Уладзімер Жылка
| Уладзімер Жылка | |
| Асабістыя зьвесткі | |
|---|---|
| Псэўданімы | Вал.Жыл.; Вл.Ж.; І.Жылка; Макашэвіч; Л.Макашэвіч; У.Ж.; Ул.Ж. |
| Нарадзіўся | 27 траўня 1900, в. Макашы, Наваградзкі павет (цяпер — Нясьвіскі раён Менскай вобласьці), Расейская імпэрыя |
| Памёр | 1 сакавіка 1933, Уржум, Кіраўская вобласьць, РСФСР |
| Бацькі | Адам Жылка Тацяна з Раманейкаў |
| Літаратурная дзейнасьць | |
| Род дзейнасьці | паэт, перакладнік, публіцыст, крытык. |
| Дэбют | «Не плач, не плач па сыну, маці» // 1918, апублікаваны ў 1920 |
| Творы на сайце Knihi.com | |
Уладзімер Адамавіч Жылка (27 траўня 1900, в. Макашы, Наваградзкі павет, Менская губэрня — 1 сакавіка 1933, Уржум, Кіраўская вобласьць, Расея) — беларускі паэт, перакладнік, публіцыст, крытык.
Зьмест |
Біяграфія[рэдагаваць]
Нарадзіўся 27 траўня 1900 у вёсцы Макашы ў сялянскай сям’і Адама Жылкі і Тацяны з Раманейкаў. Першую адукацыю атрымаў у Гарадзейскай царкоўна-прыходзкай школе, затым у Мірскай гарадзкой вучэльні (1914). У 1916—1917 зь сям’ёй знаходзіўся ў бежанстве ў Тульскай губэрні. Да 1917 вучыўся ў Багародзіцкім агранамічным вучылішчы і пад канец году разам з бацькам вярнуўся ў Менск. Па вяртаньні стаў членам клюбу «Беларуская хатка» і пазнаёміўся з старшынём Беларускага тэатральнага таварыства Ядвігіным Ш. У 1918—1819 працаваў аграномам у дзяржаўным маёнтку пад Менскам.
У 1920, захварэўшы на тубэркулёз, выехаў да бацькавай радні ў в. Клецішча, а пасьля — да матчыных сваякоў у в. Падлесьсе. Пасьля Рыскага міру аказаўся ў Польшчы, дзе зблізіўся з паўстанцамі, якія дзейнічалі на Нясьвіжчыне. Пісаў для падпольнікаў лістоўкі, адозвы, вершы, усталяваў сувязі зь беларускім прагрэсіўным друкам у Вільні — «Беларускімі ведамасьцямі» і «Нашай думкай», якія выдаваў Максім Гарэцкі. Пасябраваў зь лідэрамі Беларускай рэвалюцыйнай арганізацыі Л. Родзевічам, братамі І. і А. Канчэўскімі. Удзельнічаў у падрыхтоўцы легальных выданьняў БРА — газэт «Наша будучыня» і «Новае жыцьцё». Працаваў у Вільні ў Беларускай кнігарні, падтрымліваў тэатральную майстроўню пры Віленскай беларускай гімназіі.
Улетку 1922, каб пазьбегнуць перасьледаў і прызыву ў войска генэрала Жалігоўскага выехаў у Прыбалтыку. Некаторы час лячыўся ў летувіскім санаторыі Бірштонас, а ўвосень таго ж году пераехаў у Латвію, дзе вучыўся ў Беларускай гімназіі ў Дзьвінску. Хутка нелегальна вярнуўся ў Вільню, дзе дапамагаў Л. Родзевічу ў журналісцкай працы.
Паводле рэкамэндацыі Л. Родзевіча ў лютым 1923 выехаў у Праскі ўнівэрсытэт стыпэндыянтам чэхаславацкага ўраду, вучыўся на філялягічным аддзяленьні філязофскага факультэту. У гады вучобы зьяўляўся адным з ініцыятараў утварэньня Арганізацыі беларускага прагрэсіўнага студэнцтва, прымаў удзел у выданьні органа гэтай арганізацыі — часопіса «Перавясла». Тут у 1923 апублікавай свой праграмны твор у рэчышчы прагрэсіўнай ідэалёгіі студэнцкага руху — «У справе ацэнкі беалрускага адраджэньня».
У 1924 абраны дэлегатам на эўрапейскі зьезд студэнтаў у Варшаве, дзе дамогся прыёму беларускага студэнцкага зямляцтва Чэхаславаччыны ў члены гэтае арганізацыі. У 1926 як рэдактар часопіса «Прамень» паехаў у Менск, каб удзельнічаць у навуковай канфэрэнцыі па рэформе беларускага правапісу. Неўзабаве прыняў савецкае грамадзянства і застаўся працаваць у газэце «Звязда». Уваходзіў у літаратурнае аб'яднаньне «Маладняк», адкуль сыйшоў у 1927 і стаў сябрам другога аб'яднаньня «Узвышша». У 1928 перайшоў на працу ў Менскі музычны тэхнікум. Пасябраваў з музыказнаўцам Юльянам Дрэйзіным, дапамог перакласьці на беларускую мову і паставіць сіламі студэнтаў опэру «Фаўст». Працаваў перакладнікам Беларускага дзяржаўнага кіно.
У пачатку 1930 незаконна арыштаваны, 10 красавіка 1931 асуджаны на пяць гадоў ссылкі ва Ўржум Кіраўскай вобласьці. Жыў у сям'і І. і Е. Дзеранковых, быў выкладнікам літаратуры ў мэдычным тэхнікуме, па сумяшчальніцтве — намесьнікам дырэктара па гаспадарчай працы. Памёр ад сухотаў.
Творчасьць[рэдагаваць]
Творчасьць У. Жылкі яскрава адлюстроўвае сьветапоглядную эвалюцыю прагрэсіўнай інтэлігенцыі, ідэалягічнага авангарда нацыянальна-вызваленчага руху Заходняй Беларусі 1920-х гадоў. Як творца ён аднаўляў традыцыі эўрапейскага рамантызму (пераклады з Г. Ібсэна, А, Міцкевіча, Ш. Бадлера), выкарыстоўваў здабыткі авангардысцкай паэзіі Чэхаславачыны і Польшчы (І. Волькер, Б. Ясенскі), станоўча ацэньваў досьвед савецкіх паэтаў У. Дубоўкі і Я. Пушчы. Ад рамантыкаў і нэарамантыкаў пераняў і асэнсоўваў ў кантэксьце беларускага вызваленчага руху ідэю аб адраджальнай сіле красы («Да Пэрсі Шэлі», «Няма збавеньня», «Твае блакітнасьці нязьменны» і інш.)
Выступаць у друку зь вершамі пачаў у 1920. У Вільні выйшлі асобнымі выданьнямі паэма «Уяўленьне» (1923) і зборнік вершаў «На ростані» (1924). У Менску выдадзены зборнікі «З палёў Заходняй Беларусі» (1927), «Вершы» (1970), «Пожні» (вершы, пераклады, крытычныя артыкулы, 1986).
Пераклаў «Слова пра Якуба Шэлю» Б. Ясенскага (1932), а таксама асобныя творы А. Блока, А. Міцкевіча, Г. Ібсэна, Ш. Бадлера, І. Волькера і інш.
Літаратура[рэдагаваць]
- Калесьнік, У. А. Жылка Уладзімір // Беларускія пісьменнікі: Біябібліягр. слоўн. У 6 т. Т. 2. Верабей — Іваноў / Ін-т літ. імя Я. Купалы АН Рэспублікі Беларусь Беларус. Энцыкл.; Пад рэд. А. В. Мальдзіса; Рэдкал.: І. Э. Багдановіч і інш. — Мн.: БелЭн, 1993. — С. 464—467. — 541 с. ISBN 5-85700-075-0
- Уладзімір Жылка // Беларускія пісьменнікі: 1917-1990. Менск: Мастацкая літаратура, 1994. ISBN 5-340-00709-X
Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць]
| Вікікрыніцы зьмяшчаюць арыгінальныя матэрыялы, датычныя тэмы артыкула: |
Уладзімер Жылка — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў
- Нарадзіліся 27 траўня
- Нарадзіліся ў 1900 годзе
- Асобы па альфабэце
- Памерлі 1 сакавіка
- Памерлі ў 1933 годзе
- Нарадзіліся ў Нясьвіскім раёне
- Беларускія паэты і паэткі
- Беларускія перакладчыкі
- Беларускія публіцысты
- Беларускія крытыкі
- Выбітныя асобы Дзьвінску
- Рэпрэсаваныя ў БССР
- Памерлі ад сухотаў
- Сябры літаратурнага аб'яднаньня Маладняк
- Сябры літаратурнага аб'яднаньня Ўзвышша