Трыкутнік (сузор’е)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Трыкутнік
Трыкутнік
Лацінская назва Triangulum
 · у родным склоне Trianguli
 · скарот Tri
Простае ўзьняцьцё 2г
Схіленьне +30°
Квадрант NQ1
Плошча 132 кв. гр. (78-е)
Зорак паводле Баера/Флэмстыда 15
Зорак з плянэтамі 1
Зорак ярчэй за 3.00m 0
Зорак у 10 пк (32,62 сьв. г.) 0
Найярчэйшая зорка β Tri (3,00m)
Найбліжэйшая зорка δ Tri
(35,29 сьв. г., 10,82 пк)
Аб’екты Мэсье 1
Памежныя сузор’і Андрамэда
Рыбы
Баран
Пэрсэй
Назіраецца ў шыротах паміж +90° і −60°.
Найлепш назіраецца ў 21:00 на працягу сьнежня.

Трыку́тнік (па-лацінску: Triangulum) — невялікае сузор’е на паўночным небе. Яго назва на лацінскай значыць «трыкутнік», што адрозьнівае яго ад Паўднёвага Трыкутніку ў паўднёвым небе. Назва паходзіць ад трох найярчэйшых зорак трэцяй і чацьвертай велічыні, што ствараюць амаль раўнаплечы доўгі і вузкі трыкутнік. Трыкутнік быў адным з 48 сузор’яў, апісаных астраномам II стагодзьдзя Пталемэем, і застаецца адным з 88-і сучасных сузор’яў.

Адметнасьці[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Зоркі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У сузор’і Трыкутніка няма зорак першай зорнай велічыні. Найярчэйшай зоркай лічыцца белы гігант β Трыкутніка (3,00m). Другой паводле яскравасьці зоркай зьяўляецца жоўта-белы субгігант α Трыкутніка (3,41m) — знаходзіцца ў вяршыне трыкутніка.

Аб’екты глыбокага космасу[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1600-х гадох Джаваньні Батыста Гад’ерна адкрыў Галяктыку Трыкутніку, якую пазьней у свой каталёг дадаў Шарль Мэсье. Яна знаходзіцца ў Мясцовай групе, за 2,3 млн сьв. г., і мае зорную велічыню 5.8m. У цёмную ноч без аблокаў галяктыку можна пабачыць няўзброеным вокам. Пры сьветлавым забруджваньні Галяктыка Трыкутніка ня бачная нават у малыя тэлескопы і біноклі. Дыямэтар Галяктыкі Трыкутніка складае 46 000 сьветлавых гадоў — яна меншая за Галяктыку Андрамэды і Млечны Шлях.

Акрамя M33, у сузор’і знаходзяцца некалькі цьмяных галяктык з Новага агульнага каталёгу, зорная велічыня якіх не перавышае 11m. Сярод іх — сьпіральная галяктыка NGC 925 і NGC 672, сьпіральная галяктыка зь перамычкай.