Трыт

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да: навігацыі, пошуку

Трыт (сымбаль 3H альбо T ад лацінскага Tritium) — радыеактыўны ізатоп вадароду з атамнай масай, роўнай тром (3,016049). Часам яго называюць звышцяжкі вадарод. Пры нармальным атмасфэрным ціску і тэмпэратуры трыт існуе ў выглядзе газу 3H2 (T2).

Ядро трыта складаецца з аднаго пратону і двух нэўтронаў, тым часам як звычайны атам вадароду, прот, мае толькі адзін пратон, а дэўтэр — адзін пратон ды адзін нэўтрон.

Упершыню трыт быў атрыманы з дэўтэра ў 1934 годзе Эрнэстам Рутэрфордам, які працаваў разам з Маркам Оліфантам і Полам Гартэкам.

Уласьцівасьці[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Трыт — радыеактыўны элемэнт. У працэсе распаду пераўтвараецца ў гель 3He з выпраменьваньнем бэта-часьціцы (сярэдняя энэргія 6,5 кэВ, максымальная - 18,6 кэВ). Пэрыяд паўраспаду — 12,3 гады. Слабое бэта-выпраменьваньне ня здольнае пранікаць праз чалавечую скуру і нясе небясьпеку чалавеку толькі, калі трыт трапляе ўсярэдзіну арганізму ў вялікай колькасьці. Як і ў выпадку з вадародам, трыт адносна нязручны для ўтрыманьня: ён у той ці іншай ступені можа пранікаць і праз плястык, і праз гуму, і праз сталь.

Атрыманьне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Трыт сустракаецца ў прыродзе, дзякуючы касьмічнай радыяцыі, калі нэўтроны з высокай энэргіяй сутыкаюцца з атамамі дэўтэра ў зямной атмасфэры.

Штучна атрымаць трыт мажліва, абстрэльваючы літ 6Li нэўтронамі ў атамным рэактары.

Вось некаторыя рэакцыі, шляхам якіх можна атрымаць трыт:

D + n \rightarrow T + \gamma.
 {}^{10}B + n \rightarrow T + {}^8Be + \gamma;
 {}^6Li + n \rightarrow T + {}^4He + \gamma.

Выкарыстаньне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Трыт мае надзвычай важнае значэньне для рэакцыі тэрмаядзернага сынтэзу, паколькі рэакцыя дэўтэра з трытам мае добрае сячэньне і высокі выхад энэргіі:

D + T \rightarrow {}^4He + n + 17,6MeV

Атамы ўсіх элемэнтаў складаюцца з пратонаў і нэўтронаў і адштурхоўваюць адзін аднаго, бо абодва маюць пазытыўны электрычны зарад. У выпадках надзвычай высокіх мільённых тэмпаратур, як напрыклад у ядры Сонца, некаторыя атамы набываюць такую хуткасьць, што могуць пераўзыйсьці сілы электрычнага адштурхоўваньня і зьліцца разам, фармуючы больш цяжкія атамы. Дэўтэр і трыт - найлепшыя кандыдаты для такой рэакцыі, бо маюць усяго па адным пратоне.

Апрача патэнцыяльнага выкарыстаньня ў тэрмаядзерным рэактары, трыт цяпер выкарыстоўваецца ў біялёгіі й мэдыцыне як радыяактыўны маркер.

У індустрыі ён ужываецца ў малых колькасьцях разам з фосфарам пры вырабе самаасьвятляючых паверхняў (стрэлкі гадзіньнікаў, дарожныя знакі і г.д.)