Троцкае ваяводзтва
| Адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка | |
| Троцкае ваяводзтва | |
| Герб | |
| Агульныя зьвесткі | |
| Краіна | Вялікае Княства Літоўскае |
| Адміністрацыйны цэнтар | Трокі |
| Ваяводы | Ваяводы троцкія |
| Кашталяны | Кашталяны троцкія |
| Насельніцтва | гл. Дэмаграфія |
| Плошча | 31,2 тыс. км² |
| Час існаваньня | 1413—1795 |
| Месцазнаходжаньне Троцкаага ваяводзтва | |
Тро́цкае ваяво́дзтва[а 1] — адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка ў заходняй і паўночна-заходняй частцы Вялікага Княства Літоўскага. Плошча каля 31,2 тыс. км². Сталіца — места Трокі.
Найбуйнейшыя месты: Горадня, Коўна, Мерач і Панявеж.
Зьмест |
Сымболіка [рэдагаваць]
Герб ваяводзтва меў наступны выгляд: «белая Пагоня ў чырвоным полі».
Ваяводзкая харугва была чырвонага колеру з выяваю гербу Пагоня ў цэнтры, паветы мелі харугвы з Пагоняй у блакітным полі[1].
Гісторыя [рэдагаваць]
|
Гербы Троччыны, XV ст.
|
||
Утварылася згодна з пастановамі Гарадзельскай уніі (1413) замест скасаваных Гарадзенскага і Троцкага княстваў. Уводзіліся пасады ваяводы і кашталяна, якія паводле значнасьці лічыліся другімі па ўрадах ваяводы і кашталяна віленскіх.
У XV ст. у склад ваяводзтва ўваходзілі паўночная, цэнтральная і паўднёвая часткі сучаснай Летувы, прынёманскія землі Беларусі, Берасьцейская, і Новагародзкая землі, Падляшша, Кобрынскае княства, Пінскае княства, Давыд-Гарадоцкае княства, Тураўшчына. Гэтыя княствы, Берасьцейская і Новагародзкая землі, Падляшша і Ковенскі павет мелі самастойнае ад ваяводы кіраваньне[2] (паводле іншых зьвестак у ваенных і часткова падатковых адносінах Гарадзецкае, Клецкае, Кобрынскае, Пінскае княствы, Берасьцейскае, Ваўкавыскае, Гарадзенскае, Камянецкае, Новагародзкае, Слонімскае намесьніцтвы падпарадкоўваліся намесьніку, а з 1413 — ваяводу троцкаму[3]). На ўсходзе Беларусі ў Троцкае ваяводзтва ўваходзіла палова Бабруйскай воласьці.
У XVІ ст. са складу Троцкага вылучыліся Наваградзкае, Падляскае і Берасьцейскае ваяводзтвы. У 1791 паводле Кантытуцыі Рэчы Паспалітай утварыўся Мерацкі павет. У 1793 згодна з пастановаю Гарадзенскага сойму з Троцкага вылучылася Гарадзенскае ваяводзтва, у склад якога ўвайшлі Гарадзенскі і Мерацкі паветы.
У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795) асноўная частка тэрыторыі ваяводзтва ўвайшла ў склад Віленскай губэрні, рэшта — у Слонімскую губэрню Расейскай імпэрыі[2].
Дэмаграфія [рэдагаваць]
Паводле люстрацыі 1775 року Троцкае ваяводзтва налічвала 55 614 дымоў[2]. Станам на 1790 рок насельніцтва складала каля 288 тыс. жыхароў.
Геаграфія [рэдагаваць]
На поўначы межавала з Курляндыяй, на захадзе — з Жамойцю, Прусіяй і Падляскім ваяводзтвам, на поўдні — з Падляскім і Берасьцейскім ваяводзтвамі, на ўсходзе — з Наваградзкім і Віленскім ваяводзтвамі[4].
Адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел [рэдагаваць]
Ваяводзтва падзялялася на чатыры паветы: Троцкі, Гарадзенскі, Ковенскі і Упіцкі.
Ваяводзкі соймік праводзіўся ў Троках. Павятовыя соймікі праходзілі ў Троках, Панявежы, Горадні і Коўне, тамака ж склікалася паспалітае рушаньне.
Мясцовая шляхта абірала восем паслоў на Вальны сойм Рэчы Паспалітай Абодвух Народаў, а таксама восем дэпутатаў на Галоўны Трыбунал.
Ураднікі [рэдагаваць]
- Асноўныя артыкулы: ваяводы троцкія і кашталяны троцкія
У Сэнаце Рэчы Паспалітай Менскае ваяводзтва мела двух прадстаўнікоў — ваяводу і кашталяна. Згодна зь Люблінскай уніяй (1569) ваявода троцкі паводле значнасьці займаў месца ў сэнаце па каліскім, а кашталян — па серадзкім і перад лянчыскім. За ўвесь час існаваньня Троцкага ваяводзтва мела 42 ваяводы і 53 кашталяны[5].
Ваяводзкі мундзір складаўся з пурпуровага кунтуша зь зялёнымі адваротамі і белага жупана. Па-за вальным соймам троцкая шляхта ўжывала цёмна-сіні («гранатовы») кунтуш, жоўтыя («саламяныя») адвароты і жупан[2], у сваю чаргу Ўпіцкі павет — малінавы («кармазыновы») кунтуш, цёмна-сінія адвароты і «саламяны» жупан.
Паводле герархіі земскіх ураднікаў у Троцкім павеце наперадзе ішоў цівун, у астатніх паветах — маршалкі.
Заўвагі [рэдагаваць]
Крыніцы [рэдагаваць]
- ^ Анатоль Грыцкевіч. Трокскае ваяводства // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 6. Кн. 1: Пузыны — Усая / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 2001. С. 520.
- ^ а б в г Анатоль Грыцкевіч. Троцкае ваяводства // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. С. 668.
- ^ Вячаслаў Насевіч. Тэрыторыя, адміністрацыйны падзел // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. Т. 1: Абаленскі — Кадэнцыя. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. С. 36.
- ^ Województwo trockie // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom V: Kutowa Wola — Malczyce. — Warszawa, 1884. S. 338.
- ^ Województwo trockie // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom XII: Szlurpkiszki — Warłynka. — Warszawa, 1892. S. 491.
Літаратура [рэдагаваць]
- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — 788 с.: іл. ISBN 985-11-0378-0.
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 5: М — Пуд / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1999. — 592 с.: іл. ISBN 985-11-0141-9.
|
||||||||||||||||||||