Тытыкака
Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі.
Возера Тытыкака (па-гішпанску: Lago Titicaca) — другое па велічыні возера Паўднёвай Амэрыкі, разьмешчанае ў паўднёвай частцы нізіны Альтыплано, паміж усходнімі і заходнімі часткамі Андаў (раён Сярэдніх Андаў) на тэрыторыі Пэру і Балівіі. Гэта найвышэй размешчанае суднаходнае для вялікіх караблёў возера і найвышэй разьмешчанае высакагорнае возера ў сьвеце.
Возера Тытыкака знаходзіцца на вышыні 3821 мэтар над узроўнем мора, а яго сярэдняя глыбіня складае ад 140 да 180 м (максымальна 304 мэтры). У даўжыню яно складае 230 км, а ў шырыню 97 км. Плошча паверхні — 8300 км². Возера складаецца зь дзьвюх частак (Lago Huinaymarca i Lago Chucuito), разьдзеленых паўвыспай Цікуіна.
Узровень вады мяняецца, часамі нават на пяць мэтраў. У мінулым возера мела большыя памеры, аб чым кажа старая берагавая лінія. Тытыкака гэта астатак старадаўняга ўнутранага мора Лага Балівіян, якое пакрывала раней усё Альтыплано. Але геалягічныя працэсы і інтэнсіўнае выпарэньне прывяло да зьніжэньня ўзроўню вады. Возера ўтварылася хутчэй за ўсё ўжо ў міяцэне.
У возера ўпадае 25 рэк (Сухес, Ілавэ, Коата, Раміс і г. д.), а выцякае адна — Дэсагуадэра, якая злучае Тытыкаку з возерам Паапо. На возеры Тытыкака знаходзіцца 41 выспа, якія часткова заселеныя.
Найбольш вядомая сярод турыстаў выспа гэта Ісла дэл Сол (выспа Сонца) — па легендах інкаў, тут нарадзіўся белы бог Віракоча і першыя інкі: Манка Капас і яго сястра і адначасова жонка Мама Окла, а таксама і само Сонца ці Інці. Гэта выспа і цяпер зьяўляецца сьвятым месцам для індзейцаў Аджмара і Кечуа. Выспа Сонца мае 10 км у даўжыню і 5 км у шырыню. Жыве тут каля 2000 індзейцаў. На тэрыторыі выспы засталіся руіны зь інкскага пэрыяду, самыя вядомыя зь якіх гэта Пілка Каіна і комплекс Чынкана, у склад якога ўваходзіць сьвятая скала зьвязаная зь інкскай легендай утварэння. У Чалапампа знаходзіцца музэй рэчаў знойдзеных археолягамі, зь якіх частка выкананая з чыстага золата.
Жыхары гарадоў, якія знаходзяцца на ўзьбярэжжы возера (самы вялікі гэта Пуна ў Пэру і Гуакуі ў Балівіі) жывуць у асноўным рыбалоўствам і турызмам. На паўднёва-ўсходнім узьбярэжжы возера (тэрыторыя Балівіі), знаходзяцца руіны перадкалюмбавай эпохі г. зв. Ціахуанака, дзе размяшчаўся галоўны цэнтар культуры з той самай назвай.
[рэдагаваць] Вонкавыя спасылкі
Тытыкака — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў