Украінская дапаможная паліцыя

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да: навігацыі, пошуку

Украінская дапаможная паліцыя (па-нямецку: Ukrainische Hilfspolizei, па-ўкраінску: Українська поліція допоміжна) — агульны тэрмін для апісаньня паліцыйных падразьдзяленьняў, утвораных у канцы 1939 году, што складаліся пераважна з украінцаў на службе ў Генэрал-губэрнатарстве, а пазьней у Райсхкамісарыяце Ўкраіна[1]. Агульная колькасьць прыцягненых на службу ацэньваецца ў крыху больш за 35 000 чалавек[2].

Структура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Складалася амаль напоўніцу з украінцаў і дзейнічала ў рэгіёнах зь пераважна ўкраінскім насельніцтвам. У Любельскім дыстрыкце мела каля 40 пастарункаў, а ў Кракаўскім — каля 20.

Кадры для УДП падрыхтоўваліся на курсах у Закапаным і Хелме, а таксама ў паліцыйных школах у Кракаве і Любліне. Улетку 1941 году школы былі зьліквідаваныя, а замест іх 1 кастрычніка ў Лембергу (цяпер Львоў) была створаная паліцэйская школа, якая праіснавала 3 гады[3].

Таксама існавалі два афіцэрскія курсы ў афіцэрскай школе Польскай паліцыі Генэральнага губэрнатарства ў Новым Сончу.

УДП карысталася мундырамі СС, Вэрмахту ды іншых узброеных сілаў III Райху. На фуражках мелі акруглы знак з жоўтым трызубам на блакітным тле.

Дзейнасьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У Райсхкамісарыяце УДП пераважна выкарыстоўвалася для навядзеньня парадку сярод цывільнага насельніцтва, і яе магчымасьці абмяжоўваліся іншымі паліцэйскімі фармаваньнямі: Sonderdienst (стваранай са складу фольксдойчэ), Крымінальнай паліцыяй, паліцыяй на чыгунцы і транспарце ды паліцыяй па парадкаваньні і ахове прамысловых арганізацыяў.

На Галіччыне была створаная распараджэньнем ураду Генэральнага губэрнатарства ад 18 жніўня 1941 году замест украінскай народнай міліцыі. Тут УДП і Польская дапаможная паліцыя знаходзіліся ў падпарадкаваньні Ordnungspolizei у Кракаве.

Напрыканцы нямецкай акупацыі колькасьць чальцоў УДП ў Генэрал-губэрнатарстве складала крыху больш за 5000 асобаў, так і не дасягнуўшы плянаванага ліку ў 6000 праз брак ахвотных служыць у ёй.

Удзел у Галакосьце[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Нацысты выкарыстоўвалі Ўкраінскую дапаможную паліцыю для арганізацыі і беспасярэдняга ўдзелу ў экзэкуцыях жыдоўскага насельніцтва. Украінцы выконвалі гэтыя абавязкі ня толкьі на ўласнай тэрыторыі, але таксама на тэрыторыі Польшчы, Беларусі і Летувы. Украінскія паліцыянты служылі ахоўнікамі ў канцэнтрацыйных лягерох[4].

У Крывым Рогу 15 кастрычніка 1941 году неідэнтыфікаваны паліцэйскі атрад СС разам зь сіламі Ўкраінскай дапаможнай паліцыі ўчынілі гвалт над 2500 цывільнымі і 800 палоннымі жыдамі[5].

Уначы 13 ліпеня 1942 году ўсе насельнікі Ровенскага гета былі зьнішчаныя СС-аўцамі і ўтрая большай колькасьцю ўкраінскіх паліцыянтаў[6]. УДП ўдзельнічала таксама і ў ліквідацыі гета па ўсёй Украіне[7]. Яны абложвалі гета, каб ніхто ня здолеў уцячы, вышуквалі жыдоў у хованках і перасьледвалі тых, хто намагаўся ўцячы. Яны таксама суправаджалі жыдоў да месца іхняе згубы, забіваючы тых, хто рухаўся ня надта хутка, і вартавалі, каб хто ня выбраўся зь мясьцінаў расстрэлаў[4].

Перасьлед палякаў[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

13 лістапада 1942 году чальцы Ўкраінскай паліцыі абрабавалі і забілі 32 палякаў і 1 жыда ў вёсцы Абуркі на Валыні. Пасьля ўчыненьня гвалту была спаленая і вёска[8]. 16 сьнежня 1942 году ўкраінскія паліцыянты пад нямецкім кіраўніцтвам забілі 360 палякаў у Язэрцах (былы павет Роўна)[8][9].

У Львове ў лютым-сакавіку 1944 году ўкраінскія паліцыянты арыштавалі маладзёнаў польскай нацыянальнасьці, многія зь якіх пазьней былі знойдзеныя мёртвымі, а іхнія дакуманты зьніклі. 11 сакавіка 1944 году быў забіты сын Эдварда Сухарды. Украінскія паліцыянты спрабавалі скарыстаць дакуманты польскага насельніцтва для эміграцыі і жыцьця на Захадзе[10]. Пасьля гэтага прадстаўнікі польскага ўраду распачалі перамовы з АУН-Б. Калі тыя не далі плёну, Kedyw распачаў у адказ апэрацыю пад назвай «Nieszpory». Былі забітыя 11 паліцыянтаў, пасьля чаго забойствы польскай моладзі ў Львове спыніліся[11].

Удзел у стварэньні Украінскай паўстанцкай арміі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Прыняцьце ў шэрагі УДП азначала магчымасьць атрымаць вайсковыя муштраваньні ды досяг да зброі, чым скарысталася Арганізацыя ўкраінскіх нацыяналістаў, вялікая колькасьць чальцоў якой знаходзіліся на службе ў паліцыі[12]. Кіраўніцтва бандэраўскай АУН 20 сакавіка 1943 году выдала сакрэтныя інструкцыі, якія наказвалі сваім чальцам, што ўваходзілі ў дапаможную паліцыю, дэзэртаваць адтуль са зброяй і далучацца да «вайсковых атрадаў АУН (СД)» на Валыні. Колькасьць абучаных і ўзброеных паліцыянтаў, якія перайшлі на бок будучай Украінскай паўстанцкай арміі ўвесну 1943 году, ацэньвалася прыкладна ў 4-5 тысячаў чалавек. У некаторых мясьцінах гэты працэс суправаджаўся сутычкамі зь нямецкімі войскамі, што спрабавалі перапыніць дэзэртыраў[13].

Масавае дэзэртырства ўкраінскіх паліцыянтаў спрычынілася да ўтварэньня нямецкімі ўладамі польскай паліцыі на Валыні (102, 103, 104, 107, 202 батальёны паліцыі).

Глядзіце таксама[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы і заўвагі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Paul Robert Magocsi A History of Ukraine. — University of Toronto Press, 1996. — С. 631, 635.
  2. ^ В. Дзьобак Порівняльна характеристика колаборації населення Росії й України в роки радянсько-німецької війни // Сторінки воєнної історії України Випуск 11.. — Київ: Інститут історії України НАН України, 2009. — С. 267.
  3. ^ Офіцинський В. Ди­стрикт Галичина (1941—1944). Історико-політичний нарис. — Ужгород: 2001. — Комендантом Львівської поліції був Володимир Пітулай, його заступником Лев Огоновський. Особовий склад Української допоміжної поліції формувався з молодих людей, які закінчили курси Поліційної школи у Львові. У кінці січня такі курси закінчили 186 українських поліцаїв. А 15 травня 1942 р. закінчився другий вишкільний курс, який підготував 192 поліцаїв
  4. ^ а б Jarosław Hrycak, Zbyt wiele świadectw: Ukraińcy w akcjach antyżydowskich(пол.)
  5. ^ Crimes of the German Wehrmacht: Dimensions of a War of Annihilation 1941-1944 // Hamburg Institute for Social Research. — 2004. — С. 9.
  6. ^ http://avalon.law.yale.edu/imt/01-02-46.asp
  7. ^ Od walk do ludobójstwa
  8. ^ а б Grzegorz Motyka, Ukraińska partyzantka 1942-1960
  9. ^ Czesław Partacz, Krzysztof Łada Polska wobec ukraińskich dążeń niepodległościowych w czasie II wojny światowej. — Toruń: Centrum Edukacji Europejskiej, 2003.
  10. ^ Ostatnia kara śmierci(пол.)
  11. ^ Grzegorz Motyka, Rafał Wnuk, Pany i rezuny, 1997, p. 63
  12. ^ Bereza z IPN
  13. ^ Організація українських націоналістів і Українська повстанська армія С.165(укр.)