Украінская Грэка-каталіцкая Царква

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да: навігацыі, пошуку

Украінская Грэка-Каталіцкая Царква (УГКЦ) — адна з усходніх каталіцкіх Цэркваў, якая прытрымліваецца грэцкага (бізантыйскага) абраду, знаходзіцца ў поўнай еднасьці з Рымскім Апостальскім Пасадам ды прызнае ўладу і духоўны аўтарытэт Рымскага Архірэя. Яна — адна з чатырох традыцыйных ўкраінскіх Цэркваў — спадчыньніц Уладзімеравага хросту.

УГКЦ налічвае сёньня каля 6 млн вернікаў ва ўсіх рэгіёнах Украіны і на шасьці кантынентах. Зьяўляецца самай вялікай Усходняй Каталіцкай самаўпраўнай Царквой (Ecclesia sui juris). Мае статус вярхоўнага архібіскупства, у апошнія дзесяцігодзьдзі спрабуе дабіцца прызнаньня за сабою патрыяршага статусу. Зьверхнікам Царквы з 27 скавіка 2011 году зьяўляецца Вярхоўны архібіскуп Кіева-Галіцкі Ўладыка Сьвятаслаў Шаўчук. УГКЦ захоўвае бізантыйска-ўкраінскі абрад, гэта значыць літургічную, багаслоўскую, духоўную і прававую спадчыну кіеўскага хрысьціянства. Сёньня УГКЦ імкнецца таксама да аднаўленьня першапачатковай еднасьці Кіеўскай Царквы. У 2002 годзе Сынод біскупаў УГКЦ прыняў рашэньне пра перанос пасаду Першаярарха гэтай Царквы з Львова ў сталіцу Ўкраіны Кіеў, дзе цяпер заканчваеца ўзьвядзеньне Патрыяршага сабора.

УГКЦ цьвёрда і пасьлядоўна адстойвае права ўкраінскага народу на сваю незалежную дзяржаву і падтрымлівае станаўленьне ў ёй сталай грамадзянскай супольнасьці, рэалізуе вялікую колькасьць дабрачынных і грамадзкіх праектаў ва Ўкраіне і за яе межамі.

Назвы, якія выкарыстоўваюцца для вызначэньня УГКЦ[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Існуе шэраг назваў, якія выкарыстоўваюцца для вызначэньня УГКЦ:

• Уніяцкая Царква;

• Украінская Каталіцкая Царква;

• Украінская Каталіцкая Царква бізантыйскага абраду;

• Кіеўская Каталіцкая Царква.

Назву Грэка-Каталіцкая Царква ўпершыню ўвяла ў Аўстра-Вугоршчыне імпэратрыца Марыя-Тэрэза ў 1774 годзе для таго, каб адрозьніць яе ад Рыма-Каталіцкай і Армянскай Каталіцкай Цэркваў.

Раней у афіцыйных царкоўных дакумэнтах для абазначэньня Грэка-Каталіцкай Царквы на тэрыторыі сучаснай Украіны, Беларусі і Польшчы ўжывалі тэрмін Ecclesia Ruthena unita.

З 1960 году ў афіцыйных дакумэнтах фігуруе таксама назва Ўкраінская Каталіцкая Царква ў дачыненьні да ўкраінскіх католікаў дыяспары і падпольнай у той час Грэка-Каталіцкай Царквы ў савецкай Украіне. У папскім статыстычным штогодніку Annuario Pontificio выкарыстоўваюць назву Ўкраінская Каталіцкая Царква бізантыйскага абраду. На Сынодзе Біскупаў УГКЦ (верасень 1999 г.) было прапанавана ўжываць яшчэ й назву Кіеўская Каталіцкая Царква, якая падкрэсьлівала б ідэнтычнасьць гэтай Царквы.

Глядзіце таксама[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]