Уладзімер Дудзіцкі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Уладзімер Дудзіцкі
Асабістыя зьвесткі
Імя пры нараджэньні Уладзімер Ермалаевіч Гуцька
Нарадзіўся 8 студзеня 1911
Дудзічы, Пухавіцкі раён
Памёр пасьля 1976
Літаратурная дзейнасьць
Род дзейнасьці калюмніст, перакладнік, пісьменьнік, паэт
Кірунак паэзія
Мова беларуская мова[1]
Значныя творы «Напярэймы жаданьням» (1994)
Творы на сайце Knihi.com

Уладзімер Дудзіцкі сапр. Уладзімер Ермалаевіч Гуцька (8 студзеня 1911, Дудзічы, Пухавіцкі раён — пасьля 1976) — беларускі пісьменьнік, журналіст.

Біяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Сын сялянкі, вядомае ў пухавіцкіх ваколіцах пявуньні, якую ў Другую сусьветную вайну забілі савецкія партызаны[2].

У 1927 годзе пераехаў у Менск. У 1930 скончыў 22-ю менскую сямігодку. У 1930 годзе выключаны зь Менскага пэдагагічнага тэхнікума імя Ўсевалада Ігнатоўскага за нацыяналістычную дзейнасьць.

24 лютага 1933 году арыштаваны савецкаю ўладаю. Асуджаны 10 жніўня 1933 году як «чалец контррэвалюцыйнай арганізацыі» і за «антысавецкую агітацыю» да 3 гадоў ППК. Рэабілітаваны па гэтай справе (№ 14618-с, захоўваецца з фатаздымкам у архіве КДБ Беларусі) ваеннай калегіяй Вярхоўнага суду БССР 24 жніўня 1956 году[3]. Яго першы зборнік «Песні і думы» быў канфіскаваны НКВД і бясьледна зьнік[4].

Па заканчэньні тэрміну атрымаў год высылкі ў Сярэднюю Азію. Захварэўшы, дамогся вяртаньня ў БССР[5]. З 1938 году па прадпісаньні НКУС павінен быў жыць у Віцебску. Экстэрнам здаў іспыт за пэдынстытут, працаваў настаўнікам. У 1939 годзе звольнены з пэдагагічнай работы рашэньнем Віцебскага абкаму КП(б)Б. Каб выратавацца ад арышту, зьехаў у Расею. Перад вайной вярнуўся, уладкаваўся выкладчыкам мовы і літаратуры ў вёсцы Курасоўшчына каля Менску[6].

Падчас нямецкай акупацыі працаваў у беларускай адміністрацыі, у аддзеле культуры Менскай гарадзкой управы. Увайшоў у склад БЦР, узначаліў аддзел прапаганды Беларускай Краёвай Абароны. Галоўны рэдактар часопісу «Беларус на варце».

У 1944 годзе зьехаў у Нямеччыну. Служыў у Міністэрстве прапаганды. З 1947 году — у Вэнэсуэлу, дзе заснаваў Беларускі камітэт. У сярэдзіне 1950-х кіраўнік беларускай рэдакцыі радыё «Вызваленьне». З 1961 году выкладчык расейскай мовы ў Блумінтонскім унівэрсытэце (ЗША, штат Індыяна). Працаваў у Вэнэсуэле на пасадзе дырэктара інстытуту сельгай гаспадаркі.

Зьнікненьне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Бясьледна зьнік у 1976 годзе, паводле некаторых зьвестак выехаў у СССР у 1972 годзе. Яніна Каханоўская лічыла, што паэт зьехаў у Аргентыну, дзе было шмат прасавецкіх эмігрантаў, там напіўся і, нецьвярозы, быў вывезены ў СССР. Лявон Юрэвіч, дасьледчык жыцьця і творчасьці Ўладзімера Дудзіцкага, уважае, што той кінуў жонку і дзяцей «дзеля мо чарговага каханьня і чарговай краіны»[2]. Дасьледчык Леанід Маракоў спрабаваў дазнацца пра лёс Дудзіцкага, але высьветлілася, што гэтая справа абсалютна засакрэчана ў архівах КДБ[7].

Творчасьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Лявон Юрэвіч ставіць гэтага паэта ў лік самых буйных беларускіх творцаў на эміграцыі разам зь Янкам Юхнаўцом[7]. Адзін зь нешматлікіх беларусаў-эмігрантаў, які пісаў пра краіну, у якой трымаў прытулак — Вэнэсуэлу.

Пры жыцьці вершы Дудзіцкага не выдаваліся асобным зборнікам і былі раскіданыя па розных выданьнях. У 1994 годзе Беларускім інстытутам навукі й мастацтва выдадзены ў Нью-Ёрку яго зборнік «Напярэймы жаданьням».

У 2010 годзе выдадзены збор твораў: Дудзіцкі У. Творы. / Укладанне, прадмова і бібліяграфічны каментар Л. Юрэвіча. — Менск: Лімарыус.

Бібліяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Нацыянальная служба Чэскай рэспублікі
  2. ^ а б Жыццё і ліра Уладзіміра Дудзіцкага, Анатоль Сідарэвіч Наша Ніва 24 лістапада 2010
  3. ^ Слоўнік Маракова(недаступная спасылка)
  4. ^ Dрындушкі Sвабоды Даніла Жукоўскі ARCHE № 11 (62) — 2007
  5. ^ Беларусь — краіна эмігрантаў? Дзмітрый Крывашэй ЗЯМЛЯ N N* 1
  6. ^ Уладзімір Дудзіцкі МА Бацькаўшчына
  7. ^ а б Паехаць у Беларусь і не вярнуцца Мастацкі шлях. Форум дылетантаў (8 студзеня 2008). Праверана 28 лістапада 2010 г.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]