Уладзімер Тэраўскі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі.
Перайсьці да: навігацыі, пошуку

Уладзі́мер Тэраўскі (23 лістапада [ст. ст. 11 лістапада] 1871 — 10 лістапада 1938) — беларускі дырыгент, кампазытар, фальклярыст.

Біяграфія [рэдагаваць]

Нарадзіўся ў мястэчку Раманава Слуцкага павету Менскай губэрні (цяпер вёска Леніна Слуцкага раёну Менскай вобласьці). У 1889 годзе скончыў Слуцкую духоўную вучэльню. У 18921895 служыў у войску. У другой палове 1890-х жыў на Ўрале, кіраваў аматарскімі харавымі калектывамі. Сьпяваў у капэле Дз. Агрэнева-Славянскага.

Вярнуўся ў Беларусь у пачатку 1900-х. Узначальваў царкоўны хор Старажоўскай царквы, аматарскі хор Менскага таварыства цьвярозасьці; выкладаў сьпевы ў пачатковых школах. У 1914 годзе стварыў Менскі беларускі хор, які ў 1917 годзе увайшоў у склад Першага Беларускага таварыства драмы і камэдыі. У 19181919 кіраваў харавой капэлай у Беларускім савецкім тэатры; уваходзіў у склад Таварыства працаўнікоў беларускага мастацтва.

Улетку 1920 году арыштаваны польскімі акупацыйнымі ўладамі ў Асіповічах. Пасьля ўтварэньня Беларускага дзяржаўнага тэатру ў Менску (БДТ-1) яго галоўны хормайстар.

Арыштаваны ЧК у 1921 годзе разам з У. Фальскім; прысуджаны да расстрэлу, замененага 5-гадовым зьняволеньнем. У 1923 вызвалены.

Кіраваў харавымі калектывамі БДУ, МБПТ, саюзу паштавікоў-тэлеграфістаў. Стварыў музыку да спэктакляў БДТ-1: «Бязьвінная кроў» У. Галубка (1918), «Каваль-ваявода» Е. Міровіча (1925) і інш. Найбольш вядомай стала музыка да спэктакля «На Купальле» Міхася Чарота (1921). Напісаў песьні і рамансы на словы Янкі Купалы, Якуба Коласа, Зьмітрака Бядулі, Міхася Чарота і іншых. Запісваў і гарманізаваў народныя песьні, частка якіх апублікавана ў зборніках «Беларускі сьпеўнік з нотамі на тры галасы паводле народных мэлёдыяў» (1921), «Беларускі лірнік» (1922), «Вайсковы зборнік» (1926). Браў удзел у рабоце музычнай сэкцыі Інбелкульту.

Пасьля 1930 году звольнены з працы, абвінавачаны ў нацыянал-дэмакратызьме. Служыў у царкоўным хоры Старажоўскай царквы Менску. Арыштаваны 17 жніўня 1938.

Расстраляны ў НКВД Менску. Рэабілітаваны ў 1957 годзе.

Літаратура [рэдагаваць]

  • Травень М. «Уладзімер Тэраўскі — ахвяра бальшавізму» // Бацькаўшчына. 1956. №30
  • Гесь А., Ляхоўскі У. «Калі песьня жыве беларуса, будзе жыць беларускі народ!»: Жыцьцё і творчы шлях Уладзімера Тэраўскага // Мастацтва. 1966, №12.
  • Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 6. Кн. 1: Пузыны — Усая / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 2001. — 591 с.: іл. ISBN 985-11-0214-8.
  • ТЭРАЎСКІ (ТЕРРАВСКИЙ) Уладзімір Маракоў Л.У. Рэпрэсаваныя праваслаўныя свяшчэнна- і царкоўнаслужыцелі Беларусі 1917—1967: Энцыклапедычны даведнік: У 2 т. Т. 2. — Мн:, 2007.
  • ТЭРАЎСКІ Уладзімір Васілевіч // Маракоў Л.У. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі, 1794—1991. Энц. даведнік. У 10 т. Т. 2. — Мн:, 2003. ISBN 985-6374-04-9.
  • ТЭРАЎСКІ Уладзімір Васілевіч // Маракоў Л.У. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі, 1794—1991. Энц. даведнік. У 10 т. Т. 3. Кн. 2. — Мн:, 2003. ISBN 985-6374-04-9.