Тып дадзеных

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да: навігацыі, пошуку

У мовах праграмаваньня тып дадзеных (тып зьвестак) — атрыбут кавалачка дадзеных, які паведамляе кампутарупраграмісту) пэўныя зьвесткі пра тое, зь якім відам дадзеных ён мае справу. Гэта ўключае накладаньне абмежаваньняў на дадзеныя, напрыклад, якія значэньні можа мець гэты кавалачак дадзеных і якія апэрацыі могуць быць зь ім праведзеныя.

Агульныя тыпы дадзеных могуць быць наступнымі: цэлыя лікі, лікі з плыўной кропкай (дробы) і літаралікавыя радкі. Напрыклад, у мове праграмаваньня Java тып «int» прадстаўляе сабой мноства 32-бітавых цэлых лікаў у межах ад —2,147,483,648 да 2,147,483,647, а таксама дэкляруе апэрацыі, якія могуць быць праведзеныя з цэлымі лікамі: дадаваньне, адыманьне і памнажэньне.

Азначэньне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У больш шырокім сэнсе тып дадзеных вызначае мноства значэньняў і апэрацыі, дапушчальныя з гэтымі значэньнямі. Амаль усе мовы праграмаваньня маюць мэханізм яўнага пазначэньня тыпу дадзеных, хаця розныя мовы могуць выкарыстоўваць для гэтага розныя спосабы. Большасьць моваў праграмаваньня таксама дазваляе праграмісту вызначыць дадатковыя тыпы дадзеных, звычайна шляхам камбінаваньня некалькіх элемэнтаў іншых тыпаў і вызначэньня дапушчалных апэрацыяў з новым тыпам дадзеных. Напрыклад, праграміст можа стварыць новы тып дадзеных з назвай «Асоба», які будзе вызначаць, што дадзеныя, якія інтэрпрэтуюцца як асоба будуць уключаць у сябе імя і дату нараджэньня.

Таксама тып дадзеных можна разглядаць як абмежаваньні, накладзеныя на дадзеныя ў пэўнай сыстэме тыпізаваньня, якія апісваюць прадстаўленьне, інтэрпрэтацыю і структуру значэньняў або аб’ектаў, якія захоўваюцца ў памяці кампутара. Сыстэма тыпізаваньня выкарыстоўвае зьвесткі пра тып дадзеных для праверкі карэктнасьці кампутарных праграм, якія зьвяртаюцца да дадзеных альбо апрацоўваюць іх.

Перавагі выкарыстаньня тыпаў дадзеных[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Надзейнасьць. Тыпы дадзеных абараняюць ад трох відаў памылак:
  1. Некарэктнае прысвойваньне. Дазваляе пазьбегнуць запісу недапушчальнай інфармацыі ў зьменную.
  2. Некарэктная апэрацыя. Дазваляе пазьбегнуць выкананьня ненапушчальных для пэўнага тыпу дадзеных апэрацый.
  3. Некарэктная перадача парамэтраў. Дазваляе ўпэўніцца, што мэтад у якасьці парамэтра атрымае дадзеныя таго тыпу, які ён чакае, і ведае, як апрацоўваць.
  • Стандартызацыя. Стандартызацыя дазваляе дастаткова хутка і бяз значных выдадткаў пераносіць ужо напісаныя праграмы з адной мовы альбо сыстэмы на іншую.

Кантраляваньне тыпаў[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Працэс праверкі і накладаньня абмежаваньняў на тыпы дадзеных называецца кантраляваньнем тыпаў. Кантраляваньне тыпаў можа ажыцьцяўляцца падчас кампіляваньня праграмы альбо падчас ейнага выкананьня. У першым выпадку праверка называецца статычнай, а ў другім — дынамічнай. Статычнае кантраляваньне тыпаў зьяўляецца асноўнай задачай сэмантычнага аналізу, які ажыцьцяўляецца кампілятарам.

Клясыфікацыя тыпаў дадзеных[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Адрозьніваюць наступныя тыпы дадзеных.

  • Простыя тыпы дадзеных
    • Пералічальны тып. Можа захоўваць толькі яўна пазначаныя ў ягоным апісаньні значэньні.
    • Лікавыя тыпы. Захоўваюць лікі. З гэтым тыпам дадзеных могуць ажыцьцяўляцца звычайныя арытмэтычныя апэрацыі.
      • Цэлалікавы тып дадзеных. Можа быць знакавым, то бок захоўваць як станоўчыя, так і адмоўныя значэньні, а можа бяззнакавым, то бок захоўваць толькі неадмоўныя значэньні.
      • Дробавы тып дадзеных. Можа быць зь фіксаванай коскай, а можа быць з плыўной.
    • Сымбальны тып дадзеных. Захоўвае адзін сымбаль.
    • Лягічны тып дадзеных. Можа захоўваць адно з двух значэньняў: ісьціна і мана.
    • Мноства. Звычайна супадае з матэматычным паняткам мноства.
  • Складаныя тыпы дадзеных
    • Масіў. Зьяўляецца наборам элемэнтаў аднаго тыпу. Аднамерны масіў называецца вэртарам, двумерны — матрыцай.
    • Радковы тып дадзеных. Захоўвае радок сымбаляў. Часам разглядаецца як масіў сымбаляў, а часам — як самастойны тып.
  • Іншыя тыпы дадзеных
    • Указальнік. Захоўвае адрас у памяці кампутара, дзе ўтрымліваецца пэўная інфармацыя, звычайна — адрас зьменнай.
    • Спасылка.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Commons-logo.svg  Тып дадзеныхсховішча мультымэдыйных матэрыялаў