Узвышша

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да: навігацыі, пошуку
Хвойніцкае ўзвышша

Узвышша — дзялянка зямной паверхні, якая характарызуецца прыўзьнятасьцю адносна навакольных. Умоўна ўзвышша вызначаюць як дзялянку з абсалютнай вышынёй больш за 200 м і супрацьпастаўляюць нізіне. Звычайна ўзвышша ня мае выразна акрэсьленых схілаў.

Асаблівасьці будовы ўзвышшаў Беларусі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Найбольш прыпаднятая частка тэрыторыі Беларусі прыпадае на яе цэнтральныя раёны. Тут з захаду на ўсход праз усю тэрыторыю краіны распасьціраецца Беларуская града, якая ўтвораная сожаўскім ледавіком. Па гэтай градзе пераважна праходзіць Балтыйска-Чарнаморскі вадападзел. Рачнымі далінамі Беларуская града падзяляецца на асобныя ўзвышшы.

Максымальных вышыняў Беларуская града дасягае ў сваёй цэнтральнай частцы, вядомай пад назвай Менскае ўзвышша. Яна займае плошчу каля 7,5 тыс. км² і распасьціраецца з паўднёвага захаду на паўночны усход на 180 км. Высокія і стромкія ўзгоркі тут перасякаюцца латочынамі. У заходняй частцы Менскага ўзвышша знаходзіцца вышэйшы пункт ня толькі ўзвышша, але і ўсёй Беларусі — гара Сьвятая (345 м). Яна разьмешчаная ў вёсцы Скірмантава Койданаўскага раёна, у 30 км на паўднёвы захад ад Менску. У межах Менскага ўзвышша знаходзяцца і іншыя вышэйшыя пункты Беларусі: гара Лысая (342 м), гара Маяк (335 м). У рэльефе пераважаюць буйныя марэнныя ўзгоркі, якія звычайна ўтвараюць грады. Сярод іх нярэдка сустракаюцца камы. Рачныя даліны, латочыны сьцёку і яры ўскладняюць рэльеф. Над суседнімі раўнінамі і нізінамі Менскае ўзвышша прыпаднятая больш за 150 м. Менавіта для яго характэрная максымальная глыбіня падзелу рэльефу.

На паўднёвы захад ад Менскага ўзвышша распасьціраюцца Наваградзкае, Ваўкавыскае, Гарадзенскае ўзвышшы і Капыльская града. Яны разьбіваюцца далінамі Нёмана і яго прытокаў на асобныя масывы і паступова паніжаюцца з усходу на захад. Толькі Наваградзкае ўзвышша паднімаецца вышэй за 300 м. Вышэйшы пункт — гара Замкавая (323 м) — знаходзіцца побач з Наваградкам.

На паўночны захад ад Менскага ўзвышша на працягу 100 км распасьціраецца Ашмянскае ўзвышша. Гэта трэцяе ўзвышша Беларусі з абсалютнымі вышынямі больш за 300 м. Вышэйшы пункт узвышша — гара Мілідаўская — дасягае 320 м па-над узроўнем мора. Усходнюю частку Беларускай грады займае Аршанскае ўзвышша.

На поўдзень ад Беларускай грады ўзвышшы практычна адсутнічаюць, гэта тлумачыцца тыс, што апошнім тутэйшым ледавіком быў дняпроўскі. Крэсавыя марэны гэтага ледавіку моцна перапрацаваныя эразійнымі працэсамі. Сярод узвышшаў гэтай часткі Беларусі вылучаюцца Мазырская града і Загародзьдзе.

Фармаваньне ўзвышшаў на поўнач ад Беларускай грады зьвязана з акумуляцыйнай дзейнасьцю ўсіх ледавікоў, але ў большай ступені паазерскага ледавіка. Буйнейшымі ўзвышшамі гэтай часткі Беларусі зьяўляюцца Сьвянцянскія і Браслаўскія грады, Віцебскае і Гарадоцкае ўзвышша. Яны ўваходзяць у склад Беларускага Паазер’я.