Тураўскае княства
Тураўскае княства, Тураўская зямля, Турава-Пінская зямля — буйная сярэднявечная дзяржава на поўдні Беларусі, у землях дрыгавічоў; на яго аснове сфармаваўся сучасны мікраэтнас Палесься.
Узьнікненьне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Тураўскае княства было прамым пераемнікам Дрыгавіцкага князяваньня, цэнтар якога не вядомы. Увогуле невядома, які горад быў цэнтрам дрыгавічоў. Тураў быў заснаваны блізу 950 году (найверагодней, 946, па іншых зьвестках 980 - гл. артыкул Тураў) князевічам Турам, братам Рагвалода. Тур быў першым князем, які пераўтварыў князяваньне ў княства. Паводле народнага паданьня, Тур і Рагвалод з войскам прайшлі ўздоўж Дняпра, і спыніліся ля ўпадзеньня Прыпяці ў гэтую раку. Далей Рагвалод, прыкрываючы Тура, застаўся тут, а Тур пайшоў уздоўж Прыпяці, знайшоў выгоднае месца і заснаваў горад. Ён дзейнічаў выключна ў хаўрусе з братам Рагвалодам Полацкім, але чамусь не прыйшоў яму на дапамогу ў 976 годзе, відаць, з-за раптоўнасьці нападу Ўладзімера. Пракнязяваў ен да 988 году, калі ў Пінску над Дрыгавіччынай быў пасаджаны Сьвятаполк І Тураўскі. Народнае паданьне пасьля Тура называе Ўладыку, але гэта — тытул япіскапа. Відаць, пры малалетнім Сьвятаполку ад яго імя ўладарыў япіскап, хоць гэта пярэчыць зьвесткам аб заснаваньні япіскапіі.
Князяваньне Сьвятаполка І[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Сьвятаполк І быў актыўным уладаром. Відаць, яго сталіцаю спачатку быў Пінск, бо аб гэтым кажа «Жыцьцяпіс Барыса і Глеба». Відаць, пазьней ён зрабіў абодва гарады сваей сталіцай. Ён імкнуўся забясьпечыць незалежнасьць ад Кіева, дзеля чаго ўступіў у шлюб з дачкой Баляслава І. У 1005 годзе ён заклаў у Тураве япіскапію, і па названых у ёй гарадох можна меркаваць аб тэрыторыі княства. Яно займала большую частку сучаснай Беларусі. У 1015 годзе Сьвятаполк заняў і кіеўскі пасад, але князяваньне ў Тураве пакінуў за сабою. Княства прымала актыўны ўдзел у барацьбе братоў: так, у Тураве Сьвятаполк набіраў сабе вояў, а пазьней Яраслаў заняў нейкі горад Сьвятаполка, якім, відаць, быў Тураў ці Пінск.
Падзеі ХІ стагодзьдзя. Заняпад Турава[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Далей падзеі разьвіваліся наступным чынам. Яраслаў даў Тураў Ізяславу блізу 1045 году, і Ізяслаў І князяваў тут і пасьля заняцьця Кіева. Гэта паказвае на значнасьць Турава ў той час, але ён паступова заняпаў. Пазьней ім валадарыў Сьвятаполк ІІ Тураўскі, сын Ізяслава. Але пазьней князі імкліва зьмянялі адзін аднаго. У рэшце рэшт, княства згубіла амаль палову земляў: Берасьце, Мазыр, Панямоньне.
Набыцьцё незалежнасьці[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
У 1156 годзе ў Тураве замацаваўся прадстаўнік дынастыі Сьвятаполчычаў Юры. Ён узяў курс на здабыцьцё незалежнасьці. У адказ кіеўскія князі зрабілі паход на Тураў і Пінск у 1158 годзе, але гэтыя гарады выстаялі. У 1162 годзе незалежнасьць Турава была прызнаная. Пасьля гэтага з Турава выдзяляюцца Пінскае, Слуцкае, Клецкае, Дубровіцкае і, магчыма, Гарадзенскае і Давыд-Гарадоцкае княствы.
Дзяржаўны лад[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
На жаль, аб дзяржаўным ладзе Тураўскага княства нам вядома мала. З жыцьцяпісу Кірылы Тураўскага нам ведама, што ў горадзе мела вялікую ўладу Веча, якое мела ўплыў на выбар япіскапа. Апроч таго, ў горадзе быў пасаднік, што ўказвае на асаблівасьці разьвіцьця ў Тураве грамадзка-палітычнага ладу.
Культура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Аб разьвіцьці культуры можна меркаваць па дзейнасьці Кірылы Тураўскага. Апроч таго, існуе меркаваньне, што ў Тураве таксама быў катэдральны Сафійскі сабор.
Сьпіс князеў (ХІ — пачатак ХІІ стст)[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
- Асноўны артыкул: Сьпіс тураўскіх князёў
- Тур І (пасьля 945—988)
- Сьвятаполк І (988—1019)
- Ізяслаў І Зьмітры (1042—1073)
- Уладзімер І Васіль Манамах (1073—1077)
- Яраполк І Пятро (1078—1085)
- Давыд І (1085—1087)
- Сьвятаполк ІІ Тураўскі (1087—1113)
- Вячаслаў І (1113—1132)
- Ізяслаў ІІ (1132—1133)
- Вячаслаў І (1133—1142)
- Сьвятаслаў І (1142)
- Вячаслаў І (1142—1146)
- Яраслаў І (1146—1150)
- Андрэй І Багалюбскі (1150—1154)
- Сьвятаслаў І (1154—1155)
- Барыс Юр’евіч (1155—1157)
- Юры І Яраславіч (1157—1162)
- Іван Юр’евіч (1162—1170)
- Сьвятаполк ІІІ Юр’евіч (1170—1189)
- Глеб Юр’евіч (1189—1196)
Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
- Лысенка П. Ф. Тураўскае княства // БЭ. — Мн.: 2003 Т. 16. С. 37.