапе Летувы
Трокі
|
|||||
Тро́кі (лет. Trakai) — места ў Летуве, сярод Троцкіх азёраў. Адміністрацыйны цэнтар Троцкага раёну Віленскага павету. Насельніцтва 5266 чал. (2010). Знаходзяцца за 28 км на захад ад Вільні, за 9 км ад чыгуначнага вузла Ляндварова.
Трокі — даўняе магдэбурскае места, адзін з гістарычных цэнтраў Вялікага Княства Літоўскага. Да нашага часу тут захаваўся замкавы комплекс, колішняя рэзыдэнцыя вялікіх князёў літоўскіх.
Зьмест |
Гісторыя [рэдагаваць]
Паводле паданьня, Трокі ў 1045 заснаваў Яраслаў, сын полацкай князёўны Рагнеды і князя кіеўскага Ўладзімера. Пазьней паселішча разам з замкам зрабілася паляўнічай рэзыдэнцыяй нашчадкаў князёўны Рагнеды[1].
Па сьмерці вялікага князя Гедыміна (1341) Трокі перайшлі да Кейстута, які пачаў менавацца князем троцкім і жамойцкім. Сваю сталіцу ён перанёс на выспу, дзе заснаваў Новыя Трокі. Зь цягам часу прыдомак «Новыя» страціўся і за папярэднім паселішчам замацавалася назва Старыя Трокі, а за кейстутавай сталіцай проста — Трокі.
У XIV ст. у Троках збудавалі астраўны і паўастраўны замкі. 2 чэрвеня 1377[2] крыжакі спрабавалі ўзяць фартэцыю, але безвынікова. У 1384 вялікі князь Вітаўт, на жаданьне сваёй жонкі Ульяны, вылучыў тут зямлю праваслаўнаму манастыру Раства Багародзіцы. Гэты манастыр (у статусе архімандрыі) згадваецца ў пісьмовых крыніцах да XVIII ст. Пазьней Сапегі збудавалі ў Троках мураваную Юраўскую царкву (згадваецца ў 1630). У пач. XVIII ст. згадваецца старажытная Траецкай царква, а таксама месцы, дзе стаялі цэрквы Нараджэньня Хрыстова і Сьв. Міколы.
У кан. XIV ст. Трокі згадваюцца ў «Сьпісе гарадоў рускіх далёкіх і блізкіх»: «Трокы старыи каменны. А Новые Трокы на езере две стены камены. А вышние древян. А в острове камен». 11 верасьня 1393 Вітаўт з дапамогаю крыжакоў захапіў замкі і ўтрымліваў іх 2 месяцы. У 1387 Ягайла пацьвердзіў свайму брату Скіргайлу права валодаць Троцкім княствам. Згодна з Востраўскім пагадненьнем (1392) места перайшло ў склад уладаньняў Вітаўта. У 1402—1403 у Троках пасяліліся 383 радзіны выхадцаў з Крыму — караімаў, а пазьней і крымскіх татараў. У 1405 вялікі князь Вітаўт заснаваў у Старых Троках бэнэдыктынскі кляштар, а ў 1409 у Новых Троках — касьцёл Найсьв. Панны Марыі, якому паводле паданьня перадаў цудатворны абраз, падарунак імпэратара бізантыйскага Мануіла II Палеалога[3].
У 1413 Трокі зрабіліся сталіцай ваяводзтва і павету. Паводле некаторых зьвестак, у пач. XV ст. вялікі князь Вітаўт надаў месту Магдэбурскае права[1] (у 1444 мескія правы пацьвердзіў вялікі князь Казімер). У 1430 тут адбыўся сход манархаў Эўропы з нагоды меркаванай каранацыі Вітаўта[4], аднак 27 лістапада вялікі князь памёр у замку. У 1440 у Троках забілі Жыгімонта Кейстутавіча. У 1516 места атрымала прывілей на 2 рэгулярныя кірмашы. У кан. XVI ст. у Троках праходзілі сэсіі Галоўнага Трыбуналу.
- Геральдычныя сымбалі гістарычнай Троччыны
-
«Codex Bergshammar», 1435
-
«Stemmata Polonica», XV ст.
-
«Stemmata Polonica», XV ст.
-
Сэнатарская заля, каля 1720
У 1617 у Троках заснавалі кляштар бэрнардынаў, у 1638 — манастыр базылянаў. У Трынаццацігадовую вайну (1654—1667) у 1665 места спалілі маскоўскія захопнікі. У 1678 у Троках пачаў дзейнічаць кляштар дамініканаў. 4 верасьня 1718 адбылася ўрачыстастая каранацыя мясцовага абраза Маці Божай.
У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795) Трокі апынуліся ў складзе Расейскай імпэрыі, дзе ў 1796 зрабіліся цэнтрам павету Віленскай губэрні. Цягам 1839—1842 Трокі мелі статус заштатнага места. 18 сакавіка 1860 выйшаў праект мескага гербу «ў залатым полі чырвоная брама зь вежамі па бакох; над імі два чырвоныя скрыжаваныя мечы».
Станам на 1880 у Троках было 178 будынкаў (зь якіх 3 мураваныя), 39 крамаў, 1 двухклясная школа; сакральныя збудаваньні практычна усяго спэктру вызнаньняў. У пач. XX ст., паводле этнаграфічнай мапы, складзенай Я. Карскім, на захадзе ад Трокаў праходзіла мяжа расьсяленьня беларусаў.
- Даўнія графічныя выявы Трокаў
-
Панарама, 1812
-
Стары замак і кляштар бэрнардынаў, 1827
-
Астраўны замак. «Памятники старины...», 1870
-
Панарама. «Kłosy», 1887
-
Астраўны замак. Ю. Цаглінскі, XIX ст.
У 1920 Трокі апынуліся ў Сярэдняй Літве, у 1922 — у складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, у Віленскім павеце Віленскага ваяводзтва. 10 кастрычніка 1939, згодна зь летувіска-савецкай дамовай, бальшавікі перадалі места ў склад Летувы. Цягам 1955—1962 праводзілася маштабная рэканструкцыя Троцкага замка.
У 1994 утварылася Беларускае таварыства Троцкага раёну (узначальвае М. Рулінскі)[5].
Насельніцтва [рэдагаваць]

- XIX стагодзьдзе: 1870 — 2191 чал.; 1880 — 2174 чал., зь іх паводле веры: 900 каталікоў, 224 праваслаўныя, 8 раскольнікаў, 2 эвангелісты, 2 кальвіністы, 585 юдэяў, 434 караімы, 19 магамэтанаў; паводле стану: 278 шляхты, 12 духоўнага стану, 30 ганаровых грамадзянаў, 1631 мяшчанін, 12 сялянаў, 206 вайскоўцаў і 5 іншых станаў[6]; 1897 — 2800 чал.
- XX стагодзьдзе: 1901 — 2390 чал., зь 746 каталікоў, 309 праваслаўных, 3 лютэраніны, 818 юдэяў, 424 караімы, 90 магамэтанаў[7]; 1921 — 1587 чал.; 1939 — 3,1 тыс. чал.; 1959 — 3,1 тыс. чал.; 1970 — 4691 чал.; 1976 — 6 тыс. чал.; 1979 — 5763 чал.; 1989 — 6703 чал.
- XXI стагодзьдзе: 2001 — 5725 чал.; 2007 — 5406 чал.; 2010 — 5266 чал.
Адукацыя [рэдагаваць]
У Троках працуюць гімназія Вітаўта Вялікага, сярэдняя і пачатковая школа.
Культура [рэдагаваць]
Дзейнічаюць шэраг музэяў, бібліятэка, тэатар.
Турыстычная інфармацыя [рэдагаваць]
Трокі — буйны турыстычны цэнтар.
Выдатныя мясьціны [рэдагаваць]
- Гістарычная забудова (кан. XIX — пач. XX стст.; фрагмэнты)
- Замак Новы (XIV — пач. XV стст)
- Замак Стары (XIV ст.)
- Касьцёл Найсьв. Панны Марыі (1409, 1718)
- Кенэса (XVIII ст.)
- Кляштар дамініканаў (ХVІІ—ХVІІІ стст.)
- Царква Нараджэньня Божай Маці (1863)
Страчаная спадчына [рэдагаваць]
- Кляштар бэрнардынаў (ХVІІ ст.)
- Сынагога
Галерэя [рэдагаваць]
- Краявіды Трокаў
-
Палац Тышкевічаў на Затроччы
Месты-сябры [рэдагаваць]
Бэрнбург, Нямеччына
Райнэ, Нямеччына
Гіжыцка, Польшча
Гура, Польшча
Мальбарк, Польшча
Новы Сонч, Польшча
Шыдловец, Польшча
Аланія, Турэччына
Івана-Франкоўск, Украіна
Цікавыя факты [рэдагаваць]
- Паводле адной з вэрсіяў, назва вёскі Тракелі Воранаўскага раёну Беларусі мае летувіскае паходжаньне і перакладаецца як «маленькія Трокі»[8]. Тым часам беларускі географ В. Жучкевіч напрасткі тлумачыў гэтую назву ад балцкага trakas — вырубка[9].
Крыніцы [рэдагаваць]
- ^ а б Трокі // Цітоў А. Геральдыка беларускіх местаў (XVI — пачатак XX ст.). — Мн.: Полымя, 1998.
- ^ Трокі // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. С. 667.
- ^ Аляксандр Ярашэвіч. Троцкі абраз Маці Божай // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. С. 669.
- ^ Трокі // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. С. 668.
- ^ Беларуская дыяспара як пасрэдніца ў дыялогу цывілізацый: Матэрыялы ІІІ Міжнар. кангрэса беларусістаў (Мінск, 21—25 мая, 4—7 снеж. 2000 г.) / Уклад. Т. Пятровіч; рэдкал.: А. Мальдзіс (гал. рэд.) і інш. — Мн.: «Беларускі кнігазбор», 2001. — 312 с. — (Беларусіка = Albaruthenica; Кн. 17). ISBN 985-6638-15-1.
- ^ Troki // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom XII: Szlurpkiszki — Warłynka. — Warszawa, 1892. S. 485.
- ^ Троки // Энциклопедический словарь Брокгауза и Ефрона. Санкт-Петербург, 1890—1907.
- ^ Паўліна Культавічанка. Беларуская нацыянальная айканімія // «Наша Ніва», 30 лістапада 1999.
- ^ Жучкевич В. А. Краткий топонимический словарь Белоруссии. — Мн.: Изд-во БГУ, 1974. С. 378.
Літаратура [рэдагаваць]
- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — 788 с.: іл. ISBN 985-11-0378-0.
- Трокі // Цітоў А. Геральдыка беларускіх местаў (XVI — пачатак XX ст.). — Мн.: Полымя, 1998.— 287 с. ISBN 985-07-0131-5.
- Troki // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom XII: Szlurpkiszki — Warłynka. — Warszawa, 1892. S. 485—492.
Вонкавыя спасылкі [рэдагаваць]
Трокі — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў
|
||||||||