Тыбэцкія мовы

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
тыбэцкая група
Народнасьць тыбэтцы
Арэал Тыбэт, Цынхай, Сычуань, Кашмір, Балтыстан, Нэпал, Сыкім, Бутан
Лінгвістычная клясыфікацыя сына-тыбэцкія мовы
Склад

Тыбэ́цкія мовы — моўная група ў складзе сына-тыбэцкае моўнае сям'і, якая аб'ядноўвае ў сваім складзе групу ўзаемнанезразумелых моваў тыбэцка-бірманскае падсям'і, на якіх размаўляюць перадусім тыбэтцы. Геаграфічна распаўсюджаныя ў рэгіёнах Тыбэцкага нагор'я, Балтыстану, Ладакху, Сыкіму, а таксама ў Нэпале ды Бутане. Найбуйнейшай літаратурнай мовай зьяўляецца клясычная тыбэцкая мова, ужываная, у прыватнасьці, у будысцкай літаратуры.

Дыялекты рэгіёнаў У-Цанг (у тым ліку дыялект Лхасы), Кам і Амдо звычайна лічацца дыялектамі адной мовы, што асабліва падмацоўваецца наяўнасьцю агульнае літаратурнае мовы, у той час як мова дзонг-кэ, сыкімская, шэрпская, ладаская мовы часта ўлічваюцца ў якасьці асобных.

Колькасьць носьбітаў тыбэцкіх моваў налічвае больш за 8 млн чал. Праз распаўсюд тыбэцкага будызму тыбэцкая мова атрымала распаўсюджаньне і ў заходнім сьвеце; з гэтае прычыны, у прыватнасьці, пашыраецца зьява вывучэньня тыбэцкае мовы жыхарамі заходніх краінаў з мэтаю вывучэньня рэлігійных тэкстаў. Па-за межамі Тыбэту, па-тыбэцку размаўляе прыкладна 200 тыс чал., на тыбэцкіх мовах размаўляюць таксама некаторыя этнічныя групы нетыбэцкага паходжаньня, якія жывуць у Тыбэце. Нягледзячы, аднак, на тое, што ўрадам КНР некаторыя цянскія народы клясыфікуюцца як тыбэтцы, мовы цянскае групы не належаць да тыбэцкіх, утвараючы сваю асобную галіну ў складзе тыбэцка-бірманскіх моваў.

Незважаючы на тое, што цэнтральная й камская тыбэцкія мовы гістарычна набылі тонавую сыстэму, клясычная тыбэцкая мова акрэсьлівалася адсутнасьцю гэтае зьявы, тоны таксама адсутнічаюць і ў амдоскай тыбэцкай і ладаскай мовах.

З марфалягічнага пункту гледзішча тыбэцкія мовы апісваюцца як аглютынацыйныя, у адрозьненьне ад клясычнай тыбэцкай, якая ў значнай ступені мела аналітычны лад у марфалёгіі.

Склад[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Нікаля Турнадар апісвае моўную сытуацыю наступным чынам:

Грунтуючыся на выніках дваццацігадовае працы на тэрыторыях, на якіх маюць распаўсюджаньне тыбэцкія мовы, а таксама існай літаратуры, можна меркаваць пра існаваньне 220 тыбэцкіх дыялектаў, якія паходзяць ад старатыбэцкай і распаўсюджаныя на тэрыторыі 5 краінаў: Кітаю, Індыі, Бутану, Нэпалу й Пакістану. Гэтыя дыялекты можна аб'яднаць у 25 дыялектных груп, паміж якімі адсутнічае ўзаемнае разуменьне. Панятак дыялектная група ў дадзеным кантэксьце азначае мову, пры гэтым ня цягне за сабою стандартызацыю гэтай мовы. Такім чынам, пакідаючы ў баку панятак пра стандартызацыю моваў, можна меркаваць пра існаваньне 25 моваў, якія паходзяць ад старатыбэцкай. Сутнасьць гэтае праблемы палягае ня толькі ў тэрміналёгіі, але і ў справе намэнклятуры. Калі мы кажам пра наяўнасьць 25 моваў, становіцца зразумелым, што мы маем справу з моўнай сям'ёй, аналягічнай з раманскай, якая зьмяшчае ў сваім складзе 19 дыялектных групаў[1].

Тыбэцкія мовы, ужываныя ў кітайскіх СМІ, уключаюць у сябе стандартную тыбэцкую мову (засноўваецца на дыялекце Ў-Цанг навакольляў Лхасы), камскую тыбэцкую ды амдоскую тыбэцкую.

Клясыфікацыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Паводле Турнадра клясыфікацыя тыбэцкіх моваў выглядае наступным чынам[2]:

  • У-Цанская мова (на якой засноўваецца стандартная тыбэцкая мова, разнастайныя дыялекты Нэпалу);
  • Камская мова;
  • Дзонгкэ-сыкімскія мовы:
    • Дзонгкэ, сыкімская мова, мовы лаха, наапа, лайскі дыялект, чакангацкая, бракацкая мовы, мова брокпа, верагодна — мова грома;
  • Ладаска-балцкія мовы:
    • Ладаская мова, пурыг, дыялект зангскары, балцкая мова;
  • Лагулі-сьпіцкая мова;
  • Кіронг-кагацкая мова;
  • Шэрпа-джырэльскія мовы:
    • Шэрпская, джырэльская мовы.

Іншыя мовы — тэва-чонэ, жонгу, халонг, дунван, гсэрпа, зітсадэгу, другчу, байма — не зьяўляюцца дастаткова дасьледжанымі, з прычыны чаго іх клясыфікацыя ня можа быць усталяванай.

Згодна з Брэдлі, тыбэцкія мовы падзяляюцца наступным чынам:

  • Ладаская мова;
  • Амдоская тыбэцкая мова (разам з тэва-чонэ);
  • Камская тыбэцкая мова:
    • «Заходнія архаічныя тыбэцкія мовы» — балцкая, пурыг;
  • Цэнтральнатыбэцкія мовы:
    • Заходняя новатыбэцкая (лагулі-сьпіцкая):
      • Дыялекты Верхняга Ладакху, Занскару, Лагулу, Сьпіці, Утаракханду, Талінгу;
    • Дбус, або У:
      • Большасьць дыялектаў акругі Нгары Тыбэцкага АР КНР, паўночных памежных рэгіёнаў Нэпалу, дыялекты акругаў Шыгадзэ й Шаньнань Тыбэцкага АР, а таксама Лхасы; аснова стандартнай тыбэцкай;
    • Паўночнатыбэцкая:
      • Поўнач Тыбэцкага АР і поўдзень правінцыі Цынхай;
    • Паўднёватыбэцкая:
      • Некаторыя дыялекты крайняга поўдню Тыбэцкага АР, мовы Індыі, Нэпалу, Бутану.

Згодна зь некаторымі клясыфікацыямі камская і амдоская мовы могуць аб'ядноўвацца як усходнетыбэцкія.

Пісьмовасьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Большасьць тыбэцкіх моваў маюць пісьмовасьць на аснове індыйскай пісьмовасьці (тыбэцкая пісьмовасьць), артаграфія зьяўляецца даволі кансэрватыўнай, што дазваляе аб'ядноўваць рэгіёны, у якіх распаўсюджаныя тыбэцкія мовы. Між тым, у ладаскай і балцкай мовах нярэдка выкарыстоўваецца пісьмовасьць мовы ўрду, якая ў сваю чаргу паходзіць ад арабскай, што зьвязана з прыняцьцем ісламу носьбітамі гэтых моваў некалькі стагодзьдзяў таму. Існуюць некаторыя тэндэнцыі па аднаўленьні ўжываньня тыбэцкае пісьмовасьці ў балцкай мове, што тлумачыцца жаданьнем захаваньня ўласнай культурнай ідэнтычнасьці

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Beyer, Stephan V. (1992). The Classical Tibetan Language. SUNY Press. ISBN 0-7914-1099-4.
  • Denwood, Philip (1999). Tibetan. John Benjamins Publishing. ISBN 90-272-3803-0.
  • Denwood, Philip (2007). „The Language History of Tibetan”. In Roland Bielmeier, Felix Haller. Linguistics of the Himalayas and beyond. Walter de Gruyter. pp. 47–70. ISBN 3-11-019828-2.
  • van Driem, George (2001). Languages of the Himalayas: An Ethnolinguistic Handbook of the Greater Himalayan Region containing an Introduction to the Symbiotic Theory of Language. Brill. ISBN 9004103902.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Tournadre N. Vol 1. // Arguments against the Concept of ‘Conjunct’/‘Disjunct’ in Tibetan / Festschrift für Roland Bielmeier zu seinem 65. Geburtstag. B. Huber, M. Volkart, P. Widmer, P. Schwieger. — in Chomolangma, Demawend und Kasbek. — 2008. — С. 281-308.
  2. ^ N. Tournadre. L'aire linguistique tibétaine et ses divers dialectes. — Lalies, 2005. — С. 7-56.