Тэгеран

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да: навігацыі, пошуку
Тэгеран
Тэгеран
Насельніцтва: 7 088 287 (2006)
Часавы пас:
• летні час:
UTC+3:30
UTC+4:30
Тэлефонны код: +98 21
Паштовы індэкс: 13ххх-15ххх
Геаграфічныя каардынаты: 35°41′46″ пн. ш. 51°25′23″ у. д. / 35.69611° пн. ш. 51.42306° у. д. / 35.69611; 51.42306Каардынаты: 35°41′46″ пн. ш. 51°25′23″ у. д. / 35.69611° пн. ш. 51.42306° у. д. / 35.69611; 51.42306
Тэгеран на мапе Ірану
Тэгеран
Тэгеран
Тэгеран
Commons-logo.svg Галерэя здымкаў у Wikimedia Commons
http://www.tehran.ir/

Тэгеран (па-пэрсыдзку: تهران Tehrān‎) — сталіца й найбуйнейшы горад Ірану. Адміністрацыйны цэнтар аднайменнага астана, палітычны, эканамічны, транспартны, гандлёва-фінансавы й культурны цэнтар краіны.

Тэгеран разьмешчаны на поўначы краіны ля падножжа горнага хрыбта Эльбурс, у 90 кілямэтрах на поўдзень ад узбярэжжа Касьпійскага мора. Горад расьцягваецца на 40-50 кілямэтраў з захаду на ўсход уздоўж горнага схілу. Паўночныя раёны Тэгерана знаходзяцца на вышыні да 2000 мэтраў над узроўнем мора, а паўднёвыя прыгарады ўшчыльную падыходзяць да тэрыторыі камяністай пустэльні Кавір.

Насельніцтва Тэгерана разам з прыгарадамі перавышае 13 мільёнаў чалавек. Горад адрозьніваецца надзвычайнай разнастайнасьцю нацыянальнага й канфэсійнага складу. Аснову насельніцтва горада складаюць пэрсы, азэрбайджанцы й мазэндэранцы. Асноўная рэлігія - іслам. Акрамя таго, у Тэгеране прысутнічаюць буйныя нацыянальныя й рэлігійныя меншасьці, як то армяне, асырыйцы, курды, габрэі, бахаі й зараастрыйцы.

Паходжаньне назвы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Існуе некалькі тэорыяў паходжаньня назвы Тэгеран (па-пэрсыдзку: تهران‎). Паводле афіцыйнага сайту горада, назва горада паходзіць ад словаў «дно» (ته — тых) і састарэлага «схіл» (ران — ран). Такім чынам, слова Тэгеран можа значыць — «горад ля падножжа горнага схілу». Гэтая тэорыя сапраўды ўяўляецца рэалістычнай, паколькі Тэгеран у рэчаіснасьці разьмешчаны на паўднёвым схіле гары Тачал[1].

Іншая тэорыя распавядае, што Тэгеран паходзіць ад назвы парфянскага горада Тыран, які разьмяшчаўся недалёка ад сучаснай сталіцы Ірана. Сама назва Тыран перакладаецца як «Прыстанак Тыра» (бог дажджу ў зараастрыйскай міталёгіі)[2]. Цікава, што непадалёк ад Тырана існаваў горад Мэхран — «мясьціна Мэхра» (бога вады), які ў цяперашні час зьяўляецца «спальным раёнам» на ўскраіне Тэгерана.

З трэцяй тэорыі вынікае, што Тэгеран азначае «цёплае месца» у процілежнасьць «халоднага месца» — Шэмірану, раёну на поўначы горада[3].

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Старажытны Тэгеран[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

«Куток Карым-хана» ў Мармуравым палацы

Раскопкі паказваюць, што селішча людзей на месцы сучаснага Тэгерана існавала ўжо ў 6 тысячагодзьдзі да н. э. Пасяленцы прыбывалі да схілаў Эльбурса, ратуючыся ад сьпякота ппустэльні на поўдні. Першапачаткова Тэгеран быў вёскай, разьмешчанай у некалькіх кілямэтрах на паўночны-захад ад горада Рэй — аднаго з самых старажытных гарадоў Ірана. Асновай эканомікі Тэгерана на той час была сельская гаспадарка, у прыватнасьці, вырошчваньне гародніны й садавіны.

Штуршком да ўзвышэньня Тэгерана як палітычнага цэнтра стала разбурэньне манголамі Рэя ў 1228 годзе. Жыхары разбуранага горада накіраваліся ў амаль некрануты Чынгісханам Тэгеран. Вядома, што ў сваіх працах, якія адносяцца да 1275 году, Мухамад Закарыя Газвіні апісвае Тэгеран, як «важны гандлёвы горад». У гэты час Тэгеран падзяляўся на 12 раёнаў, якія кіраваліся вайскоўцамі. У асноўным гарадзкая забудова XIII стагодзьдзя ўяўляла сабой глінянае або высечанае ў скальнай пародзе жыльлё. Падобны тып паселішчаў можна таксама знайсьці на тэрыторыі паўночнага Ірака. У 1340 годзе Тэгеран апісваецца Хамдалой Мустафі як адзін з чатырох раёнаў Вараміна, найбуйнейшага на той момант горада ў мангольскай правінцыі Ільханідаў. Пры гэтым адноўлены Рэй ужо перайшоў пад фактычнае кіраваньне тэгеранскіх уладароў[4].

У ліпені 1404 года гішпанскі падарожнік Руй Гансалес дэ Клавіха падчас свайго падарожжа ў Самарканд стаў, верагодна, першым эўрапейцам, які наведаў Тэгеран. Ён апісваў яго як буйны горад, на поўначы якога разьмешчаная рэзыдэнцыя Тымурыдаў, а Рэй — як закінутае паселішча. Пачынаючы з XV стагодзьдзя Тэгеран у пошуках прахалоднага паветра й крыніцаў вады пачаў актыўна разрастацца на поўнач, гарадзкія кварталы зьявіліся на схілах хрыбта Тачал. У 1553—1554 гадох шаг Тахмасп I, другі кіраўнік з дынастыі Сэфэвідаў, пабдаваў у Тэгеране кірмаш, а таксама гарадзкія сьцены, якія мелі 114 гарматныя вежы. Сэфэвіды абралі Тэгеран адным са сваіх галоўных бастыёнаў, бо з аднаго боку, у Рэе знаходзілася пахавальня родапачынальніка дынастыі Сэеда Хамзы, з другога — Тэгеран да таго часу стаў традыцыйным сховішчам для шыіцкіх уцякачоў, бо Сэфэвіды былі першай шыіцкай дынастыяй кіраўнікоў Ірана. Сталую рэзыдэнцыю ў Тэгеране пабудаваў Абас II. А па загадзе Сулеймана I у горадзе пабудавалі палац, дзе ў 1721 годзе напярэдадні ўварваньня ў Іран аўганцаў апошні шаг Сэфэвідаў прымаў асманскага султана Ахмэта III.

Нарэшце, сапраўдны будаўнічы бум адбыўся ў Тэгеране напачатку XVIII стагодзьдзя. Дынастыя Зэндаў, якая прыйшла на зьмену Сэфэвідам, пачала актыўна забудоўваць горад. Карым Хан загадаў пабудаваць у Тэгеране палац, гарэм і рэзыдэнцыі для дзяржаўных установаў. Верагодна, ён меў намер перанесьці сталіцу ў Тэгеран, але пазней сталічныя функцыі былі перададзены гораду Шыраза (старажытнай сталіцы Пэрсіі). Са сьмерцю Карым Хана за Тэгеран разгортваецца барацьба паміж лаяльным да Зэндаў Гафуры Ханам і Мухамэдам Хан Каджарам. 12 сакавіка 1786 года Мухамэд Хан уступае ў Тэгеран і канчаткова пераносіць сталіцу сюды. Гэтаму рашэньню спрыяла ўдалае стратэгічнае становішча Тэгерана на скрыжаваньні гандлёвых шляхоў, а таксама пагроза паўночных правінцыяў з боку Расейскай імпэрыі.

Сталіца Ірану[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вежа Азадзі — сымбаль Тэгерану

Пры Мухамед Каджара Тэгеран выйшаў за межы гарадзкіх вежаў. Фэтх Алі-шаг, пляменнік Мухамэда Каджара, зрабіў найбольшы ўнёсак у будаўніцтва Тэгерану. У прыватнасьці, у пэрыяд ягонага кіраваньня ў Тэгеране былі пабудаваны Мармуравы палац і шаская мячэт. Да 1830 года насельніцтва Тэгерана дасягнула 150 тысяч чалавек. Раскошныя палацы былі выбудаваны на поўначы горада. Пры Фэтх Алі-шагу ў Тэгеране было разгромлена расейскае пасольства, ачоленае Аляксандрам Грыбаедавым, які быў забіты.

Найбуйнейшая рэканструкцыя за ўсю гісторыю горада пачалася ў 1870 годзе пры Насрэдзін-шагу. Ён загадаў падарваць усе старажытныя фартыфікацыйныя збудаваньні, і на іх месцы зьявіліся новыя гарадзкія кварталы. Акрамя таго, пры Насрэддзін-шагу была праведзена рэканструкцыя вялікай колькасьці будынкаў, а таксама выбудавана цэнтралізаваная сыстэма водазабеспячэньня. Да канца свайго кіраваньня насельніцтва горада перавышала 250 тысяч чалавек, большасьць з якіх жылі за гарадзкімі сьценамі.

У 1925 годзе Іран ўзначаліў Рэза Пэхляві, і ў 30-х гадох XX стагодзьдзя горад перажыў яшчэ адно абнаўленьне. Па загадзе Рэзы Пэхляві «сьцены Насрэдзіна» былі зьнішчаны, а на іх месцы пракладзены шырокія праспэкты. Вялікая колькасьць замежных архітэктараў была запрошана шагам для будаўніцтва новых будынкаў для дзяржаўных і камэрцыйных установаў. Пасьля гэтай рэканструкцыі плошча Тэгерана узрасла больш чым на парадак у параўнаньні з Тэгеранам узору Фэтх Алі-шага, склаўшы 46 км².

У 1943 годзе ў Тэгеране прайшла міжнародная канфэрэнцыя кіраўнікоў урадаў трох саюзных дзяржаў антыгітлераўскай кааліцыі — СССР, ЗША й Вялікабрытаніі, на якой былі вызначаны прыкладныя тэрміны адкрыцьця другога фронту. На Канфэрэнцыі былі таксама абвешчаны гарантыі незалежнасьці й тэрытарыяльнай цэласьці Ірана пасьля заканчэньня вайны. Па заканчэньні вайны насельніцтва Тэгерана дасягнула 1 мільёна чалавек. Пры Мухамэдзе Пэхляві, апошнім шагу, многія старажытныя пабудовы старога горада былі зьнішчаны, бо шаг лічыў, што ім ня месца ў сучасным Тэгеране. На месцы ўнікальных фартыфікацыйных збудаваньняў і палацаў зараз месьцяцца хмарачосы альбо шырокія аўтастрады. З пачаткам тыпавой жылой забудовы, пік якой прыпаў на 1960-я гады, Тэгеран канчаткова згубіў свой «старажытны» выгляд.

У 1969 годзе Шэміран быў уключаны ў склад Тэгерана, пасьля чаго пашырэньне на поўнач спынілася. Па новай горадабудаўнічай дактрыне Тэгеран стаў узбуйняцца на захад і усход. Рэзкі скок кошту на нафту ў 1970-х надаў новы штуршок развіцьцю горада. Шаг меў намер выкарыстоўваць звышпрыбыткі ад экспарту нафты на будаўніцтва новага раёна Тэгерана, які стаў бы сымбалем улады Пэхляві. Праект «Шагестана» быў гатовы ў 1976 годзе, аднак грошы хутка скончыліся, і раён так і не быў пабудаваны.

8 верасьня 1978 года ў Тэгеране, як і ва ўсім Іране, пачаліся дэманстрацыі праціўнікаў шаскага рэжыму, якія неўзабаве перараслі ў масавыя выступы. Першы такі буйны пратэст адбыўся ў верасьні, ён быў разагнаны паліцыяй. Пачынаючы з гэтага моманту эканоміка Тэгерана практычна «ўстала» з-за татальных страйкаў. У рэшце рэшт, 16 студзеня 1979 году шаг, не ў сілах супрацьстаяць дэманстрантам, назаўсёды пакінуў Іран, а 1 лютага мільёны тэгеранцаў сустракалі апальнага імама Рухолу Хамэйні, высланага з краіны за 15 год да таго. У горадзе пачаліся сутычкі паміж прыхільнікамі Хамэйні й іхнымі праціўнікамі. 9 лютага з дробнай бойкі паміж тэхнікамі ў мясцовым аэрапорце пачаліся грандыёзныя вулічныя сутыкненьні, у ходзе якіх за двое сутак прыхільнікі Хамэйні ўзялі пад свой кантроль усе ўрадавыя ўстановы, сілавыя ведамствы й паліцэйскія ўчасткі.

У ходзе ірана-ірацкай вайны, з мая 1985 года Тэгеран рэгулярна падвяргаўся абстрэлу ірацкімі ракетамі Р-11, што цягнула за сабой значныя ахвяры сярод насельніцтва й разбурэньні. Напрыканцы вайны, увесну 1988 года інтэнсіўнасьць абстрэлаў дасягнула піку: за 6 тыдняў ірацкія войскі выпусцілі па Тэгерану 190 ракетаў. У гэты ж час у Тэгеран накіроўваўся паток уцекачоў з суседняга Аўганістану, дзе таксама ішла вайна.

Насельніцтва[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Калі Тэгеран стаў сталіцай Ірана напрыканцы XVIII стагодзьдзя, насельніцтва горада складала каля 100 тысячаў чалавек. На працягу XX стагодзьдзя насельніцтва Тэгерана стала расло вялікімі тэмпамі. У 1956 годзе ўрад прыняў шэраг мераў, якія абмяжоўвалі будаўніцтва ў горадзе, а таксама зрабіў папраўкі да сямейнай палітыцы. У 1976 годзе прырост насельніцтва складаў 4%, а ў 2000 годзе — 1,1%.

У цяперашні час у межах горада пражывае каля 7,5 мільёнаў чалавек, разам з прыгарадамі насельніцтва Тэгерана складае 13 мільёнаў чалавек, з навакольнымі гарадамі-спадарожнікамі — больш за 15 мільёнаў. Такі рэзкі рост насельніцтва тлумачыцца тым, што 60% жыхароў горада — прыезджыя[5].

Мовы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Тэгеран зьяўляецца найбуйнейшым пэрсамоўным горадам у сьвеце. Насельніцтва горада настолькі этнічна разнастайна, што зьмешваньне розных моваў і дыялектаў прывяло да зьяўлення новага тэгеранцкага дыялекту пэрсыдзкай мовы, які зьяўляецца стандартам. У прыватнасьці, некаторыя правілы тэгеранцкага гутарковага дыялекту (напрыклад, замена доўгага /а/ на /u/) былі актыўна перайманы астатнімі іранцамі.

Большая частка насельніцтва Тэгерана размаўляе таксама на ісфаханскім, ездзкім, шыраскім, габрэйска-таджыцкім дыялектах, а таксама на мове дары. Цікава, што да XIX стагодзьдзя большасьць насельніцтва горада складалі мазэндэранцы, якія й дагэтуль кампактна пражываюць у паўночных раёнах.

Другая па распаўсюджанасьці мова — азэрбайджанская[6]. Акрамя таго, існуюць суполкі курдаў, мазэндэранцаў, гілянцаў, лураў, бэлуджаў, туркмэнаў, арабаў, армянаў, асырыйцаў[7].

Сабор сьвятога Саркіса

Рэлігія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Пераважная большасьць жыхароў Тэгерана — мусульмане-шыіты, яны складаюць 96% насельніцтва. Бахаі складаюць 2,8% насельніцтва — гэта каля 200 тыс. чалавек. Хрысьціяне таксама маюцца ў Тэгеране, да іх адносяцца, у першую чаргу, пасьлядоўнікі Армянскай апостальскай царквы, Расейскай праваслаўнай царквы й Асырыйскай царквы[8]. Іхняя колькасьць пасьля Ісламскай рэвалюцыі 1979 года рэзка зьнізілася. Армянская апостальская царква прадстаўлена ў Тэгеране суполкай з 120 тысяч чалавек. У горадзе месьцяцца 42 прыходы армянскай царквы й мноства армянскіх культурных цэнтраў, школаў, бібліятэк, спартовых комплексаў.

Каля 10 тысяч чалавек належаць да Асырыйскай царквы, маецца таксама 5 тысячаў халдэйскіх каталікоў, якія прытрымліваюцца ўсходне-сырыйскага абраду. У горадзе ёсьць грузінская артадаксальная абшчына, расейская праваслаўная абшчына й некалькі розных эвангелічных абшчынаў.

У габрэйскую суполку ўваходзіць 16—18 тыс. чалавек. У Тэгеране месьцяцца 18 сынагогаў. Пры суполцы маюцца таксама шматлікія школы й бібліятэкі. У зараастрыйскую суполку ўваходзіць 10 тыс. чалавек. Абшчына падтрымлівае два храма агню. Да іншых рэлігійных меншасьцяў адносяцца суніты, прысутнічаюць таксама нязначныя абшчыны сікхаў, індуістаў, будыстаў, мандэеў, эзідаў і суфістаў.

Сацыяльныя праблемы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Беднасьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1995 годзе каля 27% насельніцтва Тэгерана пражывала за рысай беднасьці, аднак узровень жыцьця тэгеранскіх беднякоў значна пераўзыходзіў узровень жыцьця маламаёмасных людзей з рэгіёнаў краіны. У 1996 годзе ўзровень пісьменнасьці насельніцтва складаў 84,7%, сярэдняя працягласьць жыцьця — 70,5 гадоў. Бедныя тэгеранцы пражываюць, у асноўным, у паўднёвых раёнах горада, часта — у трушчобах. Іх нефармальна называюць «тымі, якія жывуць на камянях» (па-пэрсыдзку: كوهنشينان , kuhneshinan‎). Асабліва масіўныя бедныя кварталы разьмешчаны ў прыгарадах Эсламшахр і Чахар-Дангеш, з насельніцтвам 350 тысяч і 250 тысяч чалавек адпаведна[9]. У такіх трушчобах жывуць, як правіла, імігранты й уцякачы.

У канцы 1978 года бедны поўдзень Тэгерана стаў цэнтрам антыўрадавых паўстаньняў, канчаткова здушыць якія не ўяўлялася магчымым. Карыстаючыся часовай блытанінай, выкліканай рэвалюцыяй, беднякі забудоўвалі навакольлі горада трушчобамі незаконна, часта ўначы. Толькі за 1980 год у трушчобах пасяліліся 100 тысячаў прыезджых, у 1986 — 450 тысяч. Гэта было зьвязана зь небывалым наплывам уцекачоў з Курдыстана й Аўганістана.

Напачатку 1990-х гадоў мэрыя Тэгерана пачала прадпрымаць спробы зьнішчэньня незаконных пабудоваў. У жніўні 1991 года разбурэньне селішча Багерабад выклікала хваляваньні ў прыгарадах, якія давялося душыць з дапамогай паліцыі. У сакавіку 1992 года група вэтэранаў ірана-ірацкай вайны выказала пратэст ураду Тэгерана ў сувязі са становішчам жыхароў трушчобаў, пасьля чаго хваляваньні ўспыхнулі ізноў. Пры ягоным прыгнечаньні загінула 6 чалавек, 300 былі арыштаваны, 5 пасьля пакараны сьмерцю. Апошняе буйное выступленьне адбылося ў Эсламшахры ў 1995 годзе.

Наркотыкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У Іране стагодзьдзямі выраблялі й ужывалі опіюм. У 1949 годзе 11% насельніцтва Ірана ўжывала наркотыкі. 1,3 мільёна чалавек ўжывалі наркотыкі ў Тэгеране[10].Тэгеран разьмешчаны на адным з асноўных шляхоў наркатрафіку з Аўганістана й Пакістана на Захад. Асноўныя шляхі ідуць праз правінцыі Паўднёвы Харасан, Сыстан і Балучыстан, праз Тэгеран, далей у Турэччыну й на Балканы[11].

У 1999 годзе ў Тэгеране налічвалася каля 240,000 наркаманаў, аднак гэтая лічба можа быць недакладнай, паколькі разыходжаньні ў ацэнцы Міністэрства аховы здароўя й ААН складаюць да 60%[12]. У 2002 годзе праваахоўныя органы штодня затрымлівалі да 150-200 наркадылераў і наркаманаў[13]. Распаўсюд наркотыкаў стаў прычынай павышанай сьмяротнасьці й злачыннасьці. Для барацьбы з наркаманіяй у Тэгеране адкрыліся спэцыялізаваныя рэабілітацыйныя цэнтры, а таксама праводзіцца агітацыя.

Геаграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Гара на поўначы Тэгерану

Тэгеран разьмешчаны на поўначы Ірана, у аднайменнай правінцыі, на паўднёвым схіле гары Тачал хрыбта Эльбурс, які адлучае горад ад Касьпійскага мора. Горад выцягнуты з поўначы на ​​поўдзень на 26 кілямэтраў, і з захаду на ўсход на 40 кілямэтраў. Плошча складае каля 1550 км². Перапад вышыняў у межах гарадзкой рысы складае амаль 700 мэтраў: ад 1100 мэтраў на поўдні да 1800 на поўначы.

Тэгеран складаецца са старога горада, рэканструяванага ў 18701872 гадох, і новага горада, які пачаў будавацца ў 40-х гадох XX стагодзьдзя. У горадабудаўнічай структуры пераважаюць рэгулярныя кварталы XIXXX стагодзьдзяў, разрэзаныя прастакутнай сеткай вуліц з плошчамі, скверамі, фантанамі й забудаваныя шматпавярховымі гатэлямі, банкамі, адміністрацыйнымі будынкамі ў духу сучаснай заходнеэўрапейскай архітэктуры, а таксама асабнякамі-катэджамі й 10-12-павярховымі жылымі дамамі. Сучасны Тэгеран распаўсюджваецца на поўнач, паўночны захад і паўночны-ўсход за кошт утварэньня шматлікіх новых раёнаў.

Паўночныя раёны менш за іншых схільныя да забруджваньня. Там жывуць найбольш заможныя жыхары горада. Цэнтральныя раёны займаюць, як правіла, офісы, банкі й іншыя ўстановы. На поўдні й захадзе, бліжэй да пустэльні разьмяшчаюцца прамысловыя прадпрыемствы. Керэдж і Рэй — найбуйнейшыя прыгарады Тэгерана.

Клімат[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Тэгеран разьмяшчаецца на нахільнай раўніне паміж горным ланцугом Эльбурс на поўначы й саланчакавай пустэльняй Дэштэ-Кевір на паўднёвым усходзе. Таму ў паўночных раёнах горада клімат халаднаваты й вільготны, тады як у паўднёвых — гарачы й сухі. Самы гарачы месяц — ліпень, самы халодны — студзень. З-за асаблівасьцяў геаграфічнага становішча Тэгерана, амплітуда ваганьняў тэмпэратуры дасягае 65 градусаў. Сьнег ляжыць у асноўным зь лістапада па сакавік, але ў большай частцы горада сьнег ляжыць у студзені й лютым. Сярэднегадавая колькасьць ападкаў — 240 мм, вялікая частка зь іх выпадае зімой. Улетку дажджы вельмі рэдкія.

Nuvola apps kweather.svg Кліматычныя зьвесткі для Тэгерана Weather-rain-thunderstorm.svg
Паказьнік Сту Лют Сак Кра Тра Чэр Ліп Жні Вер Кас Ліс Сьн Год
Абсалютны максымум t, °C 18 23 30 33 37 42 43 43 39 34 29 20 43
Сярэдні максымум t, °C 7,2 9,9 15,4 21,9 28,0 34,1 36,8 35,4 31,5 24,0 16,5 9,8 22,5
Сярэдняя t, °C 2,5 4,9 10,1 16,4 22,2 27,9 30,8 29,5 25,4 18,2 11,1 5,0 17,0
Сярэдні мінімум t, °C −1,1 0,7 5,2 10,9 16,1 20,9 24,0 23,0 19,2 12,9 6,7 1,3 11,7
Абсалютны мінімум t, °C −21 −16 −9 −2 3 8 14 11 8 3 −7 −12 −21
Норма ападкаў, мм 37,2 34 37,4 27,8 15,2 2,9 2,5 1,4 0,9 13,7 20,6 36,3 229,9
Крыніца: World Climate, Meteofrance.com

Гарады-сябры[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ تاريخچه تهران. www.tehran.ir
  2. ^ Зараастрызм. www.revolution.allbest.ru
  3. ^ Ahmad Kasravi, Kārvand-e Kasravi, ed. Yahyā Dokā, Téhéran, 1973. ст. 273-83.
  4. ^ Hamd-Allah Mostawfi, «Nozhat al-qolub, éd. et tr. Le Strange», ст. 53—60
  5. ^ Tehran, Political situation. www.tehran.ir
  6. ^ Teheran — LookLex Encyclopaedia. www.looklex.com
  7. ^ All about Oscar
  8. ^ Eliz Sanasarian: Religious Minorities in Iran. Cambridge University Press, Cambridge 2000, ISBN 0-521-77073-4
  9. ^ Mike Davis. Le pire des mondes possibles. De l’explosion urbaine au bidonville global. La Découverte, 2006 ISBN 978-2-7071-4915-2, стар. 31
  10. ^ Bijan Nissaramanesh, Mike Trace, Marcus Roberts. L’apparition de la réduction des risques en Iran. Bulletin № 8, Programme politique des drogues de la Fondation Beckley, juillet 2005
  11. ^ «Illicit drugs Situation in the regions neighbouring Afghanistan and the response of ODCCP», United Nations Office for Drug Control and Crime Prevention, 2002
  12. ^ E. Razzaghi, A. Rahimi, M. Hosseni, A. Chatterjee. Rapid Situation Assessment (RSA) of drug abuse in Iran. Prevention Depart., State Welfare Organization, Ministry of Health, I.R. of Iran and United Nations International Drug Control Program, 1999
  13. ^ Commandeur des forces de la police des stupéfiants de Téhéran Mehdi Aboui, cité // A. William Samii. Drug Abuse: Iran’s «Thorniest Problem». The Brown Journal of World Affairs, Volume IX, № 2, hiver-printemps 2003

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Commons-logo.svg  Тэгерансховішча мультымэдыйных матэрыялаў